Вы тут

Мясцовае самакіраванне ў фармаце беларуска-еўрапейскага супрацоўніцтва


Праблемы мясцовага самакіравання стануць галоўнай тэмай абмеркавання на міжнароднай канферэнцыі з удзелам прадстаўнікоў Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы, якая адбудзецца ў Мінску ў пачатку верасня.


Рабочая сустрэча старшыні пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Аляксандра Папкова і дырэктара Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы Жана-Філіпа Базуля прайшла ў фармаце перагавораў у Савеце па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу.

Галоўная тэма абмеркавання — актывізацыя ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва праз правядзенне сумесных мерапрыемстваў з удзелам прадстаўнікоў мясцовых органаў улады, грамадскіх арганізацый, беларускага парламента і прадстаўнікоў мясцовых і рэгіянальных улад еўрапейскіх дзяржаў. Гэтым разам міжнародную канферэнцыю ў фармаце круглага стала запланавана правесці ў Мінску. Сярод пытанняў, якія бакі прапанавалі абмеркаваць на маючым адбыцца форуме, — становішча Еўрапейскай хартыі, вопыт работы асацыяцый мясцовага самакіравання ў Беларусі і еўрапейскіх краінах, праблемы трансгранічнага супрацоўніцтва, а таксама роля мясцовых органаў улады ў развіцці турызму, пераадоленні наступстваў аварыі на Чарнобыльскай станцыі, вырашэнні дэмаграфічных праблем.

На думку Аляксандра Папкова, сёння важна аб'яднаць інтарэсы Беларусі і рэгіянальных улад Савета Еўропы — у мэтах атрымання канкрэтнага выніку сумеснага супрацоўніцтва. «Наша мерапрыемства павінна мець практычную выніковасць. Трэба будзе разам выпрацаваць дарожную карту для работы розных структур на ўзроўні міністэрстваў, ведамстваў, навуковай супольнасці. Хацелася б, каб вынікам правядзення нашага круглага стала стала сумесная рэзалюцыя аб супрацоўніцтве, якая адпавядала б як нашым інтарэсам, так і інтарэсам нашых заходнееўрапейскіх партнёраў», — падкрэсліў парламентарый.

У сваю чаргу дырэктар Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы Жан-Філіп Базуль назваў маючую адбыцца міжнародную канферэнцыю па пытаннях мясцовага самакіравання «пунктам адліку нашага супрацоўніцтва». Ён падкрэсліў, што «Кангрэс і Савет Еўропы гатовы да дыялогу з Беларуссю, тут няма месца прадузятым адносінам, мы павінны вучыцца адзін у аднаго».

Падчас рабочай сустрэчы ў Савеце Рэспублікі была адзначана станоўчая дынаміка развіцця адносін паміж нашай краінай і Саветам Еўропы. Кангрэс мясцовых і рэгіянальных улад праяўляе цікавасць да паэтапнага пашырэння супрацоўніцтва. Сёння гэта аб'яднанне налічвае 318 членаў, якія прадстаўляюць больш за 200 000 адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак 47 дзяржаў — членаў Савета Еўропы. Беларусь бачыць супрацоўніцтва з Кангрэсам мясцовых і рэгіянальных улад як магчымасць не толькі для атрымання інфармацыі і знаёмства з вопытам развіцця мясцовага самакіравання ў краінах — членах Савета Еўропы, але і для правядзення двухбаковых сустрэч з замежнымі калегамі.

Плануецца, што ў найбліжэйшы час будзе створана рабочая група, у якую ўвойдуць прадстаўнікі нашага Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы для вывучэння ўсіх пытанняў па арганізацыі міжнароднай канферэнцыі ў фармаце круглага стала ў Мінску.

Наталля БІТЭЛЬ

Загаловак у газеце: Аб'яднаць інтарэсы і атрымаць вынікі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.