Вы тут

Як дапамагчы пажылым людзям справіцца з псіхічнымі расстройствамі


Старасць нясе з сабою шмат хвароб, ад якіх мы не можам застрахавацца ў маладосці. Але аблегчыць жыццё ў шаноўным узросце можа своечасовае лячэнне саматычных і інфекцыйных хвароб на працягу ўсяго жыцця, падрыхтоўка да выхаду на пенсію, а таксама і ўвага блізкіх. Пра гэта расказала ўрач-псіхіятр-нарколаг Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера г. Мінска Зоя РАБЦАВА.


— Псіхічныя расстройствы позняга ўзросту дзеляць на абарачальныя (якія не вядуць да слабасці розуму) і неабарачальныя, якія ўзнікаюць з-за дэструктыўнага працэсу ў галаўным мозгу і суправаджаюцца грубым парушэннем інтэлекту, — тлумачыць Зоя Іванаўна.

Сярод першых — эмацыянальна-лабільнае расстройства. Пажылы чалавек скардзіцца на цяжар і шум у галаве, галавакружэнні, хуткую стамляльнасць. Днём перыядычна яму патрабуецца сон, а начны сон парушаецца. Ён робіцца крыўдлівы і раздражнёны. Лячэнне такога стану патрабуецца, але як правіла, робіцца гэта амбулаторна.

Яшчэ адзін абарачальны стан — дэпрэсіўнае расстройства. Ад дрэннага настрою не застрахаваны ніхто. Але калі падаўлены, тужлівы настрой доўжыцца тыднямі, то гэта, хутчэй за ўсё, дэпрэсія. Смутак, маркота праяўляюцца ў пажылых людзей апатыяй, стратай сэнсу жыцця. З'яўляюцца жаль да сябе, адчуванне непатрэбнасці нікому. Ежа, хадзьба — усё робіцца праз сілу. Болі і непрыемныя адчуванні ўзмацняюць дэпрэсіўны стан. Калі стары чалавек стаў замкнёны, змяніў лад жыцця, часта плача ці не ўстае з ложка без прычыны, гэта нагода звярнуцца да псіхіятра. Не ігнаруйце прызначэнні дактароў, калі пастаўлены дыягназ «дэпрэсія». У залежнасці ад ступені цяжкасці дэпрэсіўнага расстройства пацыенту можа спатрэбіцца стацыянарнае лячэнне.

Трывожнае расстройства — таксама абарачальны стан. Пастаянная трывожнасць перашкаджае жыццю пажылых людзей, цяжка пераносіцца. Трывога можа быць і рысай характару, якая з узростам узмацнілася. Пажылыя людзі, губляючы фізічную сілу і абароненасць, сутыкаюцца з многімі сітуацыямі, якія іх трывожаць: цяжкія хваробы, страта кантакту з дарослымі дзецьмі, фінансавыя цяжкасці. Часта трывога суправаджае такія расстройствы, як дэпрэсія, дэменцыя. Яе ўзмацняюць курэнне, ужыванне кавы і алкагольных напояў.

Маніякальнае расстройства праяўляецца ўзбуджаным настроем, празмерным выхваляннем, узвышэннем сябе, агрэсіўнымі ўспышкамі гневу. Гэта таксама мітуслівыя, надаедлівыя, балбатлівыя людзі, размова якіх пераскоквае з адной тэмы на іншую. Яны не адчуваюць сябе пацыентам, і трапляюць да ўрача толькі па патрабаванні блізкіх, якім сваімі паводзінамі ствараюць праблемы.

Вар'яцкае расстройства. У жыцці мы сутыкаемся з пажылымі людзьмі, якія распачынаюць скандалы, кажуць пра шкодніцтва, крадзяжы, уцісканне іх правоў. Яны адчуваюць падазроныя пахі, лічаць, што іх ежу атручваюць, крадуць іх рэчы, чымсьці апраменьваюць. Такія людзі маюць патрэбу ў адэкватным лячэнні ў псіхіятра.

