26 Верасень, серада

Вы тут

Што чакае Востраў свабоды?


Куба ўступіла ў новую эру: упершыню амаль за 60 гадоў на чале першай у Заходнім паўшар'і сацыялістычнай дзяржавы стаў чалавек, які не носіць прозвішча Кастра. На мінулым тыдні на пасяджэнні Нацыянальнай асамблеі народнай улады новага склікання старшынёй Дзяржсавета быў абраны Мігель Дыяс-Канель, якому днямі споўнілася 58 гадоў. За яго прагаласавалі 603 з 604 дэпутатаў аднапалатнага парламента. Паводле кубінскай канстытуцыі, старшыня Дзяржсавета з'яўляецца кіраўніком дзяржавы і ўрада. З 2013 года Дыяс-Канель займаў пасаду першага намесніка старшыні Дзяржсавета і Савета Міністраў, гэта значыць быў другой асобай у кубінскай уладнай іерархіі. У тым, што менавіта ён стане пераемнікам 86-гадовага Рауля Кастра, сумненняў практычна не было. Выступаючы перад парламентарыямі, Кастра адзначыў, што з абраннем Дыяс-Канеля кубінцы «папалі ў самую кропку». «Няма ніякага сумневу ў тым, што Дыяс-Канель — дзякуючы сваім асабістым якасцям, досведу і працавітасці — будзе мець абсалютны поспех на даверанай яму пасадзе», — падкрэсліў Кастра. Якія змены чакаюць Востраў свабоды?


«Бітлы» і кар'ера

Мігель Марыа Дыяс-Канель Бермудас, якога парламент Кубы абраў на пасаду кіраўніка Савета Міністраў і Дзяржсавета краіны, раней не быў публічнай персонай і не заяўляў пра свае прэзідэнцкія амбіцыі. Першыя чуткі пра тое, што Дыяс-Канель можа стаць пераемнікам Рауля Кастра, які ўзначальваў Кубу апошнія 12 гадоў, пачалі цыркуляваць яшчэ ў 2013-м, калі ён быў прызначаны першым намеснікам старшыні дзяржсавета Кубы. Неўзабаве пасля гэтага яго пачалі называць правай рукой Кастра.

Наваспечаны кубінскі лідар нарадзіўся ў красавіку 1960-га, амаль праз год пасля таго, як Фідэль Кастра ўзначаліў Савет Міністраў Кубы. Ён вучыўся на інжынера-электроншчыка і пачаў сваю палітычную кар'еру ў якасці члена Саюза маладых камуністаў у Санта-Клары — горадзе, у якім адбылася фінальная бітва кубінскай рэвалюцыі і дзе сёння стаіць маўзалей Чэ Гевары. Малады Дыяс-Канель выкладаў інжынерную справу ў мясцовым інстытуце і паралельна будаваў кар'еру ў Саюзе маладых камуністаў. У 33 гады ён становіцца яго другім сакратаром. Дыяс-Канеля лічаць больш даступным і адкрытым лідарам, чым братоў Кастра, заўважае ВВС. Ён адыгрываў важную ролю ў кампартыі ў сваёй роднай правінцыі Вілья-Клара, якая лічылася больш свабоднай і ліберальнай, чым іншыя рэгіёны краіны. Напрыклад, там праходзілі рок-канцэрты, якія былі забароненыя ў іншых месцах. У маладосці новы кіраўнік дзяржавы насіў доўгія валасы і адкрыта захапляўся Thе Bеаtlеs, нягледзячы на тое, што ў першыя дзесяцігоддзі пасля рэвалюцыі творчасць «ліверпульскай чацвёркі» лічылася на Кубе чымсьці накшталт «ідэалагічнай дыверсіі».

Аднак захапленні маладосці ніколькі не перашкаджалі прасоўванню палітычнай кар'еры. З правінцыйнага партыйнага ўзроўню новы кубінскі лідар паступова дарос да Палітбюро Камуністычнай партыі Кубы, куды ён быў прыняты ў 2003 годзе. У 2009-м Дыяс-Канель займае пасаду міністра вышэйшай адукацыі, а яшчэ праз чатыры гады становіцца першым намеснікам старшыні Дзяржсавета Кубы. Рауль Кастра хваліў Дыяс-Канеля за яго стабільны палітычны рост і «ідэалагічную цвёрдасць». Таксама Кастра адзначаў, што яго будучы пераемнік не з'яўляецца выскачкай у кубінскай палітыцы.

