Вы тут

Сёння пачынаецца рэгістрацыя на ЦТ


2 мая ў краіне распачынаецца рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэсціраванне, якая будзе доўжыцца да 1 чэрвеня. Для таго каб запасціся пропускамі на ЦТ, абітурыентам трэба завітаць у любы найбліжэйшы да іх месца жыхарства пункт рэгістрацыі. Такіх пунктаў па ўсёй краіне каля 40. Усе яны падключаны да аўтаматызаванай сістэмы «Агульнарэспубліканскі банк звестак удзельнікаў ЦТ». Сістэма працуе па прынцыпе «аднаго акна»: сама шукае свабодныя пасадачныя месцы і падказвае рэгістратару, у якіх навучальных установах можна здаць тыя ці іншыя прадметы. Асабліва гэта актуальна для сталіцы.


Аўтаматызаваная сістэма дазваляе падабраць абітурыенту найбольш зручнае для экзамену месца, нават калі той пажадае здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне ў іншым горадзе. Пункты рэгістрацыі будуць працаваць па рабочых днях тыдня з 9.00 да 19.00 і па суботах 12 і 26 мая — з 9.00 да 18.00.

Летась на цэнтралізаванае тэсціраванне зарэгістравалася каля 92 тысяч абітурыентаў (па 15 вучэбных прадметах было здадзена каля 311 тысяч тэстаў). Колькі ахвотных знойдзецца сёлета, складана спрагназаваць, бо пачынаючы з гэтага года абітурыенты могуць скарыстацца леташнімі сертыфікатамі. Нагадаем, што тэрмін дзеяння сертыфікатаў удзельнікаў ЦТ быў падоўжаны на два гады. Але патэнцыяльныя абітурыенты павінны мець на ўвазе, што сёлета парогавыя значэнні ЦТ па першым профільным прадмеце павысіліся на пяць балаў. Таму тым, хто мае намер скарыстацца леташнімі сертыфікатамі, трэба ўпэўніцца, што іх балы з'яўляюцца здавальняючымі. У адваротным выпадку неабходна зноў прайсці ЦТ і паспрабаваць атрымаць больш высокія вынікі.

Зарэгістравацца на ЦТ можна на чатыры дысцыпліны. Такім чынам у абітурыентаў ёсць магчымасць ракіроўкі пры паступленні на роднасныя спецыяльнасці. А калі чалавек канчаткова вызначыўся з профілем навучання, ён можа здаць цэнтралізаванае тэсціраванне па дзвюх дзяржаўных мовах, а пазней выбраць лепшы з двух сертыфікатаў, забяспечыўшы сабе хоць некалькі дадатковых балаў. Праўда, у прыёмную камісію ВНУ трэба будзе падаваць, як і раней, толькі тры сертыфікаты і два сертыфікаты — у прыёмную камісію ССНУ. Між іншым, летась чатыры тэсты здавала прыкладна палова абітурыентаў. А вось зарэгістравацца больш чым на чатыры дысцыпліны на ЦТ аўтаматызаваная праграма рэгістрацыі не дазволіць, як не дазволіць яна трапіць на ЦТ дзесяцікласнікам.

У пункт рэгістрацыі на ЦТ абітурыент павінен прыйсці з пашпартам (непратэрмінаваным!) або іншым дакументам, што пацвярджае яго асобу (гэта можа быць пасведчанне на права жыхарства, пасведчанне бежанца ці афіцыйная даведка, якая выдаецца органамі ўнутраных спраў у выпадку страты ці крадзяжу дакумента, што пацвярджае асобу). Ніякія іншыя дакументы, у тым ліку пасведчанне кіроўцы, для рэгістрацыі не падыходзяць. Выбар мовы, на якой абітурыент жадае здаваць тэсты, ажыццяўляецца менавіта на этапе падачы заявы і рэгістрацыі на ЦТ.

