Вы тут

Аляксей Грыненка: Эйфарыі, што лячу ў Амерыку, у мяне не было


Наш зямляк Аляксей ГРЫНЕНКА, былы акцёр Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, ужо сем гадоў жыве ў Амерыцы і цяпер выйшаў на "фінішную прамую" абароны доктарскай дысертацыі. Мы пагаварылі з ім пра тэатр, пра захаванне сувязяў з Радзімай і развеялі некаторыя ілюзіі пра “амерыканскую мару”.


– Раскажыце, чым вы займаліся ў Мінску і як апынуліся ў Амерыцы.

– У мяне ўсё было вельмі добра ў Мінску: я рабіў тое, што мне падабалася, – іграў у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры. А перадгісторыя такая: я вучыўся ў лінгвістычным універсітэце на перакладчыцкім аддзяленні, а мая сястра Анастасія – у Акадэміі мастацтваў. У нейкі момант для студэнцкай пастаноўкі ў іх не хапала хлопца, які б танцаваў. Я захапляўся танцамі, і сястра папрасіла дапамагчы. Так я трапіў у свет тэатра, які быў мне цікавы не менш, чым замежныя мовы. Увогуле, пачалося вельмі насычанае жыццё: днём – на лекцыях, увечары – рэпетыцыі, спектаклі.  Паралельна з лінгвістычным я вучыўся і ў Акадэміі мастацтваў, але ўжо ў статусе вольнага слухача, бо другую вышэйшую адукацыю афіцыйна можна атрымаць толькі на платнай аснове. Паступіўшы ў магістратуру МДЛУ, а гэта адбывалася паралельна з працай у музычным тэатры, я пісаў дысертацыю па п'есах, пастаўленых у амерыканскіх тэатрах.

Працуючы ў тэатры, думаў пра працяг адукацыі. Мяне вельмі цікавілі мюзіклы, і я разумеў, што гэты жанр добра было б вывучаць на яго радзіме. Праштудзіраваўшы сайты амерыканскіх навучальных устаноў, знайшоў варыянт для сябе. Напісаў заяву, прыклаў да яе запісы сваіх работ. Адправіў і забыўся пра гэта. А дзесьці праз паўгода прыйшоў ліст, што мяне гатовыя прыняць у аспірантуру.

Шчыра кажучы, мне было складана рашыцца на заакіянскі ваяж. Я разумеў, што мне давядзецца развітацца з акцёрствам, не быў на сто адсоткаў упэўнены, што хопіць уседлівасці для даследчай працы. У рэшце рэшт, іншая краіна – ці змагу там жыць. Так што ніякай эйфарыі, што лячу ў Амерыку, у мяне не было. Проста супакоіў сябе, што заўсёды змагу вярнуцца дадому.

– Адукацыя ў ЗША даволі дорага каштуе. Хто вам дапамагаў аплачваць навучанне?

– Не проста дорага, а шалёна дорага. Для іх нармальная сітуацыя, калі чалавек выплочвае крэдыт за навучанне ледзьве не да пенсіі. Але мне пашанцавала. У Амерыцы існуе варыянт бясплатнага атрымання адукацыі для людзей, якія выбралі гуманітарную сферу. Мабыць, таму, што і там гэта не самая высокааплатная праца. Дык вось, я вучыўся бясплатна. У мяне была студэнцкая віза, пры яе наяўнасці працаваць нельга нідзе, акрамя сваёй ВНУ. Паралельна з вучобай я выкладаў і атрымліваў стыпендыю. Таксама ад універсітэта атрымліваў субсідыю на жыллё. Грошай было дастаткова, каб мець усё неабходнае, але нічога лішняга.

– Сем гадоў жыцця ў Амерыцы, і вы – без пяці хвілін доктар мастацтвазнаўства. Раскажыце, як за акіянам абараняюць дысертацыю.

–  Спачатку прэзентуеш праект і абараняеш яго. Калі спадзяешся атрымаць стыпендыю на перыяд напісання дысертацыі, то бярэш удзел у конкурсе праектаў. Па яго выніках у маім універсітэце прыкладна 20 з 300 удзельнікаў атрымліваюць пэўную фінансавую падтрымку. Доктарская дысертацыя ў Амерыцы – абавязкова новае слова ў абранай тэме, і як правіла, пасля абароны яна перарастае ў кнігу. Зацікаўленыя выдавецтвы адсылаюць твой рукапіс на разгляд незалежным экспертам. Заўсёды выкарыстоўваецца «сляпая» форма, гэта значыць – ніхто не ведае, што вывучае працу Аляксея Грыненкі, ёй проста прысвоены нумар. Ёсць толькі адзін нюанс: таму, хто асабіста ведае аўтара, нельга рэцэнзаваць яго працу.

– Пасля абароны вы маеце намер працягваць выкладчыцкую дзейнасць у Амерыцы?

– Так, мне гэта падабаецца. Цяпер я выкладаю па семестрах, а атрымаўшы ступень, магу выходзіць на рынак працы, прэтэндаваць на залічэнне ў штат. Ведаю, што вакансій мала, а конкурс вялікі.

