Вы тут

Як у Беларусі змагаюцца з продажам кантрафактнага алкаголю?


За апошнія гады аб'ёмы паставак нелегальнага спіртнога ў нашу краіну павялічыліся. Значная частка прыпадае на спіртазмяшчальную вадкасць, увезеную з Расіі. Як правіла, перавозяць такія «напоі» ў пяцілітровых каністрах, а пра іх прызначэнне і вытворцу можна толькі здагадвацца — ніякай інфармацыі на этыкетках у такой прадукцыі, вядома ж, няма. Але падмануць можа часам і цалкам прывабная ўпакоўка: «прадпрымальныя» вытворцы нярэдка спрабуюць падрабляць і элітны алкаголь.


Як расказаў часова выконваючы абавязкі па пасадзе намесніка начальніка ўпраўлення галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі крымінальнай міліцыі МУС падпалкоўнік міліцыі Аляксандр ПАГОСКІ, вырабленая саматужным спосабам гарэлка пры аптовай куплі ў Расіі ў пяць разоў таннейшая за арыгінал. Зразумела, што пра паняцці якасці ў гэтым выпадку не можа ісці і гаворкі. Так што акрамя пагаршэння эканамічнай сітуацыі ценявы рынак цягне за сабой яшчэ больш значную праблему — рызыку для здароўя, а часам і жыцця пакупнікоў.

Часцей за ўсё падрабляюць па-ранейшаму гарэлку, але гэта не значыць, што, купляючы іншы алкаголь у сумнеўных прадаўцоў, вы можаце адчуваць сябе ў бяспецы. Падробленыя каньяк, віскі, шампанскае, упрыгожаныя этыкеткамі вядомых брэндаў, цалкам могуць трапіць да вас у рукі. Таму першы спосаб засцерагчы сябе ад іх з'яўлення на святочным стале — рабіць пакупкі толькі ў крамах рознічнай сеткі. На шчасце, за апошнія гады выпадкаў пападання на прылаўкі фальсіфікаванага алкаголю зарэгістравана не было.

Аляксандр Пагоскі таксама адзначыў, што ў Беларусі адсутнічае нелегальная вытворчасць моцных напояў. Мясцовыя псеўдабізнесмены абмяжоўваюцца разліццём сурагату па тары. Каб змагацца з гэтай праблемай эфектыўна, беларускія праваахоўнікі цесна супрацоўнічаюць з расійскімі калегамі. Зараз вядзецца работа па ўдасканаленні заканадаўчай базы. Разглядаецца варыянт увядзення крымінальнай адказнасці за вытворчасць, збыт і ўвоз у краіну кантрафактнага і фальсіфікаванага этылавага спірту, а таксама вадкасцяў, што змяшчаюць спірт, ужыванне якіх па неасцярожнасці пацягнула смерць. На думку падпалкоўніка міліцыі, гэта можа стаць дзейсным спосабам барацьбы з небяспечным промыслам.

Зразумела, дадзеная праблема патрабуе комплекснага падыходу. Супрацоўнікі МУС працуюць у звязцы з прадстаўнікамі Дзяржаўнага мытнага камітэта, Міністэрства па падатках і зборах, сферы аховы здароўя.

Як правіла, вытворцы незаконна ўвезеных у нашу краіну спіртазмяшчальных напояў не маюць ліцэнзій на ажыццяўленне гэтай дзейнасці або вырабленая імі прадукцыя не заяўлена ў адпаведных рэестрах. На гэтым акцэнтавала ўвагу намеснік начальніка ўпраўлення кантролю падакцызных тавараў МПЗ Ларыса БОЛТАЧ.

Загадчык Рэспубліканскага цэнтра наркалагічнага маніторынгу і прэвенталогіі РНПЦ псіхічнага здароўя Аляксей КРАЛЬКО адзначыў, што смяротнасць ад выпадковага атручэння спіртнымі напоямі з 2011 года зніжаецца. Калі ў той перыяд на душу насельніцтва прыходзілася каля трох літраў няўлічанага дзяржавай спіртнога, то сёння гэты паказчык скараціўся ў два разы. Дарэчы, да нелегальнага алкаголю эксперты адносяць у тым ліку прадукцыю хатняга вінаробства і самагонаварэння.

Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: Кактэйль «Падробка»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?