Заява запаўняецца ўдзельнікам ЦТ на адной з дзвюх дзяржаўных моў: беларускай ці рускай на выбар. Трэба мець на ўвазе, што пазней зона рэгістрацыі бланка адказаў будзе запаўняцца абітурыентам на той жа мове, на якой была пададзена заява пры рэгістрацыі. І сертыфікат удзельніка ЦТ будзе запаўняцца таксама на той мове, на якой падавалася заява. Пасля падачы заявы абітурыент атрымлівае ў работніка пункта рэгістрацыі рахунак і ажыццяўляе аплату за прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу ў ЦТ. Гэта сума складае 0,1 базавай велічыні за адзін вучэбны прадмет (2 рублі 45 капеек).

Унясенне сродкаў за афармленне і прыём дакументаў ажыццяўляецца праз АРІП (сістэму адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы): гэта можна зрабіць у інфакіёсках, плацежных тэрміналах і банкаматах, разлікова-касавых цэнтрах банкаў, з выкарыстаннем інтэрнэт-банкінгу і мабільнага банкінгу (непасрэдна ў пункце рэгістрацыі на ЦТ).

Пасля заканчэння рэгістрацыі і пацвярджэння факта аплаты абітурыент атрымлівае ў пункце рэгістрацыі пропуск на ЦТ, прад'явіўшы дакумент, які сведчыць яго асобу. Трэба мець на ўвазе, што пропуск для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні лічыцца зарэгістраваным, калі на ім маецца пячатка ўстановы, вызначанай пунктам рэгістрацыі на ЦТ, подпіс упаўнаважанага прадстаўніка пункта рэгістрацыі і ўказаны рэгістрацыйны нумар.

Калі абітурыент па ўважлівай прычыне не можа асабіста зарэгістравацца на ЦТ (такой прычынай можа быць, напрыклад, хвароба, удзел у міжнародных конкурсах і спаборніцтвах, службовая камандзіроўка ці іншыя не залежныя ад яго абставіны, дакументальна пацверджаныя), дакументы на рэгістрацыю могуць падаць законныя прадстаўнікі непаўналетніх або тых абітурыентаў, якія дзейнічаюць на падставе даверанасці, засведчанай натарыяльна або ўпаўнаважанай службовай асобай (пры прад'яўленні дакументаў, якія сведчаць асобу, а таксама копіі дакумента, які сведчыць асобу абітурыента, заверанай натарыяльна).

Абітурыенты, якія вызваляюцца ад платы за прыём і афармленне дакументаў для ўдзелу ў ЦТ, пры падачы заявы павінны прадставіць дакументы, якія пацвярджаюць іх права на льготу.

Замежныя грамадзяне і грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі замежных дзяржаў, могуць накіраваць у пункт рэгістрацыі копію дакумента, які сведчыць іх асобу, і заяву па пошце, а рэгістрацыйны ўзнос аплаціць пасля прыезду ў Беларусь, але не пазней, чым за адзін дзень да пачатку тэсціравання па вучэбным прадмеце.

Заяву можна спампаваць на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. Арыгінал дакумента, які сведчыць асобу, у гэтым выпадку прад'яўляецца пры атрыманні пропуска для праходжання тэсціравання.

Арганізатары ЦТ запэўніваюць: структура тэстаў сёлета не зменіцца. Як і сістэма падліку балаў. Агульная колькасць заданняў размеркавана па тэмах у адпаведнасці з іх значнасцю і аб'ёмам у падручніках. Як заўсёды, будуць прапанаваны заданні пяці ўзроўняў складанасці, што дазволіць якасна ранжыраваць абітурыентаў па іх узроўні ведаў. Заданні падабраны такім чынам, каб яны былі раўназначныя для ўсіх варыянтаў, што прапаноўваюцца абітурыентам на ЦТ. Што да спецыфікацыі тэстаў, то з ёй можна азнаёміцца на сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў.

Дарэчы, на базе РІКВ да 15 мая яшчэ можна будзе прайсці рэпетыцыйнае тэсціраванне: як бланачнае, так і камп'ютарнае. А ўвогуле трэці этап рэпетыцыйнага тэсціравання ўжо завяршыўся.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Загаловак у газеце: Пункты рэгістрацыі на ЦТ чакаюць абітурыентаў

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».