Вы тут

Якую работу прапаноўвалі на сталічным кірмашы вакансій?


Мінчанін Дзмітрый два гады таму скончыў будаўнічы ліцэй. «Па спецыяльнасці я — маляр-плітачнік, але ў мяне разрад невысокі — трэці. Каб нармальны заробак мець, патрэбны чацвёрты-пяты. Таму хачу пайсці на работу з навучаннем. 600—700 рублёў у месяц атрымліваць для пачатку нядрэнна было б», — дзеліцца 23-гадовы хлопец. Якую работу шукаюць мінчане і што наймальнікі гатовы ім прапанаваць, мы даведаліся на Агульнагарадскім кірмашы вакансій. Удзел у ім прынялі больш за 100 арганізацый.


«Згодна пайсці і прыбіральшчыцай»

Сяброўкі Кацярына і Настасся па адукацыі — будаўнікі. Але на кірмашы прыглядаюцца да вакансій зусім у іншых сферах. Бо, па іх словах, годных прапаноў па спецыяльнасці няма, дый душа ўжо не ляжыць да будоўлі.

— Мяне цікавіць справаводства, што-небудзь з паперкамі. Хачу дзявочую работу, — усміхаецца Кацярына.

— Я пайшла б настаўніцай пачатковых класаў, — прызнаецца Настасся. — Мне падабаецца работа з дзецьмі. Маляваць, ляпіць з пластыліну... Магу па сто разоў тлумачыць, калі нешта ім незразумела. Цікава было б яшчэ працаваць рукамі. На «Галантэю», напрыклад, зборшчык дэталяў патрэбны. Разглядаю пяцідзёнку, каб субота і нядзеля паўнацэннымі выхаднымі былі. І каб працоўны дзень да 18.00, бо дзіця з садка забіраць трэба.

Што да чаканняў па заробку, то Кацярына шукае варыянты ад 600 рублёў. Для Настассі ж грошы — не самы галоўны крытэрый. «У мяне муж зарабляе, — смяецца. — А я шукаю работу для душы».

Брунетцы Надзеі — гадоў 40. Працу не можа знайсці з-за сваёй інваліднасці — у жанчыны ІІ група, хворыя ногі. Раней была памочнікам выхавальніка ў дзіцячым садку, аператарам кацельнай, білецёрам. Цяпер згодна і на вакансію прыбіральшчыцы ў цырульні — адзінае, што ёй пакуль прапанавалі на кірмашы. Хоць, уздыхае, з задавальненнем пайшла б на сядзячую работу. «З групай інваліднасці складана ўладкавацца, — дзеліцца. — Мне можна працаваць толькі сем гадзін у дзень, а ўсе хочуць, каб работнік выходзіў на 12—13 гадзін».

Адзін з мужчын, што рабіў паметкі ў нататніку, аказаўся выкладчыкам Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі. «Вывучаю вакансіі для інжынераў-праграмістаў, каб сваім студэнтам потым расказаць, — тлумачыць. — Няма чым іх парадаваць: заробкі для выпускнікоў без вопыту — 400—500 рублёў. А яны ж усюды чытаюць, што праграмісты па тысячы долараў зарабляюць».

Увогуле на кірмашы было прыкметна менш наведвальнікаў, чым звычайна. «Па-першае, многія на лецішча з'ехалі, — выказвае свае здагадкі адзін з кадравікоў. — Па-другое, хто змог, адправіўся на заробкі за мяжу».

Намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Таццяна КУДЗЕВІЧ лічыць, што прычына — у паляпшэнні сітуацыі на рынку і актыўнай дзейнасці службы занятасці:

— Мы кожны тыдзень праводзім міні-кірмашы вакансій, куды за раз запрашаем тры-чатыры арганізацыі. Ладзім сустрэчы з наймальнікамі і на тэрыторыі прадпрыемстваў. Таму тым, хто хацеў знайсці работу, былі дадзены ўсе магчымасці.

Недахоп фельчараў, прадаўцоў і пакаёвак

Вывучаем вакансіі. Працоўных рук не хапае, напрыклад, у гасцініцах. «Прэзідэнт-атэлю» вельмі патрэбны пакаёўкі (заробак ад 500 рублёў). А яшчэ інструктар у трэнажорную залу, дворнік, насільшчык. Абавязкі апошняга — дапамагаць турыстам несці чамаданы да нумара. «Гасцініца пяцізоркавая, адпаведна, сэрвіс мусіць быць на ўзроўні», — адзначаюць.

