Вы тут

Колькі грошай спатрэбіцца для адпачынку ў беларускім санаторыі?


Адпачынак у беларускіх санаторыях робіцца ўсё менш падобным на савецкі: тры разы на дзень шведскі стол, замежнае медыцынскае абсталяванне і набор сучасных аздараўленчых працэдур, у тым ліку SРА, маляўнічыя краявіды, добраўпарадкаваныя пляжы і сасновы лес, басейны і тэнісныя корты... Але разам з сэрвісам і цэны імкнуцца да еўрапейскіх, што, праўда, пакуль не спалохала ні беларусаў, ні замежных гасцей. Таму, калі вырашылі адпачыць у Беларусі, паспяшайцеся: 75—95 % пуцёвак на лета ў санаторыі ўжо выкуплены.


Безумоўна, гарачая пара для беларускіх здраўніц — лета, час масавых адпачынкаў і школьных канікул. У цёплыя дні і санаторыі здаюцца найбольш прывабнымі: не сакрэт, што купацца ў возеры і загараць госці могуць на працягу толькі двух-трох летніх месяцаў, і то пры спрыяльным надвор'і. Але і ў астатні час санаторна-курортныя комплексы не пустуюць. У першым квартале гэтага года, паводле інфармацыі дырэктара Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзя Балбатоўскага, яны былі запоўнены ў сярэднім больш чым на 70 % — і гэта лічба застаецца стабільнай.

Па кошце і сэрвіс

Сёлета да паслуг беларусаў і замежных гасцей 106 санаторыяў — з розным цэннікам і на розны густ. Адначасова яны гатовы прыняць 28,5 тысячы адпачывальнікаў. Сярэдні кошт пуцёўкі з пражываннем у стандартным двухмесным нумары ў першым квартале складаў 52 рублі ў суткі. Улічваючы, што для аздараўлення трэба прайсці курс ў 10—14 дзён, пуцёўка абыходзілася ў сярэднім у 520—730 рублёў. У сезон разам з павышэннем попыту растуць і цэны — да 57 рублёў у суткі за стандартны двухмесны нумар.

Зрэшты, кошты на беларускія санаторыі сёння вельмі розняцца. Ёсць нумары ў старых карпусах, пра якія адпачывальнікаў адразу папярэджваюць: «без рамонту». Да іх пакуль не дайшлі час і грошы. Але выглядаюць яны цалкам гарманічна ў комплексе з выявай Леніна на пастаменце (куды ж без яго, калі санаторый пабудаваны ў 30-х гадах мінулага стагоддзя), Домам культуры і сталоўкай, выгляд каторых таксама можна абазначыць як прывітанне з савецкага мінулага. І тут жа — выдатная водалячэбніца з найноўшым абсталяваннем і сучаснымі працэдурамі, а таксама карпусы, дзе рамонт ужо здзейснены, пра што сведчыць наяўнасць вялікіх аўтамабіляў з расійскімі нумарамі побач. Тыя, хто любіць такім чынам настальгіраваць, падарожжа ў мінулае могуць здзейсніць па цэнах даволі дэмакратычных — ад 45,63 рубля ў суткі ў аднапакаёвым двухмесным нумары ў красавіку да 47 рублёў у летнія месяцы.

Напрыклад, той жа санаторый «Лётцы» ў Віцебскім раёне — сёння адзін з самых папулярных сярод даступных па бюджэце. Пагодзімся: не ўсім важны дызайн нумара, куды прывабнейшы хваёвы лес, дзе і знаходзіцца санаторый, і прыгожае возера Шэвіна, да якога рукой падаць, і дзе можна не толькі пакупацца, але і пакатацца на лодках і катамаранах і парыбачыць. Дагледжаны пляж, як і навакольная тэрыторыя, якія супрацоўнікі санаторыя штогод з любоўю рыхтуюць да новага сезона, дадаюцца.

