Вы тут

У фестывалю «Арт-Мінск» бяспройгрышная стратэгія, як дагадзіць усім


«Горад ператворыцца ў адну вялікую галерэю» — даволі інтрыгуючымі словамі суправаджаюцца навіны пра будучы фестываль «Арт-Мінск», які пакажа не выставу, а некалькі выстаў, пройдзе не ў музеі, а на чатырнаццаці выставачных пляцоўках, прадэманструе не аднаго аўтара, а цэлы вобраз сучаснага беларускага мастацтва. Творы ў розных тэхніках, без абмежаванняў па ўзросце іх стваральнікаў, у асобных куратарскіх праектах з пэўнага пункта гледжання павінны стаць цэнтрам прыцягнення ўжо 27 красавіка. Фестываль «Арт-Мінск» — пакуль што навінка для сталіцы, прычым навінка з маштабным і самаўпэўненым стартам — мае быць адкрыты ўжо на наступным тыдні, а мы збіраем інфармацыю, каб зразумець, чаго чакаць.


Канешне, вялікі замах не такі ўжо непрадказальны. Адным з арганізатараў фэсту з'яўляецца ўжо добра ў сферы культуры вядомы Белгазпрамбанк. Ён вяртае ў краіну беларускую мастацкую спадчыну накшталт Хаіма Суціна і Марка Шагала, фінансуе фестываль «ТЭАРТ», у найлепшых парыжскіх традыцыях асноўвае «Восеньскі салон», дзе творцы прадаюць свае работы, стварае культурніцкую пляцоўку «Ок16» на тусовачнай мінскай вуліцы Кастрычніцкай... Нарэшце, анансуе гарадскі фестываль — натуральнае свята — «Арт-Мінск», дзе маюць быць паказаны творы 250 аўтараў, і адным з куратараў запрашае незалежнага арт-крытыка з Італіі.

Стэфана Антанэлі, той самы італьянскі «незалежны куратар», у сваю чаргу знаходзіць асаблівасці беларускага мастацтва і адной з іх называе сам факт падтрымкі банкам або камерцыйнай структурай сферы культуры. Маўляў, у Італіі такога ўжо няма.

Тым часам арганізатарамі (апроч Белгазпрамбанка, гэта «Газпрамтрансгаз Беларусь», Цэнтр выяўленчага і медыямастацтва «Новая культурная ініцыятыва» і Палац мастацтва), адборшчыкамі і куратарамі зроблена вялікая работа. Заклік падаваць заяўкі на ўдзел у фестывалі быў апублікаваны ў лютым — у выніку на разгляд экспертнай і невядомай нам камісіі падаліся 810 удзельнікаў, з якіх для фестывалю «Арт-Мінск» і былі адабраныя тыя самыя 250. Спісы творцаў-удзельнікаў, дарэчы, ужо абнародаваны — тут мы знайшлі Алеся Родзіна, Ганну Сілівончык, Канстанціна Селіханава, Валерыя Шкарубу, Алега Ладзісава і іншыя добра вядомыя альбо пакуль што свежыя імёны.

У адрозненне ад «Восеньскага салона» на фестываль «Арт-Мінск» падаваць заяўкі маглі аўтары любога ўзросту і, дарэчы, любой нацыянальнасці, чаму сюды трапілі праекты з Літвы, Латвіі, Расіі і Эстоніі.

«Мы не так даўно знаходзімся ў асяроддзі культурных праектаў, мастацтва, тэатра і ўсяго іншага, але тут у свой час мяне ўразіла замкнёнасць культурных суполак — галерэй, сяброў, кірункаў — шчыра кажучы, я быў у шоку, — распавядае старшыня праўлення Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка. — Чамусьці нам падабаецца замкнуцца і песціць сваю асаблівасць, ідэнтычнасць. «Арт-Мінск» для банка — выдатны праект з дзвюх прычын. Па-першае, у ім няма практычна ніякіх абмежаванняў па ўзросце. А па-другое, да праекта далучылася вялікая колькасць удзельнікаў, якія да Белгазпрамбанка не маюць ніякага дачынення, але чамусьці паверылі, што ўдзельнічаць — будзе добра. На маёй памяці гэта першы праект такога маштабу, які аб'ядноўвае розныя ідэнтычнасці — галерэі, пляцоўкі, прадстаўнікоў і іншае. У гэтым — асноўная каштоўнасць праекта: мы развіваем рынак і мастацтва, а не кірунак і густ асобнага куратара ці пляцоўкі. Інакш кажучы, кожны з нас асаблівы, але гэтая асаблівасць павінна быць адкрытай і здольнай да камунікацыі з усім светам».

Пляцоўкамі фестывалю апроч галоўнай — Палаца мастацтва, які абяцае прадставіць куратарскую канцэпцыю Стэфана Антанэлі, — стануць Цэнтр сучасных мастацтваў, арт-гасцёўня «Высокае места», Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, крэатыўная прастора «Ок16», галерэі «Ў», «ДК», «Арт-порт» і іншыя. Графік мерапрыемстваў і канкрэтныя планы па захопе горада мастацтвам арганізатары паабяцалі апублікаваць у панядзелак — знайсці іх можна будзе на адмысловым сайце праекта artmіnsk.by.

Дарэчы, незалежны куратар Стэфана Антанэлі, ад якога чакалі, што для сваёй выставы ён папросіць абмежаваную колькасць адабраных камісіяй мастакоў, замахнуўся больш чым на сотню твораў, што можна лічыць прыгожым кампліментам. Ён жа адзначыў вялікую папулярнасць у нас выяўленчага мастацтва — менавіта жывапісу, у той час як у Заходняй Еўропе больш распаўсюджанымі формамі з'яўляюцца інсталяцыя, фатаграфія і перформанс.

Фестываль «Арт-Мінск» — а нашы ад яго чаканні мяжуюць з пэўнай заінтрыгаванасцю, што   з гэтага атрымаецца — працягнецца да 20 мая. Колькі мерапрыемстваў наведаць за амаль месяц яго работы — кожны вырашае сам.

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Загаловак у газеце: Мастацтва захопіць горад

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.