Шмат прапаноў у сферы гандлю. У ЦУМ набіраюць прадаўцоў (абяцаюць 700 рублёў у месяц), прыёмшчыкаў тавараў і афіцыянтаў (і там, і там па 600 рублёў). Работнікі патрэбны таксама ў Белсаюздрук — калі працаваць за прылаўкам павільёна, можна разлічваць на 700—800 рублёў.

— У нас дзве змены — з 7.00 да 13.30 і з 13.30 да 20.00, — паведамляе пра дэталі прадстаўніца прадпрыемства. — Асабліва зручна для маладых мам, бо застаецца час на іншыя справы, напрыклад у паліклініку схадзіць. Ёсць перспектыва кар'ернага росту. З сярэдняй спецыяльнай ці вышэйшай адукацыяй можна стаць арганізатарам рознічнага гандлю і ўзначаліць цэлы раён — гэта 30—40 аб'ектаў.

У дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 97 шукаюць выхавальніка і музычнага кіраўніка. Занятасць — шэсць гадзін у дзень, заробак — да 400 рублёў. «Разлічваем на маладых, педагогаў-пачаткоўцаў», — прызнаюцца тут.

Недахоп кадраў традыцыйна застаецца ў ахове здароўя. Вось Гарадская станцыя хуткай медыцынскай дапамогі запрашае фельчараў (прапануюць ад 600 рублёў у месяц) і ўрачоў (ад 750 рублёў). Кажуць, сёння медыкі да іх падыходзілі, цікавіліся вакансіямі. У аднаго мужчыны, праўда, доўгі перапынак у рабоце быў, больш за чатыры гады, — яму давядзецца пацвердзіць дыплом і здаць экзамен. У Беларускі пратэзна-артапедычны аднаўленчы цэнтр неабходны масажыст, траўматолаг-артапед, рэабілітолаг, інструктар-метадыст па фізкультурна-аздараўленчай рабоце.

Патрэбны кандыдаты з вопытам

У прамысловасці маюць патрэбу ў кваліфікаваных кадрах. На «Амкадор-Белвар» гатовы ўладкаваць інжынераў-канструктараў, інжынераў-тэхнолагаў, токараў, наладчыкаў станкоў і маніпулятараў. Заробкі — ад 650 да 1100 рублёў. Цясляр, страхар па рулонных стрэхах, машыніст кампрэсарных установак, апаратчык электролізу неабходныя на «Інтэграле». Аплата залежыць ад разраду: калі з чацвёртым можна разлічваць на 550 рублёў і больш, то з шостым — мінімум на 750.

Прывабную праграму для студэнтаў апошніх курсаў і выпускнікоў прапануе завод «Кока-Кола».

— Прымаючы моладзь на работу, мы даём ім магчымасць папрацаваць у розных кірунках: і на вытворчасці, і ў аналітыцы, і ў камерцыйным аддзеле, — каб яны зразумелі, да чаго больш здольныя. Навучаем, арганізуем трэнінгі. Праз два гады выпускнік можа стаць кіраўніком, — апісваюць перавагі праграмы прадстаўнікі прадпрыемства.

На «Элеме» чакаюць швачак і... садоўніка. «У нас на тэрыторыі прадпрыемства такія ружовыя кусты! — уздыхае прадстаўніца фабрыкі. — Нам бы спатрэбілася жанчына з вопытам развядзення кветак».

Мінскі домабудаўнічы камбінат набірае слесара-рамонтніка, машыніста маставога крана, маляра-штукатура, мантажніка сантэхсістэм і абсталявання. Адзначаюць, што разглядаюць толькі кандыдатаў з вопытам і разрадам па прафесіі. Кадры неабходныя і прадпрыемству «Мінскметрабуд». Запрашаюць цесляроў-бетоншчыкаў, муляроў, праходчыкаў, інжынераў па якасці.

Ёсць прапановы і для кіроўцаў. Тых, у каго катэгорыя D, гатовы ўладкаваць у аўтобусны парк № 2 — на гарадскія, міжгароднія і міжнародныя маршруты. Заробак абяцаюць ад 1300 рублёў. Кіроўцаў катэгорыі Е чакаюць у транспартна-лагістычным цэнтры «Белінтэртранс».

