Вы тут

Парламентарыі расказалі, што адзначылі для сябе ў Пасланні Прэзідэнта


У прамове Аляксандр Лукашэнка закрануў найбольш важныя пытанні для грамадства. Дэпутаты і сенатары, якія непасрэдна працуюць з гэтымі тэмамі, узялі некаторыя моманты, як той казаў, на аловак.


Ігар Марзалюк, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы:

— Камусьці здаецца, калі кіраўнік дзяржавы штогод выступае, гэта проста заданне на год. Тое, што я сёння пачуў, на самай справе гэта праграма не на год. І самае важнае, магчыма, я памыляюся, але мне здаецца, што тон і тыя канцэптуальныя заданні, якія былі сфармуляваны Прэзідэнтам, — гэта якраз стратэгічная праграма, і тут, мне падалося, вельмі шмат з таго, што было сказана кіраўніком дзяржавы, сугучна з тым, што рабіў Лі Куан Ю ў свой час у Сінгапуры. Калі мы сапраўды зможам прайсці, як кіраўнік дзяржавы сказаў, па лязе нажа, калі мы зможам рэалізаваць усе тыя рэчы, Беларусь апынецца сярод тых, хто будзе вызначаць сусветны парадак дня.

Тамара Красоўская, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях:

— Мы ўсе сёння пачулі два самыя галоўныя тэзісы і два самыя галоўныя лозунгі: менш слоў — больш спраў. І каб рэальна ўсе задачы, пастаўленыя на нарадах, былі выкананыя. Прэзідэнт, вядома, вельмі шмат удзяліў увагі сацыяльнай сферы, сацыяльнай палітыцы, нават быў зроблены акцэнт на тое, што патрэбна, мабыць, больш грошай выдзяляць на сацыяльную сферу для тых людзей, якія сапраўды сёння маюць патрэбу ў сацыяльнай дапамозе, сацыяльнай абароне. Вядома, ён звярнуў вельмі вялікую ўвагу на эфектыўную занятасць насельніцтва. Для чаго трэба ствараць новую вытворчасць, а гэта новыя працоўныя месцы і, вядома, рост заработнай платы і, натуральна, павышэнне якасці жыцця нашага насельніцтва.

Уладзіслаў Шчэпаў, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы:

— Не першы раз я прысутнічаю на такім значным мерапрыемстве і, вядома, для сябе адзначыў, што львіная доля наказаў кіраўніка дзяржавы была звязана з развіццём заканадаўства ў галіне эканомікі, прыцягненнем інвестыцый, дыверсіфікацыяй экспарту. Гэта накладае пэўную адказнасць і абавязак на дэпутацкі корпус. Былі дадзены прамыя даручэнні, напрыклад, па заканадаўчай базе ў развіцці Дэкрэта № 7, звязаныя з пашырэннем эканамічных адносін з
Еўрапейскім саюзам, з ліквідацыяй бар'ераў і абмежаванняў у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза. Вялікую частку выступлення Прэзідэнт прысвяціў інавацыйным тэхналогіям, пераходу нашай эканомікі на інавацыйныя рэйкі, выкарыстанню патэнцыялу ІТ-краіны.

Трэба шукаць дадатковыя крыніцы фінансавання інавацыйнай дзейнасці, у тым ліку ў рамках камерцыйных праектаў. Гэта і венчурнае фінансаванне. На слыху і бізнес-анёлы, і стартапы. У дадзеным напрамку, вядома, неабходна развіваць заканадаўства і, самае галоўнае, — практычную дзейнасць. Нават пры наяўнасці пэўных нормаў заканадаўства практыка напрацоўваецца ў некаторых сферах гадамі. І тут нам неабходна вучыцца ў тым ліку ў нашых замежных партнёраў. Напрыклад, Парк высокіх тэхналогій быў пабудаваны па прыкладзе Сіліконавай даліны, зараз створана пэўная экасістэма, у якую прыходзяць заходнія карпарацыі. Але ПВТ — яшчэ не ўся Беларусь і не ўся эканоміка. Многія прадпрыемствы павінны інавацыйныя тэхналогіі прымяняць у тым ліку ў сферы кіравання, узаемадзеяння з заходнімі партнёрамі. То-бок, калі мы выходзім на новы рынак, мы павінны быць падрыхтаваны юрыдычна і эканамічна і мець адпаведныя веды і кампетэнцыі, каб перамагаць у гэтай канкурэнтнай барацьбе.

