Вы тут

Часопіс «Маладосць» праз час, пакаленні і літаратуру


Красавіцкі парастак, можна назваць гэты часопіс, што ўжо 65 гадоў існуе ў літаратурнай прасторы Беларусі і ўзбагачае яе асобамі і творамі: у розныя часы ў ім працавалі і друкаваліся Пімен Панчанка, Анатоль Грачанікаў, Міхась Стральцоў, Васіль Зуёнак, Янка Брыль, Мікола Аўрамчык, Раіса Баравікова, наогул шмат імёнаў. ...Ды і што ні імя з «Маладосці» — тое асоба. Людзі, якія вызначалі ўзровень беларускай літаратуры, закладвалі традыцыі існавання часопіса для моладзі. Але кожнае пакаленне мае права на свае традыцыі. Пра гэта разважае галоўны рэдактар выдання Святлана Воцінава:


У рэдакцыі «Маладосці».

— Любы часопіс, калі ён існуе хаця б некалькі гадоў, набывае пэўныя традыцыі. Найперш гэта традыцыі калектыву, рэдакцыі. Далей, з цягам часу, часопіс набывае традыцыі іншага кшталту: у іміджы, стылі, фармаце, стасунках з чытачом — калі да справы падыходзіць прафесійна, гэта ўсё не можа не выпрацавацца. Іншая справа, калі існаванне часопіса доўжыцца дзесяцігоддзі, ды яшчэ калі яны, як у «Маладосці», прыпадаюць на розныя гістарычныя часы і нават розныя краіны: спачатку Савецкі Саюз, а потым Рэспубліка Беларусь. Тады пра некаторыя традыцыі сапраўды даводзіцца гаварыць «былі». І гэта нармальна, гэта абумоўлена самой зменай часу. Ну, і пазіцыяй выдаўцоў, безумоўна.

Некаторыя традыцыі застаюцца, але трансфармуюцца. Прынамсі, традыцыя стылю. Калі раней трэба было ў яго ўпісвацца, як у нейкі канон, і толькі гэта гарантавала поспех і публікацыю, то цяпер, каб надрукавацца і мець нейкі поспех, лепш у каноны не ўпісвацца, а ў добрым сэнсе штукарыць. Нязменнымі павінны заставацца традыцыі якасці і прэстыжнасці — тое, што робіць выданне брэндам. Мяркуючы па тым, што моладзі хочацца друкавацца ў «Маладосці», гэтыя традыцыі захаваны.

— На часопісе выхоўвалася некалькі пакаленняў пісьменнікаў і чытачоў – яны ведаюць і памятаюць пра «Маладосць». Таму, верагодна, гэты часопіс можа быць адной з пляцовак для дыялогу пакаленняў (у тым ліку творчых). Ці дапамагаюць часопісу захады (рубрыкі) у гэтым кірунку?

— Захады ў гэтым кірунку працуюць на выхаванне павагі да больш сталых пакаленняў, яны папярэджваюць і прадухіляюць або пакрысе вынішчаюць той нігілізм, які гатовы напоўніць сабою новае пакаленне — тых, у кім пыхі і фанабэрыі больш, чым разважлівасці і разумення, а галоўнае — гэтай самай павагі да таго, што было да іх. Які ты літкрытык, калі не чытаў Бярозкіна? Рыгору Саламонавічу Бярозкіну, знакамітаму ў 1970-я аўтару літаратурна-крытычных артыкулаў, друкаваных і ў «Маладосці», сёлета спаўняецца 100 гадоў, і мы думаем, якой публікацыяй гэта адзначыць, а ў красавіцкі нумар, прысвечаны юбілею часопіса, узялі яго артыкул пра верш Аркадзя Куляшова — майстар-клас ад майстракласіка. У гэтым жа нумары друкуюцца і ўспаміны Міколы Аўрамчыка, рэдактара аддзела паэзіі «Маладосці»: публікацыя прысвячаецца і юбілею часопіса, і адначасова памяці аб гэтым чалавеку, якога не стала акурат год таму. Які ты рэдактар аддзела паэзіі або прозы, калі не ведаеш, як працавалі тыя, з кім ты супадаеш назвай пасады? Наш аддзел публіцыстыкі імкнецца не толькі не прапускаць, а нават і спецыяльна замаўляць добрыя тэксты пра папярэднікаў, звяртаючыся да іх калег, сяброў, родных, гісторыкаў, літаратуразнаўцаў. І кнігу «“Скрозь “Маладосць”...» абавязаны прачытаць кожны новы супрацоўнік рэдакцыі. І кожная сустрэча са старшакласнікамі або студэнтамі не абыходзіцца без згадак пра мінулыя пакаленні, без гісторый жыцця і творчай дзейнасці рэдактараў і аўтараў часопіса “Маладосць” розных перыядаў.

