Вы тут

Глядзім фільмы аб прозе жыцця і «спавядальныя» стужкі


Дакументальнае кіно непадзельнае з асобай героя. Таму менавіта чалавек адцягваў на сябе ўсю ўвагу рэжысёра, чалавек быў галоўнай цікавасцю. Але асабліва аўтараў фільмаў заварожвалі героі, якія ўпарта адвяргалi соцыум ды шукалi ўласны спосаб iснавання. Яшчэ праз некаторы час да такіх персанажаў дададуць чалавека на вайне — балючыя падзеі стануць асновай новага погляду на грамадства.


Кадр з фільма «Жанчына з забітай вёскі» (В. Дашук).

Страчаныя ілюзіі

Героі студэнцкіх фiльмаў Р. Нугманава «Я-ха-ха» i А. Учыцеля «Рок» менавіта такія «шукальнікі» — яны збягалi ў рок-музыку як у сховiшча. Стужкi маладзёжнай хвалi разам з тэлепраграмамi «Дзявяты паверх» i «Крок» далi магчымасць убачыць, як адбiвалiся на моладзі ўсе супярэчлiвасцi грамадства, якое патрабавала жыцця па падвоеных стандартах. Асаблiвую цiкавасць выклiкалi прадстаўнiкi так званай нефармальнай моладзi, якiя iгнаравалi традыцыйныя жыццёвыя ўстоі.

Героямi фiльма М. Князева «Побач» сталi маладыя людзi, якiя таксама ўтульна iснавалi ўнутры свайго асабiстага замкнёнага асяроддзя. Экран прадставiў юнакоў з iх ладам жыцця, маладзёжным слэнгам i песнямi. Акцэнт у фiльме рабiўся на паказе знешнiх адметных выяўленняў яго герояў (яны нават дэманстравалi ў кадры хэпенiнг з некрафiльскiм адценнем). Гэта разыграная дзея нагадала сцэну раскопвання могiлак з фiльма «Грэх». Але персанажы стужкi «Побач» не запамiналiся, пакiдалi ўражанне безасабовага натоўпу, пазбаўленага iндывiдуальных рыс. У адрозненне ад В. Дашука, якому быў цiкавы яго герой, Князеў застаўся толькі назiральнiкам.

Галоўнай гераiняй карціны А. Карпава-мал. «Шанс» стала маладая дзяўчына, былая школьніца. У аснову драматургii фiльма паклалі гiсторыю, якая адбылася на кінастудыi «Беларусьфiльм»: абвясцілі конкурс сярод непрафесіяналаў на выканаўцу галоўнай ролі ў новай стужцы. Кiнадакументалiстаў заінтрыгаваў умольны ліст — «крык душы» ад дзяўчыны з Данецка. Здымачная група паехала да сваёй гераіні ў Данецк. Аўтары змадэлявалі ў фiльме сітуацыю паводзін людзей у новым становішчы, якое сёння стала шараговай з’явай, але было шокам раней. Напрыклад, калі маці прызнаецца, што не мае нічога супраць таго, што фатограф будзе здымаць яе дачку аголенай да пояса. Камера шчыльна крочыла за дзяўчынай дома, у цягніку i на кінапробах у студыі. Па меры таго як змяняўся твар гераіні, пераходзячы ад надзеі да тугі, сыходзіла іранічная інтанацыя. Фільм стаў не проста аповедам аб няўдалай кінапробе — у агульным сэнсе ён працягнуў уласную лiнiю роздуму рэжысёра аб падманнасцi ілюзій i iх несупадзеннi з прозай жыцця.

Сярод новых герояў на экране з’явіліся людзі, якіх раней кінадакументалісты абміналі. У 1990 г. аператар Ю. Гарулёў зняў у якасці рэжысёра сваю першую работу «Выпадак з практыкі» (па сцэнарыі І. Дзям’янавай). Невялікая нягучная стужка пра будні нейратраўматалагічнага аддзялення правінцыяльнай бальніцы ў Мінскім раёне ўпершыню ўздымала шэраг этыка-філасофскіх пытанняў на «лакальным матэрыяле». Яны датычылі як уласна медыцынскіх прафесійных аспектаў, так і агульначалавечых. Драматургічна неаднародную структуру фільма складалі кадры кінаназіранняў за складаным надзённым побытам «спінальнага» аддзялення, разважаннямі і маналогамі герояў стужкі — урачоў, санітарак і іх пацыентаў. Складаную для гледача тэму лёсаў інвалідаў аўтары фільма нечакана для таго часу (калі ў яе асэнсаванні перавагу часцей аддавалі фізіялагічным аспектам) вырашылі паэтычнымі сродкамі. Пазбягаючы «чарнухі» і пафасу, яны выказалі стаўленне да герояў свайго фільма ў выяўленчым строі. Паэтычныя кадры незвычайнага складанага існавання людзей, якія мудра і цярпліва змагаліся за жыццё, сталі своеасаблівым гімнам іх мужнасці і дабрыні.

