Вы тут

Першараднае значэнне зараз набывае вырашэнне дзяржаўных задач


У тым ліку аб гэтым учора казаў Прэзідэнт, звяртаючыся да беларускага народа і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь са штогадовым Пасланнем. Выступленне змясціла ў сабе найбольш актуальныя пытанні для беларускага грамадства і дзяржавы ў цэлым.


Што маем, не захоўваем...

«Чалавецтва знаходзіцца на раздарожжы. Мы ўступілі ў эпоху нявызначанасці, непрадказальнасці і працяглай нестабільнасці, — адзначыў на пачатку свайго звароту кіраўнік дзяржавы. — На планеце больш няма месца, дзе можна схавацца, адгарадзіцца і безудзельна назіраць за тым, што адбываецца».

Паводле слоў Прэзідэнта, сёння асабліва востра адчуваецца, як лёгка страціць бяспеку і якіх неймаверных намаганняў каштуе яе захаваць. Акрамя таго, абвастраецца барацьба за месца ў сусветнай іерархіі, а стратэгічнае саперніцтва, канкурэнцыя паміж дзяржавамі сталі штодзённымі з'явамі.

«Нацыянальны эгаізм, грэбаванне інтарэсамі сваіх партнёраў і нават саюзнікаў, эгацэнтрызм, парушэнне міжнародных нормаў становяцца неад'емнай часткай палітыкі вядучых сусветных гульцоў, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Планету захліснулі гандлёвыя войны. Злучаныя Штаты, кіруючыся жорсткім пратэкцыянізмам, змагаюцца з Кітаем. Адначасова разгарнулася маштабная санкцыйная вайна супраць Расіі. Дайшлі да таго, што па парадзе з-за акіяна Еўрасаюз абмяжоўвае ўласныя кампаніі, якія працуюць на нафтавым рынку з нашай усходняй суседкай».

«У гэтых абставінах асабліва актуальныя міралюбная, збалансаваная знешняя палітыка, якую праводзіць Беларусь, а таксама нашы ініцыятывы: прасоўванне ідэй сумяшчальнасці ў Вялікай Еўропе, партнёрства розных інтэграцыйных аб'яднанняў, абнаўленне агульнаеўрапейскага дыялогу па ўмацаванні мер даверу, бяспекі і супрацоўніцтва», — заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што для саюзнікаў Беларусь з грамадска-палітычнай згодай, міжканфесійным мірам і беспраблемнай для суседзяў і іншых дзяржаў палітыкай уяўляе сабой асаблівую каштоўнасць.

Бяспека — у адзінстве

Сёння асабліва важна ўтрымліваць раўнавагу ўнутры краіны, лічыць Прэзідэнт. «Мы бачым, як лёгка нагнятаюць паніку і істэрыю растыражаваныя ў сетках і на інфармацыйных парталах паведамленні правакацыйнага характару. Менавіта так у нашым стагоддзі пачынаюцца рэвалюцыі ў іх «каляровай» версіі, якія сумна заканчваюцца для саміх жа ўдзельнікаў, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Тым, хто разважае сёння на тэму: ці патрэбна нам армія, ці неабходна міліцыя, — раю з'ездзіць у краіны, якія зведалі «арабскую вясну», ці нават у сэрца Еўропы, накрытае міграцыйнай хваляй. Пагутарыць там са звычайнымі людзьмі і даведацца, ці адчуваюць яны сябе дома абароненымі».

Ён са шкадаваннем канстатаваў, што ў якасці спосабу забеспячэння і прасоўвання інтарэсаў зноў робіцца стаўка на сілу,
у тым ліку і ваенную. «Гучаць галасы аб вяртанні халоднай вайны, нават больш — «ледзяной». Гэта выбухованебяспечная сітуацыя. Яна з усёй відавочнасцю дэманструе, наколькі няўстойлівым можа быць мір», — сказаў беларускі лідар.

