Вы тут

Гаражы-мiражы


Нядаўна знаёмы падзялiўся праблемай:

— Купiў аўтамабiль, а гаража няма. А тут падвярнуўся выпадак — сусед-пенсiянер прадае свой гараж, што за бальнiцай. Цана мяне задавальняе, але ёсць адна закавыка: нiякiх дакументаў на пабудову няма. Што рабiць? Цi не адбяруць пасля ў мяне той гараж?


Правёўшы невялiкае журналiсцкае расследаванне, ужо праз некалькi дзён пераканаўся: на Уздзеншчыне афiцыйных дакументаў на права валодання гаражамi не маюць каля дзвюх соцень iх уладальнiкаў, у гаражных масiвах, што ў раёне бальнiцы i магазiна «Еўраопт».

Легкавы аўтамабiль перастаў быць раскошай i стаў незаменным атрыбутам. Знiклi чэргi на яго набыццё, айчынны рынак напоўнiлi прадстаўнiкi не толькi расiйскага аўтапрама, але i шэрагу iншых, еўрапейскiх i азiяцкiх, краiн. Вось i Узду запаланiлi аўто прасцейшых i больш прэстыжных марак. Хто меў свой прысядзiбны ўчастак, ставiў машыну ў надворнай пабудове. Жыхары ж шматкватэрных дамоў — каля пад'ездаў. Потым гарадскiя ўлады выдзелiлi для будаўнiцтва iндывiдуальных гаражоў невялiкi ўчастак на тагачаснай ускраiне райцэнтра, недалёка ад цяперашняга «Еўраопта». Гэтую пляцоўку, дзе размясцiлiся 90 гаражоў, за некалькi гадоў запоўнiлi-забудавалi.

У канцы 1980-х рашэннем мясцовай улады выдзяляецца новы ўчастак для гаражоў, паблiзу Водаканала. Гэтым разам пад iх адвялi большую плошчу, бо ахвотных атрымаць дах для сваiх чатырохколавых памочнiкаў было шмат. Афiцыйных дакументаў аб утварэннi гаражнага кааператыва адшукаць не ўдалося, але фактам застаецца тое, што ён iснаваў. На той час, пэўна, не патрабавалася такой колькасцi прававых актаў i юрыдычных фармальнасцяў.

На працягу некалькiх гадоў рэгiстрацыяй новых уладальнiкаў машын i ахвотных мець гараж, зборам узносаў, выдзяленнем пустуючых участкаў займалiся тагачасныя старшыня райкама прафсаюза работнiкаў сельскай гаспадаркi i кiраўнiк землеўпарадкавальнай службы. Час ад часу ўладальнiкi гаражоў скiдвалiся па тры—сем рублёў для выканання пэўных гаспадарчых работ: расчысткi пад'езду да гаражоў ад снегу, грэйдзiравання дарогi, санiтарнай уборкi тэрыторыi. Ладзiлi i суботнiкi. Мелiся планы сабраць грошы i ўладкаваць электрычнае асвятленне, але калi падлiчылi магчымыя агульныя затраты, то ад задумы адмовiлiся.

Iшоў час. Паступова ўдасканальвалася прававая база ў многiх сферах жыцця. Высветлiлася, што многiя ўладальнiкi названых вышэй гаражоў у райцэнтры, а таксама ў аграгарадку Хатляны i ў некаторых iншых населеных пунктах Уздзеншчыны не маюць на руках афiцыйных дакументаў на права валодання нерухомай маёмасцю.

Юрысты сведчаць: нельга лiчыць дакументамi выдадзеныя ў 80—90-я гады мiнулага стагоддзя не iснуючым сёння пасялковым Саветам дэпутатаў выпiскi з рашэння выканкама аб выдзяленнi зямельнага ўчастка.

