Вы тут

У Слаўгарадзе абмеркавалі ўзаемадзеянне ў мясцовым самакіраванні


Тэме павышэння ролі органаў мясцовага самакіравання ў рашэнні актуальных пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця было прысвечана выязное пасяджэнне Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання, якое адбылося ўчора ў Слаўгарадзе пад кіраўніцтвам старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіла Мясніковіча.


Сімвалічна, што адбылося яно ў дзень 32-й гадавіны з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Слаўгарадскі раён пацярпеў ад сур'ёзнага радыеактыўнага забруджвання, па сённяшні дзень у зоне рызыкі знаходзіцца 70 населеных пунктаў, дзе пражывае 13,8 тысячы чалавек — крыху менш за палову насельніцтва раёна. Слаўгарад адзіны на Магілёўшчыне райцэнтр, які знаходзіцца ў зоне радыеактыўнага забруджвання ад 5 да 15 кюры на квадратны кіламетр. Але раён, нягледзячы на ўсе цяжкасці, развіваецца і нават здолеў назапасіць карысны вопыт па пераадольванні наступстваў аварыі і садзейнічанні занятасці насельніцтва. Тут адрадзілі традыцыі старадаўняга сыраварэння і нават заснавалі фестываль «Гаспадарчы сыр», які сёлета будзе адзначацца ўжо сёмы раз. Жыхары Слаўгарадчыны актыўна ўцягваюцца ў прадпрымальніцкую дзейнасць, займаюцца рамесніцтвам, вучацца рэалізоўваць праекты міжнароднай тэхнічнай дапамогі.

Дэпутаты наведалі аб'екты, якія сталі знакавымі ў развіцці гэтай дзейнасці, — Слаўгарадскую сярэднюю школу № 1, Лапаціцкі сельсавет, унікальны музей пад адкрытым небам у аграгарадку Лясная. Вопытам пераадолення наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, адаптацыі насельніцтва да пражывання на забруджаных тэрыторыях, стварэння спрыяльных умоў для вядзення ў такіх асаблівых абставінах бізнесу, а таксама павышэння інвестыцыйнай прывабнасці раёна падзяліліся старшыня Слаўгарадскага райсавета дэпутатаў Святлана Язерская, старшыня Лапаціцкага сельскага Савета дэпутатаў Сцяпан Байцоў і іншыя. Народныя абраннікі змаглі таксама азнаёміцца з работай прыватных прадпрыемстваў, якія паспяхова рэалізуюць у раёне свой бізнес, наведаць прэзентацыі-выстаўкі вырабаў мясцовых майстроў, гісторыка-культурныя славутасці раёна.

Нэлі ЗІГУЛЯ

(Больш падрабязна пра тое, што адбывалася падчас выязнога пасяджэння Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання, чытайце ў наступную пятніцу.)

Загаловак у газеце: Будзем жыць далей

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?