Любыя дасягненні цывілізацый, любыя матэрыяльныя даброты і амбіцыйныя асабістыя поспехі гаснуць перад абліччам пагрозы, таму ў нашай краіне ўсведамляюць, што бяспека — у адзінстве нашага народа, у моцнай унутранай і знешняй палітыцы дзяржавы. Стабільнасць і з'яднанасць грамадства даліся нам нялёгка, нам ёсць што губляць і ёсць што абараняць. І ўсвядоміць гэта лепш своечасова, падкрэсліў Прэзідэнт. Акрамя таго, адказнасць за парадак і мір ляжыць на кожным — пачынаючы са сваёй сям'і і дома і заканчваючы цэлай краінай. «Калі мы разам — толькі тады мы сіла. І зможам супрацьстаяць любым выклікам», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Дзякуючы працы і інтэлекту

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, тыя часы, калі дзяржавы і народы маглі жыць і развівацца, не аглядаючыся на іншых, беззваротна сышлі. Татальная ўзаемазалежнасць сучаснага свету — гэта рэальнасць, аблічча сусветнай эканомікі ўсё ў большай ступені вызначаюць не нацыянальныя дзяржавы, a гіганцкія транснацыянальныя карпарацыі, якія ў пагоні за камерцыйнымі інтарэсамі здольныя справакаваць рознага роду канфлікты.

Незалежнасць дзяржавы, яе аўтарытэт, спакой у грамадстве, якасная адукацыя, высокая культура і дасягненні ў спорце ў першую чаргу залежаць ад паспяховасці эканомікі. «Мы, як ніхто іншы, пацвярджаем гэтае правіла. Свой поспех — у адрозненне ад іншых краін, багатых на прыродныя рэсурсы, — мы ствараем толькі працай і інтэлектам свайго народа. І ў гэтым наша перавага, — адзначыў беларускі лідар. — Для правільнага выбару дзеянняў унутры краіны мы павінны чуйна і правільна разумець развіццё сучаснага свету. А яно вызначаецца трыма ключавымі фактарамі: выбухным ростам новых тэхналогій, уздымам рынкаў, якія развіваюцца, татальнай глабалізацыяй усіх сусветных працэсаў».

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь не стане закрывацца ад свету, нягледзячы на санкцыйныя войны, якія рыкашэтам закрануць і нас, — ці гэта будзе праз фінансавы, ці праз гандлёвы канал. «Наша задача — быць адкрытымі для лепшага. Мэта — расці хутчэй, чым іншыя, і такім чынам скарачаць адставанне ад развітых краін. У гэтым залог якасных змен, якія нам патрэбныя і дазволяць падымаць узровень дабрабыту грамадзян Беларусі адносна іншага свету», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Дарэчы, гэтая тэма з'яўлялася ключавой на пасяджэнні ўрада, калі абмяркоўваліся вынікі 2017 года, адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Замахнуцца на $100 мільярдаў

«Шчыра кажучы, год назад мы былі настроены на больш сціплыя вынікі, чым атрымалі. Эфектыўнасць, з якой працавала наша краіна, і карпатлівая праца беларускага народа далі станоўчы вынік. Сумеснымі намаганнямі негатыўныя тэндэнцыі апошніх гадоў мы быццам бы пераадолелі», — сказаў беларускі лідар.

Узровень інфляцыі — нізкі, аб'ёмы экспарту аднаўляюцца, а структура плацежнага балансу паляпшаецца. Акрамя таго, бюджэтныя сродкі выдаткоўваюцца толькі па мэтавых праграмах і пад канкрэтныя задачы, а па росце ВУП Беларусь выходзіць з двухгадовай рэцэсіі. «Галоўнае цяпер — надаць пазітыўным зменам незваротны характар, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта краевугольны камень эканамічнай палітыкі, тое, што дасць магчымасць захаваць эканамічную стабільнасць, а значыць, мір і парадак у грамадстве».

Наша эканоміка здольная расці па-за залежнасцю, напрыклад, ад кошту нафты, а канкурэнтаздольнасць тавараў і паслуг павінна быць на такім узроўні, каб уплыў знешніх фактараў быў мінімальны. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што гэтая задача — пытанне не аднаго дня, але пра яе вырашэнне вядуцца размовы каля дзесяці гадоў, таму неабходны вынік.

«Сярэднетэрміновая мэтавая ўстаноўка даведзена да ўсіх. Нават у сродках масавай інфармацыі хто хацеў, пра гэта ўжо выказаўся, — дадаў Прэзідэнт. — Яна застаецца нязменнай — дасягненне да канца наступнай пяцігодкі валавога ўнутранага прадукту не менш за 100 мільярдаў долараў ЗША».

Несумненна, для рыўка неабходны маштабныя рашэнні, таму стратэгічныя крокі патрэбныя ва ўсіх сферах. «Сённяшняя эканоміка — гэта не толькі МАЗ, БелАЗ і МТЗ. Хоць яны наш здабытак і страціць іх мы не маем права», — падкрэсліў беларускі лідар.

