Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


«...Бо побач з дзецьмі заўсёды Бог»

Галоўная цацка ў цяперашніх дзяцей — камп'ютар у розных яго іпастасях. Зрабіць што-небудзь самім (тую ж лусту хлеба адрэзаць) дзесяцігадовы хлапчук часцяком не ўмее. Што зусім не дзіва: бацькі асцерагаюцца даваць яму нож...

У час майго дзяцінства цацкі мы рабілі сабе самі, і галоўнай з іх была рагатка. Не без таго, здаралася, падчас «вытворчасці» рэзалі пальцы, але кроў не спыняла нашу работу: былі б матэрыялы!

Якія?

На выраб першай маёй рагаткі пайшла старая грэлка. З яе было цяжка страляць ды і паслужыла яна нядоўга.

Новую мы з сябрам Колькам зрабілі з веласіпеднай камеры. Абнавілі: доўга стралялі па бутэльках, а потым, стаміўшыся, селі адпачыць каля нашых варот. Знізу пад імі была дошка, і Колька ад няма чаго рабіць паваліў яе — рукой.

Мне прыйшлося згойсаць у двор — паставіць дошку на месца.

Пакуль прыбег назад, Колька паваліў яе.

— Ты што — здурнеў? Болей так не рабі! — накінуўся я на сябра і зноў пабег у двор, каб падняць дошку. Пакуль падняў...

Усё, карацей, паўтарылася.

І тады я вельмі раззлаваўся: моўчкі і чарговы раз паправіўшы дошку, я падняў добры камень і «зарадзіў» ім рагатку, выйшаў на вуліцу і паволі рушыў да Колькі. Той у гэты час... зноў выбіў дошку.

Чаму нагой, я зразумеў тут жа, бо, «стрэліўшы» з рагаткі яму ў лоб, адразу ж схапіўся за свой: Колька «стрэліў» у мяне...

Мы маглі (ды што там — павінны былі!) павыбіваць адзін аднаму вочы, але...

Другім разам мы, некалькі хлапчукоў, гулялі ў двары таго ж самага Колькі. У руцэ ў яго была важкая батарэйка да плоскага ліхтарыка, і ён (не ведаю, што на яго найшло?) размахнуўся і шпурнуў яе ў чародку сваіх курэй.

Зноў жа не ведаю, наўмысна ці не, але батарэйка трапіла ў пеўня і той упаў як падкошаны.

Спалоханы Колька кінуўся да яго, паставіў птушку на ногі, трохі патрымаў, адпусціў — певень зноў паваліўся.

— Пеця, стой, не памірай! — праз слёзы прасіў яго Колька. Але певень падаў і падаў...

Спытаеце, што ў гэты час рабілі мы?

Ці паверыце, — рагаталі (дзеці і сапраўды часам дурныя і жорсткія).

Рагаталі найболей з Колькі, бо ведалі, што слёзы яго няшчырыя, што плача ён не па пеўні, а па ўласным заднім месцы, якому дастанецца ад бацькоў не менш, чым гэтаму пеўню...

Ад непазбежнай, як здавалася, лупцоўкі Кольку ўратавала... яго ж ахвяра: пявун нібыта пачуў дзіцячыя «малітвы», ён раптам... ачуняў: стаў на ногі, страсянуў сваім пер'ем, як нічога ніякага пайшоў да курэй.

Карацей, і гэтае свавольства скончылася добра. Можа, таму, што побач з дзецьмі заўсёды Бог.

Яўген Шастакоў, г. Гомель


І дома, і замужам

...Усё, вучоба скончана, вечарам — выпускны. А там, як вядома, і музыка, і танцы, і смех, але ж мне — зусім не да іх. І прычына таму самая банальная: у мяне другі дзень ні ежы, ні грошай. І дамоў я траплю толькі праз суткі.

Гэтыя беспрасветныя думкі абрывае нечы спагадлівы голас:

— Што — сумнавата без мужа? Ён не прыйшоў?

Пытае пра гэта адна з выкладчыц, і я, можна сказаць, даўлюся сваім абураным «Які яшчэ муж?!», бо ўспамінаю, што выкладчыкі і праўда лічаць мяне замужняй.

Чаму? Раскажу.

Так атрымалася, што на першым курсе я прапусціла цэлы тыдзень заняткаў. Ды і потым з'явілася на іх, можна сказаць, не спаўшы (цягнік прыходзіў у 8 раніцы), проста з вакзала... Факт, што выклікаюць мяне, пра нешта пытаюцца, а я, што называецца, ні сном ні духам — нават тэмы не ведаю: стаю — слуп слупам... Бо не расказваць жа ўсім, што бацькоў у мяне няма, што за іх — старэйшая сястра, што яна якраз захварэла, што і яе, і гаспадарку трэба было даглядаць... І даведку аб гэтым мне б ніхто не даў...

Карацей, я разгублена маўчала. І тут на выручку мне прыйшла сяброўка:

— Маргарыта Давыдаўна, — звярнулася яна да выкладчыцы, — павіншуйце Чыгрынаву, яна замуж выйшла!

— Віншую, — не то вінавата, не то здзіўлена прамовіла жанчына. — Ну вядома ж, віншую вас! Сядайце.

Такім чынам 1 красавіка (не так важна, якога года) мяне, што называецца, выдалі замуж першы раз.

Хутка я «выйшла» зноў.