У Дыяса-Канеля ёсць два сыны ад першага шлюбу. Зараз ён жанаты на Ліс Куэста, універсітэцкай выкладчыцы і супрацоўніцы турыстычнага агенцтва Раrаdіsо.

У адрозненне ад братоў Кастра, якія часта з'яўляліся на публіцы ў вайсковай форме, новага кубінскага лідара звычайна можна ўбачыць у гуаяберы — простай ільняной кашулі з кароткімі рукавамі.

Такім чынам, Дыяс-Канель з юных гадоў з'яўляецца часткай кубінскай палітычнай сістэмы і мае вялікі досвед працы на розных пасадах. Аднак ён не карыстаецца ў кубінскім грамадстве такім беспярэчным аўтарытэтам, як «ветэраны рэвалюцыі», у першую чаргу Рауль Кастра. На думку экспертаў, заваяваць гэты аўтарытэт ён зможа толькі шляхам прыняцця мер для паляпшэння сітуацыі ў эканоміцы краіны.

«Палітычная будучыня пераемніка Рауля Кастра будзе залежаць ад таго, як ён праявіць сябе на эканамічнай ніве», — адзначае колішні першы намеснік міністра замежных спраў Кубы Хасэ Рауль Віера Лінарэс. У гутарках з карэспандэнтам ТАСС многія кубінцы называлі Дыяса-Канеля эфектыўным менеджарам і прагматыкам, а таксама адзначалі яго блізкасць да народа. «Калі Мігель у цяжкія для нашай краіны 1990-я гады працаваў у Санта-Клары, ён ездзіў па горадзе не на ўрадавым аўтамабілі, а на веласіпедзе, і заўсёды імкнуўся быць там, дзе ён сапраўды патрэбны», — расказала пажылая жыхарка Гаваны.

Сацыялізм або смерць!

Рауль Кастра мае намер неўзабаве пераехаць з Гаваны на ўсход вострава — у Сант'яга-дэ-Куба, адміністрацыйны цэнтр аднайменнай правінцыі, ад якой ён быў абраны дэпутатам Нацыянальнай асамблеі. У гэтым горадзе на могілках Санта-Іфігенія знаходзіцца магіла яго старэйшага брата, лідара кубінскай рэвалюцыі Фідэля Кастра, які памёр 25 лістапада 2016-га ва ўзросце 90 гадоў. Урна з прахам камандантэ замуравана ў гіганцкім гранітным камені, на якім замацавана мармуровая шыльда з адзіным словам «Фідэль».

Пры гэтым з вялікай палітыкі Рауль Кастра пакуль не сыходзіць. Яшчэ летась у снежні ён абвясціў, што пакіне пасаду старшыні Дзяржсавета і Савета Міністраў, якую займае з 2008-га, але застанецца на чале Кампартыі — адзінай легальнай палітычнай арганізацыі на Кубе — як мінімум да яе наступнага з'езда ў 2021-м. «Рауль Кастра па-ранейшаму будзе карыстацца велізарным уплывам пры прыняцці найважнейшых палітычных рашэнняў», — заўважыў ВВС прафесар Амерыканскага ўніверсітэта ў Вашынгтоне, эксперт па Кубе Уільям Леаграндэ.

Дыяс-Канель у сваім першым выступленні ў якасці кіраўніка дзяржавы паабяцаў заставацца верным спадчыне Фідэля і Рауля Кастра. «Я прымаю на сябе адказнасць, якую вы мне даверылі, і перакананы ў тым, што ўсе кубінцы будуць верныя спадчыне гістарычнага лідара кубінскай рэвалюцыі Фідэля Кастра і прыкладу Рауля Кастра, — сказаў ён. — Відавочна, што толькі Кампартыя гарантуе адзінства нашага народа. Рауль будзе прымаць удзел у рашэннях, найбольш важных для сучаснасці і будучыні краіны». Рауль Кастра, у сваю чаргу, адзначыў, што менавіта Дыяс-Канель пасля 2021 года зможа ўзначаліць Кампартыю.

