Вы тут

Як настаўніку не адстаць ад часу


Ёсць прамая сувязь паміж узроўнем ведаў і ўзроўнем нуды на ўроку. Школе трэба абавязкова змяняцца! Візуалізацыя, гейміфікацыя і нейратэхналогіі — тыя трэнды ў адукацыі, якія проста нельга ігнараваць. У гэтым упэўненыя будучыя педагогі, якія пакуль яшчэ самі не пакінулі школьныя сцены. Днямі ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка прайшла найцікавейшая фарсайт-дыскусія.


Педагагічная футуралогія

— Роўна год таму ў нашым універсітэце былі падведзеныя вынікі рэспубліканскага конкурсу для навучэнцаў педагагічных класаў «Будучыя педагогі — пра школу будучыні». Яго ўдзельнікі прадстаўлялі розныя яе мадэлі. Многія канкурсанты казалі пра тое, што ключавой фігурай у тэхнічна абсталяванай школе будучага застанецца педагог, які «ачалавечвае» адукацыйны працэс, з'яўляецца для сваіх вучняў прыкладам, у тым ліку і ў стаўленні да прафесіі. Тады ў нас, арганізатараў, узнікла ідэя: распачаць доўгатэрміновую сур'ёзную работу з навучэнцамі педагагічных класаў у галіне педагагічнай футуралогіі, — расказала прарэктар па навуковай рабоце БДПУ, доктар педагагічных навук, прафесар Ганна ТОРХАВА. — У працяг тэмы мы прапанавалі старшакласнікам пашукаць адказ на пытанне: «Як жа падрыхтаваць педагога, які зможа эфектыўна працаваць у школе будучыні?»

Апрабаваць новую для нашай краіны фарсайт-тэхналогію было прапанавана камандам школ-лабараторый вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі. Трэба заўважыць, што з 14 школ-лабараторый адгукнуліся на прапанову не ўсе, а толькі 9: усё ж такі для таго, каб сфармуляваць і агучыць свае ідэі, патрабуюцца інтэлектуальная смеласць, здольнасць да праектна-інавацыйнага мыслення і гатоўнасць працаваць у камандзе.

Задача спікераў была не з лёгкіх. На працягу пяці хвілін яны павінны былі ёміста і лаканічна прадставіць свае фарсайт-ідэі. У выніку старшакласнікі абгрунтоўвалі магчымыя, верагодныя і пажаданыя падзеі і змены ў галіне тэхналогій прафесійнай падрыхтоўкі педагогаў з розных суб'ектных пазіцый: навучэнца педагагічнага класа, студэнта педагагічнай спецыяльнасці і маладога спецыяліста, які працуе ў сферы адукацыі.

Вы­ні­кам су­мес­най ра­бо­ты ста­ла рэ­за­лю­цыя,  у якой ад­люст­ра­ва­ны са­мыя ак­ту­аль­ныя трэн­ды і тэн­дэн­цыі ў пе­да­га­гіч­най аду­ка­цыі.

Генератар ідэй і наватар

«Мы жывём у сучасным свеце, дзе патрабаванні да педагога вельмі высокія. Педагог — не толькі носьбіт сучасных ведаў, але і стваральнік наватарскіх ідэй і працэсаў, гатовы змяняць і рэфармаваць педагагічныя тэхналогіі, — у гэтым упэўнена каманда навучэнцаў слонімскай сярэдняй школы № 8, якую прадстаўляла на форуме дзесяцікласніца Марыя АНІКЯЕНКА. —
Педагог мультыпрофільнага плана павінен валодаць некалькімі спецыяльнасцямі і спалучаць прафесійную падыхтоўку і камунікатыўную кампетэнтнасць, навыкі прадрымальніцкай і кіраўніцкай дзейнасці. Мадэль універсальнага педагога бачыцца нам наступным чынам: гэта лідар, высокакваліфікаваны спецыяліст, які добра разбіраецца ў псіхалогіі, інтэлігент, умелы камунікатар і адміністратар, менеджар, а яшчэ ён акцёр, сцэнарыст, рэжысер і пісьменнік у адной асобе».

