Вы тут

Гвардыя не здаецца!


10 мая спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння Героя Савецкага Саюза Джумаша Асаналіева, які праславіўся ў баях за вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.


За некалькі кіламетраў ад пасёлка Ула Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці на высокім беразе Заходняй Дзвіны каля вёскі Узрэчча ўзведзены мемарыяльны комплекс. Тут каля падножжа брацкай магілы ўзвышаецца велічная, амаль шасціметровая фігура воіна са схіленай галавой і ўстаноўлена 13 пліт з імёнамі 210 пахаваных байцоў розных воінскіх званняў, нацыянальнасцяў і ўзростаў. У ліку тых, хто знайшоў свой апошні прытулак на віцебскай зямлі, — восем Герояў Савецкага Саюза, удастоеных гэтага высокага звання пасмяротна за фарсіраванне ракі, захоп, утрыманне і пашырэнне плацдарма на левым беразе Заходняй Дзвіны. Тут жа, у брацкай магіле, спачывае прах Героя Савецкага Саюза гвардыі яфрэйтара Джумаша Асаналіева. Надпіс на мемарыяльнай дошцы помніка гаворыць: «У гэтым раёне 24 чэрвеня 1944 года воіны 6-й гвардзейскай арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту фарсіравалі Заходнюю Дзвіну, захапіўшы плацдарм на левым беразе». У нашы дні каля гэтага памятнага месца заўсёды спакойна: мясцовым жыхарам і замежным турыстам адкрываецца прыгожая і шырокая панарама рачной воднай роўнядзі, змешанага лесу, невялікага населенага пункта на супрацьлеглым беразе. А 74 гады таму навакольная абстаноўка была зусім іншай: тут на берагах ракі зямля скаланалася ад бесперапынных выбухаў, аглушальна грымелі разрывы снарадаў і мін, а кулямётна-аўтаматныя чэргі, якія бесперапынна рэзалі паветра, і стрэлы вінтовак заглушалі дакладныя каманды камандзіраў па фарсіраванні асабовым складам паўнаводнай і імклівай Заходняй Дзвіны.

Летам 1944 года, удзельнічаючы ў Віцебска-Аршанскай наступальнай аперацыі, 6-я гвардзейская армія 1-га Прыбалтыйскага фронту павінна была прарваць абарону саперніка на фронце 18 км у агульным напрамку на Чашнікі, Лепель, Бешанковічы і забяспечыць увод у прарыў 1-га танкавага корпуса ў напрамку на Бешанковічы. З гэтай мэтай Ваенны савет арміі аддаў падначаленым злучэнням і часцям баявое распараджэнне: імкліва праследуючы праціўніка, з ходу фарсіраваць Заходнюю Дзвіну. Гітлераўскае камандаванне разумела, што страта рубяжа на Заходняй Дзвіне пагражае сур'ёзнымі наступствамі, таму праціўнік біўся за кожны метр, не шкадуючы сіл і сродкаў, каб утрымаць яго. Фашысты кідалі ў бой усе наяўныя рэзервы, толькі б стрымаць наступленне савецкіх войскаў і паспець абсталяваць рубяжы на Заходняй Дзвіне.

Першай на варожы бераг высадзілася група смельчакоў на чале з афіцэрамі Вярбіцкім, Катляром і Аляксандравым. Адважныя кулямётчыкі на самаробных плытах удачна пераправілі свае станковыя кулямёты і пад агнём праціўніка ўплаў пераправіліся цераз Заходнюю Дзвіну. Кулямётчыкі дапамаглі байцам адбіць контратаку фашыстаў і прыкрыць агнём пераправу галоўных сіл батальёна.

Сярод першых чырвонаармейцаў, якія пераправіліся каля вёскі Лабейкі Бешанковіцкага раёна на бераг, заняты фашыстамі, быў і кулямётчык 199-га гвардзейскага стралковага палка 67-й гвардзейскай стралковай дывізіі гвардыі яфрэйтар Джумаш Асаналіеў. У фондах Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны захоўваецца копія ўзнагароднага ліста адважнага сына кіргізскага народа, падрыхтаванага камандзірам палка гвардыі падпалкоўнікам Дзегцяровым.