— Калі прагартаць часопіс за дзесяцігоддзі, можна прасачыць, як мянялася беларуская літаратура (сутнасна і па стылях, аўтарах). Чым яе ўзбагачае наш час?

— Лепш скажу, чым не ўзбагачае, хаця мог бы. Тут у мяне да аўтараў, якія апісваюць сучаснасць у аповесцях ці артыкулах, шмат пытанняў. У першую чаргу агульнае: а ці ловіце вы хвалі часу, як гэта прынята было ў добрых пісьменнікаў — празаікаў і публіцыстаў — ва ўсе былыя часы? І час наш, і сітуацыі ў грамадстве літаральна крыкам дыктуюць пісьменнікам праблемы для мастацкай інтэрпрэтацыі, а пісьменнікі — не чуюць. Напрыклад, разводы як з’ява, якая ператварылася ўжо ў пандэмію, — хіба гэта не прычына пісьменніку ўзяцца за тэму з пазіцыі творцы і грамадзяніна, сказаць сваё важкае слова? Калі бабулі і дзядулі адных і тых жа ўнукаў належаць да розных сямей — хіба гэта не страшна? А ніхто ўжо, мабыць, і не задумваецца, ужо гэта стала «нармальна». Тым не менш, гэта сведчанне таго, што людзі страчваюць здольнасць любіць, саступаць адно аднаму, дараваць памылкі і недахопы. Калі ў чалавека трэці шлюб, то ці здольны ён увогуле кахаць хоць каго акрамя сябе? Хіба ж гэта не праблема, пра якую трэба пісаць? Іншая справа, што гэта непараўнальна складаней, чым пісаць пра оркаў, драконаў і эльфаў. Другая прыкмета часу — агрэсія. Унукі забіваюць дзядоў, мужы забіваюць жонак, маці забіваюць немаўлят – хіба гэта не сімптомы хваробы, але не саміх гэтых людзей, а ўсяго грамадства? Хіба не мог бы пісьменнік паглядзець на злачынцу вачыма не суддзі, а ўрача — дыягноста і клініцыста? Паглядзець на злачынцу як на ахвяру, пасрэдніцтвам якой прарываецца нарыў на целе грамадства. У нашай літаратуры так на злачынцу не глядзелі, бадай, з часу Элізы Ажэшкі. А варта было б. Так, гэта ўсё выклікі, моцныя выклікі пісьменніцкаму таленту, якія ён мо не здольны пакуль што прыняць. Дарэчы, захапленне фэнтэзі і фантастыкай таксама сведчыць пра недасканаласць і хваравітасць грамадства. Толькі сведчыць пра гэта не як сімптом, а як абарончы рэфлекс. Час, вядома, выстаўляе патрабаванні, але ён жа прапануе і варыянты найменшага супраціўлення і спараджае тых, каму прасцей не напружвацца.

— Асаблівасць папяровага часопіса для моладзі (усё ж!) у сучасным свеце — і друкаваць маладых літаратараў і далучаць да літаратары моладзь. Цяпер, з развіццём інтэрнэт-культуры, гэтыя задачы ўскладніліся. З аднаго боку, трэба развіртуалізаваць маладых творцаў (якія існуюць у інтэрнэт-прасторы, дзе могуць выстаўляць свае творы і атрымліваць «лайкі»). З другога боку, аўдыторыя: ці ёсць у Вас свае падыходы да таго, каб прыцягваць патэнцыйных чытачоў, зацікаўліваць літаратурай тых, хто сёння не асабліва чытае?