— Наша фантазія можа даставіць нас куды заўгодна, таму тэхналогіі візуалізацыі ў навучанні вельмі актуальныя, — разважае Аляксандр ЛЕНКАВЕЦ, вучань 10 класа Сноўскай сярэдняй школы. — Не менш важная ў падрыхтоўцы будучага педагога і псіхалогія: яна дапамагае яму стаць больш устойлівым да розных правакацыйных сітуацый. «Самая галоўная формула поспеху — веданне, як кантактаваць з людзьмі», — сцвярджаў Тэадор Рузвельт. Параўноўваючы вобраз сучаснага педагога і маё ўласнае ўяўленне аб тым, якім ён павінен быць, я лічу, што найбольш запатрабаваныя будуць эўрыстычныя ўменні, даследчыя навыкі і такія якасці, як уменне суперажываць, рэфлексаваць, слухаць і чуць іншага, творчая актыўнасць, адкрытасць, настойлівасць, гнуткасць, мабільнасць, уменне працаваць з інтэрнэт-рэсурсамі... Будучаму педагогу трэба вучыцца ствараць праблемныя сітуацыі, арганізоўваць вучэбна-даследчую дзейнасць, цікавіцца педагагічным досведам іншых. Паспяховасць і канкурэнтаздольнасць спецыяліста залежаць і ад умення ўспрымаць новае і вучыць новаму, весці ўласны блог і віртуальны кабінет, працаваць з праблемнымі дзецьмі і бацькамі вучняў. Такім чынам, найбольш эфектыўнымі тэхналогіямі падрыхтоўкі настаўніка ў будучыні з'яўляюцца інтэрнэт-тэхналогіі, тэхналогіі віртуалізацыі і практыкаарыентаванае асяроддзе. Трэба спрабаваць шукаць, бо ніхто не ведае, які шлях акажацца найбольш выніковым.

Старшакласнікі Грэскай сярэдняй школы прапануюць з першага курса для кожнага студэнта педагагічнай спецыяльнасці распрацаваць індывідуальную траекторыю асобаснага развіцця пад кіраўніцтвам цьютара. Асноўнымі трэндамі ў падрыхтоўцы педагогаў будучыні з'яўляюцца, на іх думку, індывідуалізацыя і варыятыўнасць навучання з прымяненнем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

«Мы прыхільнікі педагагічнай інтэрнатуры, — кажа адзінаццацікласніца Валерыя РАХІНСКАЯ. — У гэты перыяд у педагога-інтэрна будзе магчымасць апрабаваць на практыцы тэму дыпломнай работы і адкарэктаваць свае тэарэтычныя веды. Малады спецыяліст у абавязковым парадку вядзе свой блог для інтэрактыўнага ўзаемадзеяння ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Асаблівую ўвагу трэба ўдзяляць развіццю рыторыкі, паколькі мы жывём у лічбавым і кліпавым свеце, таму, на жаль, развучыліся прыгожа размаўляць. Мы ўпэўненыя, што адукацыі патрэбныя людзі, якія не толькі ідуць у нагу з часам, але і апярэджваюць яго».

Уваход у прафесію

«Для нас мала, каб кожны вучань педагагічнага класа прафесію настаўнік «любіў і паважаў». Мы хацелі б, каб усе захапіліся педагагічным пошукам. Галоўны педагагічны ўчынак — гэта пераход ад тэорыі да практыкі», — лічыць каманда з віцебскай гімназіі № 5, якая менавіта так і назвала сваю ідэю — «Педагагічны ўчынак». І першы крок — гэта ўваход у прафесію яшчэ на стадыі навучання ў профільным класе.

— Навучэнцы педкласа не праводзяць самастойна ўрокі, а выступаюць у ролі кансультантаў ці рэпетытараў для малодшых школьнікаў, — тлумачыць Дар'я БЯЛЯЕВА, вучаніца 10 класа. — Такім чынам будучыя педагогі напрацоўваюць практычныя навыкі тлумачэння незразумелых для малодшых тэм, карыстаючыся пры гэтым сваім вучнёўскім вопытам. А складанасці, з якімі яны сутыкнуцца, падштурхнуць іх да пошуку вырашэння педагагічных сітуацый праз вывучэнне асноў педагогікі, методыкі і досведу сваіх педагогаў. У кожнага студэнта педагагічнай ВНУ з першага курса і да заканчэння ўніверсітэта павінен быць свой цьютар (класны кіраўнік) і свой падшэфны клас у канкрэтнай школе.