Пасля вучобы мяне накіравалі на працу ў Барысаўскі раён. Там у аддзеле культуры прапанавалі на выбар дзве вёскі Вяляцічы ды Аздзяцічы і не то жартам, не то ўсур'ёз сказалі, што ў першай могуць пабіць, а ў другой — накарміць, напаіць, а потым абгаварыць.

«Бітай быць не хачу, а плёткі да мяне не прыстануць», — уголас падумала я і апынулася ў Аздзяцічах. Знайшла там кватэру, пазнаёмілася са сваім начальствам, потым з'ездзіла дадому рэчы забраць. Час вяртацца назад, а як, калі білетаў на цягнік няма і не прадбачыцца? Выходзіць, што працоўную дзейнасць я пачну з прагулу?!

Ад адной гэтай думкі мароз па скуры!

І тут, бачу, міма праходзіць група чыгуначнікаў. І аднаго з іх я, здаецца, бачыла ў Магілёве. Падбягаю, вітаюся, кажу:

— А я ваша суседка! Мы побач жывём... Але зараз мне вельмі трэба ў Барысаў. Ну вельмі...

— І мужу таксама? — усміхаецца ў адказ мужчына, гледзячы мне за плячо.

— А як жа, — чуецца адтуль, і кажа гэта... нейкі вайсковец. Ды яшчэ з дзіцем...

У выніку «суседу»-чыгуначніку нічога не застаецца, як падвесці нас да брыгадзіра поезда ды сказаць:

— Вазьмі гэту пару.

Цуды здараюцца: той сапраўды бярэ нас! Мы — у тамбуры, брыгадзір выдае білеты і тут...

Дзіця, якое дагэтуль маўчала, на ўвесь голас крычыць:

— Ты не мая мама! Не мая! Адыдзіся ад таты! Чуеш?!.

Мне хоць скрозь зямлю праваліся: за разлучніцу зараз прымуць...

Брыгадзір, на шчасце, ні на што не звярнуў увагі: выдаў білеты і знік.

А мяне пасля гэтага дурны нейкі смех разабраў! «Муж» далучыўся... Сынок яго таксама не вытрымаў: мы рагаталі разам, да слёз!

Напэўна, таму да Барысава даехалі досыць хутка, а ўжо там разышліся, як у моры караблі: кожны ў свой бок.

...Трэці раз я выходзіла замуж ужо па-людску: і ўсур'ёз, і на ўсё жыццё.

Л. М. Чыгрынава, г. Мінск


Бедны Пеця

Вы не думалі, чаму ў Амерыцы бізнес такі раскручаны, моцны, а мы столькі часу вучымся, стажыруемся, б'ёмся, але прабіцца на больш-менш прымальны ўзровень так і не можам?

Мне здаецца, што прычына тут відавочная: бізнесоўцаў трэба выхоўваць змалку, можа, нават у спецыяльных школах, з адмысловымі педагогамі... Не кажучы ўжо пра сям'ю, пра бацькоў. Яны — амерыканскія і нашы — ну вельмі розныя. Першыя, наколькі ведаю, ледзь не з пялёнак прывучаюць малых да самастойнасці, да таго, што на ўсё (а тым больш на смачную цукерку) трэба зарабіць, што разлічваць можна толькі на сябе...

А вось нашы бацькі, наадварот, — лічаць, што, калі нарадзілі дзяцей, значыць, павінны і забяспечваць. Спачатку — іх шчаслівае маленства, потым юнацтва, сталасць, а калі пашчасціць, дык яшчэ і старасць. Яны, бацькі, як належнае прымаюць просьбы нашчадкаў даць грошай на марозіва, на дыскатэку, на планшэт і тэлефон, на вучобу, машыну, кватэру, дачу і гэтак далей...

Зрэшты, асобныя з малых усё ж спрабуюць зарабляць самі! І раней спрабавалі таксама.

...У знаёмых вяскоўцаў першым нарадзіўся сын, пазней, недзе гадкоў праз шэсць ці сем, у сям'і з'явілася дзяўчынка.

З гэтай нагоды бацькі па завядзёнцы вырашылі гасцей сабраць. І добрыя атрымаліся б хрэсьбіны, калі б не сынок.

Ён што тады ўдумаў? Згледзеў, што бацька ў каморы бярэ бутэлькі з самагонам, носіць на сталы, пакідае, а ўзамен нічога не бярэ. «Гэта ж непарадак, — падумаў малы, — і наладзіў... гандаль: нацягаў з каморы поўных паўлітровак і з дзясятак прадаў — за сваім жа хлявом.

Ці шмат утаргаваў? Ды будзь здароў! За тую брыду (малы пакаштаваў), якая была ў бутэльках, «фарбавала» ў чырвонае твары ды «заплятала» языкі дарослым дзядзькам, ён зарабіў амаль прыгаршчы цукерак — смачных, салодкіх, у прыгожых абгортках!..

Бацькам бы пахваліць гэтае дзіця, пагладзіць яго па галоўцы, а тыя наадварот — пакрыўдзілі Пецьку.

Цяпер, відавочна, шкадуюць: маці, ва ўсякім разе, гаворыць, што бедны ён, працуе звычайным кіроўцам, не змог прыстасавацца да рынку, не змог нікуды прабіцца. У адрозненне ад тых жа сясцёр, якія ўмеюць круціцца і жывуць куды багацей...

А хто ў гэтым вінаваты? Ці не самі ж бацькі: не накруцілі б вушы хлапцу (ды перад гасцямі...), не адбілі б тым самым ахвоту да пошукаў выгады, можа, ён бы новым Абрамовічам стаў. А так...

Маем, што маем.

Іван Гаральчук, г. Мінск

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.