Вы тут

Віталь Карпанаў: У «Драздоў» драйв 20-гадовых


Іх песні ведае амаль кожны беларус. Яны гучаць па радыё, тэлебачанні, нават у рэкламе, што круцяць у рэйсавым аўтобусе. За свае больш чым дзесяць гадоў існавання гурт «Дразды» пасталеў, але не змяніўся: яго ўдзельнікі па-ранейшаму любяць эксперыменты і не баяцца касых поглядаў.

Пра тое, ці цяжка заўсёды быць на пазітыве і чаму «Дразды» ніколі не паедуць на «Еўрабачанне», «Чырвонцы. Чырвонай змене» расказаў фронтмен гурта, артыст, радыё- і тэлевядучы Віталь КАРПАНАЎ.


— Ці адрозніваюцца «Дразды» ў плане творчасці, настрою ад сябе саміх, скажам, пяць гадоў таму?

— Пытанне якраз аб тым, што я зараз вельмі востра перажываю. Мы заўсёды былі, ды і застаёмся, вясёлым гуртам. Але добра быць вясёлым і непасрэдным у 20 гадоў. А калі табе ўжо 36?

На самай справе, гурт змяняецца пастаянна. Мы сталеем і на многія рэчы ў жыцці глядзім інакш. Асабліва гэта датычыцца мяне як аўтара тэкстаў песень.

Спадзяюся, мы становімся больш цікавымі, інтэлектуальнымі, захоўваючы пры гэтым сваю весялосць і драйв 20-гадовых. Пры гэтым зараз «Дразды» закрываюць сваёй творчасцю адразу тры нішы: вясёлую непасрэднасць, сур'ёзную лірыку і, што немалаважна ў Год малой радзімы, — мы патрыятычны ансамбль.

— Шмат дзе бывалі ў Беларусі з канцэртамі за прайшоўшыя гады?

— Так, але, думаю, яшчэ засталіся месцы ў краіне — маленькія кропкі на карце, — куды мы так пакуль і не даехалі.

Падарожнічаў, дарэчы, па Беларусі я не толькі з гуртом, але і як вядучы некалі папулярнай праграмы «Экспедыцыя». І да гэтага часу працягваю ездзіць па нашых гарадах і вёсках. Ты глядзіш людзям у вочы, бачыш іх праблемы — пра гэта потым і пішуцца песні.

— Ці цяжка ў жыцці быць заўсёды веселуном?

— Беларусы — народ, які не так хутка і не так лёгка разгойдваецца на эмоцыі. Гэта нармальна, дрэннага тут нічога няма. І быць артыстам, які ўмее ўзняць настрой, няпроста. На самай справе, гумарыстычны жанр значна больш складаны, чым лірычны.

Свой талент вясёлага чалавека я пастаянна шліфую, адточваю майстэрства. Гэта вышэйшы пілатаж, калі ты можаш над сур'ёзнымі рэчамі разумна пажартаваць.

Ці заўсёды я такі? Не, не заўсёды. Трэба дзесьці зараджацца, асабліва, калі шмат работы: здымкі на тэлебачанні, канцэрты. Я зараджаюся дома. Ці вось, напрыклад, нядаўна з'ездзіў у санаторый адпачыць.

— Дома і на сцэне ты — розны чалавек?

— У хатняй абстаноўцы я адназначна больш спакойны. Распрацоўваю планы, стратэгіі новых песень, кліпаў, прасоўвання гурта. Гэта вялікая праца, таму трэба быць сур'ёзным чуваком.

— Для свайго сына ты строгі тата?

— У нашай сям'і строгі тата — гэта мама (смяецца). Я разумею, што дзесьці трэба націснуць, але вельмі рэдка ўжываю тактыку паставіць у кут. Сыну ўжо чатыры гады, і толькі адзін раз я зрабіў гэта.

— Ты казаў пра лірычную нішу ў творчасці гурта...

— Чамусьці атрымлівалася так, што мы пісалі вясёлыя песні адну за адной, лірычныя ж назапашваліся. Але яны таксама класныя. І бывае, што гучаць на радыё, але іх не могуць суаднесці з «Драздамі». Не асацыюемся мы з такім рэпертуарам.

З самых вядомых лірычных песень, напэўна, «Улюбляюся», на якую летась знялі кліп, і «Вёска» — на беларускай мове. Мы зрабілі на яе кліп, і сёння ў яго больш за 200 тысяч праглядаў на YоuTubе. Для нас, беларускіх артыстаў, гэта сур'ёзны паказчык.

