Вы тут

Прэзентавана кніга верша "А хто там ідзе?" на мовах свету


«А хто там ідзе?» — радкі, напісаныя больш за стагоддзе таму, не страцілі сваёй актуальнасці і сёння, яны — нібы культурнагістарычная візітоўка нашага народа. Ніхто лепш не сказаў пра беларусаў, чым нацыянальны геній Янкі Купалы. Верш стаў народным гімнам...


Днямі ў камернай зале Л. П. Александроўскай Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі прэзентавалася ўнікальнае выданне — кніга аднаго верша народнага песняра Беларусі Янкі Купалы «“А хто там ідзе?” на мовах свету». Сёлета яна выйшла ў выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі».

Гэта ўжо другая кніга перакладаў аднаго верша: папярэдняя пабачыла свет у выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў 1982 годзе да стагоддзя з дня нараджэння Янкі Купалы. Туды трапілі пераклады на 80 моў свету. Пакуль рыхтавалася да друку новая кніга, з’явіліся і новыя пераклады верша. І, без сумневу, будуць з’яўляцца яшчэ.

А чаго ж, чаго захацелась ім,

Пагарджаным век, ім, сляпым, глухім?

— Людзьмі звацца.

Кніга выйшла па заказе і фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Укладальнікамі выдання сталі доктар філалагічных навук, прафесар БДУ, ганаровы старшыня Міжнароднага фонду Янкі Купалы Вячаслаў Рагойша і дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч.

Складальнікі кнігі зрабілі вялікую працу. Гаворачы словамі Янкі Купалы, яны здолелі «сэрца мільёнаў падслухаць біцця» і адабраць самыя дасканалыя літаратурныя пераклады, створаныя такімі майстрамі, як Расул Гамзатаў, Вера Рыч, Максім Горкі, Дзмітро Паўлычка, і іншымі выдатнымі асобамі. Іх злучыла агульная ідэя: данесці да суайчыннікаў сугучнасць думак беларусаў, асаблівасць гістарычнага мінулага ўсяго народа.

«У простых і шчырых радках б’юцца сэрцы мільёнаў беларусаў, якія імкнуцца да шчасця і волі, якія аб’ядналіся ў агромністай грамадзе, каб перад усім светам з гонарам засведчыць сваё права...» — ва ўступным слове да кнігі падкрэсліў міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей.

Як зазначыў дырэктар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Уладзімір Андрыевіч, наш беларускі класік інтэрнацыянальны. На карысць гэтага сведчыць і гісторыя верша «А хто там ідзе?». Першым яго пераклалі ўкраінцы, потым літоўцы, рускія, чэхі, палякі — гэта было сугучна настрою грамадства, што стала на шлях самавызначэння і сцвярджэння нацыянальнай годнасці. Адметна, што, акрамя перакладаў на асноўныя мовы, тут можна знайсці і вершы, пераствораныя на мовы малых народаў, якія таксама спрабуюць ва ўвесь голас заявіць пра сябе і свае пошукі лепшай долі, пра што заклікаў беларускі класік. Гэта сугучна і сённяшняй сітуацыі, што адбываецца ў свеце: яна надзвычай складаная. Але беларуская зямля, як і заўжды, выпраменьвае ў свет не толькі цеплыню душы свайго народа, але і імкненне да міру, да ўзаемадзеяння з іншымі.

«Выхад гэтай кнігі — вялікае свята для Беларусі. Выданне дае ўнікальную магчымасць нашай культуры і літаратуры паслужыць асновай для добрых міжсуседскіх адносін паміж іншымі народамі і дзяржавамі. Упэўнены, што культурнае супрацоўніцтва будзе добрай базай для ўзаемапаразумення і ўзаемадзеяння і з Еўрапейскім саюзам, і з усім светам», — засведчыў дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы, прафесар Іван Саверчанка.

Удзельнікамі літаратурна-музычнай імпрэзы сталі госці са шматлікіх краін блізкага і далёкага замежжа, прадстаўнікі дыпламатычных місій. Падчас урачыстасці знакаміты верш «А хто там ідзе?» прагучаў на шматлікіх мовах свету.

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.