20 Верасень, чацвер

Вы тут

Як школьны кінаклуб спрыяе развіццю крытычнага мыслення?


«Кіно — гэта невытлумачальная або невырашальная загадка. Я яе прыдумляю, а публіка вольная разгадваць так, як пажадае». Гэтыя словы належаць знакамітаму японскаму рэжысёру, акцёру, сцэнарысту, паэту і мастаку Такешы Кітана. А французскі кінасцэнарыст і кінарэжысёр Рэнэ Клер назваў кінематограф «небяспечнай вынаходкай, яго вар'яцкімі стужкамі можна апаясаць усю Зямлю, і варта толькі паднесці запалку...» Дык усё ж кіно — гэта дабро ці зло?


Кадр з фільма "Бен Ікс"

Па-за рамкамі ўрока

Настаўнік гісторыі і грамадазнаўства з бабруйскай гімназіі № 3 Іван ПЯСЕНКА ўпэўнены, што кіно — універсальная мова нашага часу і выдатны выхаваўчы рэсурс. Улічваючы, што цяперашняе пакаленне школьнікаў належыць да экраннага тыпу культуры (пакаленне Z — візуалы) і інтэрнэт і тэлебачанне яно ставіць вышэй за кнігу, проста недаравальна такі рэсурс не выкарыстоўваць. На фестывалі педагагічных ідэй «Медыяадукацыя ў сучаснай школе: вопыт, праблемы, перспектывы» педагог падзяліўся сваім досведам з калегамі па стварэнні ў школе Кінаклуба сацыяльнага кіно.

— Сучасная экранная творчасць прадстаўлена мноствам феноменаў, перш за усё гэта кінематограф, відэа, тэлебачанне і камп'ютарныя тэхналогіі. Малады чалавек, які ўжо вырас унутры экраннай культуры, кантактуе са знешнім светам (атрымлівае інфармацыю, сацыялізуецца і гэтак далей) пераважна праз іх. Да таго ж кліпавае мысленне, уласцівае новаму пакаленню, прывядзе маладых людзей, хутчэй, не ў карцінную галерэю, а ў кінатэатр ці да экрана манітора, — разважае педагог. — Аднак сучасная кінаіндустрыя арыентаваная пераважна на забаўленне аўдыторыі, і яе адукацыйныя і выхаваўчыя мэты аказваюцца мала запатрабаваныя масавым гледачом. У пэўнай ступені змяніць дадзеную сітуацыю можа кінаклуб як складовая частка медыяадукацыі.

Ідэя яго стварэння даўно была ў маіх планах. Але, як часта бывае, ад з'яўлення ідэі да яе рэалізацыі могуць прайсці доўгія гады. Чаму я вырашыў стварыць кінаклуб? Для гэтага было некалькі перадумоў. Па-першае, я сам люблю кіно і перагледзеў ужо досыць шмат фільмаў, валодаю вопытам, які магу і хачу перадаць іншым. Па-другое, мне ў нейкай ступені крыўдна за сучасных дзяцей — ахвяр масавай культуры. Цяжка ўявіць, што яны глядзяць. У цяперашняй разнастайнасці кінафільмаў вельмі праблематычна спыніцца на чымсьці насамрэч важным і каштоўным — трэба ўмець гэта знайсці. Мне ж хацелася паказаць сваім вучням добрыя фільмы, класіку кінематографа, фестывальныя стужкі... Але ў рамках традыцыйнай класна-ўрочнай сістэмы гэта зрабіць амаль немагчыма. Наш урок абмежаваны 45 хвілінамі, таму ў рамках заняткаў можна паглядзець толькі кароткі відэафрагмент. У сувязі з гэтым мне часта даводзілася проста раіць паглядзець дадаткова да ўрока той ці іншы фільм. Па-трэцяе, я сам у свой час наведваў кінаклуб у маёй «альма матэр» — ліцэі № 1 Магілёва. А вырашальным фактарам стварэння кінаклуба стала медыяшкола ва Украіне «Роля медыяадукацыі ў сучаснай школе», якую мне пашчасціла наведаць у жніўні 2014-га. Сумесная праца з беларускімі і ўкраінскімі калегамі мяне натхніла. Запусціць кінаклуб удалося ў кастрычніку 2014 года.

