Вы тут

Вялікае маленькае шчасце


Згодна з умовамі нашага творчага конкурсу, прыём «проб пяра» ад юных і маладых няштатных аўтараў завершаны. Пакуль у рэдакцыі разглядаюцца апошнія паступіўшыя па часе работы (а па нязменнай ужо шматгадовай традыцыі некаторыя з пачаткоўцаў адправілі іх ледзьве не ў самы апошні тэрмін), «Чырвонка. Чырвоная змена» працягвае друкаваць найлепшыя матэрыялы, што былі дасланыя раней. Канчатковыя вынікі конкурсу будуць падведзены пазней, тады ж мы назавём і імёны пераможцаў. Таму сачыце за дадаткам!

Пакуль жа хочам павіншаваць усіх удзельнікаў нашага творчага спаборніцтва. Спадзяёмся, што і навічкі-дэбютанты, і сталыя ўдзельнікі конкурсу, якія бяруць у ім удзел на працягу апошніх двух-трох гадоў, атрымалі для сябе карысны досвед, а хто збіраецца паступаць на факультэт журналістыкі — умацаваліся ва ўласным выбары, паспытаўшы прафесійнага «хлеба» на нашай імправізаванай «кухні», пляцоўцы для самавыяўлення беларускамоўных маладых творцаў пад назвай «Я — малады. І мне не ўсё роўна!»


Мая сям'я — гэта бацька, матуля, брацік і сястрычка. На сённяшні дзень яны самае дарагое, што ёсць у мяне. Быць з імі разам — шчасце. Не, наша жыццё не ціхае, не напоўненае толькі спакоем. Наадварот, мы жывём у турботах, у нейкіх праблемах. Ці не кожны дзень трапляем, як нам падаецца, у бязвыхадныя сітуацыі.


...Вось і зараз я іду ў аптэку купіць лекі маленькай Марыльцы: зноў застудзілася. Ужо звечарэла, і неба ўсыпана бліскучымі зоркамі. Насуперак майму невясёламу настрою яны прывабна міргаюць, ярка ззяючы ў вышыні. «Гэта сапраўдная карціна міру ў маёй краіне», — такая думка прамільгнула раптам у галаве. І я падумала: няхай будуць турботы, маленькія няўдачы, няхай не спраўджваюцца пакуль што нашы мары. Страшна ўявіць іншае: каб над краінай не навісла пагроза вайны. Тады ўсе клопаты, маленькія і вялікія, адразу страцілі б сэнс....

Зараз я іду ў аптэку, куплю лекі і мая сястрычка выздаравее. Я вучуся ў гімназіі, мару стаць журналістам. У мяне добрыя сябры, яны падтрымліваюць мяне, і я гатова дапамагчы ім. Часам мы добра адпачываем, забаўляемся, займаемся спортам. Але ўсяго гэтага магло б і не быць. Вайна не дазволіла многім нашым равеснікам спраўдзіць многія мары...

Трагічную гісторыю з той жудаснай вайны нясе і наша сям'я. Напамін пра гэта — помнік ахвярам, што стаіць недалёка ад Пінска. У спісе прозвішчы рабочых чыгункі, іх расстралялі гітлераўцы за знішчаны фашысцкі эшалон. Сярод загінулых — чатырнаццацігадовы хлопчык. Па волі лёсу ў той дзень ён пайшоў з дарослымі працаваць на чыгунку, падмяніўшы старэйшую сястру. Вайна не пашкадавала прыгожага, статнага, ні ў чым не павіннага падлетка, абарвала жыццё, забрала яго будучыню, яго шчасце.

Бо самае дарагое ў чалавека — жыццё. Пакуль мы маленькія — шчаслівыя ад матулінай ласкі, ад яе шчырай любові, ад бацькавых клопатаў за нас. Падрастаем і становімся шчаслівымі, здаецца, ад новай моднай вопраткі ці дарагога мабільнага тэлефона. Стаўшы дарослымі, адчуваем шчаслівы настрой у каханні. Шчасце і ў тым, каб здзейсніць сваю мару — набыць жаданую прафесію...

Зацішша — зусім не ваенная назва вуліцы ў Мінску. На ёй пасярод тратуара расце даволі старая ўжо бяроза. Яе гісторыя ідзе з ваенных дзён. Жанчына, якую можна было ўбачыць раней каля яе, ужо не прыходзіць. Але дрэва па-ранейшаму сведка таго часу. Бярозку пасадзіў сын той жанчыны, герой, які не вярнуўся з вайны. Маці абараніла дрэва, пачуўшы рокат бульдозера. А чалавек зразумеў яе. Цяпер каля бярозы сваволяць дзеці, знаходзяць прытулак закаханыя, іншыя здзіўляюцца людскому ўчынку пакінуць дрэва жыць пасярод тратуара.

Па волі выпадку і назва вуліцы Зацішша як быццам бы нагадвае пра хвіліну маўчання па загінулых. Гучаць адгалоскам той жудаснай вайны і некаторыя іншыя назвы вуліц нашага горада.

Яны носяць імёны герояў: Заслонава, Панфілава, Рафіева, Кульман, Мірашнічэнкі. Нельга перакрэсліць гісторыю. Уявіць яе чыстай белай старонкай — гэта значыць здрадзіць светлай памяці. Не бачыць на гэтым белым аркушы прозвішчы герояў-пераможцаў і забыць падзеі жудаснага часу — значыць, не ведаць і не разумець каштоўнасць мірнага жыцця.

...Я ўжо дома і назіраю, як сваволіць паздаравеўшая Марылька, разглядаю спартыўныя ўзнагароды свайго брата, разважаю пра сябе, пра сваю мару. А хутка матуля пазаве нас на смачна прыгатаваную вячэру. І цяпер ужо разумееш, як добра ўсё ў нас. Напэўна, гэта і падказвалі мне мірна зіхацеўшыя на небе зоркі...

Анастасія ЯРАХНОВІЧ, вучаніца 11 класа гімназіі № 12 г. Мінска

Пра аўтара

Анастасіі — 17 гадоў. Пра сябе яна кажа:

— Я звычайная дзяўчынка. Сваю знешнасць мару выкарыстаць для будучай прафесіі. Бачу сябе ў будучым або ў якасці дыктара, або вядучай маладзёжнай праграмы. Люблю вывучаць нашу родную мову — двойчы ўдзельнічала ў школьных навуковых канферэнцыях. Я добры дэкламатар. Дарэчы, калісьці атрымала гран-пры ў конкурсе выразнага чытання вершаў і сцэнічнага вобраза. Менавіта таму маю ў школе абавязак — штогод весці святочныя лінейкі. А мой любімы прадмет — гісторыя Беларусі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».