Вы тут

Велагорад: фантазія ці рэальнасць


З надыходам вясны на вуліцах гарадоў назіраецца ўсё больш веласіпедыстаў. За апошнія гады ў цэлым веласіпедны рух у Беларусі значна ўзрос. Перамяшчацца на двух колах становіцца не толькі выгадна, карысна, але яшчэ і модна. Увесь красавік у свеце праходзіць акцыя «30 дзён на веласіпедзе», яна ахапіла каля сямі тысяч чалавек, амаль паўтары тысячы з іх — беларусы. Мы сустрэліся з прадстаўнікамі Мінскага веласіпеднага таварыства, каб пагаварыць пра тое, дзе знайсці месца для веласіпедыстаў і што варта змяніць у горадзе і ПДР, каб перамяшчацца на веласіпедзе стала яшчэ камфортней.


Не голыя лічбы

Аб росце колькасці веласіпедыстаў у горадзе можна меркаваць не толькі наглядна, але і па статыстыцы. Калі ў 2011 годзе працэнт перамяшчэння на веласіпедзе складаў 0,02 %, то цяпер гэта 1 %. Каля 25 гарадоў у краіне актыўна развівае веларух. Паводле апытання, якое праводзілася мінулай восенню, у Мінску 800 тысяч дарослых ровараў (дарэчы, гэта столькі ж, колькі і машын) і 700 тысяч дзіцячых веласіпедаў або самакатаў. «Па апытанні 40 % мінчан лічаць сябе веласіпедыстамі і ездзяць на двухколавым сродку перамяшчэння некалькі разоў у месяц ці часцей, — расказвае дырэктар Мінскага веласіпеднага таварыства Анастасія Янчэўская. — 30 % апытаных гатовыя ездзіць значна часцей, калі ў горадзе будуць створаны спрыяльныя ўмовы, гэта, перш за ўсё, веладарожкі, велапалосы, адсутнасць высокіх бардзюраў, магчымасць захоўвання ровара ў дварах, веласіпедныя паркоўкі».

Сусветная статыстыка гаворыць аб тым што, калі інфраструктура горада не зусім бяспечная, больш на роварах перасоўваюцца мужчыны — каля 70 %. «Што датычыцца ўзроставых катэгорый, то вялікая колькасць людзей старэйшага ўзросту карыстаецца роварам у рэгіёнах. Часам гэта адзіны спосаб камфортнага перамяшчэння ў невялікім горадзе ці пасёлку. У Мінску мы, вядома, бачым больш маладых людзей на добрых роварах», — расказвае Анастасія.

Дарэчы, штогод з мая Мінскае веласіпеднае таварыства адкрывае велашколу, дзе любы можа атрымаць навык язды на ровары. Летась такіх ахвотных было каля 100, сярод іх і дзеці, і вучні, якім за 80. У гарадах пастаянна праходзяць розныя мерапрыемствы і праекты. «У маі ўжо чацвёрты раз у нас пройдзе велакарнавал, летась фестываль сабраў каля 15 тысяч чалавек, сёлета чакаем яшчэ больш. Праводзім велапрагулкі, розныя квэсты, летам плануецца шэраг цікавых выстаў, у жніўні пройдзе веласіпедны фэст, цяпер таксама рыхтуемся да еўрапейскага тыдня мабільнасці, які пройдзе ў верасні», — дзеліцца планамі Анастасія Янчэўская.

Нягледзячы на тое, што ўсё больш людзей набывае сабе ровары, гарадскія велапракаты не губляюць сваю актуальнасць. Прыватных велапракатаў у Мінску шмат, а вось чаго не хапае — гэта аўтаматызаванага гарадскога велапракату. Калі ты можаш узяць ровар на станцыі, даехаць да патрэбнага месца і пакінуць яго ў іншым пункце.

Канфлікт з пешаходамі

Пакуль катэгорыі «пешаход» і «веласіпедыст» дзеляць адну тэрыторыю, таму часцяком паміж імі ўзнікаюць канфлікты. «Тут трэба казаць, перш за ўсё, аб тым, што інфраструктура для пешаходаў і веласіпедыстаў адна, а яна павінна быць падзелена. Веласіпед — транспартны сродак, які можа развіваць досыць прыстойную хуткасць — да 30—40 км/г, і гэта ўжо небяспечна для пешаходаў. Важна знайсці кампраміс і не забываць пра культуру».

Паркоўкі і гаражы

Сёння адной з самых актуальных праблем веласіпедыстаў з'яўляецца захоўванне свайго транспарту. Калі сем гадоў таму веласіпедных парковак каля грамадскіх арганізацый у Мінску налічвалася ўсяго каля 70, цяпер — 800, і гэта колькасць пастаянна расце. З гаражамі справа больш складаная, людзям некамфортна выносіць веласіпед, напрыклад, з 10-га паверха кожны дзень, верагодна, калі б чалавек мог узяць яго на вуліцы, то выкарыстоўваў бы часцей. У Мінскім веласіпедным таварыстве адзначаюць, што самі распрацоўваюць праекты велагаражоў, якія маглі б прапанаваць зыходзячы з вылучанага бюджэту. Акрамя гэтага распрацоўваецца схема, як члены таварыстваў могуць сабрацца і вырашыць, ці трэба ім велагараж і ў выпадку неабходнасці на дваровай тэрыторыі пабудаваць яго.

Веласіпедыстаў чакаюць змены

Сёлета Заводскім і Ленінскім раёнамі Мінска пачалося праектаванне моста для веласіпедыстаў і пешаходаў цераз раку Свіслач, які звяжа Серабранку і Чыжоўку. Веладарожка будзе цягнуцца ад разваротнага кальца ў бок парку 900-годдзя Мінска.

«Таксама чакаем змен у правілах дарожнага руху, — расказвае Анастасія. — Мы актыўна ўносілі свае прапановы ў працэсе напісання новых змяненняў. Яшчэ невядома, якая форма будзе прынятая, але мы гаварылі пра неабходнасць вызначыць электравеласіпед у ПДР у асобную катэгорыю (зараз ён па-за ўсімі катэгорыямі). Таксама прасілі даць веласіпедыстам магчымасць пераязджаць рэгуляваныя пешаходныя пераходы, не злазіўшы з ровара. Зараз гэта магчыма толькі там, дзе ёсць веласіпедная разметка.

Гаворачы пра ўсе новаўвядзенні і ў цэлым пра рост веласіпеднага руху, актывісты веласупольнасці заклікаюць не забываць аб прадказальных і бяспечных паводзінах, бо гэта залог паспяховага развіцця.

Дар'я Лабажэвіч

Фота Аляксея Басалая

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.