На традыцыйнай прадукцыі зарабіць добрыя грошы цяпер стала складана. Тавар лёгка паддаецца абмежаванням і санкцыям, у міжнародным гандлі ігнаруюцца яго базавыя прынцыпы.

Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем заўважыў, што мода на змешванне палітыкі і эканомікі, размяшчэнне інтарэсаў асобных кампаній вышэй за інтэграцыйныя дамоўленасці не абышла і ЕАЭС. «Таму ўсёй выканаўчай вертыкалі трэба будзе вырашыць задачу — аказваць усебаковую дапамогу бізнесу ў стварэнні новых прадпрыемстваў і вытворчасцяў, якія забяспечаць пазітыўную дынаміку развіцця кожнага рэгіёна краіны».

Ён таксама дадаў, што рашэнні апошніх двух гадоў аб скарачэнні бюджэтнага ўдзелу ў рэальным сектары прынятыя свядома, а ад практыкі, калі пры першых прыкметах праблем прадпрыемствы бягуць па дапамогу ў бюджэт, неабходна пазбаўляцца.

Патрэбныя стратэгічныя крокі

Пакуль жа палажэнні праграмы пяцігодкі па пытаннях кіравання ў дзяржаўным сектары не выкананы, падкрэсліў Прэзідэнт. Акрамя таго, ён звярнуў увагу, што сёння талковыя дырэктары сталі на вагу золата, таму павінны прад'яўляцца вельмі высокія патрабаванні да людзей, якія кіруюць прадпрыемствамі. «А хто ў нас сёння імі кіруе? Ніяк не магу зразумець, — сказаў беларускі лідар. — [...] Сітуацыя, калі ўсе адказваюць за ўсё, часта прыводзіць да таго, што на самай справе ніхто ні за што не адказвае».

Таму кіраўнік дзяржавы даручыў ураду дэталёва разабрацца і развесці кампетэнцыі: хто дзяржаўны кіраўнік, хто фарміруе ўмовы, а хто адказвае за поспех бізнесу. Савет Міністраў павінен правесці пераатэстацыю ўсіх кіраўнікоў, інстытуты дзяржаўнага кіравання павінны праводзіць палітыку шырэй і не абмяжоўвацца інтарэсамі толькі ведамасных арганізацый.

Эканоміцы патрэбны энергічныя і прафесійныя кіраўнікі, асабліва цяпер, калі заклапочанасць выклікае невысокая інавацыйная актыўнасць прадпрыемстваў рэальнага сектара, дадаў беларускі лідар. Пытанні інавацый увязаныя з іншым ключавым прыярытэтам сацыяльна-эканамічнага развіцця — эфектыўнай занятасцю насельніцтва праз стварэнне высокапрадукцыйных працоўных месцаў на новых прадпрыемствах.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў гэтым годзе ў сілу ўступілі вельмі важныя прававыя акты, якія азначаюць пачатак чарговага этапу развіцця краіны, аднак для яго паспяховасці трэба актывізаваць як органы выканаўчай улады і прадпрымальнікаў, так і заканадаўцаў. Напрыклад, зараз праводзіцца работа па актуалізацыі заканадаўства з улікам нормаў Дэкрэта «Аб развіцці прадпрымальніцтва» — і ніякіх скажэнняў тут быць не павінна.

Ёсць да чаго імкнуцца

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ва ўсім павінен вяршэнстваваць прынцып эканамічнай эфектыўнасці, пры гэтым неабходна асвойваць новыя напрамкі. «Дынамічнае развіццё традыцыйных і новых галін дазволіць нам заняць годнае месца ў глабальных працэсах і не застацца ў ролі пасіўных удзельнікаў», — падкрэсліў ён.

Беларускі лідар у сваім выступленні падкрэсліў, што недастаткова эфектыўнае кіраванне эканомікай напрамую ўплывае на бюджэтную палітыку. Ён запатрабаваў, каб штогод павялічвалася доля выдаткаў на сацыяльныя патрэбы. Яшчэ адзін напрамак, які, на думку Прэзідэнта, выкарыстоўваецца не ў поўнай меры, — гэта развіццё фінансавага рынку, у сувязі з чым кіраўнік дзяржавы даручыў ураду і Нацыянальнаму банку ў самыя кароткія тэрміны ўнесці пакет сістэмных прапаноў па яго фарміраванні і эфектыўным функцыянаванні.

