Вы тут

Без стэрэатыпаў


Здаецца, вывучэнне класічнай спадчыны — тэма невычэрпная. І ўсё ж: чым больш працуюць даследчыкі, тым больш чытач набліжаецца да ўсведамлення сутнасці мастацкага слова і аўтарскай задумы. Менавіта такую працу і прапануе супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі кандыдат філалагічных навук Анатоль Трафімчык, аўтар кнігі «Колас зямлі беларускай» («Народная асвета», 2017).


Спадара Анатоля цікавяць не вынікі дзейнасці класіка, але іх вытокі і прычыны. Ён разгледзеў два асноўныя этапы творчай эвалюцыі Якуба Коласа: «дапісьмовы», які можа распавесці больш пра перадумовы ўзнікнення твораў, і «пісьменніцкі», калі постаць Якуба Коласа раскрывалася ва ўсёй паўнаце. У цэнтры ўвагі — творы, якія прысутнічаюць у школьнай праграме.

Кніга пачынаецца раздзелам «Дзяцінства і юнацтва Канстанціна Міцкевіча: карані будучых твораў». Вядома, крыніца натхнення — у родных пейзажах. У аўтабіяграфіі 1930 года Якуб Колас, ужо народны паэт, распавядаў, што адчуваў паэзію прыроды з маленства. На гэты фактар у станаўленні творцы зважалі як многія даследчыкі таго часу, так і сённяшнія літаратуразнаўцы. Самае яркае пацвярджэнне — паэма «Новая зямля», а таксама выдатная пейзажная лірыка.

На фарміраванне таленту Якуба Коласа вельмі моцна паўплывала асоба маці. У артыкуле 1930 года «Як я стаў беларускім пісьменнікам» паэт успамінаў: «Дома ад мацеры я чуў сумныя песні аб цяжкай долі, казкі і легенды, расказы аб розных дзівосных здарэннях, аб усялякіх выпадках, якія бываюць з людзьмі. Усё гэта будзіла фантазію». Гэта пазней дапамагло паэту вызначыцца з мовай на карысць беларускай. Варта прыгадаць і выкладчыка рускай славеснасці Фядота Кудрынскага: менавіта пасля яго парады Колас пачаў пісаць выключна па-беларуску, хоць і не было ні-якай надзеі ўбачыць свае творы надрукаванымі.

Пры аналізе пачатку творчага шляху Якуба Коласа даследчык акцэнтуе ўвагу на двух ключавых момантах: ідэйна-тэматычны спектр вершаў 1905—1907 гг. і мастацкі свет першай кнігі «Песні-жальбы». Многія лічаць класіка беларускай літаратуры песняром сялянства, але гэта несправядліва. Сацыяльныя матывы вершаў маладога аўтара неаднатыпныя. Яны маюць пэўную разнастайнасць у змесце і ў фармальных сродках выяўлення паэтычнай думкі. Іншая справа, што ў ранні перыяд яны яшчэ далёкія да высокага мастацкага ўзроўню. Узяць хаця б верш «Сябрам», які выяўляе не толькі сацыяльныя матывы, але характарызуецца глыбокай філасафічнасцю. Якуб Колас імкнуўся падняцца над апісальным выяўленнем народнага жыцця, звярнуцца да метафізічнага светаадчування.

Анатоль Трафімчык, адзначаючы значны даследчыцкі плён папярэднікаў, прадстаўляе сваё прачытанне зборніка «Песні-жальбы», звяртае асаблівую ўвагу на тыя моманты, якія з розных прычын не былі агучаныя ў ранейшых літаратуразнаўчых працах. Кніга, перакананы аўтар, традыцыйна расцэньвалася як голас прыгнечанага, забітага, беднага народа. Аднак гэты стэрэатып разбураецца, калі падрабязна прааналізаваць вобраз лірычнага героя, яго суб’ектыўнасць у асэнсаванні рэчаіснасці, засяроджанасць не на вонкавым свеце, а менавіта на ўнутраным, духоўным.

У раздзеле «Росквіт літаратурнай творчасці Якуба Коласа: узаемасувязь выпрабаванняў і вяршыняў» распавядаецца пра гісторыю стварэння знакавых твораў «Новая зямля», «Сымон-музыка», многія вершы таго часу, калі наканавана было жыць Якубу Коласу. Аўтар адзначае, што можна прасочваць настрой кожнай часткі ў залежнасці ад таго, дзе і ў якіх абставінах знаходзіўся аўтар. Напрыклад, турэмныя калізіі сталі своеасаблівым генератарам крэатыўнасці. Творца быў абмежаваны фізічна, але яго дух разняволіўся. Хто ведае, можа, самыя знакамітыя радкі беларускай літаратуры — пачатак паэмы «Новая зямля» — увогуле не маглі ўзнікнуць на волі? За кратамі напісалася 10 раздзелаў паэмы... Нямала радкоў створана і на чужыне, у Курскай губерні.

Паэма «Сымон-музыка» — асобная старонка ў гісторыі беларускай літаратуры. Метафарычная казка і аўтабіяграфічны твор адначасова. Па-ранейшаму шмат пытанняў застаецца наконт гісторыі ўзнікнення твора, яго рэдагавання пры падрыхтоўцы да друку. Анатоль Трафімчык спрабуе вызначыць, колькі на самай справе было рэдакцый паэмы і што прымушала Якуба Коласа штораз перапісваць цэлыя раздзелы праз падрабязны аналіз успамінаў, лістоў, літаратуразнаўчых гіпотэз...

Апошні раздзел «“Вось так і чуеш, што й дарога цяпер паслушна волі Бога”: Якуб Колас і рэлігія» прысвечаны месцу рэлігіі ў жыцці класіка і ў яго літаратурнай творчасці. Паводле меркавання даследчыка, Якуб Колас ні ў якім разе не з’яўляецца рэлігійным пісьменнікам. Нягледзячы на тое, што нарадзіўся ў праваслаўнай сям’і, атрымаў адукацыю з выразным рэлігійным стрыжнем, ён нават не спавядаў, як таго патрабавала традыцыя, рэлігіі паслядоўна і ў поўнай меры. Разам з тым галоўныя моманты яго жыцця праходзілі ў звязку з царквою, лічыць А. Трафімчык. Таму антыклерыкалам ці атэістам К. Міцкевіч таксама не быў. Пры гэтым лепшыя творы Якуба Коласа прасякнуты рэлігійнымі матывамі — у той ступені, якая дазваляе гаварыць пра рэгулярную прысутнасць рэлігіі ў тэкстах, як адкрыта выяўленую, так і прыхаваную, зашыфраваную шляхам алегорыі.

Напрыканцы Анатоль Трафімчык тлумачыць выбар твораў для разгляду тым, што паводле сваёй значнасці, завершанасці і грунтоўнасці творчай задумы творы 1930-х гг., ваеннага і пасляваеннага часу не сталі ўпоравень са славутымі паэмамі «Новая зямля» і «Сымон-музыка», аповесцю «У палескай глушы»... У гэтым выданні Анатоль Трафімчык імкнуўся надаць творчасці Якуба Коласа новае прачытанне, што, безумоўна, не застанецца без увагі даследчыкаў, настаўнікаў і аматараў класічнай літаратуры. Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.