Новы кіраўнік дзяржавы заявіў, што мае намер працягваць курс на актуалізацыю сацыяльна-эканамічнай мадэлі развіцця краіны. Гэтыя рэформы, пачатыя Раулем Кастра ў 2010 годзе, прадугледжваюць пашырэнне прыватнага сектара эканомікі і прыцягненне замежных інвестыцый пры захаванні сацыялістычнага характару грамадскага ладу і кіраўнічай ролі Кампартыі. «Для тых, хто хоча вяртання да капіталізму, месца не будзе, — падкрэсліў Дыяс-Канель. — Сацыялізм або смерць! Мы пераможам!»

Новыя перспектывы

Новы кубінскі лідар заявіў, што знешняя палітыка астраўной дзяржавы не зменіцца, нягледзячы на тое, што ў сучасным свеце становіцца ўсё больш пагроз міжнароднаму міру і бяспецы. «Куба не адмовіцца ад свайго суверэнітэту і незалежнасці, не будзе абмяркоўваць свае прынцыпы і не пойдзе на саступкі пад ціскам і пагрозамі. Але мы заўсёды будзем гатовыя весці дыялог», — сказаў Дыяс-Канель. Рауль Кастра, у сваю чаргу, папракнуў ЗША ў вяртанні да «неакаланіяльнай палітыкі» ў дачыненні да Кубы пасля таго, як у студзені 2017 года новым кіраўніком Белага дома стаў Дональд Трамп. «Прыход Трампа прывёў да развароту ў адносінах, якія характарызуюцца агрэсіўным і пагрозлівым тонам», — падкрэсліў ён.

Нягледзячы на ініцыятывы Барака Абамы, які пабываў у сакавіку 2016 года на Кубе з візітам, Вашынгтон па-ранейшаму не адмяняе эканамічнае эмбарга, уведзенае ў 1961-м. Адносіны паміж ЗША і Кубай абвастрыліся пасля скандалу вакол амерыканскага пасольства ў Гаване, 24 супрацоўнікі якога былі эвакуіраваны з сімптомамі акустычнай паразы нервовай сістэмы. І ўсё ж, як лічаць у навуковым фондзе вашынгтонскага бюро па Лацінскай Амерыцы, адыход Кастра ад дзяржаўнага кіравання можа тэарэтычна адкрыць новыя перспектывы для дыялогу з ЗША. «З-за геаграфічнай блізкасці, падабенства рызык і небяспек Злучаныя Штаты павінны захоўваць і паглыбляць супрацоўніцтва з Кубай. Калі гэтага не адбудзецца, то нацыянальныя інтарэсы ЗША апынуцца пад пагрозай, а дасягнуты прагрэс у важных сферах агульных інтарэсаў будзе пастаўлены пад пытанне», — гаворыцца ў заяве фонду.

Супрацоўнік Цэнтра палітычных даследаванняў Інстытута Лацінскай Амерыкі РАН Эдуард Белы ў размове з «Коммерсантом» адзначыў: «Палітыка Трампа досыць эксцэнтрычная, але гэта палітыка бізнесмена, які перш за ўсё вымярае ўсё грашыма». Эксперт мяркуе, што прэзідэнт ЗША цалкам можа зацікавіцца выгаднымі з эканамічнага пункту гледжання праектамі на Кубе. Дарэчы, за год знаходжання Дональда Трампа ва ўладзе тавараабарот паміж ЗША і Кубай павялічыўся на 15,4 % і склаў $283 млн.

Без рэзкіх крокаў

Рауль Кастра абвясціў, што кубінскія ўлады ў найбліжэйшы час зоймуцца распрацоўкай новай канстытуцыі краіны. Такі крок неабходны для таго, каб асноўны закон, цяперашні варыянт якога быў прыняты ў 1976 годзе, адпавядаў патрабаванням часу. «На ліпеньскім пасяджэнні Нацыянальнай асамблеі будзе прапанавана стварыць дэпутацкую камісію, якая зоймецца распрацоўкай і прадстаўленнем праекта новай канстытуцыі Кубы, якую неабходна абмеркаваць з насельніцтвам і вынесці на рэферэндум», — сказаў Кастра.