У той жа час Прэзідэнт асобна выказаўся наконт паспяховага кірунку — Дэкрэта «Аб развіцці лічбавай эканомікі» і курсу на пабудову ІТ-краіны. «У папярэднія гады ў парк (высокіх тэхналогій. — Заўв. рэд.) у сярэднім уступала адна кампанія ў месяц. А за першыя тры месяцы цяперашняга года — больш за 50. Гэта новыя працоўныя месцы (прытым — якія працоўныя месцы!), прыток валюты ў краіну і дадатковыя плацяжы ў бюджэт, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Мы працягнем будаваць лічбавую эканоміку. Ураду даручана ўнесці прапановы па стварэнні моцнага і эфектыўнага міністэрства ў гэтай сферы».

На першым месцы — чалавек

Беларускі лідар падкрэсліў, што найважнейшая каштоўнасць у бягучым стагоддзі — гэта чалавечыя капітал, інтэлект і энергія, таму неабходна забяспечыць трансфер «мазгоў» да нас. «Такая задача ўрада. Мэта: каб у Беларусь — чысты, спакойны і камфортны куток Еўропы — як магнітам, цягнула самых лепшых і разумных», — дадаў ён.

Яшчэ трэба падумаць, як зрабіць Беларусь прывабнай для багатых людзей усяго свету. Аляксандр Лукашэнка даручыў Савету Міністраў і Нацыянальнаму банку прааналізаваць сусветную сітуацыю і стварыць такія ўмовы для капіталу, якіх не забяспечыць ніхто ў свеце.

Што мы гатовыя прапанаваць? Стабільныя і камфортныя ўмовы вядзення бізнесу, што павінна быць нашым нацыянальным брэндам, і дружалюбнасць. Ён падкрэсліў, што неабходна фарміраваць атмасферу новага бізнес-клімату, асновай якога павінны стаць дзелавыя адносіны і ўзаемны давер.

Будучыня — не за гарамі

На думку беларускага лідара, галоўны выклік, з якім трэба справіцца Савету Міністраў і Нацбанку ў найбліжэйшыя гады, — «перарасці» даўгавую нагрузку і выйсці ў зону бяспекі. Прэзідэнт запатрабаваў забяспечыць стабільна высокія тэмпы росту эканомікі і прафіцыт валютных патокаў.

«Сёння закладваецца аснова таго, якім будзе наша жыццё ў 2020 годзе. Ёсць усе перадумовы, усе ўмовы для таго, каб пяцігадовая праграма была выканана не столькі па лічбах, колькі па сутнасці, па яе эканамічным сэнсе, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — У 2020 годзе Беларусь павінна паўстаць перад светам абноўленай, прагрэсіўнай і пры гэтым камфортнай для свайго народа, усіх, хто хоча спакойна працаваць, зарабляць і гадаваць дзяцей».

«Насцярожвае ажыўленне інфляцыйных працэсаў, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Дарагоўля жыцця вельмі хвалюе насельніцтва. Звяртаюся да ўрада, мясцовых органаў улады, Міністэрства гандлю і канкрэтна да міністра: кантралюйце, адсочвайце цэнавыя змены пастаянна». Мэта вядомая — не больш за пяць-шэсць працэнтаў у год.

Што датычыцца зарплаты, то Прэзідэнт звярнуў увагу, што яна павінна непасрэдна залежаць ад эфектыўнасці арганізацыі вытворчасці. Задача няпростая, таму трэба задзейнічаць усе механізмы для стварэння якасных умоў. Калі казаць аб занятасці, то Прэзідэнт адзначыў, што стварэнне высокапрадукцыйных працоўных месцаў, дзе годную зарплату трэба зарабляць, а не атрымліваць, — крытэрый ацэнкі работы органаў улады на месцах.

Адпавядаць рэчаіснасці

Асобна кіраўнік дзяржавы закрануў пытанне магчымай карэкціроўкі Канстытуцыі, якое апошнім часам актыўна абмяркоўваецца ў сродках масавай інфармацыі. «Шаноўныя сябры, раз і назаўсёды хачу сказаць: я ніколі не дзейнічаў несумленна ў адносінах да нашых людзей. І ніколі на гэта на пайду. Я ведаю, адкуль прыйшоў і як перамог на прэзідэнцкіх выбарах. Я абяцаў і ніколі не парушу сваю клятву, чаго б мне гэта ні каштавала. Бо будзе як ўчора ў Арменіі. З народам гуляць нельга».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што зараз нам не да рэферэндумаў — трэба ў гэтай бурлівай, хаатычнай, бязладнай, небяспечнай сітуацыі ў свеце выстаяць. Прэзідэнт паўтарыў сваю пазіцыю: Канстытуцыя, як і любы нарматыўны акт, будзе ўдасканальвацца, бо нарматворчасць — гэта жывы, дынамічны працэс, гэткі ж, як само жыццё.

