Вы тут

Прадпрыемствы нясуць адказнасць за захаванасць сельгастэхнікі


Аб гэтым Прэзідэнт заявіў учора, калі ў Палацы Незалежнасці абмяркоўваліся пытанні захоўвання і падрыхтоўкі сельскагаспадарчай тэхнікі да палявых работ, а таксама проціпажарная сітуацыя ў краіне на аб'ектах масавага наведвання грамадзян.


Фота: БЕЛТА

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на дадзены момант інфармацыя, якая да яго даходзіць, сведчыць аб тым, што належная работа па забеспячэнні захаванасці і ўкамплектаванасці машынна-трактарнага парка да гэтага часу не наладжана.

«Калі б гэтую сельгастэхніку — трактары, аўтамабілі, прычапную тэхніку і іншую — куплялі калектыўныя прадпрыемствы і іншыя занятыя ў сельскай гаспадарцы за свой кроўны рубель, калі ласка — можаце мяне крытыкаваць, казаць, што гэта не мая справа і няма чаго ў гэта ўмешвацца, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Але калі сельскагаспадарчыя прадпрыемствы ўсіх формаў уласнасці ідуць з працягнутай рукой у бюджэт, просяць субсідыі, датацыі, крэдыты, прытым крэдыты льготныя, і за кошт гэтага набываюць сельскагаспадарчую тэхніку і праводзяць іншыя мерапрыемствы ў сельскай гаспадарцы, тады будзьце ласкавы дастаць і пакласці на стол сваю актыўнасць па захаванасці гэтай тэхнікі».

Прэзідэнт нагадаў аб сваім даручэнні да 15 красавіка разабрацца з фактамі безгаспадарчасці самым жорсткім чынам, аж да завядзення крымінальных спраў: «Я хачу, каб не забывалі, што парадак на мехдвары — гэта паказчык жалезнай дысцыпліны, захавання тэхналогій, бяспекі работнікаў. А ў цэлым — гэта найважнейшы элемент эканомікі сяла».

Кіраўнік дзяржавы звярнуў таксама ўвагу на проціпажарную сітуацыю, якая ў краіне складваецца не самым лепшым чынам. Толькі з пачатку года адбылося больш за 160 пажараў у ведамасным фондзе краіны, у жылым — 1600.

«Яшчэ раз паўтараю: не дай бог нам атрымаць нешта блізкае да Кемерава», — падкрэсліў беларускі лідар.

Прычына — расхлябанасць і безгаспадарчасць

Міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка адзначыў, што пажары ў жылым фондзе, на прадпрыемствах, у арганізацыях адбываюцца не з-за адсутнасці дарагіх інжынерна-тэхнічных рашэнняў, а з-за безадказнага стаўлення грамадзян да ўласнай бяспекі, невыканання кіраўнікамі прадпрыемстваў, службовымі асобамі сваіх абавязкаў па забеспячэнні здаровых і бяспечных умоў працы.

Уладзімір Вашчанка падкрэсліў, што да пажараў прыводзіць захламленасць тэрыторый смеццем, няправільная эксплуатацыя абсталявання, нясвоечасовая ачыстка працоўных месцаў ад гаручых матэрыялаў, курэнне ў неабсталяваных месцах, выкарыстанне адкрытага агню, невыкананне проціпажарных патрабаванняў пры правядзенні зварачных работ і эксплуатацыі электраабсталявання, наяўнасць крыніц узгарання. «Вялікі рэзерв мы бачым у навучанні і прывядзенні проціпажарных інструктажоў. Часта гэта робіцца фармальна. Работнікі прадпрыемстваў не валодаюць элементарнымі навыкамі дзеянняў у выпадку ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі», — сказаў Уладзімір Вашчанка.

Галоўная прычына такога становішча спраў — расхлябанасць і безгаспадарчасць. На сённяшні дзень вядзецца работа па ліквідацыі недахопаў, прыняты шэраг жорсткіх мер, падкрэсліў міністр па надзвычайных сітуацыях.

