Вы тут

Справы і мары Алеся Цыркунова


Жаданне стаць мастаком з’явілася яшчэ ў дзіцячым доме. Тады, падлеткам, Алесь Цыркуноў глядзеў фільмы аб прадстаўніках гэтай прафесіі, чытаў кнігу пра аднаго мастака-праўдалюба, які маляваў так, як думаў, і не выракаўся сваіх ідэй. Падчас знахо-джання ў дзіцячым доме Алесь хадзіў у Ветцы, пад Гомелем, у студыю выяўленчага мастацтва пад кіраўніцтвам Сяргея Палікарпавіча Гаробчанкі. Тады ж пазнаёміўся з мясцовым мастаком Фёдарам Шкляравым. Але... Пасля дзіцячага дома ён паехаў на тры гады на Данбас, каб, працуючы на шахце, спасцігаць жыццё, перш чым стаць мастаком. Там, навучаючыся ў горна-прамысловым тэхнічным вучылішчы, займаўся ў завочным універсітэце імя Крупскай.


Каля партрэта Янкі Купалы

Пасля вяртання на Радзіму служыў у войску. У звальненні аднойчы зайшоў у тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Акадэмія мастацтваў)...

— Я паглядзеў, якія таленавітыя вісяць на сценах работы студэнтаў, якія прыгожыя на калідорах стаяць скульптуры. Адчуў, што гэта Храм мастацтваў, — успамінае творца. — Пасля дэмабілізацыі хадзіў па вечарах у студыю выяўленчага мастацтва на Трактарным заводзе да Анатоля Васільевіча Бараноўскага. Праз год паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут і скончыў яго ў 1976 годзе. Размеркаваўшыся ў Гомель, праз год мусіў вярнуцца ў Мінск, бо там не было ні жылля, ні майстэрні, ні заказаў. У 1983 годзе ўступіў у Саюз мастакоў. Рэкамендацыі для ўступлення мне далі Уладзімір Стальмашонак, Пётр Крахалёў і Васіль Шаранговіч.

— Што Вас натхняе?

— Наша гісторыя і прыгажосць. У Дастаеўскага было такое выказванне: «Прыгажосць душы выратуе свет», з чым я цалкам згодны. А пад словам «гісторыя» трэба найперш разумець не голую храналогію падзей, што складае, умоўна кажучы, шкілет нашай мінуўшчыны, які па-свойму надзвычай прывабны тымі выкрунтасамі, кантрастамі і шмат чым яшчэ, — а іншае. Гэтае іншае скрозь у схаваным духоўна-генетычным патэнцыяле нашага народа, які фактычна і ўтрымлівае, ці зберагае, загадку, таямніцу неўміручасці нашага этнасу і складае яго сутнасць. Як бы нас ні пазначалі, якія б найменні ці ярлыкі ні прычэплівалі, а мы ёсць. Мы жывём і ўпэўнены: калі ўжо калісьці і мусім знікнуць на гэтай Богам створанай планеце, то будзем да апошняга суднага часу...

— Якія аспекты нацыянальнага жыцця знайшлі ўвасабленне на Вашых карцінах?

— Пішу найчасцей такія сюжэты, у якіх праяўляюцца духоўныя памкненні чалавека, незалежна ад яго ўзросту і прафесіі.

— Як прыходзіць задума напісаць тую ці іншую карціну?

— Ідэя прыходзіць нечакана. Звычайна творчыя імпульсы атрымліваеш, калі інтэлект ужо працуе ў пэўным кірунку. Мы маем ад Бога дар прадчування пэўных падзей. Імпульс да творчасці можа даць лінія, пляма, творча-нечаканы сон. Так, напрыклад, я сасніў сюжэт сваёй карціны «Бульба» пра вяртанне блуднага сына. Бульба тут як сімвал мацярынскай і беларускай дабрыні. Дарэчы, быў такі выпадак, што падчас выстаўкі ў музеі менавіта да гэтай карціны прыходзіў ледзь не кожны дзень мужчына як на пакаянне да сваёй маці.

— Дзе вам лепш «пішацца»?

— Ад афіцыйнай майстэрні давялося адмовіцца: дужа шмат каштуе. Цяпер эпізадычна для рэалізацыі бягучых задум выкарыстоўваю прыватнае памяшканне. Працую і дома. На лецішчы ў мяне ёсць «кузня духу». Там апрацоўваю задумы, разважаю, ці варта іх рэалізацоўваць.

— Што прыцягвае акрамя жывапісу?

