Вы тут

Унутраную радзіму шукалі на сцэне Купалаўскага


Спектакль «Зямля Эльзы», які ідзе на Камернай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, сапраўды мае «камерную» тэматыку: ён не выкрывае блат і карупцыю, не распавядае пра трагічныя падзеі на беларускай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, не ажыўляе знакамітыя творы класічных аўтараў. «Зямля Эльзы» — гэта тут і цяпер, кароткі эпізод з жыцця жанчыны і мужчыны.


Зінаіда Зубкова і Уладзімір Рагаўцоў у спектаклі «Зямля Эльзы».

Не надта распаўсюджаная тэма: хто думае, што гісторыя пра каханне пенсіянераў можа мець вялікую папулярнасць сярод гледачоў? А Купалаўскі тэатр ужо другі раз за кароткі тэрмін паспяхова ладзіць спектакль пра рамантычныя пачуцці менавіта людзей «элегантнага ўзросту» (згадайце «Юбілей ювеліра» ад Аляксандра Гарцуева). Тым больш дзіўна, што за сцэнічнае ўвасабленне твора ўзялася малады рэжысёр Алена Ганум, пад кіраўніцтвам якой на той жа Камернай сцэне ідзе востра-актуальная пастаноўка «Шабаны» паводле рамана Альгерда Бахарэвіча. Ды і аўтар п’есы — трыццацігадовая расійская пісьменніца Яраслава Пуліновіч. Герой яе ранніх твораў — юны бунтар, які рвецца па-за межы ўсталяваных абмежаванняў — раптам пераўтварыўся ў сталага чалавека. Але з юнацкай душой і нязгаслым агеньчыкам у вачах. Рэжысёр не надта адыходзіла ад арыгінальнага тэксту п’есы (за выключэннем фіналу: у рэдакцыі Алены Ганум ён атрымаўся трагічны) і дадала толькі крышачку беларускасці.

У выніку моладзь цікавіцца «Зямлёй Эльзы» не менш за старэйшае пакаленне. На глядацкі інтарэс працуе і эфект Камернай сцэны (тэатралы ўжо прызвычаіліся бачыць на гэтай пляцоўцы цікавыя эксперыментальныя пастаноўкі), і актуальная для любога ўзросту праблематыка твора. Хто лепш за ўчорашніх падлеткаў з дрэдамі і татуіроўкамі зразумее вясковую бабулю, якая асцярожна пераступае праз лужыны ў ружовых туфліках на абцасах? Па сутнасці, гісторыя Эльзы і Васіля Ігнатавіча мала адрозніваецца ад гісторыі Рамэа і Джульеты, дзе дзяўчыне, па задуме Уільяма Шэкспіра, было толькі 13 гадоў. Сугучныя нават фіналы твораў. Толькі праблема бацькоў і дзяцей у Яраславы Пуліновіч перавернутая з ног на галаву: дарослыя дзеці перашкаджаюць паяднацца закаханым пенсіянерам. Прываблівае нестандартны погляд аўтара на «ўзроставыя» пачуцці: калі звычайна любоў пажылых людзей асацыіруецца з залатым вяселлем, назапашанай жыццёвай мудрасцю і тузінам унукаў, то ў дадзенай п’есе апошняе каханне перажываецца і ўспрымаецца зусім як першае. Яно палягае асобна ад усіх абмежаванняў: падзяленне на ўзрост і сацыяльны статус існуе не ў аб’ектыўнай рэальнасці, а ў свядомасці блізкіх людзей.

Нягледзячы на нетыповасць сітуацыі, гісторыю ўвасобілі не ідэалізавана і летуценна, а так, што нават самы патрабавальны глядач скажа «Веру!». Добра прапрацаваныя не толькі галоўныя героі, але і персанажы другога плана. Вольга (Марына Гардзіёнак, Алена Сідарава) і Даша (Таццяна Дзянісава, Крысціна Дробыш), Віктар (Міхаіл Зуй, Аляксандр Паўлаў) і Ізабэла (Яўгенія Кульбачная, Вольга Няфёдава) цалкам зразумелыя аўдыторыі, а іх учынкі, нават калі і выклікаюць шчырае абурэнне, матываваныя. Выканаўцы галоўных роляў (Мікалай Кірычэнка і Наталля Качаткова, Зінаіда Зубкова і Уладзімір Рагаўцоў) перадалі гледачам усю патрэбную гаму пачуццяў. Пра гэта не трэба казаць: хопіць таго, што напрыканцы спектакля і дарослыя жанчыны, і маладзенькія дзяўчыны стараліся схаваць слёзы. П’есы накшталт «Зямлі Эльзы» — знаходка для любога тэатра, дзе ёсць такія артысты, як уладальніца «Крыштальнай Паўлінкі» гэтага года Зінаіда Зубкова. Купалаўскі паважае і цэніць сваіх акцёраў у любым узросце: так, юбілярку Тамару Нікалаеву-Апіёк (Зінаіда), заслужаную артыстку Беларусі, падчас аднаго з паказаў спектакля з днём нараджэння павіншаваў на сцэне мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Пінігін.

