Вы тут

Аўдыякнігі ад PRASTORA.BY атрымалі дзеці са слабым зрокам


Беларускамоўныя аўдыякнігі займелі новага слухача. У межах дабрачыннай акцыі «Дорым радасць!» яны трапілі да дзяцей са слабым зрокам. Гэта стала магчымым дзякуючы ініцыятыве сацыяльна-культурнай установы «МоцАрт», якая займаецца пашырэннем беларускай культуры і так званай інклюзіяй — рэалізуе сацыяльныя і дабрачынныя праекты, накіраваныя на людзей з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама культурніцкай пляцоўцы «Прастора бай», дзе былі выпушчаны аўдыякнігі і падрыхтавана адметная забаўляльна-адукацыйная праграма.


Пад­час даб­ра­чын­най ак­цыі «До­рым ра­дасць!» у Ма­ла­дзе­чан­скай  спе­цы­яль­най шко­ле для дзя­цей з па­ру­шэн­ня­мі зро­ку.

Навучэнцы дзвюх спецыялізаваных школ — Маладзечанскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната № 2 для дзяцей з парушэннямі зроку і Спецыяльнай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы № 188 горада Мінска для дзяцей з парушэннямі зроку — атрымалі ў падарунак камплекты з аўдыякнігамі. Кожны вучань займеў па пяць запісаў, спецыяльна падабраных пад яго ўзрост, а таксама паштоўку з тэкстам для бацькоў пра важнасць вывучэння беларускай мовы і літаратуры і пакунак з цукеркамі ды гарбатай. Усе карысныя цікавінкі былі складзены ў прыгожыя льняныя торбачкі з арнаментам і надпісам «Беларусь».

Уручэнне падарункаў адбывалася падчас святочных мерапрыемстваў і суправаджалася лекцыямі і майстар-класамі па беларускіх традыцыйных музычных інструментах, выступленнем дудара, рыцарскім боем, выстаўкай і гістарычнымі расказамі пра беларускае ўзбраенне розных эпох.

Амаль на дзве гадзіны дзеці здзяйснялі віртуальнае падарожжа ў Сярэднявечча — у часы гераічных баталій, адвагі і мужнасці — і такое тут бачылі ўпершыню. Гісторык, заснавальнік народнага тэатра гістарычнай рэканструкцыі «Полацкі звяз» Юрый УСЦІНОВІЧ, які разам з паплечнікамі дэманстраваў дзецям элементы сярэднявечнага ўзбраення, расказаў:

— У нас ёсць розныя сярэднявечныя забаўкі, спецыяльна для гэтага прадугледжаныя. Мы паказваем і даём магчымасць паспрабаваць, як у даўнія часы продкі адточвалі свой спрыт і бавілі вольны час. Ёсць розныя атракцыёны, дзе можна пастраляць з лука, пакідаць сякеры — усё гэта суправаджаецца аповедамі і гістарычнымі даведкамі. Убачыўшы і адчуўшы такое на сабе, дзеці пачынаюць па-іншаму ўспрымаць гісторыю.

Школьнікі мелі магчымасць задаваць пытанні, дакранацца да даспехаў, зробленых на ўзор старажытных, і нават прымяраць іх, таксама як і паспрабаваць сябе ў ролі музыкаў, зайграўшы на дудзе або жалейцы. Такім чынам, беларуская культура і традыцыі сталі да іх на крок бліжэй.

Алесь КВІТКЕВІЧ, кіраўнік кампаніі «Прастора бай», дзе былі запісаныя аўдыякнігі, растлумачыў:

— Мы адчуваем неверагодны плён ад гэтай акцыі. І ў першую чаргу мяркуем па тым, як жыва дзеці рэагуюць на тое, што адбываецца на сцэне і побач з ёй, калі разгортваецца адмысловая выстаўка. Для іх гэта сапраўды цікава! Па заканчэнні імпрэзы нават утварылася чарга, прычым як хлопчыкаў, так і дзяўчат, каб прымераць на сябе даспехі. Дзеці з вялікай ахвотай імкнуліся патрымаць меч, дзіду, іншыя сярэднявечныя прылады, абступалі дудара і яго інструменты. Як вучні, так і настаўнікі казалі, што такога ў іх яшчэ не было. І запрашалі прыязджаць яшчэ, прывозячы да іх беларускую культуру ў такім жывым фармаце. Безумоўна, па меры магчымасці мы будзем імкнуцца гэта рабіць. Найпершая ж нашая задача — даехаць туды, дзе мы яшчэ не былі. Мы правялі імпрэзы ў дзвюх навучальных установах, а ў краіне яшчэ чатыры такія спецыялізаваныя школы і адзінаццаць дзіцячых садкоў для дзяцей з парушэннямі зроку. І цяпер мы збіраем неабходныя рэсурсы, плануем наведаць усе такія спецыялізаваныя ўстановы. Будзем вельмі рады, калі да нас далучацца тыя, хто, як і мы, бачыць сэнс у такога рода асветніцкай дзейнасці. Мы і самі будзем працягваць пошукі такіх людзей, праводзіць сустрэчы з людзьмі з бізнесу, знаходзячы сярод іх аднадумцаў, разам з якімі зможам працягнуць дадзеную дабрачынную акцыю з адукацыйнай місіяй.

Варта дадаць, што сярод «гукавых» кніг, якія падарылі самым юным слухачам, былі беларускія народныя і аўтарскія казкі, аўдыяспектаклі і песні для дзяцей малодшага ўзросту, творы Янкі Маўра «Палескія рабінзоны» і «У краіне райскай птушкі». Старэйшыя школьнікі атрымалі магчымасць пачуць такія творы Уладзіміра Караткевіча, як «Каласы пад сярпом тваім», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Чорны замак Альшанскі», зборнік вершаў «Быў. Ёсць. Буду», а таксама творы Івана Мележа «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Дзве душы» Максіма Гарэцкага, паэтычную спадчыну Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча ды многае іншае.

Алесь Квіткевіч адзначае, што ў цэлым попыт на аўдыякнігі цяпер павялічваецца. Шмат хто любіць слухаць іх у машыне — асабліва падчас доўгіх падарожжаў — ці проста едучы ў грамадскім транспарце. Хтосьці, робячы хатнія справы, слухае літаратуру замест музыкі. Ёсць людзі, якім проста зручней слухаць, чым чытаць.

Вялікую цікавасць да беларускай літаратуры ў аўдыяфармаце праяўляюць таксама нашы суайчыннікі з-за мяжы. Для іх гэта асабліва актуальна, бо яны часцяком не маюць магчымасці чуць родную мову ў сваім асяроддзі. І тады аўдыякніга прыходзіць ім на дапамогу. У выніку слухачы і аматары жывога беларускага слова часта звяртаюцца ў «Прастору бай» з пытаннем, калі выйдуць новыя творы ў запісе? Таму ў гэтай культурніцкай прасторы задумваюцца над тым, каб увесці падпіску на аўдыякнігі, што будзе вельмі зручна для многіх.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

Загаловак у газеце: Слухаючы літаратуру

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.