Вось яго змест: «У наступальным баі па фарсіраванні Заходняй Дзвіны ў раёне населенага пункта Лабейкі 24 чэрвеня 1944 года яфрэйтар Асаналіеў, замяніўшы выбыўшага са строю старшага сяржанта Макеева, першы пераправіў свой кулямёт на варожы бераг. Заняўшы агнявую пазіцыю на правым флангу батальёна, на самым адказным участку абароны, стойка адбіваў са сваім разлікам атакі праціўніка. Выбухам міны выводзіцца са строю ўвесь разлік станковага кулямёта, таварыш Асаналіў застаецца адзін са станковым кулямётам, малой колькасцю патронаў і некалькімі гранатамі. І вось Асаналіеў прымае няроўны бой з праціўнікам. Падпусціўшы на блізкую адлегласць контратакуючых немцаў, Асаналіеў агнём з кулямёта расстрэльвае іх ва ўпор. Гітлераўцы, кінуўшы на полі бою да 20 забітых, адступаюць. Але на зыходзе боепрыпасы. Убачыўшы гэта, гітлераўцы імкнуцца жывым узяць героя-кулямётчыка, Асаналіеў гранатамі знішчае яшчэ некалькі фрыцаў, але кола вакол героя ўсё звужаецца і сціскаецца. «Рус, здавайся!» — зараўлі немцы, але адважны воін-кіргіз, узяўшы ў рукі апошнюю гранату, вырывае з яе кальцо і са словамі «Гвардыя не здаецца!» узрывае сябе разам з некалькімі гітлераўцамі». Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 ліпеня 1944 года за мужнасць, адвагу і гераізм, праяўленыя ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, гвардыі яфрэйтару Джумашу Асаналіеву пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

... Джумаш нарадзіўся 10 мая 1923 года ў сяле Атуз-Уул Ак-Суйскага раёна Ісык-Кульскай вобласці Кыргызстана ў сялянскай сям'і. З'яўленне доўгачаканага першынца для ўжо немаладых бацькоў стала сапраўдным шчасцем, падарункам лёсу. Джумаш з малых гадоў палюбіў прыроду, горы, з задавальненнем хадзіў з бацькам Асаналы на паляванне, хутка навучыўся трапна страляць, не здагадваючыся, што гэтыя снайперскія навыкі яму вельмі спатрэбяцца ўжо ў недалёкай будучыні...

Пасля заканчэння сярэдняй школы юнак працаваў у калгасе чабаном. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, ён, настойліва ўпрошваючы ваенкама, дабіваўся таго, каб дабравольцам пайсці на фронт, але з прычыны непрызыўнога ўзросту яму ў гэтай просьбе адмовілі. Нарэшце ў 1942 годзе Пржэвальскім раённым ваенным камісарыятам Джумаш быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі. Праводзячы яго ў войска, бацька даў наказ: «Бі без літасці фашыстаў, сын, не шкадуй гэтых ворагаў. Ніколі не забывай, колькі людзей загінула ад іх рук. Веру, калі прыйдзецца застацца на полі бою аднаму, будзеш змагацца да канца, не здасіся і не зняславіш наш паважаны род». Не мог забыць Джумаш і кранальнага развітання з маці, якая праводзіла яго ад роднага сяла да райцэнтра. «Я вярнуся, мама! — абяцаў адзіны сын у сям'і. — Абавязкова вярнуся з перамогай!»

У запасным палку, куды прыбыў Джумаш, маладое папаўненне настойліва і паскораным тэрмінам навучалася азам ваеннай навукі. Вясковая загартоўка, прыродны спрыт, кемлівасць, вынослівасць, навыкі трапнага паляўнічага дапамаглі Джумашу паспяхова асвоіць курс маладога байца: ён стаў кулямётчыкам, атрымаў званне яфрэйтара.

Ліпеньскай раніцай 1943 года ў гарачай бітве пад Курскам кулямётчык Асаналіеў прыняў баявое хрышчэнне. У першым баі быў паранены, на шчасце, асколачнае раненне аказалася лёгкім. Падлячыўшыся ў палявым шпіталі, салдат зноў вярнуўся ў родную часць, у якой у складзе 6-й гвардзейскай арміі ўдзельнічаў у вызваленні Белгарада і Харкава, разгроме невельскай групоўкі праціўніка, а з лета 1944 года — у Беларускай стратэгічнай наступальнай аперацыі «Баграціён».

У Беларусі памятаюць адважнага кыргызстанца і свята шануюць яго памяць. У 1976 годзе ў Мінску адну з новых вуліц (з завулкам) назвалі яго імем, а на доме ўсталявалі мемарыяльную дошку. 1 ліпеня 2005 года ў Мінску на скрыжаванні вуліц Асаналіева і Асіповіцкай быў адкрыты помнік герою, усталяваны па ініцыятыве пасольства Кыргызстана ў Рэспубліцы Беларусь і адміністрацыі Кастрычніцкага раёна сталіцы. У салдацкай пілотцы застыў у бронзе воін-вызваліцель, былы чабан, якому споўніўся ў 1944-м усяго 21 год. Імя слаўнага сына Кыргызстана залатымі літарамі выбіта ў Зале Перамогі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У сяле Атуз-Уул Ак-Суйскага раёна каля будынка сярэдняй школы ўсталяваны бюст Джумаша, імя яго носіць школа і адна з вуліц гэтага сяла. У школьным музеі вялікая частка экспазіцыі таксама прысвечана былому вучню-герою.

Мікалай ШАЎЧЭНКА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.