Да цяжкіх захворванняў пажылога ўзросту адносіцца дэменцыя. Яна ўзнікае не раптам, яе развіццё адбываецца марудна. Прычынай могуць быць перанесеныя адзін або некалькі інфарктаў мозга, дэгенератыўныя хваробы мозга: хвароба Альцгеймера, Піка, Паркінсона, Гентынгтана. У пацыента парушаецца арыенціроўка ў часе, ён не памятае свой адрас, блытае імёны, губляецца на вуліцы. Часта ўспамінае сваіх памерлых сваякоў і запэўнівае, што яны жывыя і здаровыя. Такі хворы страчвае звычайныя бытавыя навыкі, не можа самастойна апрануцца, памыцца. Удакладніць прычыну дэменцыі можна падчас камп'ютарнай тамаграфіі ці МРТ галаўнога мозга. Калі дэпрэсія, маніякальнае і вар'яцкае расстройствы паспяхова лечацца нейралептыкамі, антыдэпрэсантамі ці прэпаратамі, якія знімаюць трывогу, то дэменцыя неабарачальная.

— Існуюць метады тэрапіі, якія накіраваны на тое, каб падтрымаць дастойны ўзровень жыцця як мага даўжэй, — расказвае Зоя Рабцава. — Для гэтага прымяняюцца розныя прэпараты. Важную ролю ў паспяховым лячэнні адыгрывае своечасовы зварот па медыцынскую дапамогу, падтрымка з боку сям'і. Каб дапамагчы свайму блізкаму як мага даўжэй захоўваць яснасць розуму, трэба ліквідаваць асноўныя фактары, якія могуць быць стрэсамі ў развіцці псіхічных расстройстваў. І падтрымліваць здаровы лад жыцця: фізічная актыўнасць, інтэлектуальная праца дапамагаюць захаваць бадзёрасць, аптымізм, актыўную ўвагу. Павялічваецца запатрабаванасць арганізма ў садавіне і гародніне, морапрадуктах, кісламалочных, зерневых прадуктах, раслінных тлушчах. Яны багатыя на раслінны бялок, які адказвае за працэсы амаладжэння і стан вышэйшай нервовай дзейнасці.

Таксама важна папярэджваць і своечасова лячыць саматычныя і інфекцыйныя захворванні, у прыватнасці сардэчна-сасудзістыя хваробы, цукровы дыябет. Трэба загадзя рыхтавацца да выхаду на пенсію, знаходзіць новае кола кантактавання з равеснікамі, у меру сіл займацца фізкультурай. Некаторыя вучоныя раяць людзям, якія дасягнулі 50-гадовага ўзросту, не перанапружваць сябе прафесійнай дзейнасцю, а займацца самавыхаваннем, прысвячаць вольны час захапленням і хобі, якія не маглі быць рэалізаваныя раней з-за штодзённай працы. Асабістаму адпачынку трэба «вучыцца», «рыхтавацца да яго загадзя». Акрамя гэтага, спецыялісты рэкамендуюць выбраць і падрыхтаваць месца, дзе будзе праходзіць старасць. Пакуль ёсць сілы і энергія, неабходна па магчымасці перабрацца жыць недалёка ад блізкіх. Ад саміх пажылых людзей залежыць шырыня кантактаў, імкненне аказаць пасільную дапамогу, праяўленне да навакольных дабрыні і ўвагі.

— Вельмі важна не дапускаць адзіноты пажылых людзей, дапамагчы ім перажыць страту блізкіх, а таксама садзейнічаць у падтрыманні ўзроўню жыцця. Дарослыя дзеці павінны памятаць пра пажылых бацькоў і сваёй прысутнасцю (асабіста ці па тэлефоне) падтрымліваць іх жыццёвыя сілы, — нагадвае Зоя Рабцава.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Памятайце пра бацькоў

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.