«З'явіліся новыя дзяржаўныя інстытуты, на прынцыпова іншы ўзровень выйшлі эканамічныя адносіны. Многае з таго, што было зроблена, цяпер неабходна адлюстраваць у Канстытуцыі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Але нормы Асноўнага закона павінны не проста адпавядаць рэчаіснасці, а трошкі апярэджваць яе, працаваць на перспектыву».

Гэта датычыцца і паўнамоцтваў Прэзідэнта. «Частку паўнамоцтваў магу спакойна перадаць іншым галінам улады, бо не проста выпрацавана практыка паводзін нашых органаў улады, выпрацаваны і ўсталяваліся пазіцыі, традыцыі, якія ўжо ніхто не зменіць. Таму не трэба мне за іх трымацца дзвюма рукамі», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Аднак памыляецца той, хто разлічвае, што прыняццем абноўленай Канстытуцыі будзе створана глеба для пратэстаў у грамадстве, запэўніў Аляксандр Лукашэнка. «Ад нас павінны ісці толькі мірныя ініцыятывы і размовы, каб увесь свет бачыў у нас сапраўды міралюбівых людзей,— падкрэсліў беларускі лідар. — Я ўжо неяк казаў: ліміт рэвалюцый і войнаў мы вычарпалі даўно. Нам гэтага не трэба».

Задач па ўдасканаленні Канстытуцыі больш, чым дастаткова, але яны не могуць быць вырашаны ў адзін момант. Таму Прэзідэнт даручыў суддзям Канстытуцыйнага суда разам з вучонымі і юрыстамі-практыкамі ў спакойным рэжыме падрыхтаваць адпаведныя прапановы. «І не трэба падымаць шуміху вакол гэтага працэсу, вышукваць нагоду для чарговай «сенсацыі». Проста трэба даць спецыялістам спакойна працаваць, каб потым, калі прыйдзе час, мы маглі прапанаваць найлепшыя падыходы для будучыні Беларусі, абмеркаваць іх з шырокім колам зацікаўленых і прыняць агульнае рашэнне», — выказаў сваю пазіцыю Аляксандр Лукашэнка.

«Абяцаю вам, што ніколі не пастаўлю вас і спецыялістаў, суддзяў, народ перад выбарам змен канстытуцыйных асноў дзяржавы пад нейкую асобу. Ніколі гэтага не будзе», — звярнуўся Прэзідэнт да парламентарыяў.

Больш справы!

Падрыхтоўкай да Паслання кіраўнік дзяржавы назваў важныя мерапрыемствы, якія прайшлі на працягу года і на якіх ужо былі разгледжаны актуальныя пытанні развіцця краіны, абазначаны асноўныя напрамкі работы.

На нарадзе па развіцці вёскі быў ахоплены ўвесь спектр праблем галіны — ад прынцыпаў работы са стратнымі прадпрыемствамі да развіцця малых населеных пунктаў і прыцягнення моладзі да работы на зямлі. «Таму мной было прынятае рашэнне аб'явіць гэты год Годам малой радзімы, і я папрасіў усіх, хто толькі можа, паехаць на суботнік у свае родныя мясціны і тым самым прадэманстраваць людзям, што мы хаця б невялікую долю сваёй працы ўкладаем туды», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Падчас рэспубліканскай нарады па ЖКГ вызначана, што далейшае ўдасканаленне наяўнай сёння структуры жыллёва-камунальнай гаспадаркі павінна праводзіцца на падставе разумнай цэнтралізацыі і дастатковай свабоды дзеянняў на месцах.

На пасяджэннях Савета Бяспекі пастаўлены задачы па ўмацаванні правапарадку і законнасці, забеспячэнні спакойнага жыцця людзей.
З педагагічным актывам краіны намечаны шляхі ўдасканалення сістэмы адукацыі і яе пераходу на якасна новы ўзровень. На другім З'ездзе вучоных зацверджана доўгатэрміновая праграма інавацыйнага развіцця Беларусі. Разам з прадпрымальнікамі вызначаны ўмовы вядзення бізнесу і развіцця прыватнай ініцыятывы. Адбылася шчырая размова з творчай моладдзю, старшакласнікамі, журналісцкай супольнасцю. Дэталёва разабраныя праблемы ў спорце.