«Пасланне» гледачу

— Для сябе я абраў два галоўныя правілы: дзве сустрэчы ў месяц і прагляд фільмаў на пэўную тэматыку. Кінаклуб — гэта сістэма, а не аднаразовае мерапрыемства. Хацеў паказаць, перш за ўсё тыя фільмы, якія калісьці паўплывалі на мяне. Выбар быў цалкам маёй ініцыятывай, — прызнаецца Іван Пясенка, — а тэматыку клуба я вызначыў як сацыяльна-прававую. У дадзеным выпадку гэта дазволіла разглядаць самы розны спектр праблем: ад узаемаадносін у грамадстве і ролі педагога ў сучаснай школе да паняцця «патрыятызм». Многія калегі скептычна паставіліся да маёй ідэі, паколькі праект — працаёмкі і затратны па часе. Аднак неўзабаве яны пераканаліся, што навучэнцы з вялікай цікавасцю ўспрынялі стварэнне клуба, яны добра адгукаліся на падрыхтоўку заданняў і праектаў, у тым ліку і калектыўных. Больш таго, кінаклуб працягваюць наведваць і мае выпускнікі: калі яны прыходзяць, значыць, ім тут было цікава?

Для тых, хто вырашыцца на стварэнне кінаклуба, Іван Пясенка даў наступныя парады. Па-першае, вызначыцеся з мэтамі (вы хочаце пашырыць тэму, узнятую на ўроку, прыцягнуць увагу дзяцей да сацыяльных праблем, навучыць мове кіно ці штосьці іншае?) і тэматыкай свайго кінаклуба. Проста паказваць фільмы ці навінкі Галівуда няма ніякага сэнсу. Для кожнай установы адукацыі можна выбраць унікальную тэматыку ці акрэсліць пэўны дыяпазон праблем. З пункту гледжання медыяадукацыі любы фільм з'яўляецца медыятэкстам, своеасаблівым «пасланнем» гледачу, але і настаўнік, які вядзе кінаклуб, павінен быць медыяадукаваным.

Знайдзіце сваю аўдыторыю, бо немагчыма глядзець фільм адначасова з дзецьмі 5 і 11 класаў. Хоць прыйсці ў кінаклуб могуць усе, калі не ўстаноўлены ўзроставы цэнз на прагляд той ці іншай кінакарціны. Не трэба баяцца ісці на эксперыменты: на пасяджэнні кінаклуба можна запрашаць экспертаў, напрыклад, прадстаўнікоў царквы, юрыстаў, супрацоўнікаў МУС, псіхолагаў.

Дыялог пакаленняў

Вельмі важна падрыхтаваць ключавыя пытанні для прагляду фільма. «Трэба памятаць, што кінаклуб не павінен ператварыцца ў кінатэатр.Таму неабходна падрыхтаваць гледача яшчэ да паказу, — тлумачыць педагог. — Увогуле кожнае пасяджэнне складаецца з трох частак. Спачатку я прадстаўляю сам кінафільм, акрэсліваю праблему, стаўлю ключавое пытанне. Затым ідзе калектыўнае чытанне медыятэксту (прагляд кінастужкі) і потым яго абмеркаванне, падвядзенне вынікаў заняткаў. Ад таго, як будзе сфармулявана ключавое пытанне, залежыць, ці зможа яно правільна настроіць дзяцей на прагляд».

Іван Пясенка прывёў некалькі прыкладаў ключавых пытанняў, якія ён выкарыстоўваў на сваіх занятках у кінаклубе: для фільма «Жыццё цудоўнае» — «Ці можна застацца чалавекам на вайне?», для фільма «Апантанасць» — «Настаўнік можа быць дэспатам?», «7 жыццяў» — «На што вы гатовыя дзеля іншых людзей?», «Бен Ікс» — «Ці цяжка быць не такім, як усе?», «Адмарозкі» — «Ці цяжка быць хуліганам?», «Мяне завуць Кхан» — «Як выглядае тэрарыст?» і гэтак далей.