Ад праверак — да ўздзеяння

Па выніках нарады міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч падкрэсліў, што час угавораў і разваг пры праверцы сельскагаспадарчых прадпрыемстваў прайшоў, праваахоўнікі маюць намер прымяняць эфектыўныя меры ўздзеяння на гаспадаркі і арганізацыі.

«Калі казаць адкрыта, то пахваліцца няма чым ні нам з пункту гледжання праверкі, ні тым, каго мы правяралі, паколькі ў нейкай ступені парадак наведзены, але гэтага відавочна недастаткова для таго, каб сказаць, што ў нас усё ў парадку, усе шасцярэнькі круцяцца так, як трэба. Масла ў гэтыя шасцярэнькі мы падальём у найбліжэйшы час, і яны будуць круціцца — гэта дакладна», — сказаў міністр.

Па выніках нарады ён паведаміў журналістам, што кіраўнік дзяржавы паставіў канкрэтную задачу — перайсці ад курыравання некаторых пытанняў і праверачных мерапрыемстваў да эфектыўнага ўздзеяння на гэтыя працэсы з выкарыстаннем усіх прававых, адміністрацыйных, сілавых і іншых механізмаў, якія ёсць у распараджэнні Міністэрства ўнутраных спраў, Генеральнай пракуратуры, усяго сілавога блока.

Для ўздзеяння на негатыўныя працэсы будзе распрацавана сістэма мер. Міністр адзначыў, што праблема застарэлая, аднак механізм дакладна прымусяць працаваць больш эфектыўна. Якія парушэнні выяўлены ў сельгасарганізацыях? Асноўны пералік — гэта халатнасць, безадказнае стаўленне да матэрыяльна-тэхнічных сродкаў, загубленая тэхніка, парушэнне тэхналогій, а яшчэ гэта стаўленне да людзей, якія працуюць на зямлі.

Часу мала, а працы шмат

Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц пасля завяршэння нарады адзначыў, што сяўбу ранніх яравых збожжавых культур у краіне плануецца завяршыць да першага мая, усіх астатніх — не пазней за дзявятага мая. На яго думку, неабходна максімальна эфектыўна выкарыстоўваць кожны дзень для таго, каб забяспечыць тэхналагічную закладку ўраджаю.

Асобна стаіць пытанне захаванасці матэрыяльна-тэхнічнай уласнасці прадпрыемстваў, паколькі ў гэтым яшчэ трэба будзе навесці парадак. Леанід Заяц заявіў, што з абуральнымі фактамі безгаспадарчасці мірыцца ні ў якім разе нельга, трэба брацца за ўсе хібы і недахопы, як, напрыклад, крадзеж паліва, бо іх ліквідацыя дасць нам эканомію матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў.

Таксама міністр расказаў, што ў 2018—2019 гадах істотны рост можа паказаць і жывёлагадоўля.

* * *

На сустрэчы беларускі лідар таксама выказаўся з нагоды 32-й гадавіны трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. «Як звычайна, я сёння адлятаю на поўдзень краіны ў раёны, пацярпелыя ў выніку катастрофы, — адзначыў ён. — Перш за ўсё хачу паглядзець, як ідзе пасяўная кампанія і як выконваюцца мае даручэнні па дадатковым уключэнні ў абарот сельскагаспадарчых зямель».

У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы папярэдзіў губернатараў і міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, каб была паказана рэальная сітуацыя з выкананнем дадзеных даручэнняў.

Асобна кіраўнік дзяржавы адзначыў, што будаўніцтва новага моста цераз Прыпяць (ход якога ён можа наведаць — адпаведнае даручэнне дадзена) павінна быць завершана да сёмага лістапада. «Але папярэджваю: усе работы павінны быць закончаны ў гэтым годзе. Ніякіх работ на 2019 год, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Загаловак у газеце: Парадак — паказчык дысцыпліны і бяспекі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.