Трэ­ба вы­ка­рыс­тоў­ваць ін­дук­тыў­ныя ме­то­ды­кі і тэх­на­ло­гію без­ад­зна­ка­ва­га на­ву­чан­ня. Сэнс ін­дук­тыў­ных ме­то­дык за­клю­ча­ец­ца ў тым, што мы ру­ха­ем­ся не ад тэ­о­рыі да прак­ты­кі, а на­ад­ва­рот. Сту­дэн­ту, які прый­шоў на прак­ты­ку, да­юць за­дан­не, ён не зу­сім ра­зу­мее, што трэ­ба ра­біць, але спра­буе, па­мы­ля­ец­ца, па­чы­нае вы­праў­ляць свае па­мыл­кі і па­сту­по­ва пры­хо­дзіць да пра­віль­на­га ра­зу­мен­ня. За­мест та­го, каб ста­віць ад­зна­кі, па­раў­ноў­ва­ю­чы кож­на­га з эта­ло­нам, лепш аба­пі­рац­ца на кры­тэ­рыі — мі­ні­маль­ны вы­нік, які ча­ка­юць ад сту­дэн­та. Та­кая ацэн­ка бу­дзе за­ле­жаць ад скла­да­нас­ці ўмен­няў, які­мі ва­ло­дае сту­дэнт, уклю­ча­ю­чы яго ўмен­не сін­тэ­за­ваць но­выя ве­ды. Гэ­та да­па­мо­жа бу­ду­чым пе­да­го­гам стаць на­стаў­ні­ка­мі для са­міх са­бе — яны змо­гуць са­чыць за тым, ча­го да­сяг­ну­лі, і ча­му ім яшчэ трэ­ба бу­дзе на­ву­чыц­ца, а не ары­ен­та­вац­ца на сіс­тэ­му ацэ­нак , якая не мае ні­я­ка­га да­чы­нен­ня да іх аса­біс­та­га пе­да­га­гіч­на­га во­пы­ту.

У традыцыйнай мадэлі педагог атрымліваў у ВНУ пераважна тэарэтычную адукацыю, а мы прапануем гэту сістэму перакуліць: максімум практыкі ў педкласе і бесперапыннай практыкі падчас навучання ў ВНУ за кошт змяншэння тэорыі да неабходнага мінімуму. Астатняе студэнт вывучыць у працэсе бесперапыннай самаадукацыі, калі будзе сутыкацца з канкрэтнымі праблемамі на практыцы.

Па заканчэнні ВНУ выпускнік павінен будзе здаць такі экзамен, у ходзе якога ён прадэманструе свае педагагічныя кампетэнцыі, а не ўзровень тэарэтычнай падрыхтоўкі. Напрыклад, падрыхтуе і абароніць перад камісіяй план урока па тэме з экзаменацыйнага білета і вырашыць канкрэтную педагагічную сітуацыю. Толькі так можна будзе ацаніць гатоўнасць выпускніка стаць настаўнікам, а не аб'ём яго памяці, дзякуючы якому ён змог завучыць тэорыю па педагогіцы і методыцы.

Аўтары ідэі «Педагагічны ўчынак» лічаць, што навучанне настаўніка павінна стаць намнога больш практычным і тэхналагічным. Малады педагог, які скончыў ВНУ, павінен эфектыўна прымяняць у сваёй рабоце сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі і ўстройствы, а гэтаму яго трэба навучыць. Ён павінен умець вырашаць канфліктныя сітуацыі, валодаць прыёмамі актыўнага слухання, эфектыўнай камунікацыі, ведаць усе апошнія інавацыі ў адукацыі. Але каб гэ­та ажыц­ця­віць, не­аб­ход­на не толь­кі змя­ніць пад­рых­тоў­ку бу­ду­чых на­стаў­ні­каў, але і сіс­тэ­му ар­га­ні­за­цыі пра­цы і апла­ты дзей­нас­ці на­стаў­ні­ка, па­коль­кі на сён­няш­ні дзень не­па­мер­ная коль­касць аба­вяз­каў прос­та не да­зва­ляе на­стаў­ні­ку быць у трэн­дзе і знай­сці сі­лы і час для скла­дан­ня кож­на­му свай­му вы­ха­ван­цу аду­ка­цый­на­га марш­ру­ту.