— З даўніх часоў у мяне была цікавасць да розных народных рамёстваў: сталярскіх, разьбярскіх. Тое-сёе здзейсніў на лецішчы. З 2000 г. пачаў працаваць над шэрагам работ, звязаных з гісторыяй кутка Беларусі, дзе я знаходзіўся. Такім чынам, мной устаноўлена каля дзясятка памятных мемарыяльных знакаў: Вацлаву Ластоўскаму ў Курапатах, у Мядзельскім, Астравецкім і Пастаўскім раёнах — і знакаў рэлігійна-гістарычнага характару. Часам у гэтым мне дапамагаюць сябры-аднадумцы. У 2017 годзе завітаў у Томск на міжнародны пленэр па разьбе — і там усталяваў памятны знак, прысвечаны Міколу Гусоўскаму з яго «Песняй пра зубра».

— Якія славутыя дзеячы культуры і навукі знайшлі ўвасабленне на Вашых карцінах?

— Усіх тут і не пералічыш. Гэта Еўфрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Вітаўт, Магдалена Радзівіл, Янка Купала, Уладзімір Дубоўка, Барыс Кіт, Міхал Клеафас Агінскі і інш.

— Якое месца паэзіі ў Вашай душы?

— Паэзія і музыка ідуць поруч у кожнага творцы. Яны сёстры жывапісу. Ва ўсякіх мастацкіх вобразах ёсць паэзія і музыка, і іх трэба адчуваць. Калі чалавек пазбаўлены такой здольнасці, ён будзе прыземлены, не зможа адчуваць палёт зораў у небе. Я напісаў партрэты Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Цёткі, Ларысы Геніюш, Дануты Бічэль, Максіма Танка, Уладзіміра Дубоўкі... Хацелася б многіх яшчэ напісаць, бо іх паэзія — голас Божы.

У мяне ёсць шасцітвор, дзе Еўфрасіння Полацкая стаіць, быццам маці з вярыгамі, расставіўшы рукі, нібыта абдымаючы свет, і ад яе ў розныя бакі разыходзяцца промні святла. Ніжэй размешчаны партрэты яе «дачок», якія сімвалізуюць духоўна-творчую пераемнасць спадчыны Еўфрасінні Полацкай у розныя перыяды станаўлення нашай нацыі.

— Над чым працуеце цяпер?

— Калі ўпершыню, мусіць, гадоў 20 таму, пазнаёміўся з паэмай Янкі Купалы «На куццю», быў глыбока ўзрушаны тым глыбінным, філасофска-алегарычным падтэкстам з выразна патрыятычнай узнёсласцю. Тады ўжо ўзнікла жаданне стварыць штосьці аналагічнае, але ў жывапісе, выкарыстоўваючы падтэксты купалаўскай паэмы як паходню ў блуканнях па лабірынтах пошуку адпаведных пластычна-выяўленчых сродкаў для раскрыцця гіганцкага зместу, які фактычна выкрывае ўсю нашу нацыянальна-гістарычную місію. Пры гэтым абмінаючы банальную ілюстратыўнасць, пазбягаючы небяспекі трапіць як у пусты, голы фармалістычны пошук, так і ў бязглузда-прымітыўны натуралізм, чым цяпер так нашпігаваны шмат якія нашы мастацкія выстаўкі.

Багата часу было страчана на вырашэнне пластычна-жывапіснага стылю і сродкаў, перавыбрана шмат варыянтаў, ды ўрэшце мусіў спыніцца і вызначыцца ў варыянце, які выпрацаваўся спакваля амаль самастойна. Гэта нізка твораў лікам у 1+12. Калі работа будзе завершана, — невядома, мо гады праз 2—3...

— А вы хацелі б, каб вашы дзеці і ўнукі сталі мастакамі?

— Чаму беларусы з’язджаюць за мяжу? Як гэта спыніць? Як зрабіць так, каб Айчына не станавілася нашым дзецям мачахай? Мабыць, таму і працяг мастакоўскай традыцыі ў маім родзе пакуль не прадбачыцца. Хай адпачне род, каб не паўтарацца.

— Ці займаліся вы радаводнымі пошукамі?

— Усе мае бацькі і дзяды былі, як мне вядома, сялянскага паходжання, чым і ганаруся. Лічу, што і сярод сялян былі і ёсць дастаткова высакародныя людзі. Далей прадзедаў ніякай інфармацыі не засталося.

— Ёсць жаданне вярнуцца ў маладосць і пачаць усё спачатку?

— У прынцыпе, хацелася б вярнуцца ў маладосць, каб пазбегнуць памылак. З захаваннем жыццёвага вопыту. Але Бог стварыў чалавека, каб не ведаў, што будзе заўтра. І даў магчымасць выбару. І я свой выбар ужо зрабіў у маладосці. Самае мудрае, лічу, — заставацца самім сабой, жывучы па хрысціянскіх запаветах, не губляючы веру ў свае здольнасці. Бо, адстойваючы індывідуальнасць, мы дамагаемся справядлівасці, бо кожная асоба ў сваёй арыгінальнасці ёсць непаўторнасць нашага народа, выяўляе яго непаўторна багатае аблічча.

Запісала Таццяна БАРЫСЮК, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.