Вы тут

Шчасце запаліць святло


СУСЕДКА

Я добра ведаю гэтую жанчыну. Мы разам атрымалі некалі кватэры ў адным доме, і было гэта даўно — амаль трыццаць гадоў назад. Так атрымалася, што заўсёды віталіся пры сустрэчы, ды не прыгадаю, каб хоць раз спыніліся і аб нечым загаманілі. А, здавалася б, і можна было б — ці мала надзённых пытанняў, што хвалююць суседзяў!

Жыве, наколькі ведаю, гэтая даволі прывабная жанчына адна, а дачка выйшла замуж, вяселле яе запомнілася, і больш яна неяк не траплялася на вочы. Мусіць, з'ехала тады да мужа альбо знялі асобнае жыллё. Яно і зразумела — цяпер мала хто хоча жыць з бацькамі, прынамсі, як і тыя з дарослымі дзецьмі, калі ў іх з'яўляюцца сем'і.

Звалі гэтую жанчыну Веркай, ласкава, як бачым, і пяшчотна. Іншы раз жонка абмаўлялася: «Верка, ну тая, з пятага паверха, працавала ў аптэцы правізарам, а цяпер, кажуць, бухгалтарам у нейкай загадкавай канторы... Хіба гэта адно і тое ж — правізар і бухгалтар?» І на тым, бадай, наша гаворка пра Верку-суседку заканчвалася.

Але ж мне прыгадалася сёння яна вось з якой нагоды. Разоў колькі я выпадкова падслухаў, як Верка, стоячы ў чарзе ў краме, а потым і ў банку, у гутарцы з суразмоўніцай падкрэслівала: «Як кажа мой муж...» Ну, і далей ішло тое, пра што гаварыў яе муж. Безумоўна, мяне здзіўляла пачутае. Які муж? Дзе ён? Я ніколі не бачыў яго, нават не ведаў, калі той быў у жанчыны і куды падзеўся... Але ж мяне зацікавіла іншае — з якім гонарам і замілаваннем яна гэта вымаўляла! Прынамсі, нічога дзіўнага тут няма, відаць — не кожная жанчына хоча прызнацца, што яна адзінокая, бязмужняя, быццам горшая за іншых. Так, мабыць? Чаму ж іншы раз не паказаць, што ў яе таксама ёсць муж, якога на самай справе няма?

Не, няхай усё ж прабачыць мне суседка, што выпадкова падслухаў яе. Але, узважыўшы ўсё і ацаніўшы, пачаў Верку больш паважаць... І недзе крышачку нават шкадаваць...

ШТО БЫЛО, ТОЕ БЫЛО

З Сямёнавічам мы ляжалі ў адной бальнічнай палаце. Вясковец. З-пад Гомеля. Па ўсім было відаць, што чалавек прыстойны. А калі яшчэ сказаў, што яго ў свой час прэміравалі на ВДНГ — як перадавіка калгаснай вытворчасці — аўтамабілем «Масквіч», то я з яшчэ большай павагай пачаў адносіцца да гэтага чалавека. А пра свой «Масквіч» успомніў ён пасля таго, як разгаварыліся мы пра машыны, якія запаланілі сёння ўсе двары, цесна ад іх і на гарадскіх вуліцах, а асабліва — на вулках. Ды і на ноч пакідаюць свае легкавікі іх гаспадары дзе папала. Дзіўна, нікому яны не патрэбныя. Раней, праўда, знаходзіліся аматары пажывіцца радыёпрыёмнікам ці яшчэ чым-небудзь, што блізка ляжала, а пазней ці тое па руках далі такім крымінальным заўзятарам, ці ў іх саміх прапаў інтарэс. Ну куды ты яго, скажыце, дзенеш, той прыёмнік, калі іх вунь колькі прадаецца! Толькі па шапцы можна атрымаць. Супакоіліся. І добра.

Дык вось, Сямёнавіч — як цяпер бачу — круціў галавой, усміхаўся і шчыраваў, паглядаючы то на мяне, то на суседзяў: нас чацвёра было ў палаце.

— Не паверыце, хлопцы, — казаў ён. — Як прыгнаў на двор легкавік, на ноч баяўся пакінуць яго — а раптам звядуць? Браў драбавік — ён у мяне ад бацькі застаўся — і спаў з ім у абдымку ў салоне. Сёння смешна і дзіўна, але такое было. А цяпер жа гэтых машын, ды роўня майму «Масквічу», — як гарбузоў увосень у мяне на агародзе: адзін перад адным!..

Асабіста я Сямёнавічу паверыў.