«Такі глыбокі аналіз работы канкрэтных галін мы плануем праводзіць і ў далейшым. Гэта дзейсны спосаб павышэння іх эфектыўнасці, — паведаміў беларускі лідар. — Сёння асноўная задача — рэалізацыя ўсіх прынятых рашэнняў. Менш слоў — больш справы — вось прынцып, які павінен стаць галоўным у стылі і метадах работы кіраўнікоў усіх узроўняў. Ды і не толькі кіраўнікоў. Падкрэсліваю — менавіта практычная рэалізацыя і рашэнне пастаўленых задач зараз набываюць першаснае значэнне».

Калі прынятыя рашэнні не будуць рэалізаваныя, можа паўтарыцца сітуацыя, якая склалася з выкананнем маштабных інвестыцыйных праектаў, закліканых надаць імпульс рэгіянальнаму развіццю і нават дзяржаўнаму ў цэлым. У якасці прыкладу кіраўнік дзяржавы прывёў заводы ў Светлагорску і Добрушы, нагадаў пра цяганіну на аб'ектах нафтахіміі, будаўніцтва, лёгкай прамысловасці, адзначыў адсутнасць нават кароткатэрміновай стратэгіі ў цэментнай галіне. Асобнай тэмай Прэзідэнт назваў атамную электрастанцыю: «Мне дагэтуль ніхто выразна не далажыў, як станцыя будзе ўбудаваная ў эканоміку краіны. [...] Прэм'ер-міністру персанальна даручана заняцца гэтым пытаннем».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на шкоду, якую замест карысці часта прыносяць пасярэдніцкія структуры паміж вытворцамі беларускай прадукцыі і спажыўцамі. «І вельмі балюча і крыўдна, што там часам сядзяць сыны начальнікаў, — прызнаўся беларускі лідар. — Не рабіце гэтага. Гэта пытанне для мяне балючае і вельмі важнае. Пасярэднікі «з'ядаюць» да 3 % ВУП». Урад, дзяржкантроль павінны радыкальна вызначыць правілы гульні ў пытаннях прамых паставак тавараў, асабліва айчынных, загадаў кіраўнік дзяржавы.

Самым згубным чынам на стан эканомікі ўплывае карупцыя. «Барацьба з ёй на ўсіх узроўнях была і будзе самай рашучай і празрыстай, — запэўніў Аляксандр Лукашэнка. — Людзі павінны разумець, што ніякія сітуацыі не замоўчваюцца і недатыкальных няма і не будзе. Апошнія кадравыя перамены — яркі таму прыклад».

Механізмаў для супрацьдзеяння карупцыі ў нас сёння дастаткова, лічыць Прэзідэнт. Антыкарупцыйны закон 2015 года — самы жорсткі на постсавецкай прасторы. Наладжана эфектыўная работа праваахоўных структур: схаваць факты злачыннай дзейнасці ўсё больш складана. «Вельмі шкада, што мы па-ранейшаму змагаемся з наступствам, а не з прычынай гэтай з'явы. Калі распачынаем крымінальную справу — «б'ём па руках» дзялкоў, якія зарваліся, па сутнасці, рэагуем на факт, які адбыўся. А трэба ліквідаваць менавіта прычыны — папярэдзіць карупцыйныя з'явы. І гэта ўжо прамы абавязак кіраўнікоў любога ўзроўню, ці то міністр, дырэктар дэпартамента або старшыня выканкама», — сказаў беларускі лідар.

Нафта як фактар нестабільнасці

«У аснове ўсіх сучасных канфліктаў — барацьба за рэсурсы, кантроль за іх гандлёвымі патокамі і ў канчатковым выніку дамінаванне на сусветных рынках. Калі добра пашукаць, капнуць глыбей, рана ці позна вы знойдзеце ўсё тую ж нафту, — выказаўся Прэзідэнт. — Асабліва гэта відаць па Бліжнеўсходнім рэгіёне і, у прыватнасці, па Сірыі. Стабілізаваць сітуацыю ў гэтай спакутаванай сямігадовым канфліктам краіне ну проста не даюць».

Аляксандр Лукашэнка заклікаў сусветную супольнасць даць магчымасць сірыйскаму народу самастойна вызначыць свой лёс за сталом перагавораў.

