Вы тут

Пра што марыць мужчына


Сын ужо некалькі дзён запар корміць кошку, што для яго, мякка кажучы, не характэрна. Спачатку не звяртаў на гэта ўвагі, а пасля задумаўся, з чаго б такія перамены. Спытаў яго адкрыта, а ён адкрыта адказаў.

— Я яшчэ месяц павінен карміць кошку.

— А потым?

— А потым мама купіць сабаку.

Так, у мяне засталося ў запасе менш за месяц, каб выратаваць сітуацыю, бо пяцёра дзяцей + кошка + сабака = поўны «абзац». Гатовы асабіста прыбіраць за кошкай да канца сваіх (ці яе) дзён, толькі б яна засталася адзіным нашым гадаванцам.

***

Сёння здзейсніў сапраўдны мужчынскі ўчынак. Паколькі маё сямейства ўжо два тыдні жыве за горадам, я ўвесь гэты час вельмі эканомна выкарыстоўваў асабістыя рэчы, адкладваючы мыццё ды прасаванне да ўпору. І вось «упор» наступіў: прачнуўшыся сёння раніцай, я выявіў, што мае бедныя рэчы падышлі да канца. І тут я праявіў, лічу, геніяльную вынаходлівасць: проста паехаў да адкрыцця ЦУМа і купіў сабе мяшок новых рэчаў, якіх па маіх падліках хопіць яшчэ тыдні на два з лішкам. Грошай, канешне, страціў даволі шмат, затое вырашыў пытанне па-мужчынску.

***

У Высоцкага ёсць песня пра рэчку Вачу, але нічога няма пра возера Вячу. Трэба выправіць. Плыло па гэтым возеры сямейства лебедзяў: тата, мама і два лебедзяняці. Убачылі нас, і тата-лебедзь упэўнена накіраваўся ў наш бок. А мама паплыла далей да чароту — лебедзяняты адзін за адным за ёй.

«Тата» ўжо збіраўся пажывіцца хлебам, які мае дзеці прыгатаваліся яму кідаць, але тут «жонка» павярнулася ў яго бок, паглядзела на яго з любоўю, і лебедзь, зразумеўшы ўсё без слоў, развярнуўся і сумна паплыў за ёй.

Кажу сваім:

— Вось, дзеці, глядзіце, якое няпростае ў татаў жыццё.

Дзеці:

— А чаму ты думаеш, што гэта менавіта тата?

— А што, кажу, хіба не відаць? На першы погляд свабодны «чалавек», а на другі — самі ўсё бачылі. Дык гэта ў яго толькі двое дзяцей. Было б пяцёра, ён бы да нас нават не падплыў.

Па-мойму, дзеці пранікліся. А я падумаў, што ў лебедзяў усё дакладна як у людзей. З той толькі розніцай, што іх мужчыны ўсё разумеюць без слоў, а нам дзесяць разоў тлумачыць трэба.

***

Усю раніцу вырашаем, як разам правесці суботні дзень. Сын хоча ў музей Вялікай Айчыннай вайны, дачка ў кіно, двайняты ў заапарк, жонка на прыроду, а я маўчу, але таемна мару застацца дома глядзець футбол. Мой адзіны шанц у тым, што астатнія не прыйдуць да кансэнсусу (а яшчэ лепш, калі пасварацца) і ніхто нікуды не пойдзе. У такім выпадку ім футбола не пазбегнуць. На жаль, яны гэта таксама цудоўна разумеюць.

***

Пасля тыднёвага адпачынку па сістэме «ўсё ўключана» (правёў яго дома, у Каменнай Горцы) выйшаў на працу і тут жа сутыкнуўся з дзяжурным пытаннем: «Як адпачыў?». Я мог бы ў падрабязнасцях расказаць пра тое, як адпачывае чалавек, у якога ў сям'і пяцёра дзяцей, але лепш адкажу адным ёмістым словам: «Весела». Зараз буду збіраць сілы для наступнага адпачынку.

***

Старэйшая дачка ўбачыла, як байкер едзе па трасе на адным коле:

— Ваў, крута!

Я:

— Можа, мне сабе таксама байк купіць?

Дачка:

— Які байк?! У цябе пяцёра дзяцей, жонка і кошка!

(Ага, асабліва кошка — моцны аргумент).

А па-мойму, наадварот: самы час купіць байк.

 

Павел ХОЛАД, шматдзетны тата, г. Мінск

Загаловак у газеце: Няпростае жыццё

Выбар рэдакцыі

Культура

У нядзелю яўрэі святкуюць Новы год дрэў

У нядзелю яўрэі святкуюць Новы год дрэў

На гэта свята асаблівым чынам спажываюць розную садавіну, запіваючы келіхамі добра разбаўленага віна.

Грамадства

Як задаволіць кадравы голад у сферы ІТ?

Як задаволіць кадравы голад у сферы ІТ?

Работадаўцы кажуць, што быць добрым праграмістам і ўмець пісаць код для эфектыўнай работы ўжо недастаткова.

Культура

Балельшчыкі II Еўрапейскіх гульняў ужо рэзервуюць вясковыя гатэлі

Балельшчыкі II Еўрапейскіх гульняў ужо рэзервуюць вясковыя гатэлі

«Адышоў час, калі гасцям патрэбныя былі толькі «чарка і скварка», ім ужо цікавыя музеі, культурная праграма».