Вы тут

Што ўдалося зрабіць ААН у Беларусі


Санака Самарасінха расказаў, што ўдалося зрабіць ААН у нашай краіне. У канцы красавіка Санака пакідае Беларусь. За гады яго працы ў Сінявокай адбыўся шэраг значных змен: былі прынятыя Канвенцыя аб правах інвалідаў і Нацыянальны план дзеянняў па правах чалавека, прайшла кампанія «Інклюзіўная Беларусь», былі пастаўлены Мэты ўстойлівага развіцця, апроч таго, рэалізаваны шэраг праектаў агенцтваў ААН. Час працы гаспадара Самарасінхі на пасту пастаяннага каардынатара ААН і пастаяннага прадстаўніка ПРААН у краіне заканчваецца, і карэспандэнт «Звязды» сустрэўся з ім, каб падвесці вынікі і высветліць, якія пытанні застануцца для новага прадстаўніка Арганізацыі Аб'яднаных Нацый на гэтай пасадзе.


За час працы пастаяннага прадстаўніка ААН быў рэалізаваны шэраг праектаў па ўсёй краіне.

— Які з праектаў ААН у Беларусі вы лічыце самым паспяховым?

— Складана выбраць адзін, таму што яны вельмі розныя і ўплываюць на розных людзей. З чым параўноўваць праект, напрыклад, па аднаўленні тарфянікаў, якія маюць вялікі эфект у вырашэнні праблемы змянення клімату? Ці праект па стварэнні «зялёных» працоўных месцаў? Мы дасягнулі вельмі важных вынікаў праз усё тое, што мы рэалізавалі ў розных сектарах. Але адной з найбольш паспяховых ініцыятыў з'яўляецца праца, якую мы правялі з Глабальным фондам па барацьбе з ВІЧ/СНІДам. Мы ўбачылі цудоўны вынік і значнае скарачэнне інфіцыравання, а таксама павышэнне ўзроўню інфармаванасці і колькасці тэсціравання. Нас усё яшчэ чакае работа па тым, каб перамагчы стыгматызацыю, якая звязаная з ВІЧ. Гэта тое, што датычыцца праектаў ПРААН.

Па лініі ААН вы, напрыклад, сталі сусветным лідарам у прадухіленні распаўсюджвання злачыннасці ў гандлі людзьмі. Адносна дзяцей многае было зроблена па прадухіленні траўматызму. Але ўсё адно ўзровень траўматызацыі вельмі вялікі з-за адсутнасці належнай увагі з боку бацькоў. Алкагалізацыя застаецца ўсё яшчэ вялікай праблемай у гэтай краіне. І мужчыны паміраюць на 11 гадоў раней, чым жанчыны. У вас 86—87 % гінуць ад неінфекцыйных захворванняў: сардэчна-сасудзістых, раку. І мы спрабуем гэтаму супрацьдзейнічаць, апроч іншага, шляхам папулярызацыі здаровага ладу жыцця.

Мы пачалі працаваць з вашым урадам па правах чалавека. За гэты час краіна падпісала і ратыфікавала Канвенцыю аб правах інвалідаў. 560 000 людзей з абмежаванымі магчымасцямі жывуць у вашай краіне, і гэты дакумент надзяляе іх законнымі правамі: дапамагае ўсвядоміць і вызначыць іх. Краінай быў прыняты і першы Нацыянальны план дзеянняў па правах чалавека. Гэта таксама тое, над чым мы вельмі ўзмоцнена працавалі разам. Зараз вы сталі прызнаным чэмпіёнам у рэгіёне па дасягненні Мэт развіцця тысячагоддзя. Гэтым таксама можам ганарыцца як нашай агульнай працай. Узаемадзеянне ідзе і з грамадскімі аб'яднаннямі, прадстаўнікамі прыватнага сектара... Гэта значыць шмат і робіць мяне шчаслівым. Я рады гэтаму. Але гэта не канец: чалавеку, які зменіць мяне на гэтай пасадзе, трэба будзе шмат яшчэ зрабіць.

— Нацыянальны план па правах чалавека быў прыняты 1,5 года таму. Што змянілася за гэты час? І як гэта падзея паўплывала на статус Беларусі ў свеце?