Назва твора — «Зямля Эльзы» — міжволі падштурхоўвае да думкі, што дзея ўздымае тэму радзімы. Пошукі бацькаўшчыны і пакуты самавызначэння насамрэч належаць да моцнага боку п’есы. Немка па нараджэнні, Эльза ўсё жыццё правяла сярод насельніцтва краіны Саветаў. Дзяцінства яе прыпала на Вялікую Айчынную вайну — час, калі нямецкае паходжанне лічылі за цяжкі грэх. Жанчына прызвычаілася саромецца нацыянальнасці бацькоў, а чалавек, адарваны ад сваіх каранёў, не мае моцы. У апошняй сцэне пастаноўкі Эльза Блюментрост нарэшце адшукала «сваю» зямлю, шырэйшую за ўсе землі свету, бо яна не мае дачынення да геаграфіі. Нечаканая выснова гераіні не суадносіцца з тэрмінам «грамадзянін свету». Размова ідзе пра больш глыбокія і інтымныя паняцці — радзіму ўнутраную, уласнае адчуванне асабістай годнасці. Шлях Эльзы да такога незалежнага стану палягае праз каханне.

Рэалістычных дэкарацый у спектаклі няма (яны нагадваюць умоўную прастору з фільма «Догвіль» Ларса фон Трыера: абазначаныя на падлозе хаты і крама, вясковая вуліца), але адчуваецца, што шчыльнае вясковае грамадства штодзень будуе сцены вакол Эльзы. Яна зручная, пакуль жыве так, як жыла раней, пакуль маўчыць і не скардзіцца — савецкая Папялушка, якая не дачакалася на сваім шляху ні фей, ні прынцаў. Унутраны свет гераіні не цікавіць яе сям’ю і сяброў. Да апошняга моманту Эльза і сама не ведае, хто яна ёсць. Страшна, калі чалавек толькі напрыканцы жыцця дазваляе сабе падумаць: «Чаго я хачу?». Але яшчэ страшней увогуле не паспець задаць гэтае пытанне...

Асаблівасці савецкага светапогляду не зніклі разам з СССР: яны жывуць у думках таго ці іншага сведкі эпохі. Пакуль вакол нас квітнее эра гаджэтаў, інфармацыйных тэхналогій ды свабоднага самавызначэння асобы, недзе на лавачцы незадаволена квохчуць прыхільнікі славутай мінуўшчыны. У спадарыні Ганум — квохчуць літаральна. Яны так робяць не са зла: проста не ведаюць, што жыць інакш — гэта нармальна. Нармальна саджаць газон замест гародніны, у 70 год апранаць ружовыя сукенкі. Ім зручна карыстацца стэрэатыпамі. Пазбегнуць прадузятасці могуць толькі тыя, хто ніколі не ўспісваўся ў пажаданыя стандарты, ды, прыкладам, старыя настаўнікі геаграфіі, якія за ўсё жыццё так і не ўбачылі краін са старонак падручнікаў...

Малодшае пакаленне, прадстаўленае ў п’есе ўнучкай Эльзы Дашай, ніяк не падтрымлівае бабулю. На словах Даша ўхваляе смеласць жанчыны, але ёй не стае духоўнай моцы, каб справамі дапамагчы Эльзе. Будзем шчырымі: калі бабуля прадасць хату і паедзе з новым мужам у падарожжа па Еўропе, на каго Дашы пакінуць немаўля падчас чарговай дыскатэкі? І вось ужо іншая карціна свету: ліберальная і прагрэсіўная на першы погляд моладзь, па сутнасці, нічым не лепшая за кансерватараў. А можа, нават горшая, бо гатовая падтрымаць любую несправядлівасць дзеля ўласнай выгады.

Нягледзячы на трагічнасць развязкі, на выхадзе з Камернай залы адчуваецца не безнадзейнасць, а новая сіла: калі старая жанчына, чый лёс палягаў пад прыгнётам людзей і абставін, адшукала досыць моцы, каб у выніку сцвердзіць уласнае «я», то што казаць пра нас, гледачоў? Гісторыя Эльзы — адначасова асабістая і агульначалавечая, варта толькі азірнуцца на саміх сябе. Спектаклі такога роду патрэбныя людзям: катарсіс ды работу над памылкамі яшчэ ніхто не адмяняў.

Нельга ўсё жыццё саджаць гародніну замест ружаў.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Свая зямля

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.