Вы тут

Гульні пераможцаў


Пад такой назвай пройдуць спартыўныя спаборніцтвы сярод дзяцей, якія перанеслі анкалагічныя захворванні.

Арганізатарам мерапрыемства выступіў дабрачынны фонд "Дакрананне да жыцця". Адкрыццё спаборніцтваў пройдзе 29 красавіка ў РЦАП "Раўбічы", а сам турнір "Гульні пераможцаў" будзе доўжыцца два дні.


Фота: doctor.74.ru

У мерапрыемстве прымуць удзел 55 дзяцей з усёй краіны ва ўзросце ад 10 да 16 гадоў, 20 з іх выйграюць пуцёўку на такія ж гульні ў Маскву.

- Нашы дзеці ўжо 8 гадоў удзельнічаюць у "Гульнях пераможцаў" у Маскве, сёлета ўпершыню адбудзецца нацыянальны адбор. Гэта выдатна, перш за ўсё, для саміх дзяцей, таму што яны перанеслі гэтую страшную хваробу і павінны прайсці сацыялізацыю, быць намі падтрыманымі не толькі падчас хваробы, але і падчас таго, калі знаходзяцца ў рэмісіі, - расказвае Ларыса Івашкевіч, старшыня дабрачынага фонда "Дакрананне да жыцця".

Больш за паўсотні дзяцей будуць падзеленыя на тры атрады, з імі будуць працаваць важатыя (валанцёры фонду "Дакрананне да жыцця"), спаборніцтвы пройдуць у 5 відах спорту: бег, плаванне, міні-футбол, шахматы і настольны тэніс. Судзіць юных спартсменаў будуць прафесіяналы міжнароднага класа.

- Мы хочам зрабіць так, каб дзеці ведалі пра тое, што іх бачаць, пра іх клапоцяцца і падтрымліваюць. Мы не ставім пытанне аб тым, каб правесці гэтыя спаборніцтвы жорстка, як Алімпійскія гульні, але судзіць будзем справядліва. Мы павінны пайсці насустрач дзецям, каб кожны з іх зразумеў да якога віду спорту ў яго ляжыць душа, - расказвае Эрнст Яроменка, галоўны суддзя спаборніцтваў "Гульні пераможцаў".

Удзельнікі атрымаюць дыпломы і падарункі, для найлепшых спартсменаў прадугледжаны медалі, якія ўручаць на цырымоніі закрыцця 30 красавіка.

Прадстаўнік RotaryClubMinskCity Алена Бандарэнка адзначае, што гэта мерапрыемства стане не толькі спартыўным, але і матывацыйным. "Падтрымаць дзяцей прыедуць вядомыя спартсмены, будзе арганізаваны вечар знаёмстваў і падтрымкі, калі дзецям не толькі раскажуць аб правілах гульні, але і правядуць разнастайныя майстар-класы. Да нас прыедзе вядомы Аляксей Талай, беларускі Нік Вуйчыч, і ўласным прыкладам падтрымае рабят".

- На сённяшні дзень якасць жыцця дзяцей і іх сацыяльная адаптацыя з'яўляюцца актуальнымі ва ўсім свеце, - адзначае Марына Барысевіч намеснік дырэктара па арганізацыйна-метадычнай працы РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, - Дамогшыся каласальных поспехаў у лячэнні дзяцей з анкалагічнымі захворваннямі, мы сутыкнуліся з такой праблемай, як даць дзіцяці пуцёўку ў далейшае жыццё. Важна паказаць што дзеці, якія перажылі рак, застаюцца дзецьмі і працягваюць жыць актыўным, паўнавартасным жыццём. Такога роду мерапрыемствы з'яўляюцца вельмі важнымі і для дзяцей, і для іх бацькоў.

Дар'я Лабажэвіч

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.