19 Верасень, серада

Вы тут

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў задалі пытанні Прэзідэнту


Падчас размовы Аляксандр Лукашэнка выказаў сваё меркаванне па шэрагу тэм. Парламентарыі задалі сем пытанняў, якія датычыліся развіцця дарог у рэгіёнах, беларускай мовы, мясцовага кіравання і самакіравання і іншых сфер.


Без перашкод

Аляксандр Маркевіч, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве, звярнуў увагу на праблему мясцовых дарог, у тым ліку таго, каб людзі маглі камфортна дабірацца да сваёй малой радзімы. Аляксандр Лукашэнка адказаў, што «мы вымушаны былі перш за ўсё заняцца міжнароднымі трасамі, мы транзітная краіна». Але адзначыў, што дарога на Гродна будзе завершана ў наступным годзе і настаў час заняцца шляхамі мясцовага значэння. Такая праграма існуе, і да 2020 года плануецца завяршыць асноўныя мясцовыя дарогі. Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што гэта датычыцца сувязі абласных цэнтраў з раённымі і раённых цэнтраў з аграгарадкамі. Таксама часткова будуць зроблены дарогі да сярэдніх і малых вёсак. «Пройдзе 2018 год, у 2019 годзе ў плане кантролю мы паглядзім, што на месцы зрабілі губернатары», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Грошы на гэта неабходна перш за ўсё шукаць у мясцовых бюджэтах.

Каб была ў грамадстве патрэба

Алена Анісім, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы, перш чым задаць пытанне, звярнулася да Прэзідэнта з прамовай пра рэальны статус адной з дзяржаўных моў — беларускай. У прыватнасці, гэта датычыцца заканадаўчых актаў, у якіх часцей за ўсё выкарыстоўваюць рускую мову. Адпаведны круглы стол, праведзены ў Палаце прадстаўнікоў, (пра які пісала «Звязда») паказаў, што прамых перашкод вядзенню справаводства на дзвюх дзяржаўных мовах няма, але для гэтага патрэбна «найвышэйшая палітычная воля». Таму парламентарый звярнулася да кіраўніка дзяржавы з прапановай прыняць указ аб тым, каб тэксты законаў і падзаконных актаў прымаліся адразу на абедзвюх дзяржаўных мовах.

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў у гэтым кірунку ісці спакойна і не апярэджваць патрэбы грамадства, бо інакш можна атрымаць адваротны эфект. «Трэба ўсім працаваць з народам, каб была патрэба», — лічыць Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, варта працаваць так, каб захоўвалася адзінства народа, каб не дапусціць расколу ў грамадстве. Зараз складаная знешнепалітычная абстаноўка, якая патрабуе ад нашай краіны яднання, а не ўнутраных супярэчнасцяў.

Кіраўнік дзяржавы заклікаў, каб палітыка ўжывання беларускай мовы праводзілася паступова і з мінімальнымі выдаткамі. Важна, каб мова не стала праблемай міжнацыянальных стасункаў з нашымі суседзямі, напрыклад расіянамі.

Але пакуль вострай патрэбы ў грамадства і парламентарыяў у больш частым выкарыстанні беларускай мовы ў заканадаўстве няма, і таму апярэджваць падзеі не варта.

Таксама дэпутат запыталася, ці магчыма надзяліць грамадскія арганізацыі, якія дзейнічаюць больш за 10 гадоў і маюць больш за 3 тысячы членаў, правам вылучаць на выбарах сваіх кандыдатаў без збору подпісаў. У адказ кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, чаму Алена Анісім прапанавала менавіта такія паказчыкі — чаму столькі людзей і гадоў? Але выказаў адназначнае меркаванне, што вылучаць партыям  людзей зборам подпісаў — самы лепшы спосаб стаць бліжэй да выбаршчыкаў, даведацца пра іх патрэбы і праблемы. «Калі ты ідзеш да чалавека для таго, каб ён падпісаўся за цябе, ты ўжо праводзіш агітацыю», — лічыць Прэзідэнт.

Дамы і кватэры

Наталля Клімовіч, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы, запытала пра арэнднае жыллё. Згодна з заканадаўствам, калі грамадзянін засяляецца ў арэнднае жыллё, ён губляе сваё месца ў чарзе як той, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Часам гэтыя людзі, як не самыя забяспечаныя, сутыкаюцца з тым, што не хапае грошай, каб плаціць арэнду разам з «камуналкай». Ці магчыма захаваць за імі права на чаканне паляпшэння жыллёвых умоў? Аляксандр Лукашэнка адказаў, што, паколькі ўзнікае такое пытанне, неабходна яшчэ раз падумаць над праблемамі, звязанымі з арэндай. Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў пракаментаваў, што сусветная тэндэнцыя паказвае: вялікая колькасць насельніцтва ў буйных еўрапейскіх гарадах здымае жыллё. Неабходна даходы грамадзян падымаць, каб аплата арэнднага жылля была не такой адчувальнай. Прэм'ер-міністр сказаў, што, магчыма, варта паглядзець на кошт арэнды ў параўнанні з даходамі.