Лякарства ад школьнай руціны

— Многія веды, якія мы атрымліваем у школе, аказваюцца бескарыснымі і дрэнна запамінаюцца. Школьнікам нецікава вучыцца. Мы лічым, што трэба выкарыстоўваць у працэсе навучання элементы гульні. Будучыня — за гейміфікацыяй, — падзяліліся бачаннем сітуацыі спікеры ад сталічнай школы № 126 вучні 10 класа Леанід ЛАРЫН і Аляксандр ДАНІЛАЎ. — У школе за памылкі заўсёды караюць. Асноўнае ж адрозненне гейміфікацыі ад стандартнага навучання — гэта стаўленне да памылак. Усе ведаюць выраз «вучыцца на сваіх памылках»... Для камп'ютарных гульняў гэта галоўны прынцып. Нічога страшнага ў няўдачах няма. Ты памыляешся, выпраўляеш сваю памылку і рухаешся далей. Пры гейміфікацыі дадатковыя гульнявыя правілы ўкараняюцца ў школьную рэчаіснасць. Кожны семестр вучань пачынае з нуля балаў, а потым пачынае іх паступова набіраць, здзяйсняючы пэўныя хады і дасягаючы патрэбных вынікаў. Ён атрымлівае бонусы ў гульні, а на фінішы яго чакае галоўны прыз...

Вядома, што гульня здольная захапіць усю ўвагу і не адпускаць доўгі час. Вось бы з такой жа апантанасцю школьнікі хацелі вучыцца... Да таго ж можна гуляць-вучыцца не аднаму, а ў камандзе, а гэта ўжо зусім не сумна... «Калі паставіць перад вучнем цікавую мэту, паверце, ён захоча вучыцца!» — запэўніваюць юнакі.

Фарсайт-ідэя навучэнцаў з мінскай сярэдняй школы № 6 была прысвечана выкарыстанню ў адукацыі тэхналогій дадатковай рэчаіснасці.

— Сёння ўжо нікога не здзівіш уменнем паказаць прэзентацыю ці прымяненнем інтэрактыўнай дошкі. Не за гарамі той дзень, калі новы трэнд — укараненне сеткавага сёрфінга ў навучанне — трывала зойме свае пазіцыі, — разважае адзінаццацікласніца Аляксандра КАЛТОВІЧ. — Навучэнцы змогуць з лёгкасцю звярнуцца да патрэбнага вучэбнага матэрыялу, дакладна ранжыраваць крыніцы інфармацыі, павысіцца гнуткасць і мабільнасць ведаў. У будучыні будзе запатрабаваны педагог-куратар анлайн-прасторы, які валодае камп'ютарным мадэляваннем і здольны навучыць асновам сеткавай бяспекі.

Пагружэнне ў віртуальную рэчаіснасць стане неад'емнай часткай многіх урокаў. Вызначыць узровень успрымання і падрыхтоўкі вучня можна будзе дзякуючы сканаванню сятчаткі вока. Людзі будуць успрымаць інфармацыю ў дзясяткі разоў хутчэй і эфектыўней дзякуючы 3D-візуалізацыі: школьнікі змогуць аказацца дзе заўгодна — у трапічным лесе ці ў Букінгемскім палацы. З'явіцца і новая спецыяльнасць — вэб-псіхолаг. Але тэхніка ў школе будучыні ўсё ж такі ніколі не заменіць кантакт з настаўнікам, нават самы дасканалы робат так і застанецца ўсяго толькі назапашвальнікам інфармацыі.

У прынцыпе ўсе ўдзельнікі сышліся ў думцы, што настаўнік — у мінулым, сучаснасці або будучыні — гэта любоў, разуменне і цярпенне. Настаўнік — перш за ўсё чалавек (няхай нават і з іншай галактыкі)! Вынікам сумеснай работы стала рэзалюцыя, у якой адлюстраваны самыя актуальныя трэнды і тэндэнцыі ў педагагічнай адукацыі і вызначаны пяць тэхналогій, якія, на думку ўдзельнікаў, будуць эфектыўныя ў падрыхтоўцы педагога новага пакалення.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Камунікатар, Псіхолаг, Акцёр?

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Падаткі на зямлю і нерухомасць трэба заплаціць да 15 лістапада

Тым, хто пратэрмінуе або забудзе ўнесці падатак, пагражаюць штраф, пені і ў выключных выпадках вас могуць не выпусціць з краіны.

Спорт

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

«Людзі думаюць, што ўсёмагутныя і — разбіваюцца»

Ці так небяспечны парашутны спорт, як здаецца на першы погляд?