Сірыя не выключэнне, а хутчэй лагічны працяг усім вядомай гісторыі, якая ўключае Ірак, Лівію, Іран і іншыя дзяржавы. «Нафта — першапрычына санкцый у адносінах да найбуйнейшых краін — экспарцёраў гэтай сыравіны: Расіі, Ірана, Венесуэлы, — лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы. — Але для ўплывовых сусветных гульцоў сёння ўжо важна не толькі кантраляваць яе здабычу і пастаўку. Нафта становіцца найбольш эфектыўным інструментам маніпуляцый і аказання ціску на хістанні попыту і прапановы».

Няўстойлівасць, якая такім чынам ствараецца на сусветных рынках, уплывае на любую краіну і эканоміку, заўважыў Прэзідэнт. Гэта не дазваляе дзяржавам, якія залежаць ад «чорнага золата», фарміраваць доўгатэрміновыя стратэгіі і перспектывы развіцця. І Беларусь тут не выключэнне.

Наш дабрабыт — на знешніх рынках

«Наша краіна экспартуе дзве траціны вырабленага прадукту. А значыць, наш дабрабыт — на знешніх рынках. Пра гэта трэба не толькі казаць, з такой думкай кіраўнікам трэба «засынаць і прачынацца», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў пра даручэнне беларускім паслам у першую чаргу садзейнічаць нарошчванню экспарту. Гэта датычыцца і іншых міністэрстваў, і дырэктараў прадпрыемстваў.

Для нарошчвання прысутнасці на знешніх рынках мы павінны эфектыўна ўбудавацца ў глабальныя і рэгіянальныя вытворчыя ланцужкі, падкрэсліў беларускі лідар. Для гэтага неабходна наладзіць у Беларусі высакаякасную вытворчасць гатовага прадукту. Вытворчасць, якая адпавядае стандартам найбольш развітых краін, можна стварыць або самім, або сумесна з замежнымі інвестарамі.

Прэзідэнт заклікаў уцягваць у экспартны кірунак малы і сярэдні бізнес, асабліва ў сферы паслуг. «Турызм, медыцына, спорт — гэта тыя галіны, дзе мы фактычна топчамся на месцы, хоць ёсць усе магчымасці для дынамічнага нарошчвання іх экспартнага складніка, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Даручаю ўраду наладзіць сістэмную работу па гэтым пытанні».

Патэнцыял інтэграцыі і добрых адносін

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў складанай міжнароднай абстаноўцы саюзны праект з Расіяй не толькі не згубіў сваёй значнасці, але мае асаблівую каштоўнасць. Разам з тым інтэграцыйны патэнцыял узаемадзеяння выкарыстоўваецца не ў поўнай меры і не заўсёды эфектыўна. «Пытанні допуску нашых тавараў на расійскі рынак ужо нагналі аскому! — эмацыянальна заўважыў Прэзідэнт. — Два дзясяткі гадоў кажам пра фарміраванне агульнага рынку, а праблемы то ў адной, то ў іншай сферы — харчаванне або энергарэсурсы — узнікаюць як па графіку».

Па розных прычынах не ўдаецца рэалізацыя многіх праектаў і ў рамках ЕАЭС. «І калі на так званыя знешнія фактары ўплыву не акажаш, то тое, што адбываецца ўнутры саюза, цалкам залежыць ад краін-удзельніц, ад нас саміх, — не сумняваецца беларускі лідар. — З году ў год мы кажам пра неабходнасць стварэння роўных умоў для суб'ектаў гаспадарання. Аб ліквідацыі бар'ераў і абмежаванняў ва ўзаемным гандлі. Пра актуальнасць рашэння праблем у сферы тэхрэгулявання, санітарных і ветэрынарна-санітарных мер. Нягледзячы на ўсе намаганні і некаторыя зрухі, у цэлым воз, як кажуць, і цяпер там».

Прычыну Аляксандр Лукашэнка бачыць у непаслядоўнай пазіцыі партнёраў па эканамічным саюзе:
«У той час як на высокім узроўні дэкларуюцца паглыбленая інтэграцыя і ліквідаванне бар'ераў, на практыцы інакшы падыход: замест адмены аднабаковых абмежавальных мер — іх актыўнае выкарыстанне».

Выйсце Прэзідэнт бачыць у прадметным разглядзе ўсіх назапашаных у ЕАЭС праблем, прыняцці канкрэтных рашэнняў і няўхільным іх выкананні: «Або мы рухаемся наперад, або імітуем рух. Апошняе недапушчальна!»

