Вы тут

37-я гвардзейская асобная брыгада прызнана баяздольнай


Праверка Узброеных Сіл праводзілася Дзяржаўным сакратарыятам Савета Бяспекі ў адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Адпаведнае распараджэнне на выкананне практычных мерапрыемстваў было ўручана міністру абароны генерал-лейтэнанту Андрэю Раўкову 12 сакавіка.


Праверка мела комплексны характар, ставілася мэта ахапіць найбольш важныя пытанні баявой гатоўнасці і паўсядзённай дзейнасці беларускай арміі. Праз яе прайшлі падраздзяленні разнастайных родаў і віда войскаў. Гэта разведка, ракетныя войскі і артылерыя, механізаваныя, зенітныя ракетныя войскі і авіяцыя. Сярод іншага, праводзіліся вучэнні з баявой стральбой. З арсеналаў, баз і складоў Міністэрства абароны пастаўлялася ўзбраенне, вайсковая і спецыяльная тэхніка.

Вельмі значная ўвага ўдзялялася сістэме адмабілізавання войскаў, у тым ліку гатоўнасць сфарміраваць асобную механізаваную брыгаду і яе здольнасць выконваць прызначаныя задачы. З першых жа дзён пачалося правядзенне кантролю за станам тэхнікі і ўзбраення. Для больш дбайнай праверкі былі прыцягнуты спецыялісты прадпрыемстваў Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта. Пад кантроль патрапілі складанае радыёэлектроннае абсталяванне, сістэмы, вузлы і агрэгаты ўзбраення. У Міністэрстве абароны паведамілі, што ў цэлым каля 10 % тэхнікі, якая захоўваецца ў арсеналах і базах, прайшло праз тэсціраванне. Узоры ўзбраення былі прызнаны спецыялістамі тэхнічна спраўнымі і гатовымі выконваць задачы па прызначэнні.

Асаблівую ўвагу ўдзялялі ацэнцы магчымасцяў сіл і сродкаў ВПС і войскаў ППА па прыкрыцці адміністрацыйна-прамысловых раёнаў і прадухіленні актаў паветранага тэрарызму. Дзяжурныя сілы па проціпаветранай абароне былі правераныя палётамі кантрольных цэляў, ацэнены дзеянні органаў кіравання па паветраных парушальніках дзяржаўных граніц, судах-парушальніках парадку выкарыстання паветранай прасторы. У якасці кантрольных цэляў да праверкі прыцягваліся лятальныя апараты, яны дзейнічалі на розных вышынях — ад сярэдніх да гранічна малых. Да праверкі прыцягваліся разлікі зенітных ракетных і радыётэхнічных войскаў, а таксама экіпажы паветраных суднаў авіяцыйных часцей ВПС і войскаў ППА. Яны здзейснілі маршы ў прызначаныя раёны і ва ўстаноўленыя тэрміны заступілі на баявое дзяжурства. Радыёлакацыйнае поле было ўзмоцнена дзеяннямі рухомых малавышынных радыёлакацыйных груп радыётэхнічных войскаў. Авіяцыя выконвала задачы па размеркаванні часткі сіл і сродкаў.

А што адбывалася ў наземных войсках? Механізаваны батальён са складу 11-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады адпрацаваў задачы па блакаванні і знішчэнні калоны бранятэхнікі ўмоўнага праціўніка ў раёне Ваўкавыска, прайшоўшы перад тым 20-кіламетровы марш. Проціпаветранае і знішчальна-авіяцыйнае прыкрыццё дзеянняў войскаў ажыццяўлялі баявыя разлікі зенітных ракетных падраздзяленняў і экіпажы авіяцыі. У неба падняліся вучэбна-баявыя самалёты Як-130, знішчальнікі МіГ-29, верталёты Мі-8МТВ-5 і Мі-24.

Прайшло і тактычнае вучэнне з авіяцыяй і зенітнымі ракетнымі войскамі. Яго фіналам стала практычнае бомбакіданне і баявыя пускі зенітных кіруемых ракет на палігонах Ружаны і Даманава. На апошнім з іх войскі ВПС і ППА адпрацавалі вядзенне проціпаветранага бою.

У Барысаўскім гарнізоне пасля праверкі інспектарамі ваеннай аўтамабільнай інспекцыі спраўнасці тэхнічных сродкаў калоны, аўтамабільнай і гусенічнай тэхнікі, 31 сакавіка падраздзяленні злучэння здзейснілі марш у прызначаны раён на 227-ы агульнавайсковы палігон «Барысаўскі». У маршы ўдзельнічала больш за 300 адзінак узбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі. Карэспандэнты «Звязды» асвятлялі тады падрыхтоўку да маршу. Падчас пераходу вадзіцелі атрымалі практыку кіравання ў складаных умовах надвор'я. А пасля прыбыцця на палігон ваеннаабавязаныя адпрацоўвалі шмат пытанняў. Сярод іх — арганізацыя аховы, інжынернага і тылавога забеспячэння, тэхнічнае абслугоўванне ўзбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, выверка прыцэльных прыстасаванняў і прыстрэлка ўзбраення баявых машын. Камандна-штабное вучэнне з брыгадай пад кіраўніцтвам камандуючага войскамі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання пачалося 7 красавіка.

А 13 красавіка прызваныя з запасу ваеннаабавязаныя, якія праходзілі зборы ў 37-й гвардзейскай асобнай брыгадзе, адправіліся дадому.

— Падчас комплекснай праверкі Узброеных Сіл была праверана сістэма адмабілізавання, — зазначыў міністр абароны Андрэй Раўкоў. — У рамках гэтага была сфарміравана 37-я гвардзейская асобная механізаваная брыгада. Вы ў вельмі кароткія тэрміны аднавілі навыкі і веды, якія атрымалі ў розных структурах. І менавіта таму годна выканалі пастаўленую перад вамі задачу. Брыгада была прызнана баяздольнай.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Загаловак у газеце: Брыгада прызнана баяздольнай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».