— А ці чакаць ад вас яшчэ песень на беларускай мове?

— Думаю, яны абавязкова будуць, але я не хацеў бы рабіць гэта штучна, таму што «трэба». Усё павінна прыйсці само, менавіта тады атрымаецца шчыра і сапраўды добра.

У гурта, на самай справе, ёсць дзве песні на беларускай мове. Адну, «Каханая дзяўчына», я напісаў яшчэ ў школе. Другую, «Вёска», летась.

— А хто прыдумвае сцэнарыі для кліпаў?

— Часцей за ўсё ў галаве ўжо ёсць ідэя, і з ёй я іду да рэжысёра. А ён ужо афармляе мае думкі, дадае дэталі. Прыйшоў да Арцёма Анашчанкі, які зняў кліп на «Не танцую» (у яго, дарэчы, амаль 700 тысяч праглядаў на YоuTubе), і кажу: «А, можа, танцы?». Ён: «Так, толькі танцы будуць вось такія». Што атрымалася — можаце паглядзець самі. А кліп на песню «Вёска» — цалкам мая ідэя. Менавіта так усё і ўяўляў сабе.

Дарэчы, у канцы сакавіка мы прэзентавалі свежае відэа: кліп на песню «Наш рух — гэта любоў». У яе словах сабрана ўсё — пазітыў, настрой, пасыл да таго, што ўсё абавязкова будзе добра: «Как бы ни было порою туго, а птицы прилетают с юга». У гэтым кліпе мы танцуем усім гуртом. Звычайна актыўны я адзін, а тут вырашылі: хопіць адседжвацца — і пайшлі на ўрокі танцаў. Раман Кавалёў, пастаноўшчык, вучыў нас добра, а ўжо станцавалі мы як змаглі.

— Ці не хочаце паспрабаваць сябе на «Еўрабачанні»?

— Гэта, на мой погляд, конкурс-«Тытанік». Ён топіць артыстаў. Як правіла, калі ты туды трапляеш, то гэта найвышэйшая кропка, да якой больш ніколі не вернешся. Не зможаш дасягнуць такога ж узроўню. І будзеш жыць з гэтым комплексам усё жыццё. Ды і наогул, шмат скандалаў вакол «Еўрабачання». Я лічу, што трэба пісаць песні і дамагацца чагосьці сваёй працай і стараннасцю паступова.

— Чаму аднойчы вырашыў выступаць з балалайкай?

— Амаль усе пацаны мараць навучыцца іграць на гітары... Бацька адправіў нас з братам у музычную школу, але гітары там не аказалася, а была балалайка. Вось так усё і пачалося. А наогул, калі шчыра: музыцы я, здаецца, так і не навучыўся, затое навучыўся быць артыстам. Напэўна, гэта больш важна.

— У тваім асабістым Іnstаgrаm амаль 15 тысяч падпісчыкаў. Ніколі не марыў падацца ў блогеры?

— Думаю, я і ёсць блогер. Дастаткова даўно, калі гэта не было яшчэ так папулярна, выкладваў відэаролікі — у мяне было сваё «Дро-шоу» на YоuTubе. А наогул, цяпер жа час маладых. А мы — ужо моладзь сярэдняга ўзросту, якая стараецца ісці ў нагу з часам, разумеючы, што сацыяльныя сеткі — гэта актуальна. І працаваць, раскручваць гурт таксама трэба праз інтэрнэт.

— А кім марыў стаць у дзяцінстве?

— Артыстам. Памятаю, як вучыўся ў школе ў другую змену і позна вяртаўся дадому. Мне трэба было ісці праз поле, над якім часам вельмі ярка свяціў месяц. І я прасіў у яго: «Месяц, зрабі так, каб я стаў артыстам». Напэўна, мяне пачулі?

— Чаго чакаць ад «Драздоў» у найбліжэйшы час?

— 17 мая ў нас важная падзея: гурт сыграе на адной сцэне з Прэзідэнцкім аркестрам Рэспублікі Беларусь у Палацы Рэспублікі.

Наогул, планаў і ідэй на гэты год вельмі шмат. Мы не баімся эксперыментаў, спрабуем сябе ў розных жанрах. Так, з-за гэтага на нас часам глядзяць неяк коса. Але мы ўсё роўна рухаемся наперад.

Ганна БАГІНО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

Успаміны бортмеханіка верталёта пра Афганістан

У лётнай кніжцы Сяргея Пацкевіча — 970 гадзін налёту.