Захоўвае значнасць у сістэме нашых знешнепалітычных і знешнеэканамічных прыярытэтаў і вектар СНД. «Беларусь, не абмяжоўваючыся, падтрымлівае эканамічныя сувязі і з тымі дзяржавамі, якія пакінулі Садружнасць або на стадыі выхаду са складу СНД. Імкненне Украіны, Малдовы і Грузіі да больш глыбокай інтэграцыі з Еўрасаюзам — не перашкода для нашага актыўнага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва», — упэўнены беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў станоўчыя вынікі ў выбудоўванні дыялогу з дзяржавамі Еўропы і загадаў максімальна выкарыстоўваць патэнцыял Усходняга партнёрства. Асобна кіраўнік дзяржавы спыніўся на адносінах з Кітаем, узровень якіх дасягнуў давернага ўсебаковага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

Галоўная мэта застаецца нязменнай

«Беларусь змагла заняць уласную нішу ў свеце, яна стала самастойным рэгіянальным гульцом. Глабальныя знешнепалітычныя ініцыятывы, у аснове якіх ідэі бяспекі і супрацоўніцтва (так званы працэс «Хельсінкі-2»), сталі лагічным выкананнем аб'яднальнага парадку дня, які прапаноўваецца Мінскам сусветнай супольнасці», — паведаміў Прэзідэнт.

Ён акцэнтаваў, што беларуская шматвектарная знешняя палітыка застаецца паслядоўнай і прадказальнай. «Мы працягваем выбудоўваць супрацоўніцтва з рознымі партнёрамі, ураўнаважваць свае інтарэсы паміж рознымі полюсамі сілы, культываваць новыя геапалітычныя апоры і «падушкі бяспекі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пацвярджэнне таму — першае старшынства Беларусі ў Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятыве, правядзенне ўпершыню ў гісторыі краіны сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, паспяховае старшынства ў АДКБ.

«Сусветная супольнасць убачыла здольнасць Мінска рэалізаваць значныя праекты, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Павышэнне ролі Беларусі ў рэгіянальнай і міжнароднай палітыцы — гэта агульная стратэгічная задача, якую павінны вырашаць супольна МЗС і іншыя зацікаўленыя міністэрствы, ведамствы і прадпрыемствы».

Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі няма залішніх геапалітычных амбіцый, аднак няма і комплексу аўтсайдара. Мы — еўрапейская краіна з дыхтоўнай эканомікай, спакойнай грамадска-палітычнай сітуацыяй, міжканфесійным мірам і прыстойнай знешняй палітыкай, якая не стварае для кагосьці праблем, а дапамагае іх вырашаць, калі пра гэта просяць.

Вядома, не ўсіх радуюць поспехі Беларусі. Больш за тое, ролю дзяржавы ў апошні час спрабуюць прынізіць. «Але ўся падрыўная дзейнасць бескарысная, калі бачыш, як, напрыклад, наша юная спартсменка сыходзіць з подыума, калі чуе чужы гімн у свой гонар. Калі наша таленавітая дзяўчынка папраўляе вядомага вядучага, прымушаючы яго правільна называць яе Радзіму, — сказаў беларускі лідар. — Такі сапраўдны патрыятызм».

У канцы Паслання Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што галоўная мэта застаецца нязменнай: «Мы будуем дзяржаву для народа». На першым плане — умацаванне эканомікі і прымнажэнне дабрабыту людзей.

«Якой будзе Беларусь заўтра — залежыць ад кожнага з нас, — адзначыў Прэзідэнт. — [...] Калі мы будзем працаваць годна, сумленна, то сумеснымі намаганнямі зможам дамагчыся пастаўленых мэт і зрабіць жыццё беларускага народа лепшым. І мы зробім гэта, таму што ведаем, куды ідзём і чаго хочам».


Згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь (артыкул 84, пункт 13, 14), Прэзідэнт штогод звяртаецца з пасланнем да беларускага народа і парламента аб становішчы ў дзяржаве і аб асноўных напрамках унутранай
і знешняй палітыкі.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ, Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Быць адкрытымі да лепшага

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Піць — хваробу лячыць...

Эканоміка

Ці паўплываюць буйныя спартыўныя спаборніцтвы на кошт арэнды жылля ў Мінску

Ці паўплываюць буйныя спартыўныя спаборніцтвы на кошт арэнды жылля ў Мінску

Рынак нерухомасці заўсёды нестабільны перад значнымі мерапрыемствамі, якія прыцягваюць турыстаў.

Спорт

Якаў Зянько: На лёдзе даю  волю эмоцыям

Якаў Зянько: На лёдзе даю волю эмоцыям

Ён — адзін з нямногіх прадстаўнікоў беларускага фігурнага катання на міжнароднай арэне.