Вы тут

Мяняючы работу, думай пра ўзрост


У 2009 годзе па месцы маёй працы я і жонка як асобы, якія ўпершыню пабраліся шлюбам, былі прынятыя на ўлік грамадзян, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Мы жывём разам з цешчай у двухпакаёвай кватэры агульнай плошчай 49 м2. У снежні 2017-га я пераводам уладкаваўся на новае месца працы. Я падаваў заяву аб пастаноўцы на ўлік грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў... Але мне адмовілі, паколькі нам з жонкай споўнілася па 32 гады. Маёмасны стан маёй сям'і з 2009 года не змяніўся. Ці правамерна мне адмовілі на новым месцы працы? Сяргей А., г. Мінск


На пытанне адказвае Святлана ПАЎЛЮЧЭНКАВА, кансультант упраўлення прававога рэгулявання сацыяльнай дзейнасці дзяржавы галоўнага ўпраўлення нарматворчай дзейнасці ў сферы дзяржаўнага будаўніцтва Міністэрства юстыцыі Беларусі:

— На жаль, так. На новым месцы працы вас з жонкай не маглі прыняць на ўлік асоб, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у якасці маладой сям'і, паколькі пры пастаноўцы на ўлік з гэтай прычыны ўлічваецца не толькі маёмасны стан, а і ўзрост. Па законе, хоць бы адзін з сужэнцаў павінен быць не старэй за 31 год, каб лічыцца маладой сям'ёй.

Пытанні ўліку грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, урэгуляваны Палажэннем аб уліку грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, і аб парадку выдзялення жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду. Гэты дакумент зацверджаны Указам Прэзідэнта Беларусі ад 16 снежня 2013 года № 563 «Аб некаторых пытаннях прававога рэгулявання жыллёвых адносін».

Пры пераводзе грамадзяніна, які стаіць на ўліку асоб, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, на работу ў іншую арганізацыю ён прымаецца на ўлік па новым месцы працы з часу пастаноўкі яго на ўлік на мінулым месцы. Пры гэтым арганізацыя па новым месцы працы запытвае ва ўстаноўленым парадку з мінулай работы чалавека яго ўліковую справу.

На новым месцы грамадзяніна прымаюць на ўлік як асобу, якая мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, пры наяўнасці ў яго падстаў для гэтага, якія пералічаны ў пункце 3 Палажэння і дзейнічаюць на дату падачы заявы. Падаць заяву на ўлік на новым месцы працы неабходна не пазней за шэсць месяцаў з пачатку работы.

На мінулым месцы працы вы з жонкай стаялі на ўліку асоб, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, як грамадзяне, якія ўпершыню пабраліся шлюбам і не маюць асобнага жылля ва ўласнасці. У сувязі з пераводам на работу ў іншую арганізацыю на папярэднім месцы вас знялі з уліку грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Цяпер, каб прыняць вас на ўлік на новай рабоце як маладую сям'ю, трэба адпавядаць адразу некалькім умовам. Згодна са зменамі ў заканадаўстве, узрост хоць бы аднаго з сужэнцаў павінен быць менш за 31 год. Неабходна, каб для абодвух гэта быў першы шлюб. Ні ў мужа, ні ў жонкі не павінна быць ва ўласнасці жылля і (або) ніводзін з іх не можа быць наймальнікам жылля па дагаворы найму жылога памяшкання дзяржаўнага жыллёвага фонду, займаць аб'ект долевага будаўніцтва па дагаворы найму, арэнды, бязвыплатнага карыстання ці іншым дагаворы.

Такім чынам у вашым выпадку на момант пастаноўкі вас на ўлік на новым месцы працы змяніліся крытэрыі, згодна з якімі вы раней лічыліся асобамі, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Таму вас і не маглі прыняць на ўлік як маладую сям'ю.

Калі ў вас з'явяцца іншыя падставы для прызнання асобамі, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, прадугледжаныя пунктам 3 Палажэння, пытанне аб прыняцці на ўлік будзе разгледжана пры ўмове прадстаўлення дакументаў, якія пацвярджаюць гэтую магчымасць, з даты падачы заявы аб пастаноўцы на такі ўлік.

Шаноўныя чытачы, калі ў вас узніклі пытанні юрыдычнага характару, дасылайце іх на наш паштовы або электронны адрас sіdаrоk@zvіаzdа.bу. У «Прававой гасцёўні» разам са спецыялістамі Мінюста і іншых ведамстваў мы будзем шукаць на іх адказы.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.