Вы тут

Які штраф плаціць пешаход, калі перайшоў дарогу ў неналежным месцы


Пешаход у неналежным месцы перайшоў дарогу. За гэта яму выпісалі штраф, які ён аплаціў на наступны дзень. Але ад яго запатрабавалі ў тры разы больш... Нават не верыцца, што гэта можа быць праўдай. Высветлілася, што насамрэч можа. У заблытанай сітуацыі разбіраўся карэспандэнт «Звязды».


Версія пешахода

Грамадзянін Украіны Дзмітрый (прасіў прозвішча не называць) у нашай краіне жыве каля шасці гадоў. Расказаў, што 14 лютага ў Наваполацку быў затрыманы вечарам супрацоўнікам міліцыі за пераход у неналежным месцы па вуліцы Васілеўцы. Сцвярджае, што гэта адбылося ў неасветленым двары, на павароце дарогі...

Міліцыянер папрасіў прайсці ў грамадскі пункт аховы правапарадку, і там ужо ўчастковы склаў пратакол аб правапарушэнні.

— Мне выпісалі штраф у памеры базавай велічыні, які я аплаціў 15 лютага ў найбліжэйшым філіяле банка. І ёсць пацвярджэнне плацяжу. Але 5 красавіка мне па пошце на адрас, дзе я зарэгістраваны ў Віцебску, даслалі пастанову з аддзела прымусовага выканання Наваполацка. Там было напісана, што я не аплаціў штраф. І павінен заплаціць ужо тры базавыя велічыні... Высветлілася, што мой плацеж пайшоў на іншы разліковы рахунак. А квітанцыю ж з гэтым рахункам мне выдаў участковы. Чаму я ўсё роўна застаўся вінаваты тры базавыя велічыні? Прашу разабрацца ў гэтай сітуацыі, — папрасіў ён журналіста.

Міліцыянер дзейнічаў правамерна

Намеснік начальніка Наваполацкага ГАУС, падпалкоўнік міліцыі Уладзімір Шэндзель растлумачыў:

— Пешаход быў затрыманы супрацоўнікам патрульна-паставой службы за адміністрацыйнае правапарушэнне: перайшоў дарогу ў неналежным месцы. У такіх выпадках ёсць два варыянты развіцця падзей. Першы: у дачыненні да грамадзяніна складаецца адміністрацыйны пратакол. Потым ён прыходзіць у падраздзяленне ДАІ, і яго прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці.

Другі: калі ён згодны з парушэннем, выносіцца пастанова аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці з мінімальным штрафам.

У гэтым выпадку вынеслі пастанову. Усё правільна, — растлумачыў суразмоўнік.

Чалавечы фактар...

У чым тады сутнасць праблемы? Справа ў тым, што аплаціць штраф можна праз сістэму «Разлік» (АРІП — сістэма адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы) або мабільны тэрмінал з выкарыстаннем аплатнай карткі. Калі вінаваты своечасова не аплаціць штраф (раней — на працягу пяці дзён, цяпер — да месяца), апошні аўтаматычна стане большы на дзве базавыя велічыні. Пра гэтыя новаўвядзенні, дарэчы, «Звязда» паведамляла 19 красавіка.

Паводле слоў прадстаўніка ГАУС, супрацоўнік, як прынята, уносіць адпаведную інфармацыю пра парушэнне і памер штрафу ў спецыяльную базу, а потым яна з'яўляецца ў АРІП.

— Пешаход жа прыйшоў да ўчастковага і сказаў, што гатовы адразу заплаціць. І той па сваім няведанні даў іншы нумар рахунку. Вось і ўсё. Чыста чалавечы фактар, — дадаў падпалкоўнік.

Пасля аплаты штрафу Дзмітрый прынёс квітанцыю ўчастковаму. Той, як высветлілі пазней, своечасова не перадаў квітанцыю ў ДАІ. Там вырашылі, што штраф не аплачаны. У выніку паведамілі пра гэта ў наваполацкі аддзел прымусовага выканання. Там, у сваю чаргу, таксама не ведалі, што вінаваты ўжо аплаціў штраф. Таму і павінен быў заплаціць на той момант тры базавыя велічыні.

Разабраліся

Прадстаўнік кіраўніцтва ГАУС, калі замежны грамадзянін выказаў крыўду, разам з ім наведаў прыстава згаданага вышэй аддзела. Там спынілі выкананне справы па кампенсацыі штрафу. Участковаму растлумачылі парадак спагнання штрафу, каб больш не дапускаў такіх памылак.

Чаму наш герой звярнуўся ў карпункт? Эмоцыі ўзялі верх! Насамрэч на яго месцы мог апынуцца кожны. Логіка такая: чалавек у форме даў паперу з указаннем разліковага рахунку, вінаваты, які прызнаў сваю віну, заплаціў грошы... А ў выніку атрымалася так, як атрымалася.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Двойчы вінаваты?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?