Вы тут

Комплексны абед ці эксклюзіўнае меню?


Як паднесці спадчыну новаму пакаленню?

«Ці ёсць такая прафесія — «спадчыну ахоўваць»?» — гэта толькі адно з пытанняў, якія прагучалі на круглым стале, арганізаваным беларускім камітэтам ІCOMOS (Міжнароднай Рады па помніках і мясцінах).


Традыцыйна ў другой палове красавіка нацыянальныя камітэты ІCOMOS (а сёння іх больш за 150) ладзяць разнастайныя мерапрыемствы. Агульнай для ўсіх тэмай сёлета стала «Спадчына дзеля пакаленняў». Таму і ў Беларусі на круглым стале было вырашана звярнуць увагу і даць магчымасць выказацца менавіта маладым прафесіяналам, ад якіх у наступныя 10—20 гадоў будзе залежаць тое, якім чынам праходзіць ахова і рэстаўрацыя помнікаў. Але на сустрэчу былі запрошаны і больш сталыя эксперты. Да таго ж арганізатары мерапрыемства паспрабавалі сабраць за адным сталом прадстаўнікоў розных прафесій: рэстаўратараў, дызайнераў, даследчыкаў, культуролагаў, работнікаў сферы турызму.

Валанцёрскія летнікі ці пратэснае краязнаўства (калі моладзь выступае супраць руйнавання нейкіх гістарычных аб'ектаў) — гэта менавіта той шлях, які прывёў некаторых удзельнікаў сустрэчы ў галіну, звязаную з аховай спадчыны. Але, як адзначыў экскурсавод Цімафей Акудовіч, пакуль грамадская дзейнасць — гэта хутчэй імпульсіўныя дзеянні па асобных ініцыятывах. Часта маладым людзям не хапае пэўнага разумення, куды накіраваць высілкі, каб сапраўды было больш карысці. Па сутнасці, тыя ж летнікі па ачыстцы ад смецця больш спрыяюць выхаванню, але прынцыпова не вырашаюць пытанняў з захаваннем помнікаў. «Маніторынг аб'ектаў, адсочванне іх стану, пошукі варыянтаў іх выкарыстання не з пазіцыі пэўнага гаспадара, а шырокай грамадскасці, — гэта можа быць асобным відам дзейнасці. Але пакуль ахова помнікаў не стала прафесіяй (няхай і эксклюзіўнай), на якую можна вучыцца і ў якой зарабляць грошы», — заўважыў выступоўца. Можа, таму некаторыя маладыя людзі, якія хвалююцца пра захаванне спадчыны, калі перад імі ўстае пытанне аб тым, як пракарміць сям'ю, адыходзяць ад гэтай справы.

Удзельнікі дыскусіі заўважылі, што сёння трэба гаварыць не толькі пра матэрыяльнае разбурэнне помнікаў, але і маральныя праблемы. Напрыклад, нават у нашых суседзяў ва Украіне і Літве гістарычныя аб'екты імкнуліся нейкім чынам выкарыстоўваць. У нас жа часта спадчына аказвалася закінутай, непатрэбнай і, маладыя людзі, што вырасталі побач з такімі помнікамі, часам не адчуваюць іх каштоўнасць. І прагучала думка, што магчыма крыху выправіць сітуацыю, калі памяняць нешта ў сістэме адукацыі, каб яшчэ ў школе новае пакаленне атрымлівала веды пра тое, што такое спадчына.

Але шмат пытанняў сёння існуе і да тых, каму даводзіцца працаваць з гістарычнымі аб'ектамі. Так, сёння на Беларусі многа рэстаўратараў, але не так проста разабрацца, хто з іх сапраўдны прафесіянал. І калі за справу бяруцца некампетэнтныя людзі, часам яны могуць нанесці шкоду, бывае і непапраўную. І ўжо не першы год уздымаецца пытанне аб неабходнасці стварэння атэстацыйнай камісіі. Калі ў маладых спецыялістаў не будзе магчымасці павысіць катэгорыю, у іх няма стымулу для развіцця. Яны мала ўсведамляюць, што павінны ўмець рабіць і да чаго трэба імкнуцца.

Інжынер будаўніцтва, аматар гісторыі, архітэктуры Зміцер Траскоўскі звярнуў увагу, што сёння нідзе не прапісана, якім чынам трэба займацца аховай канкрэтных аб'ектаў. Часта важна захаваць не толькі сцены пэўнага помніка, але і асобныя элементы. Напрыклад, даследуючы дах аднаго з гістарычных будынкаў, ён заўважыў на кроквах цяслярскія засечкі, зробленыя старадаўнімі майстрамі, — і такую дэталь важна будзе захаваць пры рэстаўрацыі.
Таксама ён звярнуў увагу, што вельмі важна вызначыцца з функцыямі для таго аб'екта, які імкнёмся захаваць, каб праз 10—20 гадоў ён не стаў зноў незапатрабаваным.

Наогул, новаму пакаленню давядзецца яшчэ падумаць над тым, як выкарыстоўваць адноўленыя аб'екты. Але яно не павінна забывацца, што за кожным помнікам заўсёды стаяць гісторыя, сюжэты. І трэба знайсці цікавыя хады, як гэта паднесці спажыўцу. Як заўважыў гісторык Андрэй Кіштымаў, раней турысту прапаноўвалі «комплексны абед» — падарожжа-знаёмства па пэўных аб'ектах архітэктуры, а сёння трэба працаваць ужо над «эксклюзіўным, шыкоўным рэстаранным меню» — і тады аб'екты нашай спадчыны будуць запатрабаванымі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».