Вы тут

Аляксандр Лукашэнка наведаў Жыткавіцкі раён


Ужо склалася пэўная традыцыя: штогод у тыя дні, калі мы згадваем гадавіну катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, кіраўнік дзяржавы здзяйсняе рабочую паездку ў пацярпелыя ад яе раёны. У гэтым годзе была абрана Гомельская вобласць, Жыткавіцкі раён.


Першае, з чым азнаёміўся Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, — тое, як арганізавана пераправа цераз раку Прыпяць, у якім тэхнічным стане зараз знаходзіцца аварыйны мост і якія ёсць праекты яго рэканструкцыі. На сёння на пераправе працуе паром і пантонны мост. Паром у асноўным задзейнічаны на транспарціроўцы цяжкага транспарту вагой больш за 20 тон, а астатнія аўтамабілі прапускаюцца па пантоннай пераправе.

Кіраўнік дзяржавы даручыў да восені закончыць будаўніцтва моста. Ужо распрацаваны архітэктурны праект яго аднаўлення, які прайшоў дзяржаўную экалагічную і будаўнічую экспертызы. Кошт рэканструкцыі складзе каля 49 мільёнаў рублёў. Прытым калі цяперашні мост выкананы ў жалезабетоне, то новы пралёт, які вырабіць адзін з самых вядомых у Расіі мостабудаўнікоў «Варонежстальмост», будзе з металу.

«Калі важнасць гэтага моста высокая, значыць, мост трэба рабіць добры. Тут нам шкадаваць грошай нельга. Пашкадуем мільён-другі і атрымаем ці то вузкі, ці то яшчэ штосьці... Таму трэба рабіць капітальны моцны мост. І па шырыні дастатковы», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандру Лукашэнку таксама далажылі, што, акрамя аварыйнага моста цераз Прыпяць у Жыткавіцкім раёне, у краіне ёсць чатыры ідэнтычныя масты і яшчэ прыкладна дваццаць падобных. «Мы з вамі дамовіліся: гэты мост у Жыткавіцкім раёне мы павінны здаць да Дня Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. Як у нас прынята — падарунак народу трэба. Усе работы неабходна выканаць, — адзначыў Прэзідэнт. — І другі момант, што датычыцца перспектывы, вы даследуеце астатнія падобныя масты і ўносіце прапановы па чарговасці іх ці замены, ці рэканструкцыі. Наступны мост — гэта гомельскі. Стаўце задачу, каб гэты завод пачаў выраб гомельскага моста».

Пасля Аляксандр Лукашэнка наведаў Тураўскі малочны камбінат — станоўчы прыклад таго, наколькі паспяховым можа быць прадпрыемства па перапрацоўцы малака. Па-першае, амаль 80 % вырабленай на ім прадукцыі пастаўляецца на экспарт. Па-другое, рэнтабельнасць продажаў павялічваецца год ад году: з 4,9 % у 2015-м да 20,3 % па выніках мінулага. Па-трэцяе, камбінат стаў горадаўтваральным прадпрыемствам і фарміруе 82 % экспарту Жыткавіцкага раёна. Ды і ўвогуле бізнес-мадэль вытворчасці паказала найбольшую дабаўленую вартасць на адзінку спажытай сыравіны сярод усіх прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у холдынг «Гомельская мяса-малочная кампанія».

У 2013 годзе Прэзідэнт наведаў вытворчасць упершыню, калі яна толькі пачала сваю работу пасля ўвядзення. Па словах Вольгі Луцко, дырэктара Тураўскага малочнага камбіната, на той момант у суткі перапрацоўвалася 60 тон малака пры магутнасці першай чаргі будаўніцтва на 250 тон. «З таго часу шмат што змянілася. Другі раз мы сустракаем кіраўніка дзяржавы, а перапрацоўваем ужо 400 тон у суткі. У партфелі прадпрыемства зараз 12 экспартных рынкаў: Расія, Казахстан, Сінгапур, Іарданія, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, пачаліся пастаўкі і ў Кітай... У гэтым годзе запусцім і другую вытворчую чаргу, што дазволіць павялічыць прыёмку і перапрацоўку малака да 750 тон у суткі», — расказвае кіраўнік камбіната.

І калі першая чарга будаўніцтва была арыентавана на рознічны продаж, то другая — для паставак для атэльнага, рэстараннага бізнесу. Гэта будзе ўсё тая ж італьянская група сыроў, але ўжо больш сучасная і дасканалая тэхналогія іх вырабу, а таксама іншы варыянт фасоўкі, удакладніла Вольга Луцко.

Вераніка ПУСТАВІТ,

г. Тураў

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Не скупіцца на патрэбнае людзям

Каментары

І гэты мост, які трэснуў, быў таксама падарункам народу.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Пастырскае Пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Ён прымеркаваны да Года малой радзімы.

Культура

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся са сваячкай Паўліны Мядзёлкі

Карэспандэнты «Звязды» сустрэліся са сваячкай Паўліны Мядзёлкі

12 верасня 1893 года ў сям'і Вінцэнта і Францішкі Мядзёлкаў нарадзілася дачка, якой далі прыгожае імя Паўліна. 

Культура

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння

Вольга Падгайская: Калі праект і здараецца, то ў якасці ледзь не выключэння

Гэта трэба, канешне, проста паслухаць — музыку аднаго з найдзіўнейшых сучасных беларускіх кампазітараў.