Вы тут

Крэмацыя абыходзіцца крыху танней


Жылі ў Мінску маці з сынам. Жанчына памерла. Сын пазваніў у службу перавозак сталічнага спецкамбіната, каб яе забралі. Прыехалі спецыялісты, адвезлі маці ў крэматорый і папярэдзілі сына, што яму трэба набыць труну і аформіць дакументы на крэмацыю і пахаванне. Прайшло тры дні, а сын так і не з'явіўся. Пазванілі яму з крэматорыя, пытаюць, дзе ён дзеўся, а той ім сустрэчнае пытанне: «А хіба вы яе яшчэ не крэміравалі?».


Сын палічыў, што калі маці забраў спецкамбінат, то яго работнікі павінны самі ўсё зрабіць. Грошы ж, што дзяржава выдаткавала на пахаванне, ён даўно прапіў... Аднак маці, напэўна, прадбачыла, як можа павярнуцца справа, таму грошы з пенсіі збірала ды пад матрац хавала. Добра, што сын іх адразу не знайшоў, а толькі тады, калі зноў прыехалі супрацоўнікі спецкамбіната. За тыя матчыны сродкі ён і труну набыў, і рытуальныя прыналежнасці, і дакументы аформіў. Маці крэміравалі, а урна з яе прахам... так і стаіць другі год у крэматорыі, бо сыну яна не патрэбна. Забраць яе і пахаваць па-людску яго ўжо ніякім законам не прымусіш, колькі ні звані. А як пройдуць тры гады, урну пахаваюць у агульнай магіле разам з іншымі крэміраванымі, якія не патрэбны сваякам.

Забралі і... забыліся

Летась спецыялізаваны камбінат камунальна-бытавога абслугоўвання такім чынам пахаваў на Заходніх могілках 62 урны з прахам тых, каго сваякі пагадзіліся крэміраваць, але за тры гады так і не забралі з крэматорыя. Цяпер над агульнай магілай змяшчаецца таблічка, дзе сказана, што тут захаваны незапатрабаваныя урны і ўказана іх колькасць без пераліку імёнаў. Спіс тых, хто менавіта захаваны, застаецца ў арганізацыі.

Не забіраюць урны з прахам з розных прычын. У кагосьці сваякі алкаголікі, або яны не маюць магчымасцяў і сродкаў на пахаванне, або пераехалі за мяжу. А ёсць і такія, хто жылі як кот з сабакам, і для іх галоўнае, што сваяка крэміравалі, а далей — хоць трава не расці.

— Летась перад пахаваннем урнаў, якія захоўваліся ў нас ужо тры гады, мы на сайце вывесілі абвестку, што збіраемся рабіць, і абзвоньвалі сваякоў, чые каардынаты мелі, каб папярэдзіць, — заўважае Сяргей ТУР, намеснік дырэктара спецыялізаванага камбіната камунальна-бытавога абслугоўвання. — З 67 урнаў толькі пяцёра забралі сваіх. Астатнія адправіліся на спачын у агульную магілу.

Рашэнне аб крэмацыі прымаюць сваякі памерлага або арганізацыя, якая бярэ на сябе абавязкі па пахаванні, калі ў нябожчыка нікога не было. Здараецца, сам чалавек пакідае распараджэнне пра такое сваё жаданне. Урну з прахам можна пахаваць у зямлю на магіле ці паставіць у калумбарную сценку. Крэмацыя, дарэчы, абыходзіцца крыху танней, чым традыцыйнае пахаванне.

— Сваякі атрымліваюць на пахаванне каля 800 рублёў. Калі набываць самыя танныя прыналежнасці да пахавання, з гэтых грошай застаецца каля 300 рублёў. Так звычайна робяць тыя, хто любіць выпіць: самае таннае купяць, сваяка крэміруюць, а рэшту прап'юць. А пра урну потым не хочуць нічога ведаць, ім ужо памерлы не патрэбны, — заўважае спецыяліст.

Безыменныя...

Амаль на кожных могілках ёсць участкі, дзе ляжаць тыя, хто пры жыцці не меў ні жылля, ні родных. На іх пагостах драўляныя тумбы ўстаноўленага ўзору або металічныя крыжы з нумарамі. Здараецца, сустракаецца і імя, калі супрацоўнікам спецкамбіната ўдалося яго даведацца. Гэтыя людзі сталі незапатрабаванымі пасля смерці, і іх пахавалі за кошт дзяржавы на агульных могілках.

Нейкага тэрміну для захоўвання безыменных памерлых не існуе. Калі ў моргу збіраецца некалькі такіх асоб, іх перадаюць у спецкамбінат.

— Апошнія тры-чатыры гады такім памерлым перад пахаваннем абавязкова робяць аналіз ДНК, каб, калі знойдуцца сваякі, не ўзнікала блытаніны. Здараецца, што родныя пахаванага з'яўляюцца і праз тры месяцы, і праз паўгода ці год, — кажа Сяргей Тур.

Менавіта таму, што сваякі ў многіх праз час усё ж знаходзяцца, асоб без пэўнага месца жыхарства не крэміруюць, — каб родныя маглі добраўпарадкаваць магілу. Некаторыя нават просяць аб эксгумацыі, каб перавезці цела на іншыя могілкі, бліжэй да продкаў. Аднак з агульнай магілы ні урны, ні трупы не эксгумуюцца.

Супрацоўнікі спецкамбіната спадзяюцца з часам атрымаць дазвол на крэмацыю такіх асоб. Для захавання урны з прахам трэба ўсё ж не так шмат месца, а зямлі для пахаванняў застаецца ўсё менш.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Сваякам не патрэбныя?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».