Вы тут

Уладзімір Цвірка. Беніца


Збягаючы з невялікага пагорка, дарога, здаецца, вось-вось сутыкнецца з касцёлам і раптоўна скончыцца пад самымі яго сценамі. Але не. Яна гарэзліва віляе трошачкі ўбок і, прыцішыўшыся, бяжыць паміж вясковых хатак, якія гасцінна вітаюць мяне сваімі невялічкімі квяцістымі ўтульнымі дворыкамі, што з усіх бакоў абступаюць старэнькія сады, лапікі агародаў, уздоўж якіх цягнуцца нізенькія хлявы і хлеўчыкі.


Касцёл як быццам збочвае на некалькі крокаў направа і прыпыняецца над вершалінамі стагадовых дрэў. Толькі яго купалы ўзвышаюцца яшчэ вышэй і цалуюцца з шараватымі аблокамі, якія прабягаюць зусім невысока і робяць неба, здаецца, яшчэ больш блакітным, яшчэ больш бязмежным.

Збочыўшы, прыпыняюся і ад машыны здалёк імкнуся вачыма ахапіць усю веліч, усю магутнасць і прыгажосць святыні, якая знаходзіцца ў вёсцы Беніца Маладзечанскага раёна.

Але адыдзем на некалькі стагоддзяў назад і пачнём наш аповед, напрыклад, з таго, што Беніца лічыцца адным з найстаражытнейшых паселішчаў гэтых мясцін і з пачатку XV стагоддзя адносілася да Маркоўскай воласці Віленскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Праз нейкі час, а менавіта з пачатку XVI стагоддзя, гэта ўжо вялікае сяло, якім валодаюць такія знакамітыя шляхецкія роды, як Вастравухі, Валовічы, Коцелы, затым Швыкоўскія.

У 1701 годзе на сродкі Міхаіла Казіміра Коцела быў пабудаваны цагляны кляштар бернардынцаў у стылі барока, а побач — велічны Троіцкі касцёл. Пры кляштары адзін час працавала школа, дзейнічала бібліятэка. У 1851 годзе тагачасныя ўлады загадалі кляштар закрыць, а пасля паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага ў 1863 — 1864 гадах Троіцкі касцёл перарабілі пад праваслаўную царкву. Толькі ў 1991 годзе храм вярнулі каталікам. Пад скляпеннямі гэтай велічнай святыні знаходзіліся пахаванні Коцелаў і Швыкоўскіх. Цікава, што менавіта ў гэтым касцёле быў пахаваны фундатар будоўлі святыні, генерал-маёр, актыўны ўдзельнік паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі Міхаіл Казімір Коцел (1767 — 1813 гг.).

З сярэдзіны XVIII стагоддзя ў Беніцы распачынаецца маштабная будоўля — узводзіцца прыгожы палац Коцелаў і Швыкоўскіх. Закладваюцца пейзажны парк, фруктовыя сады, мноства сажалак і каналаў, гаспадарчыя пабудовы.

Палац будавалі па праекце знакамітага італьянскага архітэктара Карла Спампані. У 1812 годзе тут на некалькі дзён спыняўся Напалеон. Пасля гаспадары сядзібы абсталявалі ў гонар імператара адзін з пакояў палаца.

З сярэдзіны ХІХ стагоддзя Беніца — мястэчка і цэнтр воласці ў Ашмянскім павеце. Можна толькі ўявіць, колькі тут было нашых знакамітасцей. Завітвалі сюды і Міхал Клеафас Агінскі, Тамаш Зан, Станіслаў Манюшка, Вікенцій Дмахоўскі, Уладзімір Сыракомля. Бываў тут і Францішак Багушэвіч. Напалеон Орда маляваў беніцкі палац.

У агні Першай сусветнай вайны зніклі шматлікія пабудовы сядзібы. Няма сёння палаца. Захаваўся толькі каменны свіран. Акрамя Троіцкага касцёла ў Беніцы можна ўбачыць Пакроўскую царкву, пабудаваную з камення ў 1886 годзе. Стаіць яшчэ моцны цагляны жылы дом, узведзены ў 1896 годзе. На могілках захавалася капліца-пахавальня ў руінах (ХІХ ст.). Гэта ўсё.

Вяртаючыся з вёскі, зноў жа, прыпыніўся каля Троіцкага касцёла. Сапраўды, нельга вось так праехаць ды не паглядзець яшчэ раз на гэты ўнікальны ахітэктурны помнік нашай агульнай спадчыны. Рэстаўрацыя, дзякуй богу, ідзе. Не так хутка, як хацелася б, але рамантуецца дах, тынкуюцца сцены, добраўпарадкоўваецца тэрыторыя вакол святыні. Асобна трэба сказаць пра мураваную агароджу касцёла. Першапачаткова яна ахоплівала сабой і зруйнаваны будынак кляштара, і сам храм. Сёння захавалася толькі яе невялікая частка побач з храмам і брама ў стылі барока на чатырох слупах з фігурным франтонам. Без перабольшвання, яе ўзрост, стыль, у якім яна першапачаткова была створана, даюць падставу для таго, каб рэстаўратары і будаўнікі звярнулі ўвагу і на гэты архітэктурны помнік, тым больш што агароджа ды сама брама цяпер у вельмі дрэнным стане, і неабходна правесці хаця б іх кансервацыю.

Развітваемся з былым мястэчкам Беніца, з яго архітэктурнымі помнікамі, прыветнымі і гасціннымі жыхарамі, якія з прыемнасцю частавалі мяне садавіной і гароднінай, смачнай вадой з калодзежа і шчыра дзяліліся цікавымі гісторыямі і легендамі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».