— Гэта адно з пытанняў, над якім нам яшчэ трэба будзе працаваць. Неабходна паглядзець план і тое, што задумалі рэалізаваць розныя дзяржаўныя структуры. Мы яшчэ гэта не зрабілі. Не так даўно дакумент быў прыняты, і я спадзяюся, што зусім хутка мы будзем працаваць над ім. Вядуцца дыскусіі, вядома, з грамадскімі аб'яднаннямі, з урадам, з ААН. Былі некаторыя агляды, але яшчэ не структураванае даследаванне з аб'ектыўнай ацэнкай, якое павінна быць праведзена. Я думаю, што ў той час, калі план быў прыняты, гэта быў вельмі важны крок, паколькі ён дапамог Беларусі ў яе ўзаемаадносінах з пэўнымі краінамі. У прыватнасці — Еўрапейскага саюза і збольшага з ЗША. Але ўсе разумеюць, што план — гэта ўсяго толькі намер. І яго недастаткова. Вы павінны яго рэалізоўваць і паведамляць, што ўжо зроблена. І таму я кажу, што мы яшчэ да гэтага этапу не дайшлі. Я разумею, што гэта вельмі адчувальнае пытанне. І некаторыя з праблем немагчыма вырашыць за адну ноч. Але мне здаецца, што нам патрэбны больш структураваны, сістэмны, узгоднены працэс маніторынгу ходу яго рэалізацыі. І больш шырокі дыялог з удзелам усіх партнёраў, уключаючы сусветную супольнасць. Таму што ёсць шмат энтузіязму з боку сусветнай супольнасці па аказанні падтрымкі, тэхнічнай дапамогі, знаходжанні адказаў. І мы не будзем вынаходзіць веласіпед: проста можам скарыстацца вопытам тых, у каго лепш атрымалася. І ў Беларусі ёсць чаму павучыцца. Сацыяльныя, культурныя, эканамічныя правы — у гэтай частцы краіна сапраўды зрабіла шмат. І гэтым яна можа падзяліцца з іншымі дзяржавамі ў рэгіёне і за яго межамі.

Цягнік «Экспрэс ААН-70» тры гады таму пракаціўся па ўсіх абласцях Беларусі.

— Ёсць меркаванне, што ААН недастаткова ўплывае ў глабальных маштабах. Але, як я бачу ў Беларусі, ёсць рашэнне канкрэтных праблем, блізкіх да мэтавай аўдыторыі. Вы адчуваеце, што засталіся групы людзей, якія яшчэ маюць патрэбу ў дапамозе арганізацыі?

— Мы праводзілі кампанію ў 2016 годзе «Інклюзіўная Беларусь». Падчас яе спрабавалі вызначыць тых, каго лічаць найбольш уразлівымі або абдзеленымі, маргіналізаванымі, і тых, хто можа стаць такім і ў нейкі момант. Напрыклад, хто вядзе рызыкоўны лад жыцця: на дадзены момант усё добра, але, калі чалавек заахвоціцца алкаголем, наркотыкамі, небяспечным сексам, можа стаць маргіналізаваным. У прыватнасці, мы лічым падлеткаў уразлівымі перад абліччам тых праблем, якія я толькі што згадаў. Таксама ў вас ёсць — асабліва ў сельскіх рэгіёнах — насельніцтва, якое старэе і вельмі эканамічна адчувальнае. Ёсць пэўныя групы жанчын, якія асабліва ўразлівыя: тыя, хто хутчэй за ўсё можа стаць ахвярамі гандляроў людзьмі альбо хатняга гвалту. 30 % людзей, якіх забіваюць у Беларусі, гінуць ад рук сваякоў ці знаёмых. Тры з чатырох жанчын мелі вопыт той ці іншай формы гвалту ў адносінах да сябе. У вас досыць нядрэнны рэйтынг па гендарнай роўнасці: па даных ПРААН, вы ўваходзіце ў топ-30 краін. Але ёсць праблема розніцы ў зарплаце паміж мужчынамі і жанчынамі. Гэта ў прынцыпе не нешта ўнікальнае для Беларусі: у Амерыцы таксама гэтая праблема ёсць. Калі мужчыны атрымліваюць дыплом універсітэта, хутчэй за ўсё на 24 % іх зарплата будзе вышэйшая, чым у жанчын.

Мы лічым групы, якія знаходзяцца ў сферы найбольшай рызыкі. У вас ёсць і вялікая колькасць вымушана перамешчаных асоб: бежанцы з Украіны, Сірыі, Афганістана, мігранты, якія прыязджаюць у Беларусь і адпраўляюцца на працу у іншыя краіны, Расію. Яны ўсё яшчэ працягваюць сутыкацца з вялікай колькасцю цяжкасцяў, працоўнай эксплуатацыяй. Гэта многія з тых супольнасцяў, з якімі мы працуем у вашай краіне.

