Вы тут

Красавіцкая ўзнёсласць Велікоднага фестывалю


Гэта было добра — і яно ёсць сёлета. Другі раз у Беларусі праходзіць Пасхальны фестываль, ідэя якога нарадзілася ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Невыпадкова: аднаўленне і працяг жыцця асацыюецца заўсёды з талентам і моладдзю. Таму новы праект знайшоў аднадумцаў у Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь і спецыяльным фондзе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. І нават атрымаў блаславенне духоўных асоб. Фестываль адразу прыцягнуў увагу: у святочныя дні нямала тых, хто жадае паслухаць цудоўныя творы музыкі, у якіх увасобілася веліч чалавечага духу. Таму фестываль стаў адметнай падзеяй нават у ліку тых, што ладзіць Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі (на працягу года арганізоўваюцца імпрэзы і канцэрты з вядомымі музыкантамі, якія атрымалі высокую адзнаку і былі ўзнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва за 2017 год). У тым, што ўзнагарода знайшла герояў, можна ўпэўніцца гэтымі днямі.


Адкрыццём фестывалю сёлета стала выступленне ў Вялікай зале акадэміі студэнцкага хору Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, які з’яўляецца лаўрэатам міжнародных конкурсаў. Мастацкі кіраўнік і дырыжор — уладальнік гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у культуры на 2018 год, загадчык кафедры харавога дырыжыравання, дацэнт Інэса Бадзяка.

Учора сваю праграму прадставіў камерны аркестр Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Мастацкі кіраўнік і дырыжор — загадчык кафедры аркестравага дырыжыравання, дацэнт Пётр Вандзілоўскі. Сярод маладых салістаў, што выступалі разам з аркестрам, былі і лаўрэаты міжнародных конкурсаў Міхаіл Радунскі (віяланчэль) і Раман Ждановіч (марымба). Але для кагосьці маглі стаць адкрыццямі імёны Аляксандры Лосевай (арфа), Дар’і Елісеевай (флейта), Валянціна Семялёнава (кларнет).

Сёння заключны канцэрт фестывалю, які можа выклікаць зайздрасць шмат якіх прэстыжных канцэртных залаў свету. Канцэрт, у якім бярэ ўдзел як салістка заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прыма опернага тэатра Аксана Волкава, меццасапрана якой гучала са сцэн славутых тэатраў свету, у прыватнасці «Метраполітэн-опера» і «Ла Скала». Выпускніца Беларускай акадэміі музыкі спявае сёння разам са студэнцкім сімфанічным аркестрам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Мастацкі кіраўнік і дырыжор — уладальнік медаля Францыска Скарыны Андрэй Галанаў. Рэжысёрам гэтага (але не толькі) канцэрта стала заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Ніна Осіпава.

Ёсць яшчэ адна асаблівасць у Пасхальным фестывалі: падчас яго ладзіцца цырымонія ўручэння прэмій лепшым выкладчыкам і навучэнцам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Рэспубліканскай гімназіікаледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. І гэта справядліва — адзначаць людзей, праца якіх раствараецца ў прасторы, гарманізуючы яе: так з узнёслым духам падтрымліваецца высокі ўзровень прафесійнай музычнай адукацыі Беларусі і забяспечваецца працяг традыцый, закладзеных некалькімі пакаленнямі творцаў.

Марыя АСІПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».