Вы тут

Тое, што ў цэнтры ўвагі


Аляксандр РАГАЧУК, старшыня Брэсцкага гарвыканкама:

— Кіраўнік дзяржавы абсалютна правільна сказаў аб недастатковым выкарыстанні краінай свайго геаграфічнага рэсурсу. Я гэта перш за ўсё праецырую на горад Брэст, на работу нашай турыстычнай галіны.

У нас нямала зроблена, маю на ўвазе бязвізавы рэжым, якім ужо карыстаюцца многія турысты. Але ёсць яшчэ аграмадныя рэзервы, над якімі працаваць і працаваць. Чаму сёння з Брэсцкага аэрапорта немагчыма вылецець у цэлы шэраг краін, чаму нашы людзі едуць у Львоў, Варшаву, Кіеў, каб адтуль вылецець на адпачынак у Еўропу? Над гэтым трэба працаваць зацікаўленым ведамствам краіны.

У горадзе мы будзем развіваць турыстычную інфраструктуру, разлічаную менавіта на ўязны турызм. Цяпер да нас прыязджае за год прыкладны 500 тысяч турыстаў. Гэта госці ў асноўным з краін бліжняга замежжа. Зараз мы павінны зрабіць акцэнт на еўрапейскага турыста. У нас ёсць што паказаць чалавеку з Еўропы. А калі ён прыедзе, пажыве некалькі дзён, зразумела, пакіне грошы, якія паслужаць развіццю эканомікі горада. І ўжо да канца гэтага года мы плануем павялічыць колькасць такіх турыстаў прыкладна ўдвая.

Кацярына Зенкевіч, старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў:

— Вельмі важна, што ў пасланні Прэзідэнта былі абагульнены тыя важныя для краіны задачы, якія абмяркоўваліся на працягу мінулага года пры ўдзеле кіраўніка дзяржавы. Гэта кірункі развіцця прадпрымальніцтва, праблемы занятасці, ЖКГ, развіццё фізкультуры і спорту.

Пасланне Прэзідэнта датычыцца жыцця ўсяго беларускага грамадства і кожнага чалавека асабіста. Мне як дэпутату абласнога Савета важна, што Прэзідэнт казаў не толькі пра глабальныя задачы, але і пра тое, як важна праводзіць работу на месцах, на канкрэтных тэрыторыях. Канешне, у гэтай рабоце вельмі значная роля дэпутатаў мясцовых Саветаў базавага, першаснага ўзроўню. Бо менавіта яны ведаюць праблемы людзей, што жывуць у аддаленых населеных пунктах краіны. Самае важнае — развіццё эканомікі. Толькі дзякуючы ёй мы атрымліваем паступленні ў бюджэт і развіццё сацыяльнай сферы. Новыя рабочыя месцы трэба ствараць і на прадпрыемствах, якія ўжо паспяхова дзейнічаюць. Тут, як сказаў Прэзідэнт, важна прыцягненне інвестыцый. Наша краіна адкрыта ў тым ліку для знешніх інвестыцый. Часта высокія тэхналогіі і высокапрадукцыйную вытворчасць нам могуць прапанаваць інвестары, якія прыходзяць звонку. Не менш важна стварэнне новых прадпрыемстваў і стымуляванне самазанятасці насельніцтва. Сёння вельмі актуальная тэма развіцця прыватнай ініцыятывы. Мы прыйшлі да таго, што ў грамадстве павінны ствараць новы клас — уласнікаў. Вядома ж, калі чалавек працуе на сябе — ён зробіць усё, каб яго прадпрыемства плённа працавала. Канешне, у падтрымку Дэкрэта № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва» будзе прыняты шэраг нарматыўна-прававых дакументаў. Тут вельмі важна, каб яны былі зразумелыя і празрыстыя для кожнага чалавека, які працуе на сябе. Гэта датычыцца не толькі вытворчай дзейнасці, але і рамесніцтва, аграэкатурызму і развіцця паслуг насельніцтву. Бо, калі чалавек сумленна працуе на сябе, расце не толькі яго дабрабыт, але і паступленні ў дзяржаўны бюджэт. Што ўрэшце добра для развіцця той тэрыторыі, на якой ён жыве.

Ігар Жук, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў:

— У сваім звароце Прэзідэнтам скіравана ўвага на сітуацыю ў свеце. Яна не спакойная, а ў стане «халоднай» вайны, гонкі ўзбраенняў. Таму самая галоўная каштоўнасць, якую трэба берагчы, — бяспека і мір, стабільнасць, згуртаванасць грамадства. Гэты тыя каштоўнасці, без якіх немагчыма далейшае развіццё ніводнай краіны. А ў Беларусі многія ведаюць, што за гэтым стаіць.

Вядома, нас, як дэпутатаў, хвалюе тэма сацыяльна-эканамічнага развіцця. Цяпер з'явіліся больш шырокія магчымасці для прадпрымальніцтва, прыцягнення прамых замежных інвестыцый, развіцця экспарту. Гэта — залог далейшага развіцця краіны, фактары, якія садзейнічаюць павышэнню дабрабыту народа, у тым ліку павелічэнню заработнай платы.