— У адным з інтэрв'ю некалькі гадоў таму вы казалі, што трэба змагацца са стыгматызацыяй ВІЧ-інфіцыраваных. Што-небудзь за гэты час змянілася?

— Баюся, што яшчэ недастаткова. Я ўвесь час кажу пра гэта. Пяць гадоў таму, памятаю, калі мы адкрывалі першы білборд у Мінску з фотаздымкамі майго сябра Яўгена, — гэта быў першы чалавек, які адкрыта сказаў, што ў яго ВІЧ і даў згоду на размяшчэнне сваёй фатаграфіі. І ён усё яшчэ гэта робіць: шмат праводзіць грамадскіх выступленняў, актыўна асвятляе гэтую тэму. Але людзі ўсё яшчэ думаюць, што гэта смяротны прысуд.
А гэта больш не так. Зараз вы можаце жыць паўнавартасна, калі своечасова пройдзеце тэсціраванне і атрымаеце доступ да лячэння. А з-за гэтых страхаў і стыгмы людзі баяцца здаваць аналізы. І стыгма не толькі парушае чалавечыя правы, але і вядзе да таго, што паміраюць людзі, якія, на самай справе, не павінны, гінуць.

— Беларусь мае неблагія вынікі па дасягненні Мэт развіцця тысячагоддзя (МРТ). Чаму яна іх дасягнула? І які вопыт мог бы быць цікавы іншым краінам?

— Мне здаецца, адна з прычын, чаму вам удалося дасягнуць гэтага, — вельмі моцная сацыяльная палітыка. І структура ўрада такая, што, калі рашэнне прымаецца, у вас ёсць магчымасць яго ажыццяўляць. Цэнтралізаваная структура кіравання дапамагла вам дасягнуць Мэт развіцця тысячагоддзя. На гэта паўплываў і той факт, што дзяржава, асабліва ў той перыяд, давала больш працоўных месцаў. І калі вы паглядзіце на МРТ — гэта праблемы беспрацоўя і беднасці. За 15 гадоў паказаны цудоўныя вынікі: узровень беднасці знізіўся з 45 % да 6 %. З боку аховы навакольнага асяроддзя вы адна з нешматлікіх краін Еўропы, якая захавала амаль 40 % пакрыцця лясамі. Акрамя гэтага, выкаранена перадача ВІЧ ад маці дзіцяці. Гэта ўсе тыя важныя дасягненні, якім іншыя могуць і павінны павучыцца.

Гэта вельмі добры падмурак для дасягнення Мэт устойлівага развіцця ў вашай краіне. Але, калі вы паглядзіце на МУР, яны ўсе ўзаемазвязаныя. Павінна быць у большай ступені інтэграцыя паміж тымі часткамі дзяржавы, якія працуюць па пытаннях аховы здароўя, адукацыі, стварэння працоўных месцаў для маладых людзей і г. д. Другое — думаю, мы можам і павінны зрабіць нашмат лепш — больш падумаць аб патэнцыйных рызыках. Таму што тое, што адбываецца вакол Беларусі, мае значны ўплыў на краіну. Напрыклад, уводзяцца санкцыі супраць Расіі — спад эканомікі, працоўныя мігранты вяртаюцца ў Беларусь. Або канфлікт ва Украіне — прыязджаюць бежанцы. Таму прагназаванне, прадбачанне вельмі важнае, калі вы хочаце дасягнуць да 2030 года гэтых мэт.

Санака Самарасінха разам з дачкой на балоце Ельня.

— Якая з мэт найбольш важная для дасягнення?