КАНКРЭТНЫ АДКАЗ

Баба Маруся дажывала век адна. Муж яе Дзёма памёр даўно, вельмі нават: з вайны вярнуўся нямоглым пасля цяжкага ранення, доўга кволіўся, а потым і згас. Зусім мала парадаваўся чалавек перамозе, якую здабываў з першага да апошняга дня разам з усім савецкім народам. Не ажыццявіў сваіх, пэўна ж, шмат якіх жыццёвых планаў і задум. Шкада. Мне ж ён больш запомніўся тым, што рабіў на вуліцы цагліны з глею і саломы, і я, малеча, набіўся да яго ў памочнікі — таптаў сваімі босымі, парэпанымі нагамі тую клейкую сумесь у шырокім карытцы. Потым Дзёма ўпэўніваўся, што раствор гатовы, раскладваў яго ў драўляныя формачкі і падстаўляў пад сонца — каб сохлі, гартаваліся. Дзе ён выкарыстоўваў тыя цагліны, не памятаю. Потым суседа Дзёму аднеслі на могілкі, а баба Маруся засталася з двума сынамі — старэйшым Андрэем і трохі малодшым Васілём. Першы неўзабаве пайшоў служыць у войска, а Васіль ленаваўся хадзіць у школу, хаваўся ад урокаў на гарышчы сваёй хаты, і я аднойчы бачыў, як мая мама, настаўніца, па просьбе бабы Марусі стаяла на агародзе і, задраўшы галаву на адчыненыя дзверцы франтона, упрошвала яго, каб не дурыў, а ішоў у школу. А Баба Маруся падказвала маці: «Бо вырасцеш, скажы яму, Вольга, дурнем».

Васіль дурнем не стаў, скончыў сямігодку, вывучыўся на шафёра і калі служыў у войску ў Арле, то вазіў камандзіра часці, як сам хваліўся. Пасля дэмабілізацыі атабарыўся ў горадзе. Андрэй жа застаўся ў вёсцы, жыў асобна, таксама шафярыў. З арміі, і гэта мне асабліва запомнілася, ён прывёз поўны чамадан падарункаў, якімі шчодра адорваў не толькі радню, але і суседзяў. Служыў Андрэй у Кітаі, таму і расстараўся там нейкім чынам на прыгожыя квяцістыя абрусы і дыванкі. У сярэдзіне пяцідзясятых гадоў для вёскі гэта была ўга якая падзея!

Неяк баба Маруся выбралася ў горад — праведаць свайго малодшага сына, нявестку і іх дзяцей. Калі вярнулася, то суседзі прыйшлі, як гэта і вядзецца сярод вяскоўцаў, каб пацікавіцца, як там жыве яе Васіль са сваім сямействам у тым горадзе.

— А як жыве? — свяціўся твар у старой. — Добра жыве. У іх там кожны дзень Пасха...

КРОПКА

Пісьменнік Іван Мікалаевіч Пташнікаў застанецца ў маёй памяці на ўсё жыццё. І не толькі таму, што ён быў выдатным творцам і пакінуў нам і будучым нашчадкам багатую літаратурную спадчыну: раманы, аповесці, апавяданні... Быў ён чалавекам рэдкай прынцыповасці. Калі, напрыклад, працаваў загадчыкам аддзела прозы ў часопісе «Полымя», то прасачыцца на старонкі гэтага выдання слабенькім творам — няхай нават і прызнаных аўтараў — не ўдавалася. Дружба дружбай, як кажуць, а служба службай. Таму і моцная проза была заўсёды ў «Полымі». Быў узровень!

Асабіста я з Іванам Мікалаевічам трымаўся доўгі час на адлегласці, а гэта ў прамым і пераносным сэнсе, бо жыву не ў Мінску, а ў Гомелі, але калі зрэдку заходзіў у рэдакцыю часопіса, то за руку не трымаліся, абыходзіліся кароткім кіўком галавы: прывітанне — прывітанне. А ўсё, што датычылася маіх твораў, мне перадавалі супрацоўнікі аддзела прозы — спярша Уладзіслаў Рубанаў, пазней — Адольф Варановіч. Таму меў за гонар «прайсці» Пташнікава і ўбачыць свае апавяданні на старонках паважанага часопіса. «Гэтага хлопца трэба падтрымаць», — сказаў Іван Мікалаевіч, прачытаўшы маё першае апавяданне «Дзень у горадзе». Так перадаў мне яго словы Уладзіслаў. Я быў самі разумееце на якім небе.

Пазней на старонках часопіса з'явіліся і мае дзве п'есы — чарнобыльская «Блакада ў Кругліцы» і «Стары і дарога». Што цікава, дзякуючы «Полымю» і, канешне ж, падтрымцы Івана Мікалаевіча, гэтыя дзве публікацыі заўважылі на рэспубліканскім радыё: па іх зрабілі пазней спектаклі рэжысёры Алег Вінярскі і Ігар Лапцінскі. Яны папоўнілі фанатэку радыёспектакляў, нярэдка паўтараюцца. (Праўда, спектакль пра Чарнобыль атрымаў іншую назву — «Ігнатаў рубеж». Але гэта ўжо дробязі.)

Вядома ж, у той дзень, калі павінны былі ўпершыню гучаць спектаклі ў эфіры, я нагадваў пра гэта Івану Мікалаевічу. Ён коратка адказваў: «Дзякуй. Паслухаю абавязкова».

Няма ўжо Івана Пташнікава, ён пайшоў у іншы свет. А я ўспамінаю словы яго дачкі Таццяны: «Калі тата заканчваў новы твор, то ўключаў ва ўсіх пакоях святло». Як здорава! Ставіў такім чынам кропку! Бярыце, людзі, карыстайцеся! Гэтае святло — вам! Я запаліў яго для вас!

Такое прыдумаць мог толькі сапраўды геніяльны чалавек.

Васіль ТКАЧОЎ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.