Пётр Вабішчэвіч, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах, звярнуў увагу на тое, што грамадзяне, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, маюць права стаць у чаргу на атрыманне зямельнага ўчастка ў любым раёне. І складваецца сітуацыя, калі ў прыгарадных раёнах мясцовыя жыхары амаль не могуць атрымаць участак пад будаўніцтва свайго дома, паколькі ў большасці ў чарзе стаяць іншагароднія. Дэпутат прывёў прыклад такой сітуацыі пад Лагойскам: у Астрошыцкім сельсавеце ў чарзе з 265 чалавек толькі 15 — мясцовыя. Атрымліваецца, што тыя ж маладыя спецыялісты ці сем'і становяцца ў самы канец. Ён прапанаваў увесці дзве чаргі: для мясцовых і іншагародніх. Кіраўнік дзяржавы адказаў, што, магчыма, варта паглядзець па іншых крытэрыях. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў разам з губернатарамі разгледзець гэта пытанне. Прэзідэнт растлумачыў, што неабходна адсачыць, дзе ёсць напружанне: «Калі пытанне стаіць з працаўладкаваннем ці патрэбнасцю ў рабочай сіле, асабліва на вёсцы ці пэўным прадпрыемстве, павінны быць нейкія перавагі, скажам так, таму магчымыя выключэнні. Давайце разам падумаем, дзе і якія перавагі трэба даць».

Да рэформаў — гатовыя

Ганна Канапацкая, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы, лічыць, што зараз для рэгіёнаў усё больш актуальным становіцца пытанне дэцэнтралізацыі. На дадзены момант лішак даходаў мясцовых бюджэтаў накіроўваецца ў цэнтральны, паколькі і дэфіцыт кампенсуецца з яго. Гэта значна скарачае мясцовыя ініцыятывы па павелічэнні паступленняў у бюджэт, паніжае стымулы да прадпрымальніцкай і інвестыцыйнай ініцыятыў. Гэта павышае і ўзровень карупцыі на месцах, а важна ж змагацца менавіта з прычынамі карупцыі. І акурат для гэтага трэба перадаць рэальную ўладу на месцах людзям. Адсюль і пытанне, ці гатовы Прэзідэнт падтрымаць рэформы мясцовага кіравання і самакіравання. «Я гатовы, Ганна, падтрымаць любую рэформу, на якую вы гатовы. Не вы асабіста, а грамадства. Гэта аксіёма, якой я жыву», — адказаў Аляксандр Лукашэнка. Але адказнасць будзе ляжаць на тых, хто ініцыятыву прапанаваў.

Абараніць сваіх дзяцей

Вольга Палітыка, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі, эмацыянальна, шчыра і з болем нагадала пра праблему ўжывання алкаголю ў грамадстве. Яна адзначыла, што ад акцызаў на алкаголь дзяржава атрымлівае прыбытак, але як часам занадта даступныя спіртныя напоі ўплываюць на здароўе беларусаў? Дэпутат прапанавала распрацаваць дарожную карту, у якой даступна і для насельніцтва, і для бізнесу адзначыць, а чаго мы ўвогуле жадаем дасягнуць у гэтай сферы ў Беларусі? Якія алкагольныя напоі выпускаць, якой якасці, у што фасаваць? Парламентарый задае пытанне: «Як сваіх дзяцей будзем абараняць ад алкаголю?»

Прэзідэнт адзначыў, што сам адмоўна ставіцца да п'яніц. Але забароннымі метадамі з гэтай праблемай не справіцца. І не варта скарачаць пастаўкі алкаголю на ўнутраны рынак, бо тады ўжываць будуць няякасную прадукцыю. У той жа час, адзначыў кіраўнік дзяржавы, назіраецца штогадовая тэндэнцыя да зніжэння ўжывання алкаголю насельніцтвам. У 2011 годзе на аднаго беларуса даводзілася 13,3 літра ў пераліку на абсалютны алкаголь, а ў мінулым — ужо 8,8 літра. Адпаведна, з кожным годам зніжаецца і ёмістасць унутранага рынку алкагольнай прадукцыі. Скарачаецца і выраб нізкаякасных пладовых вінаў: з 2011 года — у два разы.

Дэпутат заклікала не самазаспакойвацца гэтымі лічбамі. «Гутарка ідзе пра генафонд нацыі, па вялікім рахунку. Мы кажам пра эканоміку ведаў, лічбавую эканоміку, але іх збудаваць можна толькі цвярозымі», — падкрэсліла Вольга Палітыка.

Прэзідэнт адзначыў, што праблема ў тым, што ў нашым грамадстве не самая лепшая культура ўжывання напояў. На думку Прэзідэнта, варта развіваць культуру піцця, як гэта прынята ў еўрапейцаў, якія дазваляюць сабе ў дзень келіх ці два віна, але якаснага.

Ці варта ўзбуйняць раёны?

Леанід Качына, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы, запытаў пра змяненне структуры адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, у прыватнасці, пра колькасць сельскіх саветаў і магчымасць узбуйнення раёнаў. Над гэтым пытаннем ужо працавалі, і Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ён не прыхільнік узбуйняць толькі для таго, каб гэта зрабіць. Людзі прывыклі да таго, што ёсць раённы цэнтр, і звыкнуцца з аб'яднаннем можа быць даволі цяжка. Таму неабходна пралічыць, у чым ад гэтага выйгрыш. «Калі ўжо гэта пытанне сапраўды наспела — і губернатары павінны адчуваць гэта, і Савет Рэспублікі ў нас курыруе гэту тэму мясцовага самакіравання ў цэлым, — давайце да гэтага пытання вернемся, давайце паглядзім, але кропкава», — прапанаваў кіраўнік дзяржавы. А таксама дадаў, што належыць на месцы перагаварыць з людзьмі, «каб нам штучна нічога не зрабіць, штучна працаваць нельга». Прэзідэнт прапанаваў старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаілу Мясніковічу разам з губернатарамі разгледзець гэта пытанне.

Вераніка ПУСТАВІТ, Надзея АНІСОВІЧ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: На парадку дня

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.

Грамадства

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Лішняя вага, бяссонніца, прылівы, парушэнні ціску і астэапароз — далёка не ўсе праявы, якія падпільноўваюць жанчыну ў пэўным узросце. 

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.