– Не было думкі вярнуцца ў Мінск? Думаю, доктар мастацтвазнаўства, які абараніўся ў ЗША, атрымаў бы шмат прапаноў.

– Я ў гэтым на 100% не ўпэўнены. Але вяртацца не планую па іншай прычыне: амерыканская і беларуская сістэмы вышэйшай адукацыі маюць глабальныя адрозненні. У Беларусі амерыканская методыка выкладання непрыдатная. Да таго ж, мне ўжо складана па-руску фармуляваць думкі.

– А калі не атрымаецца знайсці месца ў ВНУ? Існуе стэрэатып, што ў Амерыцы камфортна жывецца на дапамогу.

– Напэўна, яго прыдумалі тыя, хто не жыў у Амерыцы. Там добра таму, хто мае пастаянную працу, бо, па-першае, ёсць медстрахоўка, па-другое – адлічэнні на пенсію. У Штатах шалёных грошай каштуе медабслугоўванне. Сістэма за апошнія дзесяцігоддзі змянілася так, што страхоўку мала хто сабе можа дазволіць, і большасці амерыканцаў застаецца разлічваць толькі на падтрымку працадаўцы ў гэтым пытанні. З нядаўніх часоў для маламаёмасных грамадзян з'явіліся варыянты страхоўкі, часткова субсідаваныя дзяржавай, але і гэта вар'іруецца ад штата да штата. Трэба разумець, што ў ЗША ў кожным штаце свае законы, таму крытэрыі малазабяспечанасці, пры наяўнасці якіх прадастаўляецца сацыяльная дапамога, паўсюль розныя. Калі нехта плануе жыць на дапамогу, то гэта не ў Амерыку – краіны Еўрасаюза ў гэтым сэнсе значна больш шчодрыя.

– Колькі каштуе ў ЗША арэнда кватэры-студыі?

– Гэта таксама вельмі моцна залежыць ад штата, а ў канкрэтным горадзе – ад раёна. Нью-Ёрк – нерэальна дарагі горад, наогул самы дарагі ў свеце. Я жыву на Манхэтэне, і зняць тут студыю за 1500 долараў у месяц – вялікая ўдача. Гэта будзе даволі сціплае памяшканне бліжэй да мяжы з Бронксам, а інакш сярэдні ўзровень пачынаецца ад 3500 долараў. Многія кааперуюцца, здымаюць студыю на дваіх. Калі толькі прыехаў, я не зусім разумеў, чаму і ўласнікам жылля яно абыходзіцца вельмі дорага. Аказалася – высокі падатак на нерухомасць і тарыфы за камунальныя паслугі, абслугоўванне дома. У Амерыцы здымаць жыллё – даволі распаўсюджаная з'ява, бо гэта танней, чым трымаць сваё. Многія прадаюць кватэры, пераязджаюць з вялікіх дамоў у меншыя, асабліва пенсіянеры. Мабыць, жыллёвае пытанне не хвалюе толькі 3-5% насельніцтва – самую багатую праслойку амерыканскага грамадства.

 – Ці ёсць у Нью-Ёрку беларуская дыяспара?

 – Упэўнены, што ёсць, але, на жаль, я пакуль у яе не ўліўся, практычна не было вольнага часу. Па вяртанні маю намер гэтую сітуацыю выправіць. Эмігранты з былога СССР жывуць на Брайтан-Біч. Гэта вельмі своеасаблівы раён. У ім час быццам спыніўся ў пачатку 90-х гадоў. Людзі часта апранутыя па модзе таго часу, слухаюць “Ласкавы май” і Алу Пугачову. Там можна знайсці студыю і за 1000 долараў. Многія прадстаўнікі старэйшага пакалення нават не выязджалі за межы гэтага раёна і практычна захавалі савецкі лад жыцця.

– Атрымаць працоўную візу ў ЗША няпроста, таму там нямала нелегалаў з былых савецкіх рэспублік. Між тым, не чуваць, каб іх масава дэпартавалі...

– Яны цалкам могуць “схавацца”, непрыкметна жывучы, але не могуць спадзявацца на сацпадтрымку. Трэба разумець, што наяўнасць нелегальных мігрантаў з СНД выгадна амерыканскай эканоміцы. Гэта не афішыруюць, але там працуюць цэлыя брыгады будаўнікоў, пакаёўкі і бэбісітэры таксама часцяком нелегалы. Праўда, Трамп супраць мігрантаў, у асноўным – цемнаскурых, часам праходзяць рэйды па іх выяўленні, але без асаблівых поспехаў. Зноў жа, у кожным штаце – свая палітыка ў адносінах да мігрантаў, ёсць нават гарады, якія маюць нефармальны статус “хованкі для мігрантаў”.