Часта бывае, што фільм так моцна чапляе, што абмеркаванне на пасяджэнні кінаклуба займае больш часу, чым сам прагляд. Кіраўнік кінаклуба павінен працаваць з аўдыторыяй, правакаваць, быць своеасаблівым ментарам у дыскусіі. Пры гэтым важна не навязваць свой пункт гледжання, а даваць выказацца кожнаму ўдзельніку. Увогуле, меркаванне педагога і дзяцей можа і не супасці. Абмеркаванне фільма — не проста інтэлектуальная «задачка», а яшчэ і спроба зазірнуць разам з рэжысёрам туды, адкуль прыходзіць кіно.

«Паверце майму вопыту: нават калі вы на сто працэнтаў загадзя ўсё сплануеце, ніколі ўсё па вашым плане не атрымаецца, — папярэджвае педагог. — Асабліва цяжка прадбачыць ход дыскусіі. Часам яна зусім не складваецца, а здараецца, што дзяцей цяжка спыніць. Напрыклад, пасля прагляду фільма «Бен Ікс» (Ben-X) у аўдыторыі проста ўсталявалася цішыня, хтосьці заплакаў. Стужка закранае праблему сацыяльнай адаптацыі ці, хутчэй, дэзадаптацыі людзей з сіндромам Аспергера. Галоўны герой навучаецца ў інтэграваным класе. І не ўсе гатовыя да такога суседства, падлеткі здзекуюцца са свайго незвычайнага аднакласніка. Канцоўка ў фільме абсалютна нечаканая. Дзеці не хацелі і не маглі думаць, яны проста моўчкі разышліся па дамах, нічога не абмяркоўваючы. А на наступны дзень іх быццам бы «прарвала» — яны проста не маглі не падзяліцца сваімі думкамі аб убачаным... Таму кіраўнік кінаклуба павінен быць гатовым да ўсяго...»

— Праблемы здзекаў і гвалту ў школе, вытокі фашызму, смяротнае пакаранне — усё гэта можа стаць тэмай абмеркавання ў кінаклубе, — падкрэслівае Іван Пясенка. — Напрыклад, я заўважыў, што пасля прагляду фільма «Жыццё Дэвіда Гейла» прыхільнікаў смяротнага пакарання становіцца значна менш. Фільмы «Эксперымент 2. Хваля» і «Хлопчык у паласатай піжаме» таксама вельмі моцна змяняюць светапогляд. Яшчэ я адкрыў для сябе свет кароткаметражнага кіно, хоць раней працаваў толькі з буйным фарматам. У некалькіх хвілінах такіх фільмаў змяшчаецца квінтэсэнцыя жыццёвай мудрасці. Я б параіў звярнуць увагу на такія стужкі, як «Адна сотая секунды», «Што гэта?» і «Цяжка быць богам», якія можна абмеркаваць са сваімі выхаванцамі. Прычым гэта якраз той выпадак, калі прагляд можа доўжыцца 5-10 хвілін, а абмеркаванне — гадзіну-паўтары... Увогуле, любы відэафрагмент можа стаць тэмай для напісання эсэ. Любы кінатэкст трэба ўмець «чытаць» і інтэпрэтаваць.

Яшчэ адна форма работы — праца з назвамі кінафільмаў і кінаафішамі. Напрыклад, дакументальная кінастужка «Звычайны фашызм» мела тры-чатыры назвы ў пракаце ў розных краінах, а для фільма «Жалезная лэдзі» пра Маргарэт Тэтчэр я знайшоў чатыры ці пяць кінаафіш з рознымі назвамі. Гэта проста недакладнасці ў перакладзе ці іншае бачанне, іншая расстаноўка акцэнтаў? Заўсёды цікава абмеркаваць...

Кіраўнік кінаклуба ўпэўнены, што кіно — універсальная мова нашага часу, вельмі глыбокая і ёмістая. Яно можа не толькі забаўляць, але і навучаць, пашыраць межы пазнання, змяняць перакананні і нават жыццё чалавека. Кінаклуб дапамагае арганізаваць «дыялог пакаленняў» і спрыяе творчай самарэалізацыі навучэнцаў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Размаўляць пра важнае — на мове кіно

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Іх стварылі ў гонар прадпрыемстваў, якія паспяхова функцыянавалі ў дарэвалюцыйны час.

Грамадства

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Не выяўлены гіганцкі баршчэўнік пакуль толькі ў Брагінскім, Нараўлянскім і Лельчыцкім раёнах Гомельшчыны.

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.