Міхаіл Орда, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі:

— Мяне ў прамове Прэзідэнта найперш зацікавілі тыя пытанні, якія ўплываюць на ўзровень жыцця чалавека і, безумоўна, з'яўляюцца ключавымі ў рабоце прафсаюзаў. Мы, вядома ж, працуем у тым жа кірунку, але без адзінства народа немагчыма будзе вырашыць ніякую задачу. Калі мы будзем разам працаваць над тым, каб наяўныя праблемы выправіць, пытанні, якія ўплываюць на дабрабыт людзей, вырашаць, будзе вынік. Трэба, каб да работы падключылася не адно, а некалькі міністэрстваў. Тады праблемы стануць ужо не доўга-, а кароткатэрміновымі.

Максім Місько, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве:

— Мне спадабаліся адказы кіраўніка дзяржавы пра беларускую і рускую мовы, яго пазіцыя па гэтым пытанні. Яна сапраўды мірная і кансалідуючая. Акцэнт быў зроблены на тым, што не павінна ідэя рэалізацыі больш частага ўжывання беларускай мовы стаць расколам для грамадства. І да гэтага сапраўды трэба ставіцца эвалюцыйна. Варта пачынаць з дзіцячых садкоў, а пасля працягваць у школах кваліфікаванае навучанне беларускай мове. Тады веданне яе паступова ўзрасце. А тую частку грамадства, якая сёння не валодае мовай, ніяк нельга супрацьпастаўляць той, што яе ведае. Мне спадабалася такая пазіцыя, яна дэмакратычная, міралюбівая, бо не прадугледжвае ніякіх абмежаванняў. Кожны мае права размаўляць на той мове, на якой жадае і можа. Пазіцыя, сапраўды накіраваная на яднанне, згуртаванне грамадства.

Ала Бодак, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве:

— Па асноўным Законе краіны Прэзідэнт штогод звяртаецца з Пасланнем да беларускага народа і парламента. І, як правіла, гэта адбываецца ў першым паўгоддзі. Ужо склалася пэўная прававая практыка. Заўжды выступленне кіраўніка дзяржавы — своеасаблівы праграмны арыенцір. Можна сказаць, што Прэзідэнт вызначае пэўныя перспектывы і задачы на будучыню для ўсіх галін улады. Для кожнай з іх задаецца канкрэтны вектар іх развіцця.

У сёлетнім штогадовым Пасланні можна адзначыць самыя разнастайныя рысы. Напрыклад, усе тыя рашэнні, што былі прыняты ў мінулым годзе, якія датычацца развіцця бізнесу, інвестыцыйнага заканадаўства, занятасці, самазанятасці. Усе тыя задачы, якія былі вызначаны ў тым ліку ў праграмных дакументах — рашэнне пятага Усебеларускага народнага сходу, праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця, — іх варта выканаць. Прэзідэнт гэта падкрэсліў.

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, што долю дзяржаўнага бюджэту на сацыяльныя патрэбы варта таксама павялічваць. Значыць, мы пакідаем за сабой сацыяльны характар развіцця нашай дзяржавы, калі дапамагаем тым слаям насельніцтва, якія маюць патрэбу ў дапамозе дзяржавы. Гэта пажылыя людзі, малазабяспечаныя, інваліды. З боку дзяржавы ім будзе аказана дадатковая падтрымка.

У нас сёння вызначаны пяць пунктаў росту — занятасць, інвестыцыі, моладзь, экспарт, інфарматызацыя. Усе законы варта прадумваць з пункту гледжання таго, як яны ўплываюць на іх: ці садзейнічаюць развіццю і рашэнню гэтых пяці пунктаў. Увогуле законы павінны працаваць на апярэджанне, улічваць тыя тэндэнцыі і пытанні, якія яшчэ могуць узнікнуць.

Надзея АНІСОВІЧ, Вераніка ПУСТАВІТ

Загаловак у газеце: На што звярнуць увагу

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.