Дарэчы, трохі баяўся, што да мяне, як да імігранта, стаўленне будзе не самым лепшым. Аднак ніякай прадузятасці ці негатыву ні разу не адчуў. Наадварот: ты – прыезджы, ты бачыш нешта новае. Легальны статус замежніка дае значна больш магчымасцяў. І яшчэ хачу адзначыць: калі жадаеце вучыцца ў аспірантуры або выкладаць у Амерыцы, то трэба ехаць з мовай. Ніхто не дасць часу на яе вывучэнне на месцы.

– Пражыўшы ў Амерыцы год, вы спрыялі пастаноўцы ў Беларусі мюзікла Вестсайдская гісторыя на сцэне музычнага тэатра. Цяпер вось у некалькіх іпастасях "прыклалі руку" да пастаноўкі мюзікла Недалёка ад нормы.

– Атрымліваецца так, што знаходзячыся ў Амерыцы, я магу зрабіць шмат карыснага для Беларусі. З “Вестсайдской гісторыяй” выйшла так, што змог дамовіцца з праваўладальнікамі пра пастаноўку за сціплы ганарар. Гэты мюзікл быў вядомы ў СССР, дык чаму б беларусам не паглядзець яго на сцэне?

“Недалёка ад нормы” я ўбачыў у Амерыцы, і мяне вельмі ўзрушыў гэты спектакль. На постсавецкай прасторы тэма душэўнага здароўя замоўчваецца, лічыцца непрыстойнай... Разам з сястрой Анастасіяй Грыненка, якая працуе рэжысёрам тэатра “Тэрыторыя мюзікла”, мы зрабілі пераклад п'есы. Не буду распавядаць, колькі часу заняло атрыманне ліцэнзіі, бо важны вынік: спектакль ідзе на мінскай сцэне.

Паводле амерыканскіх стэрэатыпаў, у галоўнай гераіні Дыяны усё добра: дом, дзеці, сям'я – жыві і радуйся. Але ніхто не падумаў, чаму яна, архітэктар, вымушана сядзець дома, ніхто да канца не разумее яе боль пасля страты блізкага чалавека. Дыяна пакутуе біпалярным засмучэннем... Але з усіх герояў спектакля я хацеў бы сябраваць менавіта з ёй.

Ніхто не ведае дакладна, дзе пачынаецца і дзе заканчваецца норма, і наогул, што такое гэтая норма. Многія не хочуць прызнаць, што норма – гэта не непарушны закон прыроды, а толькі комплекс адвольных правілаў, якія людзі навязваюць адзін аднаму. Аднак кожны з нас павінен разумець, што душа чалавека надзвычай далікатная. Сёння ты адварочваешся ад чалавека, які пакутуе ад душэўнай хваробы, а заўтра падобнае захворванне можа закрануць асабіста цябе ці тваіх блізкіх. Мы вырашылі гаварыць з публікай на вельмі складаную тэму мовай мюзікла. І я рады, што знайшлі водгук. Усе людзі розныя, хтосьці ідзе ў тэатр па забаўку, і ў гэтым няма нічога заганнага, а хтосьці гатовы разважаць пасля спектакля.

Планую і далей супрацоўнічаць з “Тэрыторыяй мюзікла”. Гэта прыватны тэатр, і ён больш адкрыты для рознага роду эксперыментаў, наватарства. Пры гэтым ні ў якім разе не хачу пакрыўдзіць дзяржаўныя тэатры – у Беларусі і там ёсць цікавыя пастаноўкі.

– Аляксей, вы пяць гадоў не былі ў Мінску. Якія змены ў горадзе вас парадавалі?

– На гэты раз мне здалося, што з'явілася больш разнастайных месцаў, дзе можа збірацца маладое пакаленне мінчан, ёсць праявы большага дынамізму ў гарадской маладзёжнай культуры. Парадавалі такія праекты, як вуліца Кастрычніцкая.

– Што б вы параілі чалавеку, які марыць з'ехаць у Амерыку хоць бы на некалькі гадоў?

– Перш за ўсё рэкамендаваў бы паставіць выразную мэту, а не проста: хачу ў Амерыку. Я заўважыў, што поспеху там дамагаюцца тыя людзі, у якіх і тут справы ішлі нядрэнна. Так не бывае, што дома чалавек ляжаў на канапе, а ў эміграцыі расквітнее.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота  Анжалікі ГРЭКОВІЧ і з асабістага архіва Аляксея Грыненкі

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...

Грамадства

Трансфармацыя адукацыі: поўнае паглыбленне... у лічбу

Трансфармацыя адукацыі: поўнае паглыбленне... у лічбу

Ці спросціць «Электронная школа» жыццё педагогам і як гэта адаб'ецца на якасці ведаў?

Грамадства

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Прэзідэнт зрабіў кадравыя прызначэнні

Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне рэктараў і кіраўнікоў раёнаў і прадпрыемстваў.

Калейдаскоп

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Чым здзівіў Беларускі тыдзень моды

Пазнаёміцца з навінкамі ад беларускіх дызайнераў можна было на тыдні моды, які праходзіў у Мінску з 7 да 11 лістапада.