— Пакуль аўтар дасылае свае творы ў папяровы часопіс, да той пары можна лічыць, што ў гэтым ёсць плён. З іншага боку, ды і ўвогуле, справа не ў форме выпуску — папяровая ці электронная, а ў статусе самога часопіса. І калі ў “Маладосць” працягваюць цягнуцца аўтары, значыць, «Маладосць» для іх нешта значыць. Патэнцыйных чытачоў мы спрабуем прыцягваць тым, што ідзём да іх у школы і ўніверсітэты, запрашаем таленавітых пісаць і прадстаўляем права мець аўтарскую калонку нават студэнтам. Значыцца, сеем зерне. І там, дзе ёсць глеба, яно прарастае. Галоўнае тут для нас, супрацоўнікаў рэдакцыі, — не пераставаць сеяць зерне.

— Часопіс «Маладосць» выходзіць за межы выключна літаратурнага фармату. Чым гэта тлумачыцца? Што даюць часопісу публіцыстычныя рубрыкі?

— Часопіс «Маладосць» ад самага свайго пачатку не літаратурны, а літаратурна-мастацкі і грамадска-палітычны, такая фармулёўка належыць яму нязменна з 1953-га і да нашых дзён. Магчыма, сёння публіцыстычная частка выглядае мацней за мастацкую, але гэта, мяркую, таму, што такія павевы часу. Што сёння чытаецца і пішацца ахвотней? Non fiction. Увогуле, варта ўслухацца ў гучанне слова «часопіс»: гэта тое, што павінна апісваць час, пэўны канкрэтны прамежак часу, у які выдаецца пэўны канкрэтны нумар. Для апісання часу больш падыходзіць якраз публіцыстыка. Ды нашы аўтары і самі на гэта нас вывелі: у шэрагу іх сядзела ў мастацкіх тэкстах нешта такое, што прымушала ад іх не адмовіцца, і гэта пры тым, што ў мастацкай частцы часопіса іх друкаваць было нельга. Зварот да такіх аўтараў з прапановай стаць калумністамі аказалася для рэдактараў выйсцем, прымальным рашэннем, а для аўтараў — добрым штуршком і магчымасцю творчага росту: практыкаванні ў калумністыцы ўзрошчваюць некаторых празаікаў не горш, чым простая рошчына здобныя пірагі.

— Тое, які часопіс, залежыць не ў малой ступені ад таго, якая каманда яго робіць. Чым адметны склад сённяшняй рэдакцыі? Якія найбольш характэрныя рысы творцаў, што адказваюць сёння за адчуванне грамадствам маладой беларускай літаратуры?

— Сённяшняя рэдакцыя адрозніваецца ад папярэдніх узростам: частка рэдактараў равеснікі мэтавай аўдыторыі. У гэтым «плюсаў» больш, чым «мінусаў». Гэта азначае магчымасць весьці з чытачом і аўтарам дыялог на адной мове, мець з імі агульныя інтарэсы. У пералік характэрных рыс я ўзяла б найперш вялікую павагу да часопіса, вялікі гонар за давер быць у складзе яго рэдакцыі і вострае жаданне далучыцца да яго гісторыі сваімі ідэямі. Далей па спісе — захопленасць і апантанасць: нашы рэдактары не дзеляць гадзіны сутак на вольныя і працоўныя, для іх праца ў “Маладосці” — нешта накшталт ладу жыцця. Тут «Маладосць» злавіла хвалю часу: кіраванне рэдакцыяй адпавядае хутчэй новай мадэлі менеджменту, чым старому прынцыпу «камандуй і кантралюй». Кожны выконвае свае абавязкі не таму, што трэба, а таму, што хочацца. Натуральна, гэта камфортна для супрацоўнікаў. На першым месцы — натхненне і заахвочванне, нават запальванне, матывацыя на самаўдасканальванне, поўны давер.

Падрыхтавала Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Кастуся ДРОБАВА

Загаловак у газеце: Святлана Воцінава: «Зерне прарастае»

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.