Вы тут

Самыя незвычайныя паштовыя аддзяленні


Плацежна-даведачны тэрмінал, утульныя канапы, некалькі аперацыйных вокнаў... Прыкладна так выглядае стандартнае беларускае аддзяленне сувязі. Але не ўсе паштовыя аб'екты ў свеце маюць касавыя апараты і залу чакання. Пра самыя незвычайныя з іх — у нашай падборцы.


Без паштальёна

Такое аддзяленне знаходзіцца на востраве Фларыяна (Галапагоскія астравы). Калі вы ўявілі суперсучасную пошту, дзе ўсе аперацыі выконвае робат, то спяшаемся вас расчараваць. Справа зусім не ў гэтым. Незвычайнае аддзяленне — гэта драўляная бочка, а яго гісторыя пачалася яшчэ ў ХVІІІ стагоддзі. Маракі кітабойных суднаў спыняліся на востраве, каб папоўніць запасы правізіі і заадно пакінуць ліст для сваіх родных. А тыя, хто вяртаўся з рэйду, забіралі карэспандэнцыю. Традыцыя захавалася і сёння, толькі замест маракоў пасланні ў бочку складаюць турысты. А ўзамен бяруць некалькі лістоў, каб даставіць да адрасата (ну ці да найбліжэйшай скрыні, якая абслугоўваецца паштальёнам).

У гарах

На Эверэсце, на вышыні 5300 метраў над узроўнем мора, стаіць самая высакагорная пошта ў свеце. Філіял стварылі ў 2008 годзе, але з-за суровага надвор'я ён адкрыты толькі з красавіка да жніўня.

У Антарктыдзе

Самае паўднёвае паштовае аддзяленне ў свеце змясцілася ў порце Лакрой (востраў Гудзье). Да ўзбярэжжа Чылі і Аргенціны адсюль больш за 1100 кіламетраў. Штогод праз гэту пошту праходзіць 70 тысяч пісьмаў для сотні краін. Звычайныя лісты з гэтага аддзялення могуць ісці да адрасата да шасці тыдняў. З порта прапануюць адправіць паштоўку з брытанскай Антарктычнай пячаткай. Каб стаць палярным паштальёнам, давядзецца вытрымаць сур'ёзную канкурэнцыю. Вакансій усяго чатыры, але штогод на іх дасылаецца каля ста рэзюмэ. Служба цягнецца з лістапада па сакавік.

Чароўнае

За восем кіламетраў ад сталіцы Лапландыі Раваніемі знаходзіцца галоўнае паштовае аддзяленне Санта-Клауса. Там працуе каманда «эльфаў», якія ведаюць некалькі моў. Штогод дзядуля атрымлівае ад дзяцей 600 тысяч лістоў! Наведвальнікі аддзялення могуць заказаць унікальны ліст ад Санты, які даставяць ім акурат на Каляды.

Пад вадой

Такіх аддзяленняў у свеце некалькі. Адно з іх — у Ціхім акіяне, побач з астравамі Вануату. Яго адкрылі ў 2003 годзе, каб прыцягнуць турыстаў, якія захапляюцца дайвінгам. Каб адправіць адтуль паштоўку (непрамакальную, зробленую з пластыку), давядзецца спусціцца на глыбіню трох метраў. Маркі тут таксама непрамакальныя. Паштоўкі пагашаюцца пад вадой спецыяльным цісненнем з дапамогай ручнога станка. Філіял на дне акіяна адкрыты штодзень, у яго штаце працуюць чатыры аквалангісты.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».