Вы тут

На ровары... птушкай


Вось ужо некалькі гадоў у Гродне існуе традыцыя ўрачыста адкрываць чарговы веласезон. Усе ўдзельнікі збіраюцца на галоўнай плошчы горада і едуць вялікім гуртам па цэнтральных вуліцах. Але ці можна праехаць з вецярком па лясной ці паркавай зоне?


Сапраўды, такая магчымасць ёсць, прычым у межах горада. У папулярнай у гродзенцаў зоне адпачынку Пышкі пракладзена і прамаркіравана некалькі веламаршрутаў. Адразу каля дарожнай магістралі з'явіўся і пункт пракату. Месца тут зручнае, дабрацца да лясной зоны можна з любога канца горада, прыпынак якраз побач. Гэта пачатак маршруту, які разлічаны на розную ступень падрыхтоўкі. Ёсць і на пяць, і 25 кіламетраў. Бяру на пракат веласіпед (чатыры рублі за гадзіну) і выбіраю карацейшы маршрут.

Надвор'е спрыяе шпацыру, таму на дарожцы пад вечар даволі шмат гараджан. Асабліва з дзецьмі. Акрэсленую для веласіпедыстаў разметку ніхто быццам і не заўважае. Можа, таму, што яна ледзь відаць. А можа, па звычцы, бо раней гэта была вотчына пешаходаў, і многім цяжка прыстасавацца да суседзяў-веласіпедыстаў. А хочацца праехаць з вецярком, бо траса якраз спрыяе. Але прыходзіцца трымаць «каня», каб пазбегнуць непрыемных наступстваў. Тут табе і дзіцячыя атракцыёны, і летняя танцавальная пляцоўка, і аматары ролікаў... Абачлівасць патрэбна бадай што на працягу ўсяго маршруту, бо гараджане смела гуляюць па дарожцы, якая прызначана толькі для веласіпедаў. Аб чым гавораць і знакі. Дарэчы, маркіроўка на хвойках паказвае на наяўнасць адразу трох маршрутаў, якія потым разыходзяцца.

Выбіраю трасу ўздоўж Нёмана. Калі ехаць не так хутка, можна ўбачыць імклівую плынь вады і супрацьлеглы бераг. Крыху далей вядуцца работы ў прыбярэжнай зоне, за якой знаходзіцца папулярны парк адпачынку «Прывал». Між тым траса становіцца больш пакручастай, кажуць, што яна пракладвалася так, каб не нашкодзіць прыродзе. Аб вельмі крутым спуску папярэджвае нават спецыяльная шыльда. Не кожны здолее пераадолець і круты пад'ём. Пасля экстрэмальнага ўчастка дарога становіцца больш раўніннай. І вось ужо 5-кіламетровае кола пераадолена. Часу хапіла і на тое, каб спыніцца на стаянцы і палюбавацца наваколлем і ракой. Дарэчы, на працягу нават такога кароткага маршруту ўстаноўлены некалькі добраўпарадкаваных месцаў адпачынку з драўлянымі навесамі, сталамі, лаўкамі.

У пункце пракату расказалі, што веласіпедаў хапае, многія едуць сюды на сваіх. Але попыт з кожным новым сезонам расце, у дзень 30—40 кліентаў «набягае». І ўсё ж падалося, што ў Пышках веласіпедыстаў не вельмі многа. Здаецца, у гарадскім асяроддзі іх можна сустрэць значна часцей.

— Развіцце веластруктуры ў Гродне толькі пачынаецца, — адзначае кіраўнік грамадскага аб'яднання «ВелаГродна» Юлія Каляда. Веладарожкі ёсць, але яны раскіданы асобнымі кускамі, няма ніводнага закальцаванага маршрута, хоць працягласць не такая і малая — 20 кіламетраў. Таму ў горадзе вырашана браць асобныя часткі і ствараць там спрыяльныя ўмовы.

«ВелаГродна» створана пяць гадоў таму і налічвае больш за 100 членаў. Сюды прыходзяць нават тыя, хто пакуль не мае веласіпеда. Затое ў аб'яднання ёсць свая спартыўная каманда, а двое прадстаўнікоў прынялі ўдзел у велапрабегу Bіkе 4SDGs, арганізаваным ПРААН у падтрымку Мэт устойлівага развіцця. Старт быў дадзены 24 красавіка, а сам маршрут разлічаны на шэсць дзён і пройдзе па Гродзенскай і Брэсцкай абласцях. Як расказаў начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Алег Андрэйчык, Гродзеншчына другі год запар становіцца месцам правядзення велапрабегу ПРААН, у мінулым годзе ён праходзіў на Аўгустоўскім канале. Дарэчы, тут веларух разіваецца найбольш актыўна.

— У мінулым годзе мы праклалі на Аўгустоўскім канале каля 70 кіламетраў новых веламаршрутаў. У гэтым годзе сумесна з польскім бокам плануем «запусціць» унікальны маршрут «Аўгуст Вела». Ён звяжа беларускі пункт пропуску і Гродна. Пройдзе па цікавых мясцінах — былых сядзібах, аграгарадках. Гэты маршрут стане часткай еўрапейскіх маршрутаў і будзе сертыфікаваны па адпаведным стандарце. На гэтыя мэты выдзелена ў рамках трансгранічнага праекта 200 тысяч еўра. У раёне канала будзе рэканструявана 20 км дарог, тут з'явяцца і веладарожкі ў комплексе з аўтамагістралямі. У Лідзе пры падтрымцы ПРААН вядзецца пракладка веладарожкі даўжынёй 12 км.

Па словах чыноўніка, у веларуху шмат ініцыятыў, цікавасць да яго расце. Але пакуль інфраструктура спазняецца. Ёсць і новыя для рэгіёна ідэі. Напрыклад, ідзе гаворка аб тым, каб устанавіць стацыянарны пункт пракату ў горадзе, калі з тэлефона ўводзіцца код банкаўскай карткі і робіцца аплата. У найбліжэйшых планах — абнавіць знакі, разметку. Работа гэта не хуткая, бо ў рэгіёне налічваецца каля 300 км веладарожак.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».