Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра перамогу нашых тэнісістак над Славакіяй у плэй-оф Кубка Федэрацыі, чарговы поспех беларускага баксёра на міжнародным рынгу і вынікі 4-га тура чэмпіянату краіны па футболе.


1. Нашы тэнісісткі перамаглі каманду Славакіі ў Кубку Федэрацыі і захавалі месца сярод васьмі найлепшых камандаў свету. Агульны лік матча 3:2. Сярод поспехаў — перамога Аляксандры Сасновіч у першы дзень над Янай Чапелавай і Арыны Сабаленкі ў нядзелю над Ганнай Каралінай Шмідлавай. Таксама беларускія тэнісісткі пацярпелі па адным паражэнні. Таму зыход матча вырашаўся ў парнай сустрэчы, у якой ад беларускага боку выступілі Лідзія Марозава і Вера Лапко. Дзяўчаты ўпэўнена правялі сустрэчу і атрымалі перамогу 6:3, 6:4.

Фота: БЕЛТА


2. Дзве ўзнагароды заваявалі нашы спартсменкі на трэцім этапе Кубка свету па мастацкай гімнастыцы ў Ташкенце. У групавых практыкаваннях каманда ў складзе Ганны Гайдукевіч, Лаліты Мацкевіч, Дзіяны Місючэнкі, Анастасіі Рыбаковай і Ганны Швайба заваявалі сярэбраны медаль у мнагабор'і, нашы дзяўчаты саступілі толькі расіянкам.

Па выніках мнагабор'я беларускі кваліфікаваліся ў фіналы ў практыкаванні з пяццю абручамі, а таксама дзвюма скакалкамі і трыма мячамі. У выніку гімнасткі змаглі падняцца на трэцюю прыступку п'едэстала пасля выступлення з пяццю абручамі.

У індывідуальных спаборніцтвах Беларусь прадстаўлялі Юлія Ісачэнка і Юлія Еўчык, на жаль, дзяўчаты засталіся без узнагарод.

Чацвёрты этап Кубка свету пройдзе ў Баку 27—29 красавіка.


3. Бягуння Анастасія Іванова заняла першае месца на марафоне ў Варшаве. Дыстанцыю ў 42,1 км яна пераадолела за 2 гадзіны 28 хв. 3 сек. На фінішы Анастасія апярэдзіла на чатыры секунды прадстаўніцу Эфіопіі Азмеру Абрэху Гдэй. Бронзавым прызёрам марафону стала полька Ізабэла Тжаскальска.

Нагадаем, у 2017 годзе Анастасія Іванова таксама стала першай у Польшчы з вынікам 2 гадзіны 28 хв. 43 сек.


4. Згуляны некаторыя матчы 4-га тура чэмпіянату краіны па футболе. Брэсцкае «Дынама» не змагло адолець «Смалявічы» — 2:2, «Прамень» (Мінск) саступіў «Слуцку» — 0:3, «Дынама» (Мінск) з мінімальнай перавагай перамагло «Гомель» — 2:1, «Тарпеда» (Мінск) пацярпела паражэнне ад «Нёмана» — 0:1, «Іслач» і «Гарадзея» не выявілі пераможцу — 0:0, «Тарпеда-БелАЗ» перайграла «Мінск» — 2:1.

Становішча ў групе лідараў: «Дынама» (Мінск) — 10 ачкоў (4 матчы), БАТЭ — 9 (3), «Слуцк» — 8 (4), «Віцебск» — 7 (3), «Дняпро» — 7 ( 3).

Учора ўвечары адбыліся заключныя матчы 4-га тура: «Віцебск» — БАТЭ (Барысаў), «Дняпро» (Магілёў) — «Шахцёр» (Салігорск).


5. Беларускі баксёр Мікалай Весялоў заваяваў чэмпіёнскі пояс Сусветнай баксёрскай асацыяцыі — WBА Соntіnеntаl. Паядынак адбыўся ў Таліне з эстонскім атлетам Паўлам Сямёнавым у сярэдняй вазе (72,5 кг). Па выніках 12-раўндавага бою суддзі аднагалосна аддалі перамогу беларусу.

Чэмпіёнскі пояс WBА Соntіnеntаl Мікалая Весялова дазваляе яму змагацца за тытул інтэркантынентальнага чэмпіёна, а пасля і чэмпіёна WBА.

Дар'я Лабажэвіч

Загаловак у газеце: Застаёмся ў эліце

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» пакінуў на сэрцы рваныя раны

Форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» пакінуў на сэрцы рваныя раны

Мядзведзь на сцэне, Чэхаў на мове жэстаў і самая дакладная перадача стану дэпрэсіі.

Спорт

Настасся Чарняўская: Трэба, каб людзі ведалі: бадмінтон — рэальны спорт

Настасся Чарняўская: Трэба, каб людзі ведалі: бадмінтон — рэальны спорт

Якія задачы ставяцца перад камандай у 2019 годзе і што самае важнае ў бадмінтоне?

Грамадства

Які ўрок лепшы: перакулены або традыцыйны?

Які ўрок лепшы: перакулены або традыцыйны?

Як зрабіць, каб у вучняў загарэліся вочы?

Грамадства

Губернатар Гродзеншчыны - пра перспектыўныя праекты рэгіёна

Губернатар Гродзеншчыны - пра перспектыўныя праекты рэгіёна

Горад-спадарожнік, анкалагічны цэнтр, «вёскі будучыні»...