Ён таксама адзначыў, што адной з прыярытэтных эканамічных задач, якія давядзецца вырашаць новаму кубінскаму ўраду, з'яўляецца валютная ўніфікацыя. Пра неабходнасць гэтай рэформы гаворыцца ўжо больш за дзесяць гадоў. Цяпер на востраве адначасова выкарыстоўваюцца дзве валюты — нацыянальны, а таксама канвертаваны песа. Бівалютная сістэма ўведзена на Кубе ў 1994 годзе і афіцыйна лічыцца адной з асноўных перашкод для развіцця краіны і прыцягнення замежных інвестыцый.

Па факце Куба ўжо даўно ўяўляе сабой постіндустрыяльнае грамадства. 72 % насельніцтва занята ў сэрвісных паслугах, тут жа ствараецца амаль 3/4 ВУП. Дзяржава магла б узяць прыклад з В'етнама і пачаць інтэнсіўна развіваць сэрвісную эканоміку — пляжы і клімат вострава ў Карыбскім моры ствараюць усе ўмовы для прыцягнення турыстаў. Тым больш што на Кубе апошнім часам сапраўдны турыстычны бум. Летась тут пабывалі 4,7 млн замежных турыстаў, у тым ліку 1,1 млн амерыканцаў, што амаль утрая больш, чым у 2016 годзе. Чакаецца, што сёлета інтурыстаў будзе да 5 млн — найбуйнейшыя амерыканскія авіякампаніі плануюць павелічэнне колькасці рэйсаў на карыбскі востраў. У турыстычную галіну паступаюць асноўныя замежныя інвестыцыі, у тым ліку з Іспаніі, Францыі, Канады, Кітая, Германіі.

Пакуль незразумела, якую канкрэтна праграму будзе рэалізоўваць Дыяс-Канель і наколькі радыкальныя ён будзе праводзіць рэформы. Аднак большасць экспертаў сыходзіцца ў меркаванні, што падстаў чакаць ад яго нейкіх рэзкіх крокаў, прынамсі ў найбліжэйшы час, няма. Як відаць, новы кіраўнік дзяржавы будзе працягваць распачатую Раулем Кастра палітыку «актуалізацыі» сацыяльна-эканамічнай мадэлі развіцця краіны, якая прадугледжвае ў першую чаргу пашырэнне прыватнага сектара эканомікі пры захаванні сацыялістычнага характару грамадства і кіраўнічай ролі Кампартыі.

Як заўважаюць эксперты, лібералам новага кіраўніка дзяржавы не назавеш. Напрыклад, летась ён выступіў з жорсткай заявай у адрас Злучаных Штатаў. Апошнія падзеі ў рэгіёне даказваюць вернасць слоў Чэ Гевары пра тое, што «ніколі не варта верыць імперыялізму — ні на вось столечкі, ні ў чым», сказаў тады Дыяс-Канель, маючы на ўвазе ціск ЗША на Венесуэлу і рашэнне прэзідэнта Дональда Трампа павярнуць назад нармалізацыю адносін з суседнім востравам, распачатую Баракам Абамам.

Захар БУРАК

Загаловак у газеце: Куба змяніла прозвішча

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Уладзімір Андрэйчанка расказаў пра найбольш значныя законапраекты

Уладзімір Андрэйчанка расказаў пра найбольш значныя законапраекты

 «Толькі агульнымі намаганнямі мы зможам супрацьстаяць няпростым выклікам часу».

Грамадства

Як у Беларусі абясшкоджваюць боепрыпасы

Як у Беларусі абясшкоджваюць боепрыпасы

​Колішняя Беларуская ваенная акруга лічылася адной з самых магутных у СССР.

Грамадства

Шчырая размова з вядомым педагогам пра бацькоўскія сумненні і страхі

Шчырая размова з вядомым педагогам пра бацькоўскія сумненні і страхі

«Калі ў вас адкрыўся рот, каб накрычаць на дзіця, спыніцеся хоць на секунду…» 

Грамадства

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Чым здзівіў сёлета «Кліч Палесся»

Этнафэст стаў вядомым далёка за межамі Беларусі.