Вы тут

Саджаем бульбу па-новаму


Пачынае цвісці чаромха — можна прыступаць да пасадкі бульбы, але ў нашым выпадку гэта можна рабіць значна раней — як толькі прасохне самы верхні слой глебы.


Падрыхтоўка

Для больш ранняга ўраджаю выкарыстоўваюць падрыхтаваныя загадзя клубні. Яны павінны быць празялененыя (патрымаць на святле 15—20 дзён) і прарошчаныя ў цёмным і цёплым месцы (два-тры тыдні), каб утварыліся парасткі даўжынёй 4—5 см.

Пасадка

Як вядома, клубні растуць не на каранях бульбы, а на гарызантальных парастках, якія адрастаюць на ніжняй частцы сцёблаў, што называюцца сталоны. Гэтым парасткам не патрэбна зямля, ім патрэбна цемра. Яны будуць расці не тое што ў кампосце, але нават пад пустымі каўпакамі з святлонепранікальнага матэрыялу. Так што прарошчаныя клубні раскладвайце проста па некапанай глебе, нягледзячы на тое, што там пачало расці пустазелле. Зручней рабіць два рады на адлегласці 40—50 см адзін ад аднаго, а клубні раскладваць у кожным радзе праз 25 см адзін ад аднаго. Трэба пакінуць па 20—25 см ад кожнага рада да краю градкі. Такім чынам, шырыня пасадкі атрымаецца 80—100 см.

Бульбяная градка павінна знаходзіцца на сонцы цэлы дзень, інакш бацвінне будзе велічэзнае, а клубні маленькія.

Далей самае галоўнае: абараніць бульбу ад вясновых замаразкаў. Дзеля чаго рады з бульбай варта накрыць сухім паветрапранікальным матэрыялам. Лепш за ўсё для гэтага падыходзіць сена, але не салома (адразу прыцягне да пасадак грызуноў, якія з'ядуць маладыя клубянькі, як толькі яны з'явяцца, пакінуўшы вас з носам). Можна выкарыстоўваць сухое лісце або проста згрэбці з кампоставай кучы верхні, але абавязкова сухі слой. На крайні выпадак прыдадуцца і чорна-белыя газеты або абгортачная папера. Іх трэба разарваць на часткі, скамячыць і засыпаць бульбу. Міжраддзі засыпаць не трэба. Каб сховішча не размёў вецер, накрыйце градку старым спанбондам або мяшкамі. Плёнку выкарыстаць нельга — пад ёй усё пачне прэць. Калі пагроза замаразкаў міне, сховішча можна зняць і пачынаць складваць на градку з пасадкамі ўсё, што вы звычайна выносіце ў кампост.

Памыі вылівайце паміж радамі, а скошаную траву, выпалатае пустазелле кладзіце па ўсёй градцы, проста на сена або газеты, але не завальваючы ўсходы бульбы. Усё лета так і будзеце складаць кампост на бульбяную градку, абганяючы бульбу, якая падрастае не зямлёй, а пустазеллем.

Тут ёсць адна небяспека. Кампост, калі перапрэе, асядае, і маладыя клубні могуць апынуцца аголенымі і пазелянець. Гэтага нельга дапусціць, таму, калі прыносіце чарговую партыю пустазелля, глядзіце, куды яе трэба падсыпаць, каб не агаляць клубні.

Дадатковыя ўгнаенні пры пасадцы бульбы не патрэбны, таму што ўсе неабходныя для яе пажыўныя рэчывы ёсць у раслінных рэштках. З той жа прычыны няма неабходнасці падкормліваць бульбу на працягу сезона. Паліваць таксама не трэба, таму што расліны на 75—80 % складаюцца з вады, якая пры іх перагніванні выдзяляецца і працякае ўніз да каранёў.

Шматгадовае пустазелле, па якім расклалі бульбу, не вырасце — пад тоўшчай кампосту без святла яно загіне, прычым усяго за адзін сезон загінуць і яго карані. Увосень можна будзе ў гэтым пераканацца, прыпадняўшы кампоставую кучу да глебы.

Догляд і ўборка

Як толькі бульба пачынае цвісці, пачынаюць расці клубні на сталонах. На насеннае размнажэнне праз цвіценне бульба марнуе шмат сіл, таму, калі не даваць ёй цвісці, то расліна ўсе сілы накіруе на вегетатыўнае размнажэнне, нарошчваючы клубні. Многія сучасныя сарты бульбы практычна не цвітуць. Гэта адзін з кірункаў селекцыйных работ па бульбе. Кветкі і насенне не патрэбны, патрэбны клубні.

Як толькі кветкі пачнуць вянуць, можна збіраць ураджай першых клубняў. Для гэтага дастаткова адсунуць пласт кампосту і выбраць найбольш буйныя, чыстыя клубні, якія ляжаць проста на зямлі, а затым акуратна вярнуць кампост на месца. Паколькі пашкоджання сталонаў пры такім спосабе падкопвання не адбываецца, то яны працягваюць як нічога ніякага нарошчваць наступныя клубні.

Калі ўраджай з ранняга рада выбраны, бульбоўнік раскладваюць над ім на прасушку і так і пакідаюць на градцы. Звычайна класці ў кампост бацвінне таматаў і бульбы не рэкамендуюць з-за саланіну, які змяшчаецца ў ім, але пад уплывам сонца, дажджоў і паветра саланін разбураецца. Кампоставую кучу, якая засталася на месцы градкі з бульбай, пакідаюць зімаваць так як ёсць.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.