— Часткай 2 артыкула 7 Грамадзянскага кодэкса Рэспублiкi Беларусь устаноўлена непахiснае правiла ў адносiнах да любой нерухомай маёмасцi, — тлумачыць загадчык Уздзенскага бюро Дзяржынскага фiлiяла РУП «Мiнскае абласное агенцтва па дзяржаўнай рэгiстрацыi i зямельным кадастры» Максiм Шобiк. — Права на маёмасць узнiкае толькi з моманту рэгiстрацыi гэтай маёмасцi цi адпаведных правоў на яе. На жаль, нягледзячы на тое, што ў горадзе Узда i раёне iснуе нямала такiх гаражоў, юрыдычныя правы на iх людзi законным чынам так i не зарэгiстравалi.

Якiя адсюль вывады? Такiя гаражы нельга падарыць, перадаць у спадчыну, прадаць. Так, некаторыя негалосна перадаюцца ў карыстанне ад бацькi сыну, суседу, знаёмаму, нават прадаюцца — «пад распiску» за пэўную суму, але калi новы ўладальнiк паспрабуе зарэгiстраваць такi гараж, здзелка не будзе лiчыцца законнай.

Якое выйсце з сiтуацыi?

— Уладальнiкi гаражоў павiнны стварыць i афiцыйна зарэгiстраваць юрыдычную асобу — гаражны кааператыў, — падказвае алгарытм дзеянняў Максiм Шобiк. — Абраны на агульным сходзе старшыня кааператыва звяртаецца ў райвыканкам для выдзялення зямельнага ўчастка пад ўвесь гаражны масiў. Пасля рэгiстрацыi ўчастка спецыялiсты нашага бюро цi iншай арганiзацыi, якая мае адпаведную лiцэнзiю на выкананне такiх работ, правядуць тэхнiчную iнвентарызацыю масiву i кожнага з гаражоў, у якi будзе забяспечаны доступ. I толькi пасля гэтага ўладальнiкi гаражоў могуць звяртацца да нас цi ў iншую ўстанову для афармлення тэхнiчнага пашпарта, якi i будзе законным дакументам на права валодання пабудовай.

Падобную работу не раз спрабавалi арганiзаваць, але да лагiчнага завяршэння так i не дайшло. У 2000 годзе ва Уздзенскiм райвыканкаме быў зарэгiстраваны гаражны кааператыў «Сваё аўто», яго кiраўнiком абралi Сяргея Салаўёва. Кааператыў стаў юрыдычнай асобай, адкрылi яго разлiковы рахунак у Беларусбанку. На працягу некалькiх гадоў неаднаразова праводзiлiся агульныя сходы, дзе членам кааператыва, новым ахвотным займець дах над сваiм аўтамабiлем тлумачылi iх правы i абавязкi.

Але нярэдка на такiя сходы са 176 маючых гаражы прыходзiлi ўсяго па 30—40 чалавек. (На чаргу маючых патрэбу ў гаражах пастаўлена яшчэ каля 100 ахвотных.) Некаторыя са «старажылаў» адмаўляюцца прыходзiць на сходы з той прычыны, што лiчаць законным дакументам старую выпiску з пасяджэння пассавета аб выдзяленнi ўчастка. Паводзiнамi некаторых кiруюць уласныя амбiцыi. А многiх задавальняе iснуючая сiтуацыя: гараж ёсць, прадаваць цi дарыць яго мы не збiраемся...

Кааператыў «Сваё аўто» ў свой час звяртаўся ў землеўпарадкавальную службу райвыканкама. Аднак справу гэтую да канца не давялi, участак так i не зарэгiстравалi.

Потым на працягу некалькiх гадоў работай гаражнага кааператыва займалiся спецыялiсты юрыдычнай, землеўпарадкавальнай службаў райвыканкама. Усё цяжэй было сабраць людзей на сход, а тым больш — для ўнясення чарговага ўзносу для выканання той цi iншай работы.

Сёння неабходна зноў арганiзаваць работу па афармленнi i рэгiстрацыi землеўпарадкавальнай справы. А для гэтага павiнны прыйсцi ў райвыканкам тыя члены кааператыва, якiя нiбыта маюць нейкiя дакументы на гараж, напiсаць заяву аб фармальнай адмове ад яго i афармленнi новых дакументаў. Без сустрэчы з кожным уладальнiкам гаража цяжка давесцi справу да канца...

Вiктар САБАЛЕЎСКI

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».