Вы тут

Фільм «Трэнер» ужо ў пракаце


Гісторыя пра перамогі футбольнай каманды, якіх не было.

Расійскі папулярны кінематограф шчыльна падсеў на гісторыі спартыўных поспехаў і напярэдадні чэмпіяната свету па футболе, які ўпершыню пройдзе ў Расіі, прадставіў публіцы вобраз супярэчлівага, але здольнага на «цуды» былога футбаліста, а цяпер трэнера Юрыя Сталешнікава.


Фільм пад лаканічнай назвай «Трэнер» з пэўнай доляй канфліктаў, пераадольвання перашкод, рамантыкі, узнёслых рэчаў і самаахвяравання паказвае неверагодную «эвалюцыю» мясцовай футбольнай каманды, якая адбываецца дзякуючы аднаму чалавеку. У той час як карціна сцвярджае значнасць асобы ў гісторыі і натхняе на адпаведнае самаадчуванне, яна цікава выглядае ў кантэксце расійскага футбола, бо паказаная гісторыя поспеху — прыдуманая і існуе толькі на экране.

Cюжэт карціны «Трэнер» базуецца на класічнай схеме — як адзін чалавек, нягледзячы на непрыманне і неспрыяльныя абставіны, усё пераадольвае і прыходзіць да поспеху. А значыць, фільм, дзякуй богу, ужо не проста пра футбол. Я, напрыклад, таксама прасякнулася і лішні раз сцвердзіла значнасць асобы, нават калі яна адна супраць усіх. У тэорыі.

Усё пачынаецца з канца: футбаліст «Спартака» Юрый Сталешнікаў у вырашальным матчы з румынамі не забівае пенальці, падводзіць каманду, выходзіць з сябе, пакідае поле, штурхае балельшчыка і такім чынам зачыняе сабе дзверы ў вялікі футбол. Праз пару гадоў яго, «спісанага», запрашаюць трэніраваць футбольны клуб «Метэор» пэўнага паўночнага горада. Гэты клуб на момант з'яўлення Юрыя Сталешнікава існуе дзеля таго, каб існаваць, не ставіць перамогу сабе за мэту, паспяхова прайграе на матчах, не падстройвае лад жыцця пад работу (адсюль лішнія кілаграмы і алкаголь) і ўвогуле кіруецца пасылам: маўляў, нам усё роўна на Кубку Расіі нічога не свеціць. Што, дарэчы, падобна на праўду.

Але чым больш перашкод «накідаць» у пачатку фільма, тым больш цікавым і эфектным для гледача будзе іх пераадольванне. Ёсць у гісторыі пра нязначную футбольную каманду і ідэалагічныя спадарожнікі: напрыклад, фільм «Трэнер» лёгка дапускае карупцыю і ўмяшанне ў судзейства інтарэсаў палітычных сіл. Нават станоўчая гераіня, дырэктар «Метэора», прамым тэкстам просіць падкупіць суддзю... каб той судзіў справядліва. Але ў той жа час карціна паказвае добрага «гаспадара» горада — мэра, які лічыць футбольны клуб баластам у гарадскім бюджэце, таму што, маўляў, трэба ўзровень жыцця падымаць і дзіцячыя садкі будаваць (чаму ён і атрымаўся карыкатурны).

Ёсць тут сантыменты і рамантыка. І гісторыя кахання тут прысутнічае — каб проста быць, таму што без гэтага быццам нельга. Праўда, ніякіх асаблівых эмоцый гледачу яна не транслюе.

У ролі футбаліста-трэнера выступіў небезвядомы Даніла Казлоўскі, які ў гэтым выпадку стаў яшчэ і рэжысёрам — упершыню. У пачатку сваёй кар'еры ён сыграў у фільме Аляксея Германа-малодшага «Garpastum», дзе гаворка таксама ішла пра футбол, праўда, футбол 1914 года. Потым ён добра «стрэліў» у галоўнай ролі хакеіста Валерыя Харламава ў фільме «Легенда № 17» Мікалая Лебедзева, а ў выніку перагледзеў кучу футбольных матчаў, узяў кансультантам намесніка старшыні расійскага ўрада, у тым ліку па пытаннях спорту, Віталія Мутко (канешне, неадназначную персону, але тым не менш прафесіянала) і зняў свой фільм.

У выніку сюжэтны шаблон «ад непрыняцця да перамог» увасобіўся ў прыдуманай, але натхняльнай карціне. У цэлым фільм — нават з «мітуслівай» камерай на большасці футбольных гульняў, нецікавай рамантычнай сюжэтнай лініяй, карыкатурным мэрам і вельмі простымі, прадказальнымі, створанымі па ўзоры сюжэтнымі хадамі — глядзіцца лёгка. Тым больш тут падабраныя вельмі дарэчныя саўндтрэкі, а эмацыянальныя матчы прымушаюць задумацца, дзе паглядзець рэальны футбол.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Цуды робяць тыя, каму няма куды дзявацца

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.