— Паглядзіце, якія ў нас прыгажуны, — паказвае спецыяліст па кадрах фота самазвалаў і кантэйнеравозаў, на якіх трэба будзе ездзіць. — Заробкі кіроўцаў — каля 700—800 рублёў. За другі клас ідзе даплата ў памеры 10 % ад акладу, за першы — 20 %.

Калі казаць пра сітуацыю ў Мінску ў цэлым, то пераважна попыт на кадры фарміруюць арганізацыі будаўніцтва (19,5 %), прамысловасці (15,6 %), аховы здароўя і аказання сацыяльных паслуг (12,6 %), гандлю (10,9 %), адукацыі (7,3 %). Удзельная вага вакансій па рабочых прафесіях складае 55,3 %.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ


У тэму

На кожнага — шэсць вакансій

На 1 красавіка ў Мінску было адкрыта больш за 12 тысяч вакансій. У параўнанні з папярэднім годам попыт на работнікаў вырас амаль на 40 %. Патрэба ёсць як у спецыялістах, так і ў прадстаўніках рабочых спецыяльнасцяў — знайсці працу сваёй мары могуць уладальнікі навыкаў па 900 розных кірунках.

Але нават калі вам здаецца, што з вашай спецыяльнасцю знайсці працу ва ўмовах сучаснага свету немагчыма, то гэта яшчэ не падстава адчайвацца. Служба занятасці прапануе беспрацоўным прайсці курсы перападрыхтоўкі. Самі яны бясплатныя, да таго ж падчас навучання слухачы атрымліваюць стыпендыю. Так, мінчан у мінулым годзе ўскалыхнула інфармацыя аб тым, што набіраюць групу для навучання на кіроўцаў электрацягніка і слесараў па рамонце рухомага саставу. Прычым зарплата — ад 1,5 тысячы рублёў. Зараз навучанне можна прайсці па некалькіх дзясятках напрамкаў, напрыклад, кіроўца пагрузчыка, дарожны рабочы, спецыяліст па закупках.

Акрамя таго, тым, хто не проста хоча знайсці працу, а гатовы адкрыць свой бізнес, каб у будучыні даць шанц працаўладкавацца і іншым, выдзяляюцца бязвыплатныя субсідыі. З пачатку года падтрымкай ужо скарысталіся 30 мінчан, плануецца, што да канца снежня такім чынам пачнуць свой бізнес 170 чалавек. Памер субсідыі — 11 бюджэтаў пражытковага мінімуму, што роўна прыкладна 2,2 тысячы рублёў.

— Вельмі прыемна, калі людзі, якія восем гадоў таму адкрывалі свой бізнес як беспрацоўныя пры падтрымцы службы занятасці, зараз выстаўляюць вакансіі для сваёй ужо паспяховай справы, — адзначыла намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Таццяна КУДЗЕВІЧ.

Што датычыцца наёмных работнікаў, то ў прыярытэце кваліфікаваныя кадры. Запатрабаваныя муляры, арматуршчыкі, кіроўцы, кантралёры-касіры, маляры, мантажнікі будаўнічых канструкцый, цесляры-бетоншчыкі, кухары, швачкі. Сярод спецыялістаў — гэта ўрачы, бухгалтары, выхавальнікі, кіраўнікі сярэдняга звяна, менеджары, фармацэўты, выкладчыкі-перакладчыкі. Самая вялікая канкурэнцыя сярод прэтэндэнтаў назіраецца на прафесіі некваліфікаванай працы, напрыклад, вартаўнікоў, вахцёраў, прыбіральшчыкаў, сартавальнікаў, укладчыкаў-пакавальнікаў і гэтак далей. Сярэдняя велічыня заработнай платы па вакансіях, прадстаўленых на біржы,  — каля 600 рублёў. З пачатку гэтага года былі працаўладкаваны пры падтрымцы органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне каля 1,5 тысячы чалавек. Тэрмін пошуку працы ў іх склаў у сярэднім каля трох месяцаў.

Дар'я КАСКО

Загаловак у газеце: Ад садоўніка да інжынера

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».