А дзе ж абяцаны трохразовы шведскі стол? Спяшаемся перайсці да цалкам еўрапейскага сэрвісу і сардэчна запрашаем у санаторый «Пліса». Тая ж Віцебская вобласць, Гарадоцкі раён. З першага погляду відавочна, што тут стараліся ўвасобіць сучасныя тэндэнцыі ў санаторна-курортным аздараўленні. Цалкам новыя карпусы (санаторый пабудаваны ў 2016-м, запрацаваў на поўную магутнасць толькі летась), нямецкае медыцынскае абсталяванне, натуральныя матэрыялы ў апрацоўцы нумароў (дрэва і лён) і раскошны дызайн у выключна светлых колерах, шведскі стол на сняданак, абед і вячэру, самі стравы дыетычныя і здаровыя. Басейн, сауны і лазні, тэнісныя корты і спартыўныя пляцоўкі для футбола, баскетбола і валейбола... Ну і мясцовая «гразь без адрыву ад экаасяроддзя» — што значыць свежая, лячэбная і карысная, а таксама мінеральная вада. А за акном так вабіць найпрыгажэйшае возера Пліса з пляжам, на якім зрабілі драўляны насціл з шэзлонгамі і парасонамі. Застаецца толькі падключыцца да Wі-Fі і, зручна ўладкаваўшыся, чытаць або расслабіцца і марыць... Пражыванне ў двухмесным нумары ў такім санаторным раі абыдзецца ў 165 рублёў у суткі, а ў трохпакаёвых апартаментах — у 360 рублёў. Дарэчы, у будаўніцтва самога санаторна-курортнага комплексу, паводле прызнання яго ўласніка, укладзена больш за 16 мільёнаў долараў.

— Усе нашы санаторна-курортныя ўстановы — небюджэтныя і працуюць у рыначных умовах, — каментуе Генадзь Балбатоўскі. — Таму яны вымушаны паляпшаць і ўзмацняць матэрыяльна-тэхнічную базу. У сярэднім каля чвэрці з выручаных сродкаў штогод накіроўваюць на гэтыя мэты. Прыемна, што ў нас з'яўляюцца такія новыя аб'екты, як санаторый «Пліса», які адпавядае еўрапейскім нормам і мае прыродную лячэбную базу.

Дарэчы, існуе мноства рэйтынгаў беларускіх санаторыяў. Сярод «топавых» нязменна значацца вядомыя за межамі Беларусі «Юнацтва» і «Альфа Радон», «Прыазёрны» і «Спадарожнік». Свой рэйтынг складае і Рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва. У яго аснове — восем паказчыкаў, па якіх вызначаецца паспяховасць установы, — у асноўным гэта эканамічныя крытэрыі. Летась пераможцам у такім рэйтынгу стала «Юнацтва» (Мінскі раён), на другім месцы — санаторый «Сосны» (Мінская вобласць, Мядзельскі раён), на трэцім —«Баравое» (Віцебская вобласць, Докшыцкі раён).

Колькасць гасцейз замежжа расце

Летась беларускія санаторыі прадалі 525 тысяч пуцёвак. Сярод адпачывальнікаў было каля 200 тысяч замежных грамадзян. Пераважная большасць з іх — 90 % — расіяне. Але апошнім часам усё больш цікавасці да беларускага санаторна-курортнага лячэння праяўляюць жыхары іншых суседніх краін — Літвы і Латвіі, Польшчы, а таксама Германіі. На гэта ўплывае і паслабленне візавага рэжыму.

— У бязвізавай зоне Брэсцкай і Гродзенскай абласцей знаходзіцца восем санаторыяў, — кажа Генадзь Балбатоўскі. — І мы адчуваем, што попыт на іх з боку замежных грамадзян павялічваецца. Увогуле ж каля 40 % адпачывальнікаў — замежныя госці, 60 % — беларусы. Такія суадносіны склаліся даўно, і лічбы замежных грамадзян могуць вагацца ў межах 2 %. А калі ўлічваць і пуцёўкі, якія выдаткаваны тым, хто мае патрэбу ў аздараўленні за бюджэтны кошт, то частка нашых суайчыннікаў яшчэ большая.

Пра тое, што папулярнасць беларускіх санаторыяў у замежных гасцей расце, таксама сведчаць лічбы. У першым квартале гэтага года экспарт паслуг павялічыўся на 15 % і склаў больш за 35 мільёнаў рублёў.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Ад 47 да 165 рублёў у суткі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.