Думаю, што многіх усхвалявала тэма карупцыі. Прыкладаў такіх апошнім часам нямала. Нягледзячы на тое, што вядзецца барацьба з гэтай з'явай, кантроль нельга аслабляць і з боку выканаўчай улады, праваахоўных органаў. Грамадства павінна да фактаў хабарніцтва ставіцца адмоўна, каб не дапускаць карупцыйных праяўленняў.
Бо гэта карозія, якая разбурае ўсе маральныя асновы, наносіць шкоду дзяржаве.

Спадабалася, што Прэзідэнт гатовы да адкрытага дыялогу ў абмеркаванні змяненняў у Канстытуцыю, іншыя заканадаўчыя акты, якія патрабуюць удасканалення, бо свет не стаіць на месцы, і наша краіна таксама. Таму і асноўны абавязак дэпутатаў — ствараць такія законы, якія б не стрымлівалі эканоміку ў развіцці.

Важным момантам, лічу, стала тэма па адміністрацыйна-тэрытарыяльным змяненні нашых абласцей і раёнаў. Справа ў тым, што мы бачым, як змяншаецца колькасць сельскіх саветаў, у нас у вобласці за апошнія гады іх стала на 12 менш. Разам з тым Прэзідэнт падкрэсліў, што да гэтага трэба ставіцца асэнсавана і абавязкова абмеркаваць на месцы кожны крок у гэтым кірунку.

Віктар Сірэнка, намеснік старшыні Мінаблвыканкама, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці:

— Пытанні, якія падняў падчас Паслання кіраўнік дзяржавы, актуальныя і злабадзённыя. У прыватнасці, трывожнага свету вакол нас, які парадзіў новы тэрмін «ледзяная» вайна. Як выказаўся Прэзідэнт, гэта пагроза для ўсёй сусветнай супольнасці. Калі з'явяцца нейкія гарачыя галовы, неістотна, на Усходзе або Захадзе, страты будуць нанесены нашай дзяржаве і нашаму народу. Таму вельмі важна, што ў межах Паслання прагучаў тэзіс пра тое, што наша агульная задача — берагчы мір. І самае галоўнае — разумець яго цану. На маю думку, таксама была закранутая вельмі важная тэма наконт эканомікі, газавай і нафтавай войнаў, адносіны іншых краін да збыту айчыннай прадукцыі на іх рынку. Усе гэтыя рэчы актуальныя і сказаны па сутнасці. Мяркую, гэтыя ацэнкі адпавядаюць і нашым унутраным ацэнкам таго, што адбываецца навокал.

Рыгор БЫСЮК, дырэктар мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой», намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы:

— Тое, што сказаў кіраўнік дзяржавы ў самым пачатку паслання, уяўляецца, на мой погляд, самым важным. Гаворка ішла аб захаванні міру, бяспекі, стабільнасці ў дзяржаве. Паводле слоў Прэзідэнта, сёння асабліва востра адчуваецца, як лёгка страціць бяспеку і якіх неймаверных намаганняў каштуе яе захаваць. Акрамя таго, абвастраецца барацьба за месца ў сусветнай іерархіі, а стратэгічнае саперніцтва, канкурэнцыя паміж дзяржавамі сталі штодзённымі з'явамі. Амаль будзённай рэчаіснасцю выглядаюць гандлёвыя войны.

І на гэтым фоне мы ўсё вастрэй адчуваем каштоўнасць міру і бяспекі. Адчувалі, калі дружна выйшлі на суботнік у крэпасці, калі прыводзілі горад у парадак. А думаць пра чысціню і парадак, несумненна, можна толькі ў абстаноўцы камфорту і бяспекі, як і вырашаць задачы эканомікі, сацыяльна-культурнага развіцця, побытавыя праблемы. На 9 Мая, калі чарговы раз у Брэсцкую крэпасць прыйдуць сівыя ветэраны, а з імі разам шмат моладзі, гэта будзе дадатковы напамін аб каштоўнасці міру, у якім мы жывём больш за 70 гадоў. А яшчэ пра тое, што сёння за мір і стабільнасць адказны кожны чалавек, кожны грамадзянін сваёй краіны.

Анатоль Дуцько, старшыня Магілёўскага райвыканкама:

— Прэзідэнт правільна звярнуў увагу на тое, што выпадковых людзей на вытворчасці не павінна быць. Неабходна, каб кіравалі сапраўдныя прафесіяналы, спецыялісты сваёй справы, якія ведаюць, што рабіць, і бачаць перспектывы. Калі нешта не атрымліваецца, лепш даць дарогу больш таленавітым.

Справядлівыя словы прагучалі і наконт утрыманства, калі людзі патрабуюць нешта ад дзяржавы, а самі ні за што не адказваюць. Сёння з раніцы пабываў у гаспадарках раёна, сустракаўся з калектывамі. Гаварылі і наконт выступлення Прэзідэнта, пра тое, што трэба з адказнасцю ставіцца да сваёй работы. Дзяржава забяспечыла нас усім неабходным для пасяўной, ёсць і паліва, і насенне. Засталося толькі папрацаваць як мае быць, усе сілы ўкласці ў вытворчасць і атрымаць вынік. Кожны ўкладзены рубель павінен прынесці аддачу.

Наогул усе кірункі, якія агучыў кіраўнік дзяржавы, правільныя і своечасовыя. Трэба ўсё гэта браць на ўзбраенне і выконваць.

Святлана Яскевіч, Ірына АСТАШКЕВІЧ, Маргарыта УШКЕВІЧ, Таццяна Лазоўская, Нэлі Зігуля

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».