Вы тут

Свята аркестравай музыкі: выканальніцкія традыцыі і сучаснасць


У вялікай зале Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі сустрэліся навучэнцы з 12 дзіцячых музычных школ мастацтваў і сярэдніх школ г. Мінска, каб паслухаць аркестравую музыку ў выкананні не толькі вядомых калектываў каледжа, але і дзіцячых аркестраў — баянных, камерных, змешаных саставаў. Усіх іх аб’яднала свята аркестравай музыкі — Другі аркестравы маладзёжны форум, які ладзіцца ў каледжы вось ужо другі год.


Калі першы форум прадэманстраваў магчымасці міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне культуры і мастацтва — выступленне сімфанічных аркестраў Новамаскоўскага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі (дырыжор Аляксандр Скудноў) і Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі (дырыжор Мікалай Макарэвіч), то сёлета праграма выступленняў Другога аркестравага маладзёжнага форуму стала больш разнастайная.

Святочныя мерапрыемствы форуму адкрыліся канцэртам аркестра беларускіх народных інструментаў Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі пад кіраўніцтвам дырыжора і заснавальніка праекта Уладзіміра Чэрнікава. У праграме канцэрта прагучалі творы К. Сен-Санса, А. Хачатурана, Д. Смольскага, Г. Ермачэнкава. Слухачы змаглі пазнаёміцца з музыкай румынскага кампазітара Тыберыя Брэдзічану — яго песняй Станкуцей з оперы «Жніво», якая прагучала ў выкананні лаўрэата міжнароднага конкурсу, выкладчыка каледжа Вольгі Косаравай. Майстэрства цымбальнага мастацтва прадэманстравала лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, выкладчык Таццяна Сушчэня, якая выканала Канцэрціна для цымбалаў з аркестрам кампазітара Уладзіміра Кур’яна.

Кульмінацыяй канцэрта стала «Песня пра Нёман» (сл. А. Астрэйкі), якую выканаў лаўрэат рэспубліканскага конкурсу Ігнат Скараход у суправаджэнні аркестра беларускіх народных інструментаў Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі. Напісаная кампазітарам Нестарам Сакалоўскім у 1943 годзе, «Песня пра Нёман» і сёння застаецца папулярнай і запатрабаванай, яна гучыць як гімн Радзіме, беларускай зямлі і народу. У завяршэнні канцэрта прагучала музыка Алеся Рашчынскага, беларускага кампазітара, які падчас працы ў каледжы ў 24 гады заснаваў аддзяленне народна-харавых спеваў (салісты Ягор Працэўнікаў і Эдуард Юхнік).

Незвычайным мерапрыемствам форуму стала правядзенне адкрытай рэпетыцыі двух прафесійных калектываў — аркестра рускіх народных інструментаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (кіраўнік Уладзімір Чэрнікаў) і канцэртнага хору МДМК імя М. Глінкі (кіраўнік Аляксей Снітко). Музыкі паўсталі перад гасцямі «без гальштукаў», а дырыжоры ў працэсе рэпетыцыі прыадкрылі сакрэты свайго майстэрства. Канцэртнае выкананне кантаты Г. Свірыдава «Курскія песні» было прадстаўлена гасцям у Вялікай зале каледжа.

Апошні дзень форуму падарыў слухачам свята — Першы фестываль дзіцячых аркестраў «Аркестрына», які аб’яднаў юных аркестравых выканаўцаў, кіраўнікоў калектываў дзіцячых музычных школ мастацтваў No 2, 6, 7, 11, 13, 17, а таксама дырэктароў сярэдніх школ No 1, 11, 43, 77 г. Мінска.

Фестывальная праграма ўключала таксама музычныя прывітанні ад аркестравых калектываў каледжа: аркестра беларускіх народных інструментаў пад кіраўніцтвам дырыжора, дырэктара Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі Уладзіміра Чэрнікава, духавога аркестра (дырыжор Аляксандр Цярэшчанка) і аркестра рускіх народных інструментаў каледжа (дырыжор Віталь Дубовік).

«Такое ўзаемадзеянне на сцэне паказала пераемнасць пакаленняў і перспектыву супрацоўніцтва школ і каледжа», — адзначыла член журы, старшыня цыклавой камісіі «Аркестравае дырыжыраванне» Людміла Гінько. «Пройдзе час, і юныя ўдзельнікі фестывалю змогуць атрымаць музычную адукацыю ў сценах Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі», — з упэўненасцю дадала Людміла Паўлаўна.

Правядзенне аркестравага маладзёжнага форуму — гэта шлях да далейшага развіцця нацыянальных традыцый аркестравага музіцыравання, абмен вопытам у аркестравым выканальніцкім мастацтве, свята творчасці і натхнення.

Наталля КАРДАШОВА

Загаловак у газеце: Іграць разам

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.