Вы тут

Крафт: узровень-80


Сэнс гэтага слова, што паходзіць ад англійскага «ствараць, тварыць», апошнім часам пачаў набываць новую афарбоўку. З аднаго боку, усё быццам бы засталося, як і было. Крафт — гэта калі вытворца імкнецца ўвасобіць у жыццё самыя неверагодныя ідэі такімі ж незвычайнымі спосабамі. («Хадзіць на работу — гэта да грошай».) Таму пералікам крафтавых навінак ужо цяжка некага асабліва зацікавіць: прадукты харчавання, напоі, адзенне, падарункі... («Здзіві ўсіх — ідзі працаваць па спецыяльнасці!») Крафт не можа быць маштабным, гэта абмежаваныя, у пэўным сэнсе эксклюзіўныя, партыі. Опанькі! І вось тут у яго з'яўляецца тая самая новая афарбоўка, можна сказаць, нават новы ўзровень. Хто ў нас самы эксклюзіўны на свеце? Ды мы самі! Партыя ў кожнага не тое што абмежаваная — увогуле адзінкавы экзэмпляр. А той самы ўзровень крафтавасці ў некаторых можа дасягаць адзнакі 80!


Вядома, найперш гаворка пра знешнасць. Напрыклад, у дзяўчат ва ўстойлівым трэндзе мода на бровы. («— Апішы сябе. — Брунетка. — Ага. А вочы? — Ёсць».) Пра брэжнеўскае «монабрыво» я ўжо неяк згадваў. Каб жа гэта было ўсё! («Даходы афтальмолагаў растуць на вачах».) Б'юці-блогеры падхапілі навінку — бровы, падпраўленыя ў выглядзе хвалі, якія фіксуюцца пры дапамозе клею ПВА. Могуць быць каляровыя і з рознай вышынёй хвалі. Перад новым годам іх сталі пераўтвараць хто ў аленяў (жывёлу дамалёўвалі на вейку), а хто — у святочную ёлку. Некаторыя дадавалі стразы і бліскаўкі. Не паспелі бровы пабыць хвалістымі, падобнымі на пёры, як з'явіўся трэнд на іх у выглядзе рыбіных хвастоў. Карыстальнікі сеціва сцвярджаюць, што за кошт паднятых валасінак дзяўчаты выглядаюць злымі і нагадваюць ліхадзеяў з мультфільмаў. Ужо да канца гэтага года прыгажуням абяцаюць... святлодыёдныя вейкі (недзе па 40 долараў), якія можна будзе наклейваць паверх сапраўдных. Даволі вялікі акумулятар будзе хавацца ў валасах. Святлодыёды маюць сем колераў і могуць пульсаваць у некалькіх рэжымах. («Яе вочы вылучалі цяпло, святло і іншыя камунальныя паслугі».)

Крафтавай знешнасці — адпаведны антураж! У Каліфорніі група распрацоўшчыкаў стварае робата для лянівых. Ён можа дапамагчы ў быце, а менавіта — цытую — «скласці адзенне». У продажы гэты незаменны гаджэт з'явіцца ў наступным годзе па цане 980 долараў. Ва ўстройства зверху закладваецца адзенне, а ўжо праз некалькі секунд складзеная рэч выдаецца гаспадару назад знізу. Ведаю, што ў многіх мужыкоў зараз такое ўстройства замяняе спінка звычайнага крэсла. («Жонка пачала неяк дзіўна вымаўляць слова «гаджэты». Па складах...») Вой, пра робатаў — гэта ўвогуле асобная песня! Якіх толькі не ствараюць, нават не пералічыць. Нават такога, які прыносіў бы... піва. З гэтай нагоды анекдот з'явіўся ў тэму: «Я табе што, робат, каб за півам бегаць?!» Эх, часы! («Падчас нашага дзяцінства ў школах не было ахоўнікаў. Тэхнічка з мокрай анучай цалкам сама спраўлялася».)

Але я не стаў бы вельмі радавацца ўсім гэтым вынаходкам. Бо, як высвятляецца, такія крафтавыя толькі мы самі ва ўласных вачах. Вось амерыканскі акцёр і хіп-хоп-выканаўца Уіл Сміт схадзіў на «спатканне» з робатам Сафіяй. Паспрабаваў пафліртаваць з андроідам, няўдала пажартаваў і нават хацеў пацалаваць яго. У выніку атрымаў адмову, пасля чаго робат увогуле раскрытыкаваў музычную творчасць выканаўцы. (Так і чую Леаніда Агуціна: «Усё так і не так, і як быццам бы пусцяк... Хоп-хэй, ла-ла-лэй...») Я вам больш раскажу. Праграміст з ЗША вырашыў высветліць, як штучны інтэлект бачыць чалавечае цела. Ён запраграмаваў нейрасеткі на стварэнне партрэтаў аголеных людзей. Што атрымаў? Малюнкі ў стылі Сальвадора Далі і Пабла Пікаса. Людзі на іх выглядаюць ненатуральна, маюць дзіўнай формы і памераў часткі цела. («Нашу акуляры. Часта людзі адбіраюць іх у мяне, прымяраюць і пытаюцца: «Ну што, мне пасуе?» Што я павінен адказаць вам, загадкавыя гаворачыя плямы?!»)

Але мы крыху адышлі ад тэмы. Хто б мог некалі падумаць, што песня групы «Брава» «Гэты горад» акажацца прарочай. Ну, памятаеце ж? «Гэты горад самы лепшы горад на зямлі»? Бо ў ім «намаляваныя бульвары, рэкі і масты, рознакаляровыя вяснушкі, белыя банты» і «распускаюцца фантаны проста ў нябёсы». Гэта ж гімн свету крафта! Яшчэ не здагадаліся, да чаго хілю? Брытанскі горад Брайтан-энд-Хоў па жартаўлівым даследаванні аднаго рыэлтарскага партала прызнаны самым хіпстарскім у свеце! У даследаванні бралі ўдзел 446 гарадоў з насельніцтвам больш за 150 тысяч чалавек з 20 краін. Іх ацэньвалі па пяці паказчыках: колькасці веганскіх рэстаранаў, тату-салонаў, вінтажных буцікоў, кавярняў і музычных крамаў з вінілавымі кружэлкамі. («Хутка турмы будуць непатрэбныя. У пакаранне стануць проста адключаць інтэрнэт».) Цяпер ведаеце, дзе насамрэч трэба жыць, крафтавыя вы мае? («Вось аднаго не разумею. Чаму летнія лагеры толькі для дзяцей? Можа, я таксама хачу пяціразовае харчаванне, ціхую гадзіну, конкурсы ўсім атрадам і «медлякі» ў 10 вечара?») Чыесьці мары збываюцца...

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».