— Немагчыма вылучыць. Вядома, можна спрачацца, што мэта № 14 «Захаванне марскіх экасістэм» менш актуальная для Беларусі. У вас няма выхада да мора, але я кажу — не. У мяне нават атрымалася пераканаць урад яшчэ раз перагледзець сваю пазіцыю, таму што многае з таго, што адбываецца ў вашых азёрах і рэках, адбіваецца на Балтыйскім і Чорным морах. У вас ёсць магчымасць на самай справе рабіць нешта добрае ці дрэннае ў гэтым кантэксце для іншых краін свету. Таму маё меркаванне, што мэты ў роўнай ступені важныя і, акрамя гэтага, з усімі нашымі партнёрамі, урадам, нашым нацыянальным каардынатарам па МУР і экспертамі ААН мы вызначылі чатыры паскаральнікі: тыя сферы, звяртаючы ўвагу, на якія мы зможам атрымаць паскоранае дасягненне мэт. Гэта пытанні гендарнай роўнасці, папулярызацыя зялёнай эканомікі (энергаэфектыўнасць, «зялёныя» працоўныя месцы, абыходжанне з адходамі). Мы таксама сказалі, што сапраўды важна канцэнтраваць сваю ўвагу на моладзі, каб краіна інвеставала асабліва ў падлеткаў. У вас усё больш-менш складваецца з дзецьмі, але не так добра з узростам ад 13 да 21. Трэба больш рабіць, бо зараз яны знаходзяцца ў групе высокіх як рызыкі, так і патэнцыялу. Акрамя таго, у вас выдатны кадравы патэнцыял у сектары ІТ-тэхналогій. Калі вы сфакусіруеце сваю ўвагу на лічбавізацыі... Некаторы час таму я вячэраў з Аркадзем Добкіным (заснавальнік ЕРАМ. — Аўт.), і такую гутарку мы ўжо вядзём з таго часу, як я сюды прыехаў пяць гадоў таму. Як кампаніі, напрыклад ЕРАМ, дапамагаюць нам у дасягненні мэт — гэта вялікі патэнцыял. Чатыры паскаральнікі, якія, як нам здаецца, стануць часткай вашай нацыянальнай дарожнай карты па дасягненні МУР. Мы, вядома, будзем аказваць падтрымку, але гэта будзе ваша стратэгія.

— Беларусь умацоўвае сваё становішча як пляцоўка для міжнародных перагавораў. Чаму, на ваш погляд, яна атрымала такі статус?

— Мне падаецца, што ваша краіна шмат пакутавала з-за канфліктаў. І яна была месцам, дзе праходзіла шмат армій. І нічога добрага для Беларусі ў гэтым не было. Таму для мяне гэта не сюрпрыз, што тут ёсць людзі, якія фундаментальна імкнуцца да стабільнасці. Гэта станоўча, але часам гэта можа быць пэўнай складанасцю. Людзі на вуліцы, з якімі я размаўляў, гавораць: «Мы можам трошкі пацярпець, але мы не хочам, каб у нас былі канфлікты, каб здарылася тое, што ва Украіне». Ці ў Малдове (Прыднястроўе), у Грузіі (Паўночная Асеція), Азербайджане і Арменіі. У адрозненне ад іх вы адзіная краіна, дзе ёсць тэрытарыяльная цэласнасць і мір на працягу доўгіх гадоў. І таму гэта ні для кога не сюрпрыз, што вы павінны скарыстацца сваім рэсурсам. Вы заслужылі пэўную ступень даверу. Напэўна, краіне, якая ў стане канфлікту, будзе дастаткова складана папулярызаваць каштоўнасці міру, а вы — можаце. І я шмат гадоў выношваў гэтую ідэю, здаецца, многіх пераканаў: Мінск — гэта новая Жэнева.

Леташні велапрабег Mіnd ower Matter.

— Ці засталіся яшчэ нерэалізаваныя ідэі і якой вы бачыце Беларусь гадоў праз 20?

— У мяне шмат ідэй. Калі я пайду ў душ, вярнуся яшчэ з пяццю новымі (смяецца). Але я сапраўды хацеў бы бачыць — і спадзяюся, што гэта паступова адбудзецца, — больш адкрытасці. Па-першае, адзін да аднаго, разумення таго, што Беларусь — ваша краіна і вы павінны пра яе клапаціцца. І гэта азначае, што неабходна рабіць гэта разам з вашым суседам. Сітуацыя мяняецца ў дачыненні да маладога пакалення, але ўсё ж такі ёсць у вас тыя, хто лічыць, што нехта будзе клапаціцца пра ўсё, а мне проста трэба думаць пра сваю сям'ю. Так было, мне здаецца, і ў маёй Шры-Ланцы з пакаленнем маіх бацькоў. Але з маладым пакаленнем мы сталі больш палітычна і сацыяльна адказнымі. І я спадзяюся, што гэта ўбачу і тут. А такое магчыма, толькі калі вы пачняце слухаць і размаўляць адзін з адным больш. Гэта маё пажаданне для Беларусі. Мы спрабуем такое прыносіць сюды, напрыклад, падарожнічаючы на веласіпедах, размаўляючы з людзьмі ў розных кутках краіны. І я думаю, праз 20 гадоў я гэта ўбачу. А другое — гэта свет убачыць Беларусь. Такой, якой яна на самай справе з'яўляецца, а не такой, пра якую мы чуем у некаторых СМІ. Я ўжо казаў неаднаразова, што Беларусь — самы добра схаваны сакрэт Еўропы. Усё ж настаў час, каб ён быў раскрыты.

Надзея АНІСОВІЧ

Загаловак у газеце: Самы схаваны сакрэт Еўропы

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.