Вы тут

Telegram vs Раскамнагляд


Больш за два тыдні ідзе ў Расіі барацьба супраць Telegram. Пасля таго, як адміністрацыя месенджара адмовілася перадаваць ключы дэкадавання (не змагла зрабіць гэтага тэхнічна), з дазволу суда Федэральная служба па наглядзе ў сферы сувязі, інфармацыйных тэхналогій і масавых камунікацый (Раскамнагляд) занялася абмежаваннем працы Telegram у рунэце. Адбываецца гэта настолькі скрупулёзна, што пад раздачу трапілі падсеткі Amazon і Google. Блакаванне таксама ўжо прывяло да перабояў у працы розных бізнесаў, а месенджар у большасці працягвае працаваць. Чым скончыцца усё — сказаць складана, але тое, што скандал яшчэ толькі пачынаецца — факт.


Прысуд прывялі да выканання?

Многія сумняваліся, але ў Расіі ўсё ж вынеслі прысуд па Telegram. Рашэннем Таганскага раённага суда ўлады абмежавалі доступ на тэрыторыі краіны да месенджара. Акрамя таго, Раскамнагляд пачаў перапіску з усімі крамамі дадаткаў, каб выдаліць адтуль Telegram.

Нагадаю, што блакаванне мэсенджэра звязана з адмовай Telegram даць ФСБ ключы для дэкадавання паведамленняў, якія адпраўляюцца праз сэрвіс. У кампаніі сцвярджаюць, што патрабаванні невыканальныя па тэхнічных прычынах з-за архітэктуры самаго месенджара. Да таго ж кіраўнік кампаніі Павел Дураў заяўляў, што выступае за свабоду слова і захаванне прыватнага жыцця.

Аднак з 16 красавіка прысуд па блакаванні пачаў прыводзіцца да выканання. Усе базавыя рэсурсы Telegram унесены ў рэестр забароненых сайтаў, а кліенты некаторых правайдараў ужо заяўляюць аб недаступнасці месенджара. Нават у Беларусі некаторыя карыстальнікі паведамлялі аб праблемах у працы месенджара.

Павел Дураў на сваёй старонцы «УКантакце» інфармаваў, што Telegram будзе выкарыстоўваць убудаваныя метады абыходу блакаванняў, якія не патрабуюць дзеянняў ад карыстальнікаў, аднак 100%-ая даступнасць сэрвісу без VPN не гарантавана.

У сваю чаргу кіраўнік Раскамнагляду Аляксандр Жараў адзначыў, што ведамства гатова блакаваць і прылады для абыходу блакіроўкі.

Патрапілі пад раздачу

Тэхнічна, каб татальна заблакаваць Telegram, неабходна адсачыць, праз якія рэсурсы праходзіць яго трафік і перакрыць іх працу. Такім чынам у рамках абмежавання доступу да месенджара Telegram пад раздачу Раскамнагляда трапілі нават падсеткі Amazon і Google. Аляксандр Жараў пацвердзіў блакаванне сотняў тысяч адрасоў Amazon — з-за таго, што іх выкарыстаў Telegram. У забароненых спісах апынуліся 655 тысяч IP-адрасоў Amazon. Пазней да іх дадалі яшчэ 131 тысячу. Акрамя гэтага, у рэестры ўжо знаходзіцца больш за мільён IP-адрасоў Google. Паводле інфармацыі расійскіх СМІ, блакаванне ад Раскамнагляду ўжо прывяло да перабояў у працы розных бізнесаў, уключаючы медыцынскую, банкаўскую сферу і шэраг крамаў. Нягледзячы на гэта, у другі дзень блакавання месенджара, Telegram працягваў працаваць нават у тых карыстальнікаў, якія не выкарыстоўвалі VPN і проксі-серверы.

Аднак па словах Паўла Дурава, Telegram не назірае істотнага падзення актыўнасці расійскіх карыстальнікаў. Страты аўдыторыі месенджара ацаніў заснавальнік агенцтва Combot Фёдар Скуратаў: ён паведаміў, што на працягу першага дня блакіроўкі адток карыстальнікаў склаў 5%. Усяго ж на Расію прыпадае прыблізна 7% ад агульнай аўдыторыі месенджара, якая складае каля 200 млн карыстальнікаў. Раўнд за Дуравым.

Мільёны на абыход забарон

На думку некаторых экспертаў, Раскамнагляд можа заблакаваць або абмежаваць доступ расіян да яшчэ большай колькасці падсетак у спробе спыніць работу Telegram. Але ад гэтага могуць таксама пацярпець і іншыя сэрвісы. Моцна паўплываць на аўдыторыю Telegram будзе вельмі складана. Справа ў тым, што цяпер склалася такая сітуацыя, што ў telegram-каналаў расце колькасць падпісчыкаў, расце іх папулярнасць. Псіхалогія гэтага працэсу вядомая: усё, што трапляе пад забарону — вабіць яшчэ больш.

Карыстальнікі нікуды не імкнуцца сысці, а наадварот, падтрымліваюць яго працу, пашыраючы свае тэхнічныя веды і ўменні, наладжваючы проксі-серверы. А гэта Раскамнагляд ужо не зможа добра пракантраляваць. Telegram заўсёды будзе даступны, але не факт, што будзе даступны без выкарыстання VPN і Proxy. У Паўла Дурава і яго каманды пакуль яшчэ ёсць і тэхнічныя магутнасці, і нечаканыя рашэнні.

Уладальнік месенджара гатоў і далей змагацца за Telegram. На сваёй старонцы «УКантакце» ён напісаў, што на працягу года будзе ахвяраваць мільёны долараў асабістых сродкаў на гэтыя мэты.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.