У памежным стане

Паступова на экраны прыходзіць тэма Вялікай Айчыннай вайны. Яна была адной з вядучых на «Беларусьфільме», своеасаблівым брэндам. І калі гэту студыю іранічна называлі «Партызанфільмам», мелася на ўвазе і кінапрадукцыя дакументалістаў. Беларуская дакументалістыка на працягу дзесяцігоддзяў актыўна распрацоўвала тэму вайны ў двух галоўных аспектах — гістарычным і гераічным. І разынкай менавіта айчыннай кінадакументалістыкі было даследаванне гэтай важнай тэмы па вертыкалі, імкненне ісці ад гістарычнага факта да індывідуальнага, канкрэтнага чалавечага лёсу. Прадстаўнікі старэйшага пакалення рэжысёраўкінахранікёраў, такія як І. Вейняровіч, У. Цяслюк, стваралі дакументальнае кіно подзвігу з інтанацыяй пафасу і ўслаўлення. Іх стужкі пра падзеі Вялікай Айчыннай з пункту гледжання пераможцаў у вялікай бітве прадставілі на экране галерэю людзей з гераічнымі лёсамі. Гэтыя работы — каштоўны матэрыял ваеннага кіналетапісу. У нейкім сэнсе яны таксама сталі асновай для новага этапу ў асэнсоўванні тэмы вайны на дакументальным экране.

З’яўленне новай, трагедыйнай інтанацыі адчуваецца яшчэ ў фільмах канца 60-х — пачатку 70-х гадоў: «Дом», «Курган», «Хвіліна маўчання», «Нас вадзіла маладосць» рэжысёра В. Дашука. Па ўласным прызнанні Дашука, падчас здымак стужкі «Дом» ён пачынаў сваё аўтарскае кіно і лёгка дакрануўся да тэмы вайны, і толькі падчас стварэння наступных фільмаў пачаў разумець, якая бездань хаваецца ў гэтай тэме. Упершыню парушыла каноны «гераічнага фільма» стужка В. Дашука па сцэнарыі Б. Палоўнікава «Вар’яцтву мужных». Герой стужкі — лётчык, Герой Савецкага Саюза Б. Коўзан — прадстаўлены на экране не толькі мужным чалавекам, якi распавядаў пра сваё ваеннае мінулае, — уражвала яго асоба, бо чалавек паўстаў на экране ў моманты так званага памежнага стану. Незвычайным было ўжо само з’яўленне «непрыгладжанага, непрыгожага» героя, скалечанага, нервовага чалавека, які так і не адышоў эмацыянальна ад ваенных падзей.

Наступны цыкл фільмаў В. Дашука па сцэнарыях, напісаных сумесна з А. Адамовічам і У. Калеснікам, — «Жанчына з забітай вёскі», «Нямы крык» (сумесна з Я. Брылём), «Жменя пяску» і «Суд памяці», «Апошняе слова», — стаў новым этапам у айчынным дакументальным кіно ў паказе трагічнага лёсу чалавека ў гады ваенных выпрабаванняў. У аснову кінацыкла была пакладзена кніга «Я з вогненнай вёскі». Неацэнным гістарычным i эстэтычным досведам у новым асваенні тэмы стаў створаны ў 1970-я гады кінацыкл В. Дашука паводле сцэнарыяў С. Алексіевіч «У вайны не жаночае аблічча», які адкрыў новы жанр «спавядальнага» кінематографа. Менавіта з гэтай работы пачаўся новы этап мастацка-філасофскага развіцця тэмы ў айчынным дакументальным кінематографе. Магчымасць новага творчага і сацыяльнага асэнсавання іканаграфічнага і хранікальнага матэрыялу з’явілася з выкарыстаннем метаду псіхалагічнага аналізу, калі аўтары паспрабавалі зразумець асноватворныя матывы чалавечага быцця ў экстрэмальных, экзістэнцыяльных абставінах. Натуральнасць паводзін герояў і раскаванасць мовы ў прысутнасці кінакамеры ўжо не выклікалі захаплення і здзіўлення. Актуальным заставаўся момант кантакту аўтара з героем. «Кінематаграфісты пакуль што яшчэ толькі намацваюць гэты новы прынцып дыялагічнай сутворчасці, — пісаў кiнакрытык Сяргей Муратаў, — але, мабыць, менавіта тут мы падыходзім найбольш блізка да тых вечных пытанняў, якія хвалююць нас сёння і заўсёды. Бо самае цікавае ў размове з сучаснікам ідзе не пра яго, а з ім».

Эскізы характараў

В. Дашук здолеў бліскуча ажыццявіць прынцып дыялагічнай сутворчасці. Кантакт аўтара з гераінямі суправаджаўся такім высокім эмацыянальным напалам, што гэта дазволіла чалавеку ў кадры быццам выключыць кiнакамеру з поля ўвагі. Маналогі гераінь у той жа час былі і дыялогамі з аўтарам — чалавекам, якому ўсе яны асмеліліся публічна даверыць самае патаемнае. Пошук «галоўнай ідэі» характару сваіх гераінь Дашук ажыццявіў не толькі ў працэсе дыялогу. Інтэрв’ю з жанчынамі, удзельніцамі вайны, чаргавалiся з кадрамі ваеннай хронікі, якая давалася ў запаволеным руху. Гэты прыём выкарыстаны ў фільме не толькі сюжэтна, як хроніка-памяць. М. Ямпольскі назваў iх «знакам ірэальнай рэальнасці», у параўнанні з якой знятыя Дашуком інтэрв’ю выступаюць як «дакладна рэальныя».

Фільмы В. Дашука адкрылі цэлы напрамак у кінематографе. Іх называлi «фільмамi-ўспамінамi», «калектыўнымi маналогамі». Мастацкi досвед рэжысёра набыў асаблівы сэнс у перыяд, калi кiнематограф пасля працяглай летаргіі пачаў звяртацца да гісторыі. Высветлiлася, што і пры адкрытых архiвах таксама складана ўбачыць і зразумець, «як было на самай справе». Адсюль — імкненне кінематаграфістаў знайсці жывую канкрэтную чалавечую аснову для размовы пра розныя праблемы сучаснага існавання. Надыходзiў абсалютна іншы, якасна новы ўзровень праўды ў неігравым кінематографе, калі адбыўся пераход «ад праўды жыццёвых імгненняў» да праўды жыццёвых з’яў, што ствараюцца імгненнямі. Ад праўды, узнятай усімі магчымымі сродкамі назірання і фіксацыі з паверхні жыцця, да праўды, узнятай з глыбінь усімі магчымымі кінасродкамі стыкавання, сучлянення. Ад сумы фактаў да іх здабытку. Ад эскізаў характараў кінематаграфісты падышлі да разумення тайны асобы і лёсу.

Новыя аспекты ў даследаваннi трагiчнага былi зроблены А. Карпавым-малодшым праз лёсы i аналiз унутранага стану простых людзей. Персанажы кінастужак «Ад слова жыць» i «Ішоў мокры снег» панеслi фiзiчныя страты ў часы вайны. Герой першай стужкi — гродзенскi шавец — згубiў абедзве нагi. У цэнтры другога фільма — лёс Васіля Дзятлава, які ў пяцігадовым узросце быў вязнем Азарыцкага канцлагера. На экране разгортвалiся гiсторыi з рысамi сапраўднай трагедыі, пра што казалі і кінакрытыкі: «Толькі параметры гэтага “высокага” жанру мастацтва напоўнены жывой плоццю і крывёю роздумаў і пачуццяў рэальнага чалавека, што жыве побач з намі». Аўтарскі погляд на канкрэтныя чалавечыя лёсы раскрыўся праз выяўленчы, пластычны строй фільма. У стужках было дасягнута спалучэнне вобразнага пачатку, драматургіі «падгледжанага жыцця» і беражлівага, далікатнага аўтарскага стаўлення да сваiх герояў, калі на аснове канкрэтнай біяграфіі, лёсу ўздымаюцца да стварэння абагульненага вобраза. У агульным сэнсе гэтыя фiльмы Карпава сталi мастацкай спробай упiсаць лёс «маленькага чалавека» ў беларускiм дакументальным кiнематографе ў кантэкст адной з трагiчных падзей мiнулага стагоддзя.

Галіна